СО́НІН Алег Барысавіч (н. 10.4.1948, Берлін),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1974, кл. М.Аладава і А.Багатырова). З 1974 выкладаў у Лідскім муз. вучылішчы, у мінскіх муз. школах, з 1979 у Мінскім муз. вучылішчы імя М.Глінкі. Прыхільнік сучаснага муз. авангарда з шырокім вобразным дыяпазонам, экспрэсіўнасцю, трагедыйнай і лірыка-рамант. накіраванасцю. У творах выкарыстоўвае дадэкафонную і постдадэкафонную тэхніку пісьма, алеаторыку, санорыку, шматэлементную поліметрыю. Аўтар балета «Каханне Сапфо» (1998—2001), 4 сімфоній (1-я, 1974; 2-я «Zorca in memoriam», 1985; 3-я «Прысвячэнне Сапфо», 1987; 4-я «Музыка для Восіпа Мандэльштама» для фп., 1992), кантаты «Родная зямля» на вершы Я.Купалы і ўласныя (1975), 3 канцэртаў (1980—2001), камерна-інстр. ансамбляў, вак. цыклаў «Родны край» на вершы А.Бачылы, «Пад вечнымі соснамі» на вершы Р.Барадуліна (абодва 1978), «Месяцовыя песні» на вершы Ф.Гарсія Лоркі (1989), твораў для фп. і інш. Заснавальнік (1990) і прэзідэнт (да 1995) Бел. асацыяцыі сучаснай музыкі.
Н.А.Юўчанка.
т. 15, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)