ПРАМЫСЛО́ВЫ ТРА́НСПАРТ,

вытворчы транспарт прамысл. прадпрыемстваў, які ажыццяўляе перамяшчэнне прадметаў і прадуктаў працы ў сферы вытв-сці. Падзяляецца на знешні, унутрызаводскі і ўнутрыцэхавы. Аснашчэнне П.т. ўключае рухомы састаў, цягавыя сродкі, збудаванні, пуці, пагрузачна-разгрузачныя механізмы, сродкі сувязі і сігналізацыі, прылады для рамонтных і дапаможных работ. Асн. віды П.т.: чыгуначны, бязрэйкавы, бесперапынны, падвясны. Чыгуначны бывае шырокай каляіны, які выкарыстоўваецца на найб. прадпрыемствах, буд. арг-цыях, гандл. базах, халадзільніках і інш., і вузкай каляіны, які характэрны ў асноўным для торфапрадпрыемстваў. Даўжыня чыг. пуцей прадпрыемстваў і арг-цый Беларусі ў 1998 складала 3903 км, на іх перавезена 103,9 млн. т. грузаў, а грузаабарот склаў 710,6 млн.т/км. Да бязрэйкавага П.т. адносяцца аўтамабілі, цягачы з прычапнымі цялежкамі, электракары, гусенічныя машыны. Ён выкарыстоўваецца на прадпрыемствах будаўніцтва, прам-сці буд. матэрыялаў, пры складскіх трансп. работах. У 1998 даўжыня ведамасных аўтадарог у Рэспубліцы Беларусь складала 58,7 тыс. км, з іх 31,6 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. Толькі аўтамаб. ведамасным транспартам у 1998 перавезена 210,2 млн. т грузаў, а грузаабарот склаў 7282 млн. т/км. Да бесперапыннага П.т. адносяцца канвееры для перамяшчэння сыпкіх і штучных грузаў, пнеўматычны транспарт (для сыпкіх і пылападобных грузаў) і гідраўлічны — для перамяшчэння грузаў на абагачальных ф-ках, пры гідратэхн. работах (намыўка дамбаў, паглыбленне вадаёмаў, рэчышчаў рэк і г.д.). Напр., на салігорскіх калійных камбінатах, канвеерным П.т. кожны год перамяшчаецца каля 11 млн. т руды. Падвясны П.т. прадстаўлены канатнымі падвяснымі дарогамі, якія выкарыстоўваюцца для дастаўкі сыравіны на прадпрыемствы і вывазкі гатовай прадукцыі.

П.​І.​Рогач.

т. 13, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́МЕР (Альфрэд Ізідар) (16.4.1832, Вільня — 24.1.1897),

жывапісец, графік, медальер, мастацтвазнавец. З роду Ромераў. Творчасць звязана з маст жыццём Беларусі і Літвы. Першапачатковую адукацыю атрымаў у К.​І.​Русецкага; вучыўся ў Парыжы ў Л.​Бана і ў Мюнхене ў А. фон Рамберга (1869—74). З канца 1850-х г. жыў у маёнтку Крэўна (цяпер Уценскі пав. Літвы). За ўдзел у паўстанні 1863—64 на Беларусі зняволены. Пасля вызвалення працаваў у Мюнхене, Кракаве, Парыжы. З 1874 у маёнтку Каралінова (цяпер Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.), з 1884 у Кракаве. Пісаў партрэты, пейзажы, тэматычныя кампазіцыі з жыцця народа і на рэліг. сюжэты. Творам уласцівы дакладны выразны малюнак, свабода і натуральнасць кампазіцыі. Сярод работ: партрэты маці (1872), бацькі, жонкі, Э.​Ромера (1873), партрэт паўстанца 1863 года (1870-я г.), К.​Русецкага, К.​Эстрэйхера, Ф.​Даноўскага, У.​Лушчкевіча, скульпт. Яцунскага, жывапісца Швайніцкага і яго жонкі, М.​Ромера, аўтапартрэты і інш.; бронз. медальёны з партрэтнымі выявамі, гравюры з выявамі сялян, арх. помнікаў, карыкатуры. Гіст. і маст. каштоўнасць маюць этнагр. замалёўкі сялянскага побыту беларусаў: кампазіцыі «Сялянская хата», «Сялянская дзяўчынка», «Каля карчмы», «Сялянскі двор», «Перад вакзалам», малюнкі нар. касцюмаў. Выканаў шэраг размалёвак у правасл. і каталіцкіх храмах у в. Камаі Пастаўскага р-на і Пінску. Вывучаў нар. прыкладное мастацтва Беларусі, падрыхтаваў навук. публікацыю пра слуцкія паясы.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

Р.​Р.​Бадзін.

