краіна ў Паўд.-Зах. Азіі. Мяжуе на Пн з Туркменіяй, Узбекістанам, Таджыкістанам, на У з Кітаем, на ПдУ і Пд з Пакістанам, на З з Іранам. Пл. 652,9 тыс.км². Нас. 17,8 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Кабул. Падзяляецца на 29 правінцый (вілаятаў) і 2 акругі. Дзярж. мовы — пушту (афганская) і дары (або фарсі-кабулі). Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты і шыіты). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (19 жн.).
Дзяржаўны лад. Афганістан — ісламская рэспубліка. Асн. закон дзяржавы не распрацаваны. На сучасным этапе дзяржаву ўзначальвае прэзідэнт. Сфарміраваны парламент (205 чал.). Прызначаны прэм’ер-міністр.
Прырода. Афганістан — пераважна горная краіна. Высакагорныя хрыбты чаргуюцца з плато і міжгорнымі катлавінамі. З ПнУ на ПдЗ праз усю тэрыторыю праходзяць хрыбты сістэмы Гіндукуш (найвыш. пункт у межах Афганістана — г. Тыргаран, 6729 м), якія веерападобна разыходзяцца і пераходзяць у ніжэйшыя хрыбты горнай сістэмы Парапаміз. Вяршыні на У укрыты ледавікамі. Раўніны і пласкагор’і размешчаны на паўн.-зах. і паўд. ускраінах. Найб. з іх — пустыні Рэгістан і Дашты-Марго. Карысныя выкапні: прыродны газ, жал. руда, каменны вугаль, берыл, лазурыт, барый, каменная соль, сера, азбест і інш. Клімат субтрапічны, кантынентальны, сухі, з рэзкімі сутачнымі ваганнямі т-ры. У гарах суровыя зімы (да -20 °C у студз.), снег трымаецца 7—8 месяцаў. На раўнінах сярэдняя т-растудз. 0—5 °C, ліп. 25—30 °C. Ападкаў да 350 мм за год, на ПдУ у гарах пад уплывам мусонаў каля 800 мм, у пустынях месцамі менш за 100 мм. Найб. рэкі: Амудар’я (у верхнім цячэнні Пяндж), Мургаб, Герыруд, Гільменд, Кабул. На раўнінах многія рэкі перасыхаюць. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць. У гарах да выш. 1500—1800 м палын, салянкі, саксаул, вясной эфемеры, да 2200—2500 м стэпы. На Украіны, дзе больш ападкаў, да выш. 2400—2700 м дубовыя, арэхавыя і ясянёвыя, да 4300 м хваёвыя лясы, вышэй — альпійскія лугі і ледавікі. У пустынях ёсць аазісы. Жывёльны свет: гіены, дзікія аслы, горныя казлы і інш.
Насельніцтва. У Афганістане жыве больш за 20 народаў іранскай (каля 90%), цюркскай і дардскай моўных груп. Каля 52,4% насельніцтва — пуштуны (на Пд і Украіны). На Пн і З жывуць таджыкі (20,4%), узбекі (8,8%) і туркмены (1,9%), у цэнтр.ч.краіны — хазарэйцы (8,8%); ёсць таксама чаар-аймакі, нурыстанцы, белуджы, брагуі, пашаі, кіргізы, казахі, каракалпакі, арабы і інш. Сярэдняя шчыльнасць 27,2 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены перадгорная паласа на Пн, аазісы і рачныя даліны (да 200 чал. на 1 км²). Высакагорныя і пустынныя раёны амаль бязлюдныя. Каля 2 млн.чал. — качэўнікі і паўкачэўнікі. Каля 5 млн.чал. у сувязі з ваен. падзеямі жывуць у Пакістане і Іране як бежанцы. Гар. насельніцтва 20%. Найб. гарады (тыс.ж., 1988): Кабул (1424,4), Кандагар (225,5), Герат (177,3).
Гісторыя. Тэр. Афганістана заселена чалавекам каля 40—30 тыс. гадоў назад. У 4-м тыс. да нашай эры тут вядома земляробчая аселая культура на штучным арашэнні. М.І.Вавілаў лічыў Афганістан адной з мясцін, адкуль паходзіць культурнае раслінаводства (мяккая пшаніца). З 4 ст. да нашай эры Афганістан у складзе дзяржаў Аляксандра Македонскага, Селеўкідаў, грэка-бактрыйцаў, Вялікіх Кушан, Сасанідаў, качавых плямёнаў эфталітаў. Яго стараж. гісторыя (да 7 ст. нашай эры) звязана з Бактрыяй, Арэяй, Маргіянай, Арахасіяй, Гандхарай, Мідыяй, Ахеменідамі. У час арабскіх заваяванняў 7—9 ст. Афганістан далучаны да Халіфата і ісламізаваны (з 9 ст.). У канцы 10—12 ст. — цэнтр дзяржавы Газневідаў, пры двары якіх працавалі астраном і гісторык Біруні, паэты Унсуры і Фарухі. На У існавала дзяржава Гурыдаў, частку Афганістана захапілі сельджукі. У 13—14 ст. у Афганістане панавалі цюрка-манголы, потым частка краіны ўваходзіла ў дзяржаву дынастыі Куртаў. У канцы 14 ст. Афганістан захапіў Цімур і да 16 ст. тут уладарылі Цімурыды. У пісьмовых крыніцах этнагеагр. назва «Афганістан» («краіна афганцаў», або пуштунаў) ужываецца з 14 ст. У 16—17 ст. Афганістанам валодалі Вялікія Маголы і Сефевідскія шахі Ірана. Адначасова на яго тэр. рассяліліся афг. плямёны, частка якіх перайшла да аселасці; буйныя афг. плямёны хатакаў, а ў 18 ст. гільзаеў і абдалі стварылі самаст.феад. княствы. У 1747 Ахмад-шах Дурані стварыў афг. дзяржаву (сталіца — Кандагар), якая ахоплівала тэрыторыю, населеную пуштунамі (афганцамі), а таксама таджыкамі, узбекамі, хазарэйцамі, чараймакамі і туркменамі. На пач. 19 ст. яна распалася на Герацкае, Кабульскае, Кандагарскае і Пешаварскае ханствы. Іх дзярж. кансалідацыя адбылася пры эмірах Дост Мухамедзе і Шэр Алі. Вялікабрытанія, імкнучыся захапіць Афганістан і пашырыць сваю ўладу на Сярэднюю Азію, развязала англа-афганскія войны, прымусіла Афганістан падпісаць дагавор 1879, паводле якога ён страціў самастойнасць і ч.паўд. зямель. У 1893 Вялікабрытанія навязала Афганістану новую ўсх. мяжу («лінія Дзюранда») — уключыла землі ўсх. пуштунаў у склад сваіх індыйскіх каланіяльных тэрыторый. У канцы 19 — пач. 20 ст. завяршыўся працэс цэнтралізацыі Афганістана.
У лют. 1919 да ўлады ў Афганістане прайшоў Аманула-хан. Падзяляючы погляды младаафганцаў, ён 28.2.1919 абвясціў незалежнасць краіны, якую прызналі Сав. Расія (сак. 1919), а пасля апошняй англа-афг. вайны і Вялікабрытанія (жн. 1919; канчаткова ў 1921). Да 1928 у Афганістане праведзены антыфеад. Рэформы. Аднак у выніку мяцяжу Бачаі Сакао (правіў пад імем Хабібула ў студз.—кастр. 1929) рэформы адменены. Супраць Хабібулы выступіў ваен. міністр Аманулы Мухамед Надзір, які заняў Кабул (кастр. 1929) і абвясціў сябе каралём. Заснаваная ім дынастыя правіла краінай да 1973. Абвешчаная ў 1931 канстытуцыя ўмацавала пазіцыі духавенства і племянной знаці. Пасля 2-й сусв. вайны сац.-эканам. развіццё краіны паскорылася, узнік дзярж. сектар эканомікі, ажыццяўляліся пяцігодкі, узрос уплыў замежнага капіталу; эканам. дапамогу Афганістану аказваў і СССР. Аднак краіна заставалася адной з самых бедных і слабаразвітых у свеце. Канстытуцыйная рэформа 1963—65 была скіравана на паступовае прыстасаванне Афганістана да сучаснага свету. Пасля 1965 у краіне выявіліся 2 кірункі вырашэння праблем: леварадыкальны на чале з Народна-дэмакратычнай партыяй Афганістана (НДПА) і ісламска-фундаменталісцкі. Знешняя палітыка Афганістана вызначалася нейтралітэтам і недалучэннем. У ліп. 1973 антыманархісты з ліку ваенных ажыццявілі дзярж. пераварот і абвясцілі Афганістан рэспублікай (прэзідэнтам стаў стрыечны брат караля М.Дауд). Абвешчаныя новымі ўладамі абмежаваныя рэформы фактычна не ажыццяўляліся. 27.4.1978 пад кіраўніцтвам НДПА адбылося ўзбр. выступленне арміі, якое прывяло да стварэння Рэв. савета (РС, узначаліў генсек НДПА Н.М.Таракі) і абвяшчэння Дэмакр. Рэспублікі Афганістан (ДРА). 16.9.1979 да ўлады прыйшоў Х.Амін, паводле загаду якога быў забіты Таракі. Грамадзянская вайна ў Афганістане, пачатая ў 1978 фундаменталістамі і былымі кіруючымі коламі, знайшла шырокую падтрымку знешніх сіл. Маджахеды набіраліся з афг. бежанцаў у Пакістане і Іране. Урад Афганістана папрасіў дапамогі ў СССР. 27.12.1979 сав. войскі ўвайшлі ў краіну. Амін быў забіты, РС узначаліў Б.Кармаль. Грамадз. вайна набывала характар супраціўлення іншаземцам. Лінія на нац. прымірэнне праводзілася і пасля змены ў 1986 Кармаля на пасадах старшыні РС і генсека НДПА Наджыбулой. Нац. прымірэння не адбылося і пасля прыняцця новай канстытуцыі. 14.4.1988 у Жэневе прадстаўнікі ўрадаў Афганістана, Пакістана, СССР і ЗША падпісалі пагадненні аб урэгуляванні становішча ў Афганістане. 15.2.1989 апошнія сав. войскі пакінулі Афганістан. За 10 гадоў сав. войскі страцілі ў Афганістане 15 тыс.чал., у т. л. больш за 750 чал. з Беларусі. 16.4.1992 Наджыбула пакінуў пасаду прэзідэнта. 28.4.1992 уладу ў Кабуле захапіла ўзбр. апазіцыя; часовым прэзідэнтам Ісламскай дзяржавы Афганістан стаў лідэр Ісламскага таварыства Афганістана таджык Б.Рабані, прэм’ер-міністрам — лідэр Ісламскай партыі Афганістана пуштун Г.Хекмаціяр. Аднак грамадз. вайна не спынілася. Акрамя барацьбы за ўладу паміж Хекмаціярам і Рабані, г. зн. барацьбы за пераўтварэнне Афганістана ва унітарную ісламскую рэспубліку пры перавазе пуштунаў або ў этнафедэрацыю, вайна набыла этнанац. характар. Яна ўскладняецца наяўнасцю знешняй дапамогі. Восенню 1994 узнік рух «Талібан» (ад талібы — выхаванцы рэліг. ісламскіх навуч. устаноў). Да вясны 1995 талібы кантралявалі ⅓ тэр. Афганістана.
