ФРАНЦЫСКА́НЦЫ (лац. Ordo Fratrum Minorum, OFM ордэн братоў меншых),
жабрацкі каталіцкі манаскі ордэн. Засн. Францыскам Асізскім у Італіі ў 12071209, неўзабаве пашырыўся і ў інш. краінах Зах. Еўропы. Статутнае патрабаванне беднасці было і для членаў ордэна і для ордэна ў цэлым. Ф. жылі не ў манастырах, а на людзях, вандравалі, прапаведавалі на мове простага народу беднасць і аскетызм, займаліся дабрачыннасцю. Гэта садзейнічала росту іх папулярнасці і прытоку ахвяраванняў. Ордэн, які ўзнік у процівагу афіц. царкве з яе багаццем і раскошай, з цягам часу ператварыўся ў надзейны сродак абароны інтарэсаў папства: Ф. вялі барацьбу супраць ерасі, бралі ўдзел у дзейнасці інквізіцыі. У 1256 папа даў Ф. права выкладаць ва ун-тах. Яны займаліся і місіянерскай дзейнасцю. Каля 1237 з’явіліся ў Польшчы, адтуль пачалі місіянерскую дзейнасць у ВКЛ. На тэр. Беларусі асабліва актыўна дзейнічалі ў 17 ст. Іх канвенты існавалі ў Ашмянах, Гальшанах, Івянцы, Навагрудку, Пінску, Паставах, Свіслачы і ў інш. Пасля падаўлення паўстання 1830—31 большасць канвентаў скасавана, пасля паўстання 1863—64 застаўся адзін у Гродне (зачынены ў сярэдзіне 1940-х г.).
т. 16, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)