ФІЛІСТЫ́МЛЯНЕ (ад стараж.-яўрэйскага — пеліштым),
старажытны народ, які насяляў паўд. частку ўсх. ўзбярэжжа Міжземнага мора. Упершыню згадваюцца ў егіп. крыніцах 13 ст. да н.э. Лічаць, што Ф. — выхадцы з Крыта ці М.Азіі. Уваходзілі ў склад «народаў мора», якія ўварваліся ў М.Азію і Паўн. Сірыю, знішчылі Хецкае царства і Угарыт (каля 1200 да н.э.) і напалі на Егіпет. Выбітыя егіп. войскамі, яны захапілі паўд.-зах. частку Ханаана, якая пазней атрымала назву Палесціна (ад біблейскага Пелешэт — край Ф.), дзе ўтварылі саюз гарадоў-дзяржаў. Прынеслі ў гэты раён культуру жалеза, сталі манапалістамі ў вытв-сці жал. калясніц і зброі. У 12—10 ст. да н.э. мелі пераважны ўплыў у Палесціне, вялі ўпартыя войны з іудзеямі. У 8 ст. да н.э. заваяваны асірыйскім царом Тыглатпаласарам III, у канцы 7 ст. да н.э. — вавілонскім царом Навухаданосарам II, у канцы 6 ст. да н.э. — персамі. Элінізацыя Ф. пачалася з паходаў Аляксандра Македонскага і цалкам завяршылася да пачатку н.э. Пра мову Ф. дакладных звестак няма. Знойдзеныя пры раскопках надпісы на пячатках пакуль не дэшыфраваны.
А.Г. Зельскі.
т. 16, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)