Палітычныя партыі і рухі: Партыя айчыны, Ісламская партыя Афганістана, Ісламскае т-ва Афганістана, Нац. фронт выратавання Афганістана, Нац. ісламскі фронт Афганістана, Рух ісламскай рэвалюцыі Афганістана, Нац. ісламскі рух, рух «Талібан».
Гаспадарка. Афганістан — аграрная краіна са слаба развітой прам-сцю і адсталай сельскай гаспадаркай. Нац. даход на душу насельніцтва адзін з самых нізкіх у свеце і складае каля 100 долараў ЗША за год. Аснова гаспадаркі — арашальнае земляробства і пашавая жывёлагадоўля. У сельскай гаспадарцы занята каля 85% насельніцтва і ствараецца 2/3 валавога ўнутр. прадукту. Агульная пл. зямель, што апрацоўваюцца, 4,5 млн.га (каля 7% тэр.краіны), з іх 2,6 млн.га — арашальныя землі. Пасяўная пл. 3,8 млн.га. Асн. плошчы арашальнага земляробства на Пд у далінах рэк Кабул, Гільменд і іх прытокаў, на Пн па рэках Герыруд, Кундуз, Балх, на Бактрыйскай раўніне. Багарныя землі сканцэнтраваны ў перадгорнай паласе на Пнкраіны і асобнымі ўчасткамі ў гарах. Аснова земляробства — збожжавая гаспадарка. Важнейшая культура — пшаніца (збор 2,38 млн.т; 1988—89), дае больш за палавіну кошту ўсёй прадукцыі раслінаводства, вырошчваецца ў асн. на Пнкраіны. Пасевы ячменю (0,35 млн.т) пераважна ў горных раёнах, рысу (0,34 млн.т) у межах Джэлалабадскага аазіса і ў раёне Герата. У асобных раёнах развіта садоўніцтва, вырошчванне агародніны і бахчавых культур, вінаграду, бульбы, з тэхн. — бавоўны, алейных культур, цукр. буракоў і трыснягу. Сеюць таксама лён, кунжут, тытунь. Афганістан — адзін з найбуйнейшых вытворцаў опіуму і гашышу і цэнтр кантрабанднага гандлю імі. У жывёлагадоўлі пераважае адгонна-пашавая гадоўля авечак, асабліва каракулевых. Пагалоўе (млн. галоў; 1988): буйн. раг. жывёлы 3,6, авечак 17, коз 2,8, коней, аслоў і мулаў 1,7. У невял. колькасці гадуюць вярблюдаў (на З) і якаў (на У). У 1988—89 вытв-сць жывёлагадоўчай прадукцыі: каракульскіх шкурак 1 млн.шт., воўны 13 тыс.т, мяса 252 тыс.т, малака 610 тыс.т. Сельская гаспадарка не забяспечвае насельніцтва прадуктамі харчавання. Прам-сць развіта слаба. У краіне каля 460 фабр.-зав. прадпрыемстваў. Здабываюць каменны вугаль (140 тыс.т), прыродны газ (1 млрд.м³), нафту, каменную соль, лазурыт, керамічную і буд. сыравіну. Вытв-сць электраэнергіі 1132 млн.кВт∙гадз (1988—89). ГЭС на р. Кабул—Наглу (магутнасць 100 тыс.кВт), Махіпар (66 тыс.кВт), Сурабай (22 тыс.кВт). ЦЭЦ на прыродным газе ў Мазары-Шарыфе. Развіваецца тэкст., харч., буд. матэрыялаў прам-сць. Працуюць металаапр. (Кабул) і хім. (Мазары-Шарыф) з-ды. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Працягласць аўтадарог 19,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 9 тыс.км. Аснова сеткі дарог — кальцавая аўтадарога Кабул—Кандагар—Герат—Мазары-Шарыф—Кабул. У 1991 у краіне было 31,8 тыс. легкавых і 30,9 тыс. грузавых аўтамабіляў. Адзіная чыгунка Кушка—Тарагундзі (5,5 км). Працягласць газаправодаў 340 км (1989). Міжнар. аэрапорты ў Кабуле і Кандагары, рачны порт Шэрхан на Амудар’і.
Краіна моцна пацярпела ад амаль бесперапынных ваен. дзеянняў у 1978—95: страты складаюць каля 75% усіх укладанняў у развіццё краіны за 50 папярэдніх гадоў; разбураны гарады, знішчаны сотні кішлакоў. З-за недахопу сыравіны, кадраў, перабояў з электраэнергіяй парушана дзейнасць амаль усіх прадпрыемстваў (асабліва па вытв-сці цукру і тэкстылю). Значна пацярпела і сельская гаспадарка. Экспарт (236 млн. долараў ЗША; 1991): каракуль і каракульча, сухафрукты, бавоўна, газ, дываны, воўна, арэхі, вінаград і інш. Імпарт (874 млн. долараў ЗША; 1991): машыны, абсталяванне, нафтапрадукты, трансп. сродкі, буд. матэрыялы, тэкст. вырабы, харч. тавары. Гал. знешнегандл. партнёры: краіны СНД, Японія, Кітай, Індыя, Пакістан, Вялікабрытанія, ФРГ. Беларусь экспартуе ў Афганістан у невял. колькасці трактары, радыёпрыёмнікі, матацыклы, імпартуе пераважна дываны. Грашовая адзінка — афгані.
Ахова здароўя. Узровень нараджальнасці — 49 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць — 168 на 1 тыс.чал. (1994). Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 43, у жанчын 41 год (1986).
Асвета, навуковыя ўстановы. У сярэдзіне 1980-х г. праведзена школьная рэформа, якая прадугледжвае пераход да адзінай 11-гадовай агульнаадук. школы з сумесным навучаннем: пач. навучанне (1—5-ы кл.), няпоўнае сярэдняе (6—8-ы кл.), поўнае сярэдняе (9—11-ы кл.). У 1988/89 навуч.г. працавала 1350 школ (857 тыс. вучняў), у т. л. 344 сярэднія; у 28 прафес.-тэхн. навуч. установах навучалася 10,1 тыс.чал. (усе на дзярж. забеспячэнні, у т. л. школы па падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых); у ВНУ — 17,4 тыс., за мяжой — больш за 43 тыс. студэнтаў. Буйнейшыя ВНУ: у Кабуле ун-т (з 1946), політэхн.ін-т (з 1967), мед. і пед. ін-ты (з 1985), Нангархарскі ун-т у Джалалабадзе (засн. ў 1962, працуе з 1978). У канцы 1980 — пач. 90-х г.нар. адукацыя была фактычна паралізавана. Пераход улады да ісламскага ўрада (1992) даў пачатак новаму этапу рэформаў адукац. сістэмы краіны. Буйнейшыя б-кі: публічная ў Кабуле пры Мін-ве асветы, універсітэцкія. Найб. вядомы музей археалогіі і этнаграфіі ў Кабуле; ёсць музеі ў Кандагары, Гераце, Мазары-Шарыфе, Газні. Навук. даследаванні вядуцца ва ун-тах, навук. установах і т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца некалькі газет, функцыянуюць нац.інфарм. агенцтва, дзярж. тэлерадыёкампанія.