А.Ромер. Партрэт паўстанца 1863 года. 1870-я г.

т. 13, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМЯ́НЦАЎ-ЗАДУНА́ЙСКІ (Пётр Аляксандравіч) (15.1.1725, Масква — 19.12.1796),

расійскі ваенны і дзярж. дзеяч, граф (з 1744), ген.-фельдмаршал (1770). Бацька М.​П.​Румянцава. Сын ген. А.​І.​Румянцава, пад кіраўніцтвам якога набыў ваен. вопыт. Удзельнік рус.-швед. вайны 1741—43 і вайны за Аўстрыйскую спадчыну 1740—48. У Сямігадовую вайну 1756—63 камандаваў брыгадай, дывізіяй, корпусам, вызначыўся ў бітвах пад Грос-Егерсдорфам (1757) і Кунерсдорфам (1759); у 1757—58 фарміраваў кавалерыю ў г. Стоўбцы. У 1764—96 прэзідэнт Маларасійскай калегіі і ген.-губернатар Маларосіі. У рус.-тур. вайну 1768—74 камандаваў арміяй, паспяховыя дзеянні якой прымусілі Турцыю заключыць Кючук-Кайнарджыйскі мір; за перамогі каля Рабой Магілы, Ларгі, Кагула (усе 1770) і інш. атрымаў ганаровае найменне Задунайскі. У рус.-тур. вайну 1787—91 камандаваў арміяй, галоўнакаманд. рас. войскамі ў час задушэння паўстання 1794. З 1776 валодаў г. Гомель, пачаў будаўніцтва Гомельскага палаца (гл. Гомельскі палацава-паркавы ансамбль). Распрацаваў новыя формы бою, у т. л. шырокае выкарыстанне дывізійных і палкавых карэ; аўтар ваен. твораў («Абрад службы», «Думкі», «Інструкцыі»), якія выкарыстаны пры распрацоўцы статутаў рас. арміі, у арг-цыі, абучэнні і выхаванні войск у 2-й пал. 18 ст.

Літ.:

П.​А.​Румяниев, А.​В.​Суворов, М.​И.​Кутузов: Док. и материалы. Киев, 1974;

Золотарев В.А., Межевич М.Н., Скородумов Д.Е. Во славу Отечества Российского: (Развитие воен. мысли и воен. искусства в России во второй половине XVIII в). М. 1984;

Петелин В.В. Фельдмаршал Румянцев: Док. повествование. М., 1989.

Ф.​Я.​Кляцкоў.

т. 13, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУНІ́ЧНАЕ ПІСЬМО́,

адзін з тыпаў пісьма, знакі якога (руны) мелі завостраныя абрысы. Р.п. карысталіся з пач. н.э. скандынаўскія, англасаксонскія, герм. і некат. інш. плямёны. Руны высякалі ці выразалі на камені, метале, косці, дрэве і інш. Захаваліся і рукапісныя руны на пергаменце. Рунічныя надпісы знойдзены ў Скандынавіі (3 ст.), Германіі, Англіі (6—7 ст.), Францыі, Грэцыі, Румыніі і інш. краінах. Усяго вядома каля 4 тыс. рунічных помнікаў, самы вядомы — Дацкі кодэкс законаў 13—14 ст. Р.п. адносіцца да вакалізавана-гукавога тыпу: гукавое значэнне кожнай літары супадала з пачатковым гукам яе назвы. Літары пісаліся пераважна злева направа. Алфавіт стараж. рунаў складаўся з 24 знакаў (т.зв. старшыя руны, або футарк). З 11 ст. ў скандынаўскіх краінах пачалі ўжываць алфавіт з 16 літар (малодшыя руны), у якім адным знакам абазначаліся глухія і звонкія гукі, галосныя з умляўтам і без яго. З 11 ст. ў Даніі, пазней у Нарвегіі на базе малодшых рунаў фарміравалася пