БАГАГЛА́СНІКІ,

уніяцкія і праваслаўныя зборнікі песнапенняў, пашыраныя ў 16—19 ст. на Беларусі і Украіне ў рукапісным і друкаваным выглядзе. Прызначаліся для спявання ў час богаслужэнняў, хрэснага ходу і дома на святы. Уключалі бел. і ўкр. духоўныя псальмы і канты, лац. гімны, польскія кантычкі, календы, гейналы, пастаралькі і інш. Большасць багагласнікаў мела аднолькавую структуру: 1-я частка ўключала песні, прысвечаныя асн. царк. святам, пакутам Ісуса, некаторым тыдням царк. календара, «цудатворным» абразам; 2-я — святам, што звязаны з Багародзіцай; 3-я — апосталам і пакутнікам; 4-я змяшчала пакаянныя і замілавальныя песнапенні. Паэтычная і муз. аснова ідзе ад жыцій святых, грэч. духоўных песень, усх.-слав. нар. песень, каталіцкіх і правасл. гімнаў і харалаў. Большасць кантаў і псальмаў узята з бел. і ўкр. узораў кантавай культуры 16—17 ст. Выкладаліся яны 1-, 2-, 3-, 4- і 5-галосна. Ёсць звесткі пра існаванне вял. колькасці рукапісных багагласнікаў, сярод іх багагласнік, што зберагаўся ў Богаяўленскім манастыры, жыровіцкі багагласнік 17 ст., супрасльскія багагласнгікі 18 ст. (адзін з іх зберагаецца ў бібліятэцы АН Літвы). Найб. ранні друкаваны багагласнік, што дайшоў да нашага часу, выдадзены ў 1790 у Пачаеве (цяпер Крамянецкі р-н Цярнопальскай вобл., Украіна) на царк.-слав., лац. і польск. мовах са значнай колькасцю беларусізмаў і ўкраінізмаў, стаў асновай багагласніка 19 — пач. 20 ст., што друкаваліся ў Пецярбургу, Кіеве, Львове, Вільні, Гродне. Багагласнікі — каштоўныя помнікі самабытнай, інтэрнац. па сваіх вытоках, народнай у аснове кантавай культуры.

Л.​П.​Касцюкавец.

т. 2, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬЗА́МЫ (ад грэч. balsamon араматычная смала),

натуральныя сумесі арган. рэчываў, пераважна эфірных алеяў, раствораных у іх смолаў, араматычных злучэнняў і інш. кампанентаў. Большасць — празрыстыя або афарбаваныя сіропападобныя вадкасці з прыемным пахам і вострым горкім смакам, раствараюцца ў арган. растваральніках, на паветры паступова гусцеюць і цвярдзеюць, у арганізме чалавека і жывёл часткова акісляюцца.

Бальзамы — прадукты жыццядзейнасці раслін: назапашваюцца ў міжклетніках або смаляных хадах кары, радзей драўніны і лісця, ці ўтвараюцца пры іх пашкоджванні. Мяркуюць, што яны выконваюць у раслінах ахоўную функцыю. Бальзамы ёсць у некаторых бальзамных раслінах тропікаў (мекскі, капайскі, перуанскі, талуанскі бальзам і інш.), сярэдніх і паўн. шырот (кедравы бальзам, хваёвы бальзам, або жывіца, піхтавы бальзам, канадскі бальзам і інш.). Атрымліваюць пераважна падсочкай дрэў у перыяд іх вегетацыі. На Беларусі здабываюць бальзамы хвоі і елкі (больш за 10 тыс. т за год). Выкарыстоўваюцца ў медыцыне (у залежнасці ад саставу маюць антысептычнае, мясцовараздражняльнае, процізапаленчае, адхарквальнае, мачагоннае, антыгельмінтнае і дэзінфекцыйнае дзеянне, сродак для лячэння экзем, ганарэі і інш. захворванняў, бальзаміравання трупаў), у касметыцы, хім. (выраб лакаў, палітур, эмаляў, шкіпінару, фотарэагентаў, хіміка-фармацэўтычных прэпаратаў і інш.), парфумернай прам-сці, у оптыцы.

Бальзамамі называюць таксама штучныя сумесі (напр., мускатны бальзам — сумесь мускатнага алею, воску і аліўкавага алею; бальзам Шастакоўскага, або вінілін — полівінілбутылавы эфір) ці спіртавыя растворы эфірных алеяў, настояў траў і інш. («Беларускі бальзам», «Рыжскі бальзам», «Бальзам Бітнера» і інш.). Штучныя бальзамы таксама выкарыстоўваюць у медыцыне, парфумерыі і касметыцы, як харчовыя прадукты і інш.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 2, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІ́НКІ ФІЗІ́ЧНЫХ ВЕЛІЧЫ́НЯЎ,

фізічныя велічыні, якім паводле вызначэння прысвоена лікавае значэнне, роўнае адзінцы. Перадаюцца мерамі і захоўваюцца ў выглядзе эталонаў.

Гістарычна першымі з’явіліся адзінкі фізічных велічыняў для вымярэння даўжыні, масы (вагі), часу, плошчы, аб’ёму. Выбраныя адвольна, яны садзейнічалі ўзнікненню ў розных краінах аднолькавых па назве і розных па памеры адзінак (напр., аршын, валока, гарнец, пуд, фут, цаля і інш.). Развіццё навукі і тэхнікі, эканам. сувязяў паміж краінамі патрабавала уніфікацыі адзінак. У 18 ст. ў Францыі прынята метрычная сістэма мер, на яе аснове пабудаваны метрычныя сістэмы адзінак. Упарадкаванне адзінак фізічных велічыняў праведзена на аснове Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Даўнія меры і адзінкі фізічных велічыняў вывучае метралогія гістарычная.

Адзінкі фізічных велічыняў падзяляюцца на сістэмныя, што ўваходзяць у пэўную сістэму адзінак, і пазасістэмныя адзінкі. Сярод сістэмных адрозніваюць асноўныя, якія выбіраюцца адвольна (напр., ампер, секунда і інш.), вытворныя, што ўтвараюцца пры дапамозе ўраўненняў сувязі паміж фізічнымі велічынямі (напр., метр у секунду, кілаграм на кубічны метр і інш.), і дадатковыя (напр., радыян). У СІ 17 вытворных адзінак маюць спец. найменні: бекерэль, ват, вебер, вольт, генры, герц, грэй, джоўль, кулон, люкс, люмен, ньютан, ом, паскаль, сіменс, тэсла, фарад. Вельмі вял. ці малыя лікавыя значэнні фіз. велічыняў для зручнасці перадаюць кратнымі адзінкамі і дольнымі адзінкамі.

Літ.:

Деньгуб В.М., Смирнов В.Г. Единицы величин: Слов.-справ. М., 1990;

Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1988;

Болсун А.И., Вольштейн С.Л. Единицы физических величин в школе. Мн., 1983.

А.​І.​Болсун.

т. 1, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРА́ГІ (познагрэч. Barangoi ад стараж.-сканд. vaeringjar нарманскія воіны, якія служылі ў візант. імператараў),

1) у Візантыі любы наёмны воін.