Літаратура. Л-ра Афганістана развівалася на мовах пушту і дары, носьбіты якіх пуштуны і таджыкі. Л-ра на пушту абапіралася на фальклор. Вытокі літ. традыцыі на мове дары бяруць пачатак у класічнай перс.-тадж. паэзіі 10—14 ст., якая стала адзіным скарбам сучасных л-р Ірана, Таджыкістана і Афнаністана. Перс.л-ра развівалася гал.ч. у Гераце і Кабуле. У паэзіі, якая пераважала над прозай, дамінавалі традыц. формы, тэматыка і сімволіка. Класічны ўзор перс. прозы — Хроніка Байхані 11 ст. Складальнік анталогіі «Невядомы скарб» на мове пушту Мухамед Хатак (18 ст.) паасобныя вершы датаваў 8 ст., частку твораў — 13 ст. Першы твор з дакладным аўтарствам на пушту — «Добрая вестка» Баязіда Ансары (1525—85). Росквіт паэт. жанраў адносіцца да 17—18 ст. (Абдулхамід Моманд, Абдурахман Моманд, Ахмад-шах Дурані); найб. слынны прадстаўнік свецкай паэзіі — Хушхальхан Хатак; выдатны лірык Рахман Баба. Вызваленчая барацьба афг. народа ў 2-й пал. 19 ст. адлюстравана ў нар. паэзіі. З’явіліся цыклы гіст. паэм, песень, вершаў патрыят. зместу (Нур Сахіб, Нуруддзін). Тады ж узнікла проза на пушту (Мулаві Ахмад, Мір Ахмад Рызвані — стваральнік першай граматыкі пушту, Муншы Ахмад Джан). Аднак з канца 18 да пач. 20 ст. назіраецца заняпад л-ры, выкліканы агульным застоем эканам. і культ. жыцця краіны; мова пушту ўсё больш выцясняецца фарсі, якая стала літ. і дзярж. мовай. Прызнанне ў 1936 мовы пушту дзяржаўнай паскорыла развіццё на ёй л-ры. Асновы сучаснай л-ры закладзены на пач. 20 ст. младаафганцамі, прадстаўнікамі бурж.-рэфармісцкіх асв. колаў (Махмуд Тарзі). Пасля ўстанаўлення незалежнасці Афганістана (1919) л-ра паступова набыла грамадскае значэнне. Ідэі патрыятызму, служэння народу сталі лейтматывам творчасці Гуляма Мухіддзіна Афгана, Саліха Мухамеда. У паэзіі і прозе загучалі грамадз. матывы: барацьба з непісьменнасцю, за нац. годнасць, за волю народаў Усходу. Абнаўляецца і пашыраецца тэматыка, літ. мова збліжаецца з народнай; змяняюцца жанравы дыяпазон і творчы метад. Пісьменнікі і паэты 20 ст. (Абдурауф Бенава, Сулейман Лаік, Абдурахман Пажвак, Абдулхак Бетаб, Халілула Халілі і інш.) працуюць у жанрах сац. аповесці, быт. навелы, лірыка-філас. эсэ, рыфмаванай прозы. З 1978 афг.л-ра развіваецца ў Афганістане (пераважна ідэалагічны, рэв. кірунак) і ў эміграцыі.
Архітэктура, выяўленчае мастацтва. Збудаванні з гліны-сырцу (паселішча Мундыгак), наскальныя выявы (у Бадахшане), размаляваная кераміка вядомы тут у 4-м тыс. да нашай эры. Мастацтва перыяду Грэка-Бактрыйскага царства (250—140 да нашай эры) склалася пад уплывам элінізму (Ай-Ханум). Да эпохі Кушанскага царства (1—4 ст., калі ў Афганістане быў пашыраны будызм), адносяцца творы скульптуры і дэкар.-прыкладнога мастацтва з раскопак Хады, Баграма, Фундукістана і інш. Захаваліся помнікі будыйскага дойлідства 1—8 ст. (манастыры каля Балха, Кундуза, у Хадзе; пячорны манастыр у даліне р. Баміян, у размалёўках і стукавым дэкоры якога прыкметны ўплыў мастацтва Індыі і Ірана). Пасля араб. заваявання (7—9 ст.) і пашырэння ісламу мастацтва Афганістана развівалася ў рэчышчы культуры мусульм. краін. Сярэдневяковае мастацтва звязана з традыцыямі Сярэдняй Азіі, Ірана, Індыі (мячэць Ну-Гумбед у Балху, 10 ст.; палацавы комплекс Лашкары-Базар у Бусце, 11—12 ст.; мемарыяльныя вежы Масула III і Бахрамшаха ў Газні, 12 ст.; мінарэт каля с. Джам, 1153—1202; Саборная мячэць, 14—15 ст.; маўзалей Гаўхаршад і мінарэты Мусала ў Гераце, 1417—38). Найб. значная маст. школа склалася ў Гераце (гл.Герацкая школа), з якой звязана творчасць К.Бехзада, яго вучня Касім Алі (15—16 ст.) і інш. З 15 ст. развіты мініяцюрны жывапіс (іл. да «Шахнаме» Фірдаўсі, «Хамсе» Нізамі, «Бустан» Саадзі). На пач. 16 ст. вядучая роля ў маст. жыцці Афганістана перайшла да Кабула. З сярэдзіны 18 ст. значнае буд-ва вялося ў Кандагары (маўзалей Ахмад-шаха Дурані). Нар. архітэктура 18—20 ст. блізкая да сярэднеазіяцкай: вакол адкрытага двара размяшчаюцца будынкі з плоскім земляным дахам, упрыгожаныя разьбой па дрэве і размалёўкай. Існуе і купальны тып будынкаў (маўзалей Мухамед Надзіршаха каля Кабула). У сучаснай архітэктуры спалучаюцца шкло, бетон і традыц. матэрыялы (калона Абідаі Майванд у Кабуле з дэкорам з блакітнай кафлі і чорнага мармуру, арх. І.Серадж). У выяўл. мастацтве важную ролю адыгралі Школа выяўл. і прыкладнога мастацтва і рамёстваў (1921), творчасць жывапісцаў (Гулям Мухамедхан, А.Брэшна, Гаўсуддзін, Х.Ітымадзі), скульптараў (М.Хайдар, М.Рэза Кандагары), графікаў. Маст. рамёствы (ткацтва дываноў, кераміка, апрацоўка металу) захавалі традыцыі стараж.дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Музыка Афганістана развівалася ва ўзаемадзеянні з нар.муз. культурай Індыі, Ірана і краін Сярэдняй Азіі. Пераважаюць 2 узаемазвязаныя традыцыі — народаў дары і пушту, засн. на тэорыі і практыцы макама. У песенным фальклоры пуштунаў вылучаюцца жанры ландый (часцей лірычнага характару), німакый, багатый, нара. Развіта танц. мастацтва, у т. л. пуштунскі атан (карагод) і інш. Сярод песенных жанраў пераважаюць лірычныя, засн. на тэкстах паэтаў-класікаў, — газель, чарбайта, кісэ, дастаны. Сярод інструментаў пуштунаў: струнна-шчыпковыя — рубаб афганскі, сарод, сітара (разнавіднасць танбура); духавы — сурнай; ударныя — дол, зірбагалі. З інструментаў інш. народаў Афганістана: струнна-шчыпковыя — танбур, дутар; струнна-смычковы — гіджак; ударны — дойра і інш. Развіццё сучаснай музыкі звязана з імёнамі Касіма Афгана, Гулама Хусейна, Абдулгафура Брэшна, Мухамеда Хусейна Сараханга і інш.
Тэатр. З даўніх часоў у Афганістане вял. папулярнасцю карысталіся вандроўныя камедыянты. Прафес.т-р створаны ў 1919 (у канцы 1920-х г. закрыты). У 1930-я г. ў гарадах узніклі перасоўныя тэатр. трупы, на аснове якіх у канцы 1940-х г. створаны пастаянныя драм. калектывы «Пахыні нындарэ» (кіраўнік Р.Латыфі), «Ды Кабул нындарэ» (кіраўнік М.А.Раунак). Каб падтрымаць нац.т-р і паспрыяць развіццю драматургіі, у 1941 створана Упраўленне нар. відовішчаў. У рэпертуары т-раў п’есы нац. і замежных аўтараў. У 1956 у Кабуле заснавана тэатр. школа.
Кіно. Нац. кінавытворчасць зарадзілася ў 1960-я г., калі афг. дзеячы кіно з удзелам інд. кінематаграфістаў стварылі фільм «Падобна арлу» (1963, рэж. Ф.М.Хаерзадэ). У 1968 засн. кінастудыя «Афганфільм», дзе напачатку здымаліся дакумент. фільмы. У 1970 пастаўлены маст. фільм «Фаварыт» — пра барацьбу паліцыі з гандлярамі наркотыкамі. У 1970-я — пач. 80-х г. здымаліся хроніка, дакумент. і маст. фільмы. У 1981 створаны Саюз кінематаграфістаў Афганістана.
Герб і сцяг Афганістана.Да арт.Афганістан. Арашальныя землі ў горнай даліне Баміян у Гіндукушы.Да арт.Афганістан. Гандаль жывёлай каля сцен старажытнай крэпасці Газні.Да арт.Афганістан. Пласцінка з Баграма. Слановая косць. 1—5 ст.Да арт.Афганістан. Рэшткі сярэдневяковага горада ў даліне р. Баміян.Да арт.Афганістан. Вежа Масуда III у Газні. 11—12 ст.Да арт.Афганістан. Мінарэт каля сяла Джам. 1153—1202.Да арт.Афганістан. Мініяцюра «Султан адпачывае». Герат. 15 ст.Да арт.Афганістан. К.Бехзад. Партрэт Шэйбані-хана. Мініяцюра. Каля 1507.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХАРЭ́СТ (Bucureşti),
горад, сталіца Румыніі. Размешчаны на Пдкраіны ў межах Ніжнедунайскай нізіны на р. Дымбавіца, за 45 км ад р. Дунай. Утварае самаст.адм. адзінку. 2,1 млн.ж., з прыгарадамі каля 2,4 млн.ж. (1993). Буйны трансп. вузел — месца перасячэння транс’еўрапейскіх чыг. і аўтамаб. магістраляў. Міжнар. аэрапорт Атапень. У Бухарэсце сканцэнтравана 1/6прамысл. вытв-сці краіны, у т. л. больш як 1/4 прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі, 1/3тэкст., 1/2 паліграфічнай. Займае вядучую ролю ў вытв-сці складаных машын і прылад (электроніка, электра- і радыётэхніка, прыладабудаванне), хім. прадукцыі (вырабы з гумы, пластмасаў, фарбавальнікі, лакі, фармацэўтычныя і парфумерныя тавары). Прадпрыемствы чорнай і каляровай металургіі, станкабудавання, нафтаперапр., с.-г. і трансп. машынабудавання, будматэрыялаў, шклофарфоравай, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці. Разнастайныя галіны харч. (мясная, мясакансервавая, алейная, тытунёвая і інш.) і лёгкай (тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, футравая і інш.) прам-сці. Метрапалітэн.
