«КРУП»

(Krupp, Fried. Krupp Gmb Η),

буйнейшы металургічны і машынабудаўнічы канцэрн ФРГ. Засн. ў 1968 у г. Эсен. Яго вытворчая камбінаваная праграма ахоплівае горназдабыўную, сталеліцейную, металаапрацоўчую прам-сць, агульнае машынабудаванне, аўта-, судна- і авіябудаванне, вытв-сць электраэнергіі, праектаванне і буд-ва камплектных прадпрыемстваў, гандаль і інш. Бярэ пачатак з заснаванага ў 1811 Ф.Крупам сталеліцейнага прадпрыемства, якое больш за паўтара стагоддзя (да 1967) належала гэтай сям’і. Канцэрн актыўна ўдзельнічаў у стварэнні ваен. патэнцыялу Германіі да і ў час 1-й сусв. вайны. У 2-ю сусв. вайну фірма Крупаў была адным з вядучых пастаўшчыкоў узбраення фаш. Германіі. У 1960-я г. канцэрн аднавіў выпуск ваен. прадукцыі для бундэсвера. У 1968 «К.» апынуўся на мяжы фін. краху і звярнуўся за крэдытамі да дзяржавы і вядучых банкаў краіны. У кіруючыя органы канцэрна былі ўведзены прадстаўнікі інш. фін. і прамысл. груп, у выніку чаго ён страціў статус сямейнага прадпрыемства.

т. 8, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)