2) Назва скандынаваў (продкаў датчан, нарвежцаў і шведаў) ва Усх. Еўропе ў 2-й пал. 9 — 1-й пал. 11 ст. У час сваёй экспансіі ў Еўропе ў эпоху вікінгаў (793—1066) датчане і нарвежцы рабілі марскія паходы гал. чынам у Зах. Еўропу (гл. Нарманы), шведы — пераважна ва Усходнюю. Апошнія гандлявалі, рухаючыся па водным шляху «з варагаў у грэкі» (праходзіў праз Беларусь), і па Волзе — да булгараў, хазараў і закаспійскіх народаў; абкладалі данінай і часткова захоплівалі слабаразвітыя вобласці Балт. рэгіёна; асн. сферамі іх дзейнасці на Русі паступова сталі гандаль і служба ў дружынах князёў. Варажскія паселішчы на землях усх. славян былі разрозненыя і адзінкавыя, а самі варагі хутка асіміляваліся. Ад факта знаходжання варагаў на Русі паходзіць т.зв. нарманская тэорыя. У «Аповесці мінулых гадоў» пад 859 згадваюцца крывічы, якія плацілі даніну варагам. У 862 крывічы разам з інш. плямёнамі прагналі варагаў за мора, адкуль яны прыйшлі. Аднак потым чудзь, наўгародскія славяне і крывічы запрасілі да сябе варажскіх князёў. Летапіс паведамляе, што Полацк заснавалі крывічы, а варагі ў ім прышлыя. Пра кантакты стараж. насельніцтва Беларусі з варагамі сведчаць таксама археал. матэрыялы (знаходкі сканцэнтраваны пераважна ўздоўж Зах. Дзвіны і Дняпра, а таксама на Гродзеншчыне).

Літ.:

Славяне и скандинавы: Пер. с нем. М., 1986;

Ловмяньский Х. Русь и норманы: Пер. с пол. М., 1985.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 3, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РУСНЫЯ ХВАРО́БЫ,

хваробы раслін, жывёл і чалавека, узбуджальнікамі якіх з’яўляюцца вірусы. Падзяляюцца на групы: пухліны і інфекцыі. У чалавека выклікаюцца вірусамі РНК- і ДНК-геномных тыпаў. Крыніца заражэння — хворыя і вірусаносьбіты; шляхі — паветрана-кропельны (узбуджальнікі вострых рэспіратарных захворванняў, адру і інш.), аліментарны (узбуджальнікі кішэчных інфекцый і інш.), трансмісіўны (узбуджальнікі крывяных інфекцый і інш.), праз скуру (вірусы шаленства, воспы натуральнай, папіломы і інш.), палавы (вірус герпесу, узбуджальнік СНІДу і інш.), парэнтэральны (узбуджальнік гепатыту B), трансплацэнтарны (унутрывантробны, выклікае цяжкія захворванні нованароджаных) і інш. Патагеннае дзеянне вірусаў абумоўлена ў першую чаргу пашкоджаннем клетак, у якіх яны размнажаюцца. Часткова яно можа быць звязана з гібеллю клетак пад уплывам антывірусных антыцел і сенсібілізаваных Т-лімфацытаў, а таксама з цытатаксічным уплывам вірыёнаў на клеткі органаў, у якіх вірус не размнажаецца. Вірусныя хваробы класіфікуюць паводле цяжкасці хваробы, віду ўзбуджальніка, механізма перадачы, крыніцы інфекцыі, месца заражэння і інш. Адрозніваюць прыроднаачаговыя і антрапагенныя заанозы, паза- і ўнутрыбальнічныя антрапанозы. Да вірусных хвароб адносяцца: поліяміэліт, герпес, грып, воспа, адзёр, энцэфаліты, ліхаманкі, гепатыт інфекцыйны, краснуха, шаленства і інш. У большасці выпадкаў пасля іх застаецца працяглы імунітэт. Лячэнне: процівірусныя хім. прэпараты, інтэрфероны, імунапрэпараты, патагенетычныя і сімптаматычныя сродкі. У жывёл вірусныя хваробы выклікаюцца агульнымі з чалавекам або патагеннымі толькі для іх заавірусамі. Адрозненні ў этыялогіі, патагенезе, клінічных праяўленнях, фарміраванні імунітэту, метадах дыягностыкі і лячэння ў параўнанні з віруснымі хваробамі чалавека нязначныя. Для свойскай жывёлы асабліва небяспечныя яшчур, шаленства, чума, воспа, грып і інш. У раслін — гл. Вірусныя хваробы раслін.