Вядомы з 14 ст. як 2-я рэзідэнцыя валашскага феад. княства. З 1459 крэпасць для абароны Валахіі ад тур. набегаў. З 1659 сталіца Валахіі. У 19 ст. цэнтр нац.-вызв. руху. З 1861 сталіца Румыніі. Тут падпісаны Бухарэсцкі мірны дагавор 1812 і Бухарэсцкі мірны дагавор 1918. У чэрв. 1941 у Бухарэст уведзены ням.-фаш. войскі, вызвалены ў ходзе Народнага ўзброенага паўстання ў Румыніі 1944 супраць фаш. рэжыму І.Антанеску. У 1947 у Бухарэсце абвешчана Рум.Нар. Рэспубліка. Цэнтр Народнага паўстання ў Румыніі 1989—90, якое прывяло да звяржэння таталітарнага рэжыму Н.Чаўшэску.
Старая частка Бухарэста размешчана на берагах р. Дымбавіца, у раёне б. Кветкавага базару (цэрквы Міхай-Водэ, 1589—91, Патрыяршая, 1654—58, Стаўраполіс, 1724—30). У 19—20 ст. склаўся новы цэнтр горада з радыяльнымі і кальцавымі магістралямі, параднымі пабудовамі ў духу эклектызму, нац. рамантыкі, неакласіцызму і функцыяналізму: т.зв. Атэнеум (філармонія; 1886—88), Палац Рэспублікі (1930—37), Прэзідыум Савета Міністраў (1936—38, арх. Д.Марку) і інш. Паводле ген. плана 1952 пабудаваны дом паліграф.к-та «Скынтэя» (1948—53), комплекс ВДНГ (1964), аэрапорт (1970), ансамбль Нац.т-ра імя І.Л.Караджале з гасцініцай «Інтэркантыненталь» (1970—73, арх. Х.Майку і інш.), жылыя раёны (Флараска, Тытан, Букурэшты-Ной і інш.).
У Бухарэсце АН Румыніі (з 1879). 13 ВНУ, у т. л.ун-т (з 1864), кансерваторыя, політэхн.ін-т. Н.-д. ін-ты (у т. л.Ін-т эндакрыналогіі і геранталогіі). Музеі: Нац., Гісторыі прыроды, мастацтваў Румыніі, Музей вёскі. Тэатры: оперы і балета, Нац. імя І.Л.Караджале і інш. Універсітэцкі бат. сад (з 1860).
Ф.С.Фешчанка (гаспадарка).
Будынак Атэнеума ў Бухарэсце.Да арт.Бухарэст. Патрыяршая царква. 1654—58.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛІ,
горад, сталіца Індыі і адм. ц. саюзнай тэр. Дэлі. Знаходзіцца на Пнкраіны на р. Джамна (прыток р. Ганг), каля паўн.-ўсх. падножжа ўзгорыстай грады Аравалі. 7,2 млн.ж., з прыгарадамі 8,4 млн.ж. (1991). Складаецца са Старога Д. (Шахджаханабада, гіст. ядро горада), тэр.ваен. пасялення і Новага Д. (Нью-Дэлі з нас. 301,3 тыс.ж., 1993), які лічыцца афіц. сталіцай. Вузел 5 чыгунак і 11 аўтадарог. Міжнар. аэрапорт (Палам). Буйны прамысл., фін. і культ. цэнтр краіны. Развіты галіны прам-сці, што абслугоўваюць патрэбы сталіцы: тэкст. (баваўняныя і шарсцяныя тканіны), швейная, трыкат., хім., фармацэўтычная, гарбарна-абутковая, шклокерамічная, металаапр., паліграф., буд., некат. галіны машынабудавання (станкабудаванне, радыёэлектронная прам-сць). Маст. рамёствы (філігранныя сярэбраныя і залатыя ювелірныя вырабы, кераміка, разьбярства па слановай косці і камені, вырабы з пап’е-машэ), саматужнае ткацтва. Цэнтр турызму. 4 ун-ты. Акадэмія музыкі, танца і драмы.
Паводле «Махабхараты» ў 1-м тыс. да н.э. горад быў рэзідэнцыяй царскай дынастыі Пандаваў і меў назву Індрапрастха. Сучасная назва з 736 пасля буд-ва на месцы стараж. гарадзішча г. Дхіліка (Дэлі). У 1206—1526 сталіца мусульман Дэлійскага султаната, з 1658 — імперыі Вялікіх Маголаў. У 1803 захоплены англічанамі, якія ў 1858 перанеслі сталіцу ў Калькуту. Адзін з цэнтраў Індыйскага народнага паўстання 1857—59. З 1911 сталіца Брыт. Індыі, з 1947 — дамініёна, з 1950 — Рэспублікі Індыя.
У Старым горадзе захаваліся гар. муры з брамамі (часткова), Саборная мячэць (1644—58), крэпасць Лал-Кіла (Чырвоны форт, 1639—48, з палацамі Ранг-Махал, Дывані-Ам, Дывані-Кхас, усе 1639—48, і Жамчужнай мячэццю, каля 1660). На Пд ад Старога горада — руіны г. Фіразабад (1351—88), палацава-крапасны ансамбль Пурана-Кіла (закладзены ў 1540; мячэці Кулан, 1380, і Кілаі-Кухна, 1545), маўзалей Хумаюна (2-я пал. 16 ст.). Прыкладна за 20 км на Пд ад Старога горада — 4 гарады-крэпасці: Сіры (будаваўся з 1303), Джаханпанах (14 ст.), Туглакабад (1325; маўзалей Гіяс-ад-дзіна) і Лал-Кот (канец 12 ст.; жал. калона, 415; руіны мячэці Куват-уль-Іслам, пачата ў 1193; мінарэт Кутб-Мінар, каля 1200—20; маўзалей Ільтутмыша, пасля 1235). Новы Д. — буйны раён з шэрагам плошчаў, паркаў і вуліц, якія радыяльна ад іх разыходзяцца. Уключае ансамбль урадавых будынкаў 1912—30-х г., «Браму Індыі» (помнік салдатам, якія загінулі ў сусв. войнах), нац. стадыён, абсерваторыю Джантар Мантар (1725), храм багіні Лакшмі Нараян (1938—39), мемар. музей М.Гандзі (канец 1960-х г., арх. А.Канвіндэ). Музеі: Нац. музей Індыі, нац. галерэя сучаснага мастацтва, Міжнар. музей лялек, мемар. музеі М.Гандзі, Дж.Нэру і інш.
Літ.:
Короцкая А.А., Сапожников Б.Н. Дели. Л., 1983.
Да арт.Дэлі. Брама ў Чырвоным форце.Да арт.Дэлі. Храм багіні Лакшмі. Нараян. 1938—39.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ГРАБ (Zagreb),
горад, сталіца Харватыі, на р. Сава, каля падножжа хр. Мядзведніца. 868 тыс.ж., з прыгарадамі каля 1 млн.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог з Цэнтр. і Зах. Еўропы да Адрыятычнага м. і на Балканскі п-аў. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд. (аўтамабілі, чыг. вагоны, эл. машыны, трансфарматары, акумулятары, мед. тэхніка і інструменты), хім., нафтаперапр., лёгкая, фармацэўтычная, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч., паліграфічная. Акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т. Штогадовыя міжнар.гандл. кірмашы і фестывалі фальклору.
Стараж.-рымская Андаўтонія. З канца 11 ст. належаў Венгрыі; рэзідэнцыя епіскапства (засн. да 1094). З 1242 свабодны каралеўскі горад, стаў эканам. цэнтрам Харватыі. З 1527 З. (пад ням. назвай Аграм) у складзе Габсбургскай манархіі. З сярэдзіны 17 ст. тут знаходзіўся харвацкі бан (намеснік караля). У 1606 у З. з’явіліся езуіты, якія заснавалі акадэмію (1669) і друкарню (1664). Эканам. і культ. развіццё горада актывізавалася ў 19 ст.; цэнтр нац. адраджэння харватаў (гл.Ілірызм). У 1846 у З. створаны Нац. музей, у 1867 — Югаславянская акадэмія навук і мастацтваў, у 1874 — універсітэт. 29.10.1918 у З. харвацкі сейм абвясціў незалежнасць Харватыі і ўступленне яе ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У перыяд паміж сусв. войнамі адзін з найб. прамыслова развітых гарадоў краіны. У 1941—45 сталіца створанай харвацкімі фашыстамі (усташамі) Незалежнай дзяржавы харватаў. У час ням.-фаш. акупацыі адзін з гал. цэнтраў Руху Супраціўлення. Вызвалены 8.5.1945 войскамі Нар.вызв. арміі Югаславіі. З 1991 сталіца незалежнай Харватыі.
Гіст. ядро З. — раёны Каптол і Градзец, размешчаныя на ўзгорках (Верхні горад): рэшткі ўмацаванняў (13—18 ст), гатычны сабор св. Сцяпана (13—19 ст.) і гатычная царква св. Марка (14—19 ст., у інтэр’еры работы скульпт. І.Мештравіча), барочныя царква св. Кацярыны (1620—19 ст.) і епіскапскі палац (каля 1730—19 ст.), у стылі класіцызму — палац Елачычаў (19 ст., фасад — 1831, арх. Б.Фелбінгер). З 2-й пал. 19 ст. на Пд складваецца новы цэнтр З. з кварталамі, скверамі, параднымі пабудовамі з рысамі эклектызму і неакласіцызму: Харвацкі нар. тэатр (1894—95), біржа (1923—27), жылыя дамы ў стылі функцыяналізму. З 2-й пал. 1940-х г. будуюцца грамадскія будынкі, новыя жылыя раёны, спарт. комплексы. Музеі: Галерэя старых майстроў (галерэя Штросмаера), Музей мастацтваў і рамёстваў, Гар. галерэя сучаснага мастацтва і Галерэя прымітывістаў, археал. і этнагр. музей.
