«СПАРТА́К»,

спартыўнае таварыства прафсаюзаў у 1935—93. Аб’ядноўвала работнікаў асветы, аўтатранспарту, аховы здароўя, грамадз. авіяцыі, дзярж. гандлю, дзярж. устаноў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, культуры, лёгкай і харч. прам-сці, спажывецкай кааперацыі, сувязі і інш.

Створана ў 1935 як усесаюзнае добраахвотнае фізкультурна-спарт. т-ва работнікаў прамысл. кааперацыі на аснове фізкультурных гурткоў. У 1960 рэарганізавана ў спарт. т-ва прафсаюзаў (12 галіновых прафсаюзаў). Будавалася паводле тэрытарыяльна-вытв. прынцыпу і мела пярвічныя арг-цыі — калектывы фіз. культуры і спарт. саветы (рэсп., краявыя, абл., гар.).

На Беларусі рэсп. савет аб’ядноўваў 6 абл. і 18 гар. спарт. саветаў. Т-ва мела (1981) 36 дзіцяча-юнацкіх спарт. школ, 8 стадыёнаў, 30 футбольных палёў, 99 спарт. залаў, 102 лыжныя базы, 65 спарт.-аздараўленчых лагераў; культываваліся 40 відаў спорту. У 1985 на базе некалькіх спарт. т-ваў, у т. л. і «С.», створана адзінае добраахвотнае фізкультурна-спарт. т-ва прафсаюзаў; у 1993 раз’яднана на шэраг фізкультурна-спарт. клубаў.

т. 15, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)