А.​П.​Красільнікаў.

т. 4, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,

самабытная арх. школа, што склалася ў драўляным грамадз. і культавым дойлідстве Віцебска ў 17—18 ст. Сфарміравалася пад уплывам Адраджэння, у 18 ст. развівалася пад уплывам стылю барока.

Спецыфічная рыса школы — ярусныя кампазіцыі, дзе кожны аб’ём быў самаст. арх. адзінкай і адначасова падпарадкоўваўся агульнай кампазіцыі будынка. Першапачаткова традыцыі школы склаліся ў абарончым буд-ве — сцены ў выглядзе гародняў, раскаты, вежы і інш. Асн. тыпы вежаў — прамавугольныя і васьмігранныя («круглікі»); у залежнасці ад функцый — вежы-брамы і глухія вежы. Замкавыя пабудовы (Верхні, Ніжні, Узгорскі замкі, гл. ў арт. Віцебскія замкі) фарміравалі адзіную структуру, суцэльную горадабуд. сістэму. Дынамічную асіметрыю мелі палацавыя будынкі 1-й пал. 17 ст. — дамы Горскага, Шапкіна, Віцебскі палац Агінскага. Да помнікаў Віцебскай школы дойлідства належаць грамадз. пабудовы — будынак прыказа, двор ваяводы, Віцебская ратуша з Віцебскім гасціным дваром. Культавыя будынкі мелі спецыфічныя рысы аб’ёмнапланіровачнай кампазіцыі, якія набліжалі іх да рус. і ўкр. архітэктуры. Яны ўяўлялі сабой ярусныя кампазіцыі, якія аб’ядноўвалі некалькі аб’ёмаў у адзіны суцэльны ансамбль; крыжова-цэнтрычныя храмы ўключалі 4—5 зрубаў, размешчаных вакол цэнтральнага, а таксама званіцу на гал. фасадзе (Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку), мелі галерэі, якія апяразвалі па перыметры ўвесь будынак або размяшчаліся з боку бабінца (Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра). Помнікі Віцебскай школы дойлідства не захаваліся, вядомыя паводле абмераў, замалёвак, фотаздымкаў 19 — пач. 20 ст.

Літ.:

Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

т. 4, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕДРО́ЙЦЫ,

княжацкі род гербаў «Кітаўрас» і «Ружа» ў ВКЛ. Паводле генеалагічнай легенды, род Гедройцаў паходзіў ад князя Гедруса, прадстаўніка дынастыі Кітаўрасаў, што панавала ў Літве перад Гедзімінавічамі. У гіст. крыніцах Гедройцы ўпершыню ўпамінаюцца ў 1399, калі яны вялі судовую спрэчку з віленскім біскупам. У 1431—33 шэраг дзярж. актаў быў замацаваны подпісамі Гедройцаў поруч з подпісамі інш. прадстаўнікоў літ. знаці і князёў Войнуса, Гагуліса і Ягайлы. Родавай вотчынай Гедройцаў быў маёнтак Гедройцы ў Віленскім пав. У 15 ст. род Гедройцаў разгалінаваўся, а ў 16 ст. налічваў некалькі дзесяткаў прадстаўнікоў, якія выходзілі на вайну асобнай харугвай. Многія Гедройцы ўпамінаюцца ў крыніцах без княжацкага тытула, што сведчыць пра здрабненне роду. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Матэвуш (Мацвей; каля 1500—63), сын Балтарамея (?—1524), у сярэдзіне 16 ст. дзяржаўца кернаўскі і мейшагольскі, намеснік віленскі. З 1562 у складзе Рады ВКЛ у якасці гаспадарскага маршалка. У 1528 разам з братам Крыштофам ставіў у войска 8 коннікаў. Мельхіёр (1536?—1609), сын Матэвуша, кусташ віленскага капітула, біскуп жамойцкі з 1574. Марцін (каля 1550—1621), сын Матэвуша, староста абельскі з 1586, вількамірскі з 1589, бельскі з 1616, ваявода мсціслаўскі з 1617. Юрый (?—1619), сын Пятра, падсудак вількамірскі з 1589 і суддзя земскі вількамірскі з 1607. Марцыян (?—1649), сын Уладзіслава, падстолі полацкі з 1613, падсудак віленскі з 1624 і суддзя земскі віленскі з 1647. Арнольф (? — пасля 1656), сын Януша, мечнік пінскі з 1641, чашнік пінскі ў 1650 і войскі пінскі ў 1656. Рамуальд Тадэвуш, гл. Р.Т.Гедройц.