Літ.:
Маркова Е.С. Загреб в XVI в.: Из истории социально-экон. отношений в феод. городе. М., 1976;
Яе ж. Из истории социально-экономического развития славянского города XIII—XVII вв. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛУ́РГІЯ (ад грэч. metallurgeō здабываю руду, апрацоўваю металы),
галіна навукі, тэхнікі і прам-сці, якая ахоплівае працэсы атрымання металаў з руд і інш. матэрыялаў, змены хім. саставу, структуры і ўласцівасцей метал. сплаваў, надання металу пэўнай формы. Працэсы М.: падрыхтоўка руд (здрабненне, абагачэнне карысных выкапняў, абпал або сушка, агламерацыя, брыкетаванне і інш.); вылучэнне металаў з руд і інш. матэрыялаў, ачыстка іх ад непажаданых дамешкаў (рафінаванне металаў); вытв-сць металаў і сплаваў; тэрмічная апрацоўка, хіміка-тэрмічная апрацоўка, тэрмамеханічная апрацоўка, ліццё і апрацоўка металаў ціскам, зварка і паянне; нанясенне ахоўных і дэкаратыўных пакрыццяў з інш. металаў і неметалаў на паверхні метал. вырабаў (металізацыя). М. падзяляецца на чорную металургію (атрыманне чыгуну, сталі, ферасплаваў, пракату і некат. вырабаў з чыгуну і сталі) і каляровую металургію (вытв-сць і апрацоўка каляровых металаў і сплаваў). У залежнасці ад метадаў атрымання металаў і сплаваў адрозніваюць вакуумную металургію, гідраметалургію, парашковую металургію, піраметалургію, плазменную металургію, электраметалургію. Важнай галіной М. з’яўляецца металазнаўства.
М. ўзнікла ў глыбокай старажытнасці. Паводле археал. даных, медзь атрымлівалі ўжо ў 7—6-м тыс. да н.э., з 4—3-га тыс. да н.э. выкарыстоўвалі яе сплаў з волавам — бронзу. З сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. пачалі выплаўляць жалеза (гл.Сырадутны працэс), з сярэдзіны 14 ст. — чыгун (гл.Доменны працэс), з 18 ст. — сталь, выкарыстоўваючы тыгельную плаўку, а потым бесемераўскі працэс, мартэнаўскі працэс, тамасаўскі працэс, кіслародна-канвертарны працэс. Найб. актыўна як галіна прам-сці і навукі М. развіваецца з 19 ст. дзякуючы вынаходствам і распрацоўкам Г.Бесемера і С.Дж.Томаса (Англія), А.Мартэнса (Германія), П.Э.Мартэна (Францыя), П.П.Аносава і Дз.К.Чарнова (Расія) і інш. М. — адна з найважнейшых галін сучаснай прам-сці; маштабы вытв-сці металаў (у першую чаргу сталі) характарызуюць тэхніка-эканам. ўзровень развіцця краіны.
На Беларусі вытв-сць некаторых бронзавых рэчаў з прывазной сыравіны пачалася з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э., чорная М. з’явілася ў 7—6 ст. да н.э. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў печах-домніцах (сырадутных горнах), пераплаўлялі ці награвалі для апрацоўкі ў тыгельных, крычных і кавальскіх горнах (гл.Горан). Як навука М. на Беларусі развіваецца ў Фізіка-тэхнічным і інш. ін-тах Нац.АН, у БПА, галіновых НДІ, некаторых ВНУ. Асн. вытворца чорнага пракату для прам-сці краіны — Беларускі металургічны завод у Жлобіне, значная ч. прадукцыі якога ідзе на экспарт. Вытв-сць сталі і чыгунных вырабаў ёсць на з-дах «Цэнтраліт» (Гомель), МТЗ, МАЗ, станкабудаўнічым імя Кірава (Мінск), «Праммашрамонт» (Полацк), Мінскім механічным імя Вавілава і інш.Гл. таксама Металургічная прамысловасць.
Літ.:
Основы металлургии. Т. 1—7. М., 1961—75;
Воскобойников В.Г., Кудрин В.А., Якушев А.М. Общая металлургия. 4 изд. М., 1985;
Венецкий С.И. От костра до плазмы: Рассказ о многовековом пути, пройденном металлургией... М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭРАЗО́Й (ад грэч. proteros больш ранні + zōē жыццё),
пратэразойская акратэма (акрон), верхняя частка геал. утварэнняў дакембрыю і адпаведны адрэзак часу (акрон) іх фарміравання. Залягаюць на ўтварэннях архею, перакрываюцца адкладамі фанеразою. Пачаўся каля 2,5 млрд.г. назад і закончыўся 570 млн.г. назад. Тэрмін «П.» прапанаваў амер. геолаг Э.Эманс у 1888. Розныя краіны маюць свае стратыграфічныя схемы П.; у СССР з 1977 (цяпер і ў краінах СНД) падзяляюць П. на ніжні (карэлій) і верхні (рыфей і венд) з мяжой на ўзроўні 1650 ± 50 млн. г.
Да пачатку П. завяршылася кратанізацыя зямной кары. Скучванне яе глыб прывяло да ўтварэння гіганцкага адзінага кантынента Пангея-0 (гл.Пангея). На працягу карэлію развіваліся протагеасінкліналі, якія падзялілі Пангею-0 на вял. колькасць протаплатформ. У канцы карэлію (1,8—1,7 млрд.г. назад) протагеасінкліналі моцна спаялі протаплатформы складкавымі сістэмамі. Утварыўся суперкантынент Пангея-1, які ў познім рыфеі распаўся на суперкантыненты Гандвану і Лаўразію.
Пароды П. разам з архейскімі складаюць фундамент стараж. платформ і выходзяць на паверхню на шчытах (Украінскі, Балтыйскі, Алданскі і інш.) і ў сярэдзінных масівах. Паводле саставу, ступені метамарфізму і характару складкавасці пароды ніжняга П. падобныя на архейскія, пераважна адпавядаюць амфібалітавай і зялёнасланцавай фацыям метамарфізму, у меншай ступені праявіліся гранітызацыя і мігматызацыя; часцей трапляюцца карбанатныя пароды, розныя гнейсы і сланцы. Пароды ніжняга П. прарваны інтрузіямі гранітаў і габроідаў. Для завяршальнага этапу магматызму ў П. на Балтыйскім шчыце і ў фундаменце Рускай пліты характэрны граніты рапаківі, прымеркаваныя да мяжы карэлію і рыфею. Пароды верхняга П. больш блізкія да палеазойскіх і прадстаўлены неметамарфізаванымі і слабаметамарфізаванымі тэрыгеннымі (пясчанікі, кварцыты, кангламераты, гліны, аргіліты), карбанатнымі (вапнякі, мармур) і вулканагеннымі адкладамі. У асадкавых пародах П. пашыраны (пераважна ў верхнім П.) арган. рэшткі — прадукты жыццядзейнасці бактэрый, цыянабактэрый і сіне-зялёных водарасцей (страматаліты, анкаліты, фіталіты). У познім рыфеі прысутнічаюць рэшткі мікрафлоры, у вендзе — мнагаклетачных бесшкілетных жывёлін — чарвей, медузоідаў і інш., што сведчыць пра павелічэнне ў марской вадзе долі свабоднага кіслароду. З адкладамі П. звязаны радовішчы жалеза, марганцу, медзі, нікелю, хрому. кобальту, тытану, урану і інш.
На Беларусі ў крышт. фундаменце адклады П. прадстаўлены гнейсамі, амфібалітамі і сланцамі аколаўскай серыі ў цэнтры краіны (Аколаўская грабен-сінкліналь) і сланцамі і вулканітамі жыткавіцкай серыі ў межах Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу, іх прарываюць гранітоіды жухавіцкага, бабаўнянскага. жыткавіцкага, а таксама габроіды і дыябазы русінаўскага, нагорнаўскага комплексаў і інш. У аколаўскай серыі выяўлена некалькі калчаданных, жалезных (гл.Аколаўскае радовішча жалезных рудаў) рудапраяўленняў. З пародамі, што перасякаюць жыткавіцкую серыю, звязаны руды рэдкіх металаў.
Літ.:
Семихатов М.А. Стратиграфия и геохронология протерозоя. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАРДА́НІЯ, Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства (Аль-Мамляка аль-Урдунія аль-Хашымія),
дзяржава ў Заходняй Азіі. На З мяжуе з Ізраілем і тэрыторыяй арабскай аўтаноміі на зах. беразе р. Іардан, на Пн — з Сірыяй, на ПнУ — з Іракам, на У і Пд — з Саудаўскай Аравіяй; на Пд мае выхад да зал. Акаба Чырвонага м. Падзяляецца на 10 губернатарстваў (мухафаз). Пл. 89,4 тыс.км². Нас. 4212 тыс.чал. (1995). Сталіца — г.Аман. Афіц. мова арабская. Нац. святы — Дзень незалежнасці (25 мая) і Дзень нараджэння караля Хусейна I (14 лістапада).
Дзяржаўны лад. І. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1952 (мадыфікаваная). Кіраўнік дзяржавы — кароль, які валодае шырокімі паўнамоцтвамі: назначае і змяшчае прэм’ер-міністра і міністраў, зацвярджае законы, з’яўляецца галоўнакамандуючым узбр. сіламі, мае права роспуску палаты дэпутатаў і інш. Вышэйшы орган заканад. улады — двухпалатны Нац. сход, які складаецца з сената (30 членаў, назначаюцца каралём на 4 гады) і палаты дэпутатаў (60 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам. На чале правінцый стаяць губернатары, акруг і раёнаў — начальнікі. Суд. сістэма складаецца з 3 відаў судоў: свецкія, рэлігійныя (шарыяцкія) і асобыя (племянныя, ваен. трыбуналы і суды дзярж. бяспекі). Члены свецкіх судоў назначаюцца каралём.
Прырода. Асн. частка І. занята пустынным пласкагор’ем (800—1300 м). Над ім узвышаюцца асобныя горы да 1764 м (г. Рам на Пд). На З цягнецца з Пн на Пд глыбокая тэктанічная ўпадзіна Гхор з далінай р. Іардан і Мёртвым м. (на 400 м ніжэй узр. акіяна). Карысныя выкапні: фасфарыты (запасы каля 1,5 млрд.т), калійныя солі (у Мёртвым м.), медныя і марганцавыя руды. Клімат субтрапічны з сухім і гарачым летам. Т-ра паветра 7—12 °C у студз., 23—28 °C у ліпені. Ападкаў каля 700—500 мм на 3, каля 100 мм і менш на У і Пд. Расліннасць паўпустынная і пустынная, разрэджаная, пераважаюць хмызнякі і травы, якія вегетуюць у перыяд выпадзення ападкаў. Ёсць аазісы з фінікавымі пальмамі. Пад лесам каля 1% тэрыторыі. Нац. парк Азрак.
Насельніцтва. Каля 98% арабы, у т. л. палесцінскія бежанцы; жывуць таксама армяне, чэркесы, чэчэнцы, туркі, курды і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-суніты (92%), астатнія пераважна хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 47,1 чал. на 1 км², на З, асабліва ў даліне р. Іардан, больш за 100 чал. на 1 км². На У і Пд насельніцтва рэдкае, ёсць качэўнікі і паўкачэўнікі-бедуіны, у якіх захаваўся падзел на плямёны. У гарадах жыве 78% насельніцтва (1994). Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1994): Аман — 963,5 (з прыгарадамі больш за 1,5 млн.ж.), Эз-Зарка — 344,5, Ірбід — 208,2. У прам-сці і буд-ве заняты 21% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 7%, у гандлі і абслуговых галінах — 63%. Некалькі соцень тысяч іарданцаў працуюць за мяжой, пераважна ў араб. краінах Персідскага заліва.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. І. насялялі семіцкія плямёны хананеяў. У 3—2-м тыс. да н.э. на іх нападалі фінікійцы, хеты і інш. У 2-й пал. 2-га тыс. да н.э.тэр. І. ў складзе Ізраільска-Іудзейскага царства. У канцы 1-га тыс. да н.э. — цэнтр араб.Набатэйскай дзяржавы. З 4 ст.тэр. І. ў складзе Візантыі, у 7 ст. заваявана арабамі і стала ч. Арабскага халіфата. На тэр. І. пашырыліся іслам і араб. мова, развіваліся феад. адносіны. У 11—15 ст. пад уладай крыжаносцаў, сельджукаў, егіп. мамлюкаў. З пач. 16 ст. да 1918 у складзе Асманскай імперыі. У 1918 акупіравана англ. войскамі, у 1920 уключана ў брыт. мандат на Палесціну. У 1921 тэр. 1. вылучана ў асобную адм. адзінку — эмірат Трансіарданія на чале з эмірам. У 1923 англічане абвясцілі незалежнасць эмірата, хоць фактычна ўладу трымалі ў сваіх руках. Англа-трансіарданскі дагавор 1928 (гл.Англа-трансіарданскія дагаворы 1928, 1946, 1948) фармальна пакідаў пэўную ўладу эмірам, але замацоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць на тэр. Трансіарданіі ўзбр. сілы, кантраляваць мясц.ваен. фарміраванні, знешнюю палітыку, фінансы і ўзбр. сілы. Знешняя палітыка краіны магла весціся толькі праз брыт.вярх. камісара ў Іерусаліме і яго рэзідэнта ў Амане. Пасля 2-й сусв. вайны Вялікабрытанія вымушана была пайсці на некат. ўступкі. Дагавор 1946 аб дружбе і саюзе, падпісаны ў Лондане на 25 гадоў, фармальна адмяняў брыт. мандат на Трансіарданію (эмірат абвяшчаўся незалежным каралеўствам), аднак захоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць войскі, саветнікаў і экспертаў. 25.5.1946 краіна стала наз. І. (Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства), эмір Абдалах — каралём І. Прынятая ў 1947 канстытуцыя замацоўвала вярх. ўладу караля і абмяжоўвала паўнамоцтвы парламента. Дагавор 1948 крыху пашыраў кампетэнцыю ўлад І. і прадугледжваў паступовы вывад брыт. войск з краіны, але Вялікабрытанія захоўвала права ўводзіць свае войскі ў выпадку вайны, трымаць ваен. базы ў Амане і Мафраку. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948—49 войскі І. занялі цэнтр. раёны Палесціны (т. зв.Заходні бераг ракі Іардан) і ўсх.ч. Іерусаліма, якія ў 1950 афіцыйна ўключаны ў яе склад. Фактычная анексія ч.Усх. Палесціны пагоршыла адносіны І. з інш.араб. краінамі. У 1952 каралём І. стаў Хусейн ібн Талал, які выкарыстоўваў для ўзмацнення і развіцця дзяржавы замежную фін. дапамогу (складала больш як 2/5 бюджэту краіны). На парламенцкіх выбарах 1956 перамаглі нац.-патрыят. сілы І., што сарвала спробы Вялікабрытаніі і ЗША уцягнуць краіну ў агрэсіўныя ваен.-паліт. блокі. 14.3.1957 урад ануляваў англа-іарданскі дагавор 1948, а 2.11.1958 брыт. войскі выведзены з тэр. І. У пач. 1960-х г. правячыя колы краіны пайшлі на частковую дэмакратызацыю грамадскага жыцця і правядзенне знешняй палітыкі, незалежнай ад зах. дзяржаў. У 1963—64 1. ўстанавіла дыпламат. і гандл. адносіны з СССР і краінамі Усх. Еўропы. У ізраільска-арабскую вайну 1967 І. пацярпела паражэнне, Ізраіль акупіраваў зах. бераг р. Іардан і Усх. Іерусалім, краіна страціла чвэрць апрацаваных зямель, амаль палавіну прамысл. прадпрыемстваў (каля 4 тыс.), скараціліся даходы ад турызму, колькасць палесцінскіх бежанцаў павялічылася да 800 тыс.чал. Ліквідацыя наступстваў ізраільскай агрэсіі заняла вядучае месца ва ўнутр. і знешняй палітыцы краіны. У 1988 І. прызнала Палесціну і адмовілася ад прэтэнзій на зах. бераг р. Іардан (паводле ізраільска-палесцінскага пагаднення 1993 ён атрымаў частковую аўтаномію). З 1991 удзельнічае ў перагаворах па ўрэгуляванні блізкаўсх. канфлікту. У кастр. 1994 І. і Ізраіль падпісалі мірны дагавор. І. — член ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў кастр. 1996.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. У 1993 легалізаваны паліт. партыі, якія пазней прынялі ўдзел у парламенцкіх выбарах. Асн. партыі: Іарданскі нац. саюз, Партыя ісламскага дзеяння (звязана з Асацыяцыяй братоў-мусульман), Нар. саюз, Нар.дэмакр. партыя (крыло Дэмакр. фронту вызвалення Палесціны), іарданскае аддзяленне Партыі араб.сацыяліст. адраджэння (з 1957 нелегальнае). Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя рабочых прафсаюзаў І.
Гаспадарка. І. — краіна са слабаразвітай шматукладнай эканомікай, слабай індустр. базай. Краіна залежыць ад знешняй дапамогі і пазык (каля 1 млрд.дол. за год), валютных паступленняў ад іарданцаў, што працуюць за мяжой. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 1200 долараў. 26% нац. даходу дае прам-сць, 8% — сельская гаспадарка, 66% — абслуговыя галіны. Асн. галіны прам-сці — горназдабыўная, цэментная, нафтаперапрацоўчая. Здабыча высакаякасных фасфарытаў вядзецца пераважна адкрытым спосабам на радовішчах Эр-Русейфа (каля Амана) і Хаса (на Пд); гадавая здабыча 5925 тыс.т (1994). З расолаў Мёртвага м. здабываюць калійныя солі — 1,4 млн.т (1994). Каля Амана на мясц. сыравіне працуе цэментны з-д (каля 1 млн.т цэменту за год). У г. Эз-Зарка нафтаперапр. (атрымлівае нафту з Ірака па адгалінаванні нафтаправода Кіркук—Сайда) і акумулятарны з-ды, суконная ф-ка. Электрастанцыі працуюць на імпартнай нафце, вытв-сць электраэнергіі 4,2 млрд.кВт∙гадз (1993). Ёсць прадпрыемствы харч., тэкст., вінаробчай, тытунёвай, папяровай, буд. матэрыялаў (у т. л. па апрацоўцы мармуру) прам-сці. Развіты саматужныя промыслы, выраб прадметаў хатняга ўжытку, сувеніраў, ювелірных упрыгожанняў, керамічных і скураных вырабаў. Больш за 70% прамысл. прадукцыі выпускаецца ў Амане і яго наваколлі. Сельская гаспадарка задавальняе толькі 1/4 патрэб насельніцтва ў харч. прадуктах. Характэрна памешчыцкае землеўладанне, сяляне — пераважна арандатары. Пустыні і паўпустыні, якія займаюць 94,1% тэрыторыі, выкарыстоўваюцца пад экстэнсіўную малапрадукц. жывёлагадоўлю. Апрацоўваецца каля 400 тыс.га, у т. л. арашаецца каля 100 тыс.га. Галоўны земляробчы раён — даліна р. Іардан (разнастайныя фрукты, пшаніца, ячмень, кукуруза, сачавіца, бабовыя, памідоры, баклажаны, капуста, агуркі, кавуны, дыні). Ранняя гародніна і фрукты экспартуюцца. На непаліўных землях вырошчваюць збожжавыя культуры. Ураджайнасць вагаецца ў залежнасці ад колькасці ападкаў. Гадуюць (1994): буйн. раг. жывёлу — 50 тыс. галоў, вярблюдаў — 70 тыс. галоў, авечак і коз — каля 1,5 млн. галоў. Развіта бройлерная птушкагадоўля. Порт Акаба — цэнтр рыбалоўства і марскіх промыслаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог каля 9 тыс.км, з іх 3 тыс.км асфальтаваных. У краіне 162 тыс. легкавых аўтамабіляў, 92 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1994). Гал. аўтадарогі звязваюць Аман з портам Акаба, Сірыяй, Іракам, Саудаўскай Аравіяй. Даўж. адзінай чыгункі, якая перасякае краіну з Пн на Пд, каля 600 км. Грузаабарот порта Акаба — 20 млн.т штогод. Праз І. праходзяць нафтаправоды Кіркук (Ірак) — Хайфа (Ізраіль, не дзейнічае) і Дахран (Саудаўская Аравія) — Сайда (Ліван). У краіне 2 міжнар. аэрапорты (Аман, Акаба). І. наведваюць штогод каля 4 млн. турыстаў. Даход ад замежнага турызму складае 0,5 млрд.дол. (1994). І. экспартуе фасфарыты (каля 50% кошту), цэмент, раннія гародніну і фрукты; імпартуе разнастайныя прамысл. тавары і харч. прадукты.