В.​Л.​Насевіч.

т. 5, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РШВІН ((Gershwin) Джордж) (26.9.1899, Нью-Йорк — 11.7.1937),

амерыканскі кампазітар, піяніст. Паходзіў з сям’і (Гершовіч), якая эмігрыравала з Расіі. Сістэматычнай муз. адукацыі не атрымаў. Вучыўся ў Р.​Гольдмарка (гармонія) і інш. Стварыў уласны муз. стыль, у якім арганічна спалучаюцца рысы імправізацыйнага джаза, элементы афра-амер. фальклору, амер. эстраднай і розных формаў еўрап. музыкі, у т. л. фп. стылю Ф.​Ліста, М.​Рахманінава («Рапсодыя ў блюзавых тонах», 1924), франц. імпрэсіянізму, верызму, баладнай оперы. Творчасць Гершвіна ахоплівае розныя муз. жанры. Яе вяршыня — папулярная ва ўсім свеце опера «Поргі і Бес» (1935), першая нац. опера, адзначаная глыбокім пранікненнем у негрыцянскі духоўны свет і муз. фальклор. Для яе характэрны шырокае выкарыстанне дыялогу, спалучэнне трагічнага і жанрава-камедыйнага пачатку. У мелодыцы оперы выяўляюцца ладава-гарманічныя і рытмічныя своеасаблівасці спірычуэлс, лірычных блюзаў, рэгтаймаў. Сярод інш. твораў: аперэты і мюзіклы «Ла, ла, Люсіль» (1919), «Лэдзі, будзьце добрыя» (1924), «О кей!» (1925), «Разалі» і «Смешны твар» (1927), «Хай грыміць аркестр» (1923), «Вар’ятка» (1930, паст. 1954), «Пра цябе я спяваю» (1932), «Хай яны ядуць кекс» (1933, усе паст. ў Нью-Йорку); для аркестра — сімф. сюіта «Амерыканец у Парыжы» (1928), «Кубінская уверцюра» (1932); для фп. з арк. — «2-я рапсодыя» (1931), канцэрт (1925); 3 прэлюдыі для фп. (1926), песні, музыка да кінафільмаў.

Літ.:

Волынский Э. Джордж Гершвин (1898—1937). 2 изд. Л., 1988;

Rushmore R. The life of G.Gershwin, man and legend. New York, 1966;

Schwartz C. Gershwin: his life and music. Indianapolis, 1973.

Дж.Гершвін.