У 1994 экспартавана тавараў на 1,4 млрд.дол., імпартавана на 3,5 млрд. долараў. Асн.гандл. партнёры — Саудаўская Аравія, Ірак, інш. арабскія краіны, ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Японія. Знешні доўг каля 9 млрд.дол. (1995). Грашовая адзінка — іарданскі дынар.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. У аснове ваен. дактрыны канцэпцыя «кругавой абароны». Ва ўзбр. сілах 98,5 тыс.чал. (1997). Сухап. войскі (90 тыс.чал.), каля 900 танкаў, 480 гармат, 450 мінамётаў. У ВПС (8 тыс.чал.) каля 100 баявых самалётаў, 24 верталёты. У ВМС (0,5 тыс.чал.) 10 катэраў. З 1991 узбр. сілы камплектуюцца на кантрактнай аснове. З 1996 баявая падрыхтоўка вядзецца сумесна з ЗША, інш. членамі НАТО.
І.І.Пірожнік, Ф.С.Фешчанка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы).
Герб і сцяг Іарданіі.Да арт.Іарданія. Агульны выгляд г. Аман.Да арт.Іарданія. Тыповы ландшафт на поўдні краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУНЕ́Й (Brunei),
Бруней Дарусалам (Brunei Darussalam), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на паўн.-зах. беразе в-ва Калімантан. Складаецца з 2 анклаваў, падзеленых паласой (шыр. 15—30 км) тэр. памежнага штата Саравак (Малайзія). Абмываецца водамі Паўд.-Кітайскага м.Пл. 5765 км². Нас. 274 тыс.чал. (1993). Дзярж. мова малайская, карыстаюцца таксама англійскай і кітайскай мовамі. Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты — 67% вернікаў), ёсць будысты, канфуцыяне, хрысціяне. Сталіца — г.Бандар-Серы-Бегаван. Падзяляецца на 4 адм. акругі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (23 лют.).
Дзяржаўны лад. Бруней — канстытуцыйная манархія (султанат). Дзейнічае канстытуцыя 1959 з папраўкамі 1971. Кіраўнік дзяржавы — султан, які адначасова ўзначальвае ўрад — Савет Міністраў. Заканадаўчы орган — Заканадаўчы савет, у які ўваходзіць 21 член (11 з іх прызначаюцца султанам, 10 выбіраюцца).
Прырода. Большая ч. паверхні — алювіяльная берагавая забалочаная раўніна. Клімат экватарыяльны. Т-ра паветра на працягу ўсяго года каля 26 °C. Ападкаў 2000—4000 мм за год. Сезоны не выражаны. Больш за 75% тэр. занята вільготнымі экватарыяльнымі лясамі.
Насельніцтва. Жывуць малайцы (66,9%), кітайцы (15,6%), абарыгенныя народы — ібаны, дусуны, муруты (5,7%); еўрапейцы, інданезійцы, тайландцы, індыйцы (разам 11,8%). Абарыгенныя народы жывуць у вёсках ва ўнутр.ч.краіны, астатнія — на ўзбярэжжы і ў гарадах. Сярэдняя шчыльн. 45,7 чал. на 1 км². Большая ч. насельніцтва (каля 170,1 тыс.чал.) сканцэнтравана ў сталіцы і яе наваколлі.
Гісторыя. Абарыгеннае насельніцтва Брунея — даякі. З канца 1-га тыс. да н.э. на паўн. ўзбярэжжа в-ва Калімантан мігрыравалі малайцы, з пач.н.э. — кітайцы. Каля 1200 гадоў назад тут утварыліся першыя брунейскія княствы са сталіцай Кота-Бату (Мураваны горад, засн. ў 7 ст.). Марскі гандаль (камфара, золата і інш.) і культ. кантакты з Індыяй і Кітаем садзейнічалі распаўсюджанню тут у 9—13 ст. індуізму і будызму. Каб захаваць сваю незалежнасць ад інданез. Шрывіджайскай імперыі ў 10—13 ст. і дзяржавы Маджапахіт (цэнтр — в-аў Ява) у 14 — пач. 15 ст., Бруней уступаў у саюз з Кітаем. У пач. 15 ст. пры правіцелю Махамадзе I ісламізаваны, пры яго пераемніках зацвердзіўся як султанат. Пры 5-м султане Болкіяху I (канец 15 — пач. 16 ст.), які заснаваў аднайм. дынастыю, што правіць і цяпер, Бруней дасягнуў найб. магутнасці і ахопліваў паўн.-зах. Калімантан, архіпелаг Сулу, філіпінскі в-аў Лусон, сучасныя малайзійскія штаты Сабах і Саравак і інш. У пач. 16 ст. краіну адкрылі еўрапейцы, першым з якіх быў у 1505—07 італьянец па паходжанні Л. дэ Вартэна. У 1577—78 і 1580 брунейцы адбілі ўварванні іспанцаў з Філіпінаў. У выніку ўнутр. міжусобіц і экспансіі галандцаў і англічан на Малайскі архіпелаг з 17 ст. пачаўся заняпад Брунея, скарачалася яго тэрыторыя. У 1840-я г. Бруней каланізаваны Вялікабрытаніяй. У 1888—1983 брыт. пратэктарат. У 2-й пал. 19 ст. султанат страціў Сабах і Саравак. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны японцамі.
У выніку ўзмацнення нац.-вызв. руху ў 1959 Вялікабрытанія дазволіла Брунею ўнутр. самакіраванне, адначасова пачалося фарміраванне яго ўзбр. сіл. З 1968 султанам Брунея з’яўляецца Хасанал Болкіях, які лічыцца найбагацейшым чалавекам у свеце. 1.1.1984 абвешчана незалежнасць краіны. Легальна дзейнічае адзіная Брунейская нац. аб’яднаная партыя. З 1984 Бруней — чл.ААН, Асацыяцыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, з 1985 — брыт. Садружнасці.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і газу на кантынентальным шэльфе (больш за 90% валютных паступленняў, 60% валавога ўнутр. прадукту). Па здабычы прыроднага газу (больш за 12 млрд.м³ штогод) Бруней займае адно з вядучых месцаў у свеце, нафты (больш за 10 млн.т штогод) — 3-е месца ў Паўд.-Усх. Азіі. Дзейнічае адзін з буйнейшых у свеце з-даў па звадкаванні газу (каля 5 млн.т за год). Ёсць прадпрыемствы лесапільнай і дрэваапр. прам-сці, саматужная вытв-сць тканін, вырабаў з каштоўнай драўніны, серабра. Буд-ва невял. драўляных суднаў. Пад с.-г. ўгоддзямі 5,5% тэр., 80% харч. прадуктаў імпартуецца. Асн. культуры — каўчуканосы (каля 50% апрацаваных зямель) і рыс. Вырошчваюць таксама сагавую і какосавую пальмы, перац, трапічныя фрукты (бананы). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, козаў, свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. (1,4 тыс.км аўтадарог, 90 тыс. аўтамашын). Рачное і марское суднаходства. Міжнар. аэрапорт. Нафту і газ экспартуюць пераважна ў Японію, ЗША, краіныПаўд.-Усх. Азіі, Тайвань. Імпарт: машыны, абсталяванне, прамысл. і харч. тавары ў асноўным з Сінгапура, Японіі, ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ, Малайзіі. Турызм. Грашовая адзінка — долар Брунея.
Літ.:
Денисов С.Н., Кулик Б.Т. Бруней вчера и сегодня. М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ ПО́ЛЬСКАГА НАРО́ДА 1939—45,
узброеная барацьба польскага народа супраць фаш. Германіі за свабоду і нац. незалежнасць Польшчы ў час другой сусветнай вайны 1939—45. 1.9.1939 Германія напала на Польшчу і развязала 2-ю сусв. вайну. Вялікабрытанія і Францыя, якія 3 вер. абвясцілі вайну Германіі, не аказалі Польшчы рэальнай ваен. дапамогі. У ходзе 35-дзённай Польскай кампаніі 1939 намнога большыя злучэнні вермахта разбілі польскія ўзбр. сілы. Гітлераўцы ўстанавілі на тэр. Польшчы жорсткі акупац. рэжым (гл. ў раздз. Гісторыя ў арт.Польшча). Польскія патрыёты паступова разгарнулі вызв. барацьбу на тэрыторыі краіны і за яе межамі.
Дзеянні польскіх узброеных сіл за мяжой у 1940—42. Да пач. 1940 у Францыі з эмігрантаў-палякаў сфарміравана 85-тыс. армія пад камандаваннем вярх. галоўнакаманд. і прэм’ер-міністра польскага эмігранцкага ўрада ў Лондане ген. В.Сікорскага. У маі—чэрв. 1940 польскія часці разам з англа-франц. войскамі вялі баі каля Нарвіка (Нарвегія) і ў Францыі. Пазней польск. часці (каля 15 тыс.чал.) сфарміраваны ў Вялікабрытаніі. Польскія караблі (3 эсмінцы і некалькі падводных лодак), якія ў 1939 прарваліся ў Англію, дзейнічалі ў складзе брыт.ВМФ. У жн. 1940 — маі 1941 польскія лётчыкі ўдзельнічалі ў паветр. вайне над Брыт. а-вамі (гл.Бітва за Англію 1940—41). У Паўн. Афрыцы (Лівія) у складзе 8-й брыт. арміі ваявала брыгада Карпацкіх стралкоў, якая вызначылася пры абароне г. Табрук (жн.—снеж. 1941), у баях каля г. Эль-Газаль (снеж. 1941) і Бардыя (снеж. 1941 — студз. 1942). У 1941—42 на тэр.СССР сфарміравана польская Андэрса армія (у 1942 выведзена ў Іран).
Антыфашысцкая барацьба ў акупіраванай Польшчы ў 1939—43. Пасля акупацыі краіны зарадзіўся рух Супраціўлення, які арганізацыйна ўзмацніўся ў 1941—42; унутры руху аформіліся 2 паліт. плыні. Левыя сілы ў студз. 1942 стварылі Польскую рабочую партыю (ППР) і яе ваен. арг-цыю Гвардыю Людову, якая летам 1942 распачала баявыя аперацыі супраць акупац. улад. Польскі эмігранцкі ўрад і яго нелегальнае прадстаўніцтва ў Польшчы («дэлегатура») сфарміравалі свае ўзбр. атрады — Армію Краёву (АК), якая актывізавала сваю дзейнасць з вясны 1943. Адно з буйных выступленняў польск. патрыётаў адбылося ў варшаўскім гета (гл.Варшаўскае паўстанне 1943).
Дзеянні польскіх узброеных сіл на франтах 2-й сусветнай вайны ў 1943—45. На Захадзе ў складзе брыт.узбр. сіл ваявалі 1-ы (танк. дывізія і парашутна-дэсантная брыгада; баі ў Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, Паўн. Германіі) і 2-гі (2 пях. дывізіі, баі ў Італіі, у т. л. каля Монтэ-Касіна) польскія карпусы, 15 авіяц. злучэнняў і польскія караблі. Да канца вайны польскія ўзбр. сілы на Захадзе налічвалі каля 200 тыс.чал. Пасля разрыву Сав. Саюзам адносін з польскім эмігранцкім урадам (крас. 1943) узмацніліся кантакты левых польскіх сіл з СССР, дзе быў створаны Саюз польскіх патрыётаў. Для сумеснай барацьбы супраць фаш. Германіі на тэр.СССР былі сфарміраваны Першая польская дывізія імя Т.Касцюшкі (май 1943) і 1-ы польскі корпус (апошні ў сак. 1944 разгорнуты ў 1-ю Польскую армію). Летам 1944 сав. войскі і 1-я Польская армія (каля 100 тыс.чал.) уступілі на тэр. Польшчы. На вызваленай тэр.краіны быў створаны Польскі камітэт нац. вызвалення. Пад яго кіраўніцтвам дзейнічала Войска Польскае (створана ў выніку аб’яднання партыз.Арміі Людовай — пераемніцы Гвардыі Людовай і 1-й Польскай арміі). У адказ АК у адпаведнасці з дырэктывай з Лондана, каб заняць Варшаву да падыходу сав. войск і абвясціць там уладу эмігранцкага ўрада, узняла Варшаўскае паўстанне 1944, якое пацярпела няўдачу. Тэр. Польшчы ў яе даваен. межах вызвалена сав. і польскімі часцямі (пры ўдзеле АК) да вясны 1945. Палітыка-прававыя аспекты аднаўлення незалежнай польскай дзяржавы знайшлі адлюстраванне на Крымскай канферэнцыі 1945. Да мая 1945 Войска Польскае дасягнула 400 тыс.чал. 1-я Польская армія ўдзельнічала ў Вісла-Одэрскай аперацыі 1945, Усх.-Памеранскай аперацыі 1945, вызваленні Варшавы (16—17 студз.), прарыве Паморскага вала (31 студз. — 10 лют.), вызваленні Памор’я і штурме г. Кольберг (Калобжаг; сак. — крас.). 1-я і 2-я (пачала фарміравацца ў жн. 1944) Польскія арміі, 1-ы танк. корпус, 1-ы паветр. корпус і інш. часці ўдзельнічалі ў Берлінскай аперацыі 1945.
Літ.:
Зуев Ф.Г. Польский народ в борьбе против фашизма. М., 1967;
Краткая история Польши. М., 1993. С. 315—360;
Заварошкін У. Монтэ-Касіна: трыумф і трагедыя // Бел. мінуўшчына. 1995. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАУ́РУ (науруанскае Naoero, англ. Nauru),
Рэспубліка Науру (Republic of Nauru), дзяржава ў паўд,зах.ч. Ціхага ак., на невялікім ізаляваным в-ве Науру, за 42 км на Пд ад экватара. Пл. 21 км². Нас. 10,6 тыс.чал. (1999). Афіц. сталіцы не мае, рэзідэнцыя ўрада — у акрузе Мененг, урадавыя будынкі і парламент — у акрузе Ярэн. Афіц. мова — науру, шырока ўжываецца англійская. Краіна падзяляецца на 14 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (31 студз.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка ў складзе Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй (без права ўдзелу ў канферэнцыях краін Садружнасці на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў). Дзейнічае канстытуцыя 1968. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае парламент тэрмінам на 3 гады. Заканад. ўлада належыць парламенту (18 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам на 3 гады).
Прырода. Н. — каралавы востраў, абкружаны вузкім бар’ерным рыфам на адлегласці 150—300 м ад берага. Паверхня — плато з фасфатызаваных вапнякоў выш. да 65 м, вакол якога цягнуцца берагавыя тэрасы шыр. 100—300 м. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэдняя т-ра паветра ўвесь год каля 28 °C. Ападкаў за год каля 2500 мм, вільготны перыяд прыпадае на ліст.—люты. Рэк і ручаёў няма, пітную ваду завозяць. На ПдЗ вострава саланаватае воз. Буада. Расліннасць — цвердалістыя лясы, пераважна з калафіліуму, рэдкалессі і хмызнякі. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай, малюскамі, ракападобнымі.
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — науру (мяшанага, пераважна мікранезійскага паходжання) складаюць 58% насельніцтва. Ёсць выхадцы з інш. астравоў Акіяніі (26%), кітайцы і еўрапейцы (па 8%). Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (60%), ёсць католікі і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва нулявы. Сярэдняя шчыльн. 505 чал. на 1 км². Усё насельніцтва лічыцца гарадскім, жыве ў пасёлках па ўзбярэжжы, занята ў прам-сці і абслуговых галінах.
Гісторыя. Першым з еўрапейцаў на востраве высадзіўся ў 1798 англ. мараплавец Дж.Ферн. З 1830-х г. пачалася каланізацыя краіны. У 1888 востраў анексіравала Германія і далучыла да свайго пратэктарату Маршалавы а-вы. У 1898 тут выяўлены вял. запасы фасфатаў, з 1906 іх распрацоўвала Брыт. ціхаакіянская фасфатная кампанія. У 1914 востраў акупіравалі войскі Аўстраліі, якая ў 1919 атрымала ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ім (разам з Вялікабрытаніяй і Новай Зеландыяй). У 1942—45 акупіраваны яп. войскамі. З 1947 падапечная тэр.ААН, зноў пад сумесным кіраваннем Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі. На мяжы 1940—50-х г. у краіне ўзмацніўся нац,вызв. рух. У 1951 на аснове створанага яшчэ ў 1927 Савета правадыроў засн. Науруанскі савет мясц. самакіравання, у 1966 — Заканад. і Выканаўчы саветы.
31.1.1968 абвешчана незалежнасць Н. Паводле канстытуцыі 1968 першым прэзідэнтам выбраны Х. дэ Робарт. У 1970 усе правы на здабычу і продаж фасфатаў перайшлі да «Науруанскай фасфатнай кампаніі». З чэрв. 1998 прэзідэнт краіны — Б.Давіёга. Дзейнічаюць партыя Н., Дэмакр. партыя Н., прафс. аб’яднанне Науруанская рабочая арг-цыя.
Гаспадарка. Н. ўваходзіць у лік краін з параўнальна высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва (каля 10 тыс.дол. на чалавека, 1993). Аснова эканомікі — здабыча і экспарт фасфатаў (адны з лепшых у свеце, вядзе нац. «Науруанская фасфатная кампанія»), якія паступова зніжаліся з 2 млн.т (у 1970—80) да 285 тыс.т (у 1990-х г.). Ажыццяўляюцца пачатковая перапрацоўка фасфатаў, выпуск фасфатнай мукі. У 2000 запасы фасфатаў будуць вычарпаны. Іх здабыча прывяла да таго, што каля палавіны тэрыторыі вострава ператворана ў кар’ер. Для рэкультывацыі зямель створаны спец. фонд. Для кампенсацыі страты асн. крыніцы даходаў урад краіны ўкладвае буйныя сродкі ў нерухомасць за мяжой і спец. фонды акумуляцыі. Аб’ём науруанскіх інвестыцый за мяжой 1,2 млрд. долараў. З 1974 Н. мае статус афшорнай зоны (падатковыя льготы; зарэгістравана каля 250 замежных банкаў). Ёсць невял. прадпрыемствы харч. прам-сці, саматужныя промыслы. Вытв-сць электраэнергіі 32 млн.кВт∙гадз (1997). Сельская гаспадарка мае дапаможны характар. Вырошчваюць какосавыя арэхі (2 тыс.т штогод), агародніну, садавіну. Рыбалоўства развіта слаба, рыбу завозяць пераважна з Аўстраліі. Транспарт у асн. марскі і паветраны. Порт Науру. Аэрапорт. Ёсць аўтадарога (даўж. 19 км) уздоўж узбярэжжа і вузкакалейная чыгунка (3,9 км), якая звязвае месца распрацоўкі фасфатаў з узбярэжжам. Штогод экспарт складае каля 25—30 млн.дол., імпарт — каля 20 млн. долараў. Н. экспартуе фасфаты, імпартуе харч. і спажывецкія тавары, машыны і абсталяванне, паліва, буд. матэрыялы. Асн.гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, Новая Зеландыя, Філіпіны. Замежны турызм. У якасці грашовай адзінкі выкарыстоўваецца аўстрал. долар.