т. 5, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ГМАТЫ РЭЛІГІЙНЫЯ,

афіцыйна прызнаныя палажэнні рэліг. веравучэння, якія абвяшчаюцца царквой бясспрэчнай ісцінай, не падлягаюць перагляду і зменам, прызнаюцца вечнымі боскімі ўстанаўленнямі, абавязковымі для ўсіх веруючых. Кожная з рэлігій мае сваю дагматычную сістэму. У хрысціянстве догматы зацверджаны 2 першымі ўсяленскімі саборамі — Нікейскім (325) і Канстанцінопальскім (381) і атрымалі назву Нікея-Царградскага сімвала веры. Яны ўключаюць 12 асн. догматаў: аб адзінстве і траістасці Бога; аб Хрысце як зямным увасабленні Бога, сыне Божым, пасрэдніку паміж Богам і людзьмі; аб другім прышэсці Хрыста на зямлю; аб пашане адзінай саборнай царквы; аб неабходнасці хрышчэння; аб веры ў цялеснае ўваскрэсенне памерлых; аб веры ў замагільнае жыццё пасля «страшнага суда» і інш., якія пазней дапаўняліся. Праваслаўная царква абмежавалася рашэннямі першых 7 сусв. сабораў. Пасля падзелу цэркваў заходняя, рымска-каталіцкая, уключыла ў сваё веравучэнне новыя догматы: аб філіёкве (аб зыходжанні Святога духа не толькі ад бога-айца, але і ад сына); аб чысцілішчы; аб запасе добрых спраў; аб бязгрэшным зачацці Багародзіцы. Пратэстантызм прызнаў Д.р. аб апраўданні сваіх паслядоўнікаў вераю, а не царквою. Іудаізм у розныя часы прытрымліваўся розных дагматычных сістэм, з іх засталіся асн. тры: прызнанне адзінабожжа Яхве, богавыбраннасці яўр. народа і чаканне прыходу месіі (збавіцеля). Іслам у межах яго багаслоўскай сістэмы — калама — выпрацаваў догматы: аб адзіным Богу — Алаху, аб яго пасланніку Мухамеду, аб прадвызначэнні чалавечага лёсу Алахам. Індуізм зыходзіць з прызнання святасці «Ведаў», з перасялення душ, з няроўнасці людзей, наяўнасці кармы і інш. (гл. таксама Догма).

А.​А.​Цітавец.

т. 6, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБО́ВЫЯ ЛЯСЫ́, дубровы,

дубнякі (Quercus),

група фармацый карэнных шыракалістых лясоў, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду дуб. Пашыраны ў Еўропе, Усх. Азіі, на Д.​Усходзе, у Паўн. і Паўд. Амерыцы, пераважна ў горных і перадгорных раёнах. У Зах., Цэнтр. і Усх. Еўропе Д.л. створаны пераважна дубам звычайным, або летнім (Q. robur), і скальным, або зімовым (Q. petraea), у Паўд. Еўропе і Міжземнамор’і — каменным (Q. ilex) і коркавым (Q. suber), на Каўказе — грузінскім (Q. iberica), ва Усх. Азіі і на Д.​Усходзе — зубчастым (Q. dentata) і мангольскім (Q. mongolica), у Паўн. Амерыцы — чырвоным (Q. rubra), паўночным (Q. borealis) і балотным (Q. palustris). На Беларусі дрэвастоі Д.л. складаюцца ў асноўным з дубу звычайнага — чыстыя і з дамешкам ясеню, клёну, грабу, ліпы, ільмы, хвоі, елкі, бярозы, асіны, вольхі чорнай, часта з выразным 2-м ярусам. Яны займаюць 4% агульнай плошчы лясоў. Найб. пашыраны ў паўд., зах. і цэнтр. раёнах. Пашырэнне Д.л. і іх фітацэнатычная структура маюць выразныя занальныя асаблівасці. Вылучаюць 3 геабат. падзоны ў напрамку з Пн на Пд: яловых, ялова-грабавых і грабавых дуброў. Пераважаюць кандамінантныя фітацэнозы: у цэнтр. ч. — ялова-дубова-грабавыя, на Пд — дубова-грабавыя, хваёва-дубова-грабавыя, ясянёва-дубова-грабавыя, ліпава-клянова-дубова-грабавыя. Найб. пашыраныя тыпы Д.л.: кіслічныя, чарнічныя, арляковыя, сніткавыя, поймавыя, вострыцавыя, папарацевыя, крапіўныя. Сярэдні ўзрост 40 гадоў. Д.л. маюць важнае прыродаахоўнае, сан.-гігіенічнае і эстэт. значэнне, даюць высакаякасную драўніну для розных галін прам-сці.

Г.​У.​Вынаеў.

Дубовы лес злакавы.

т. 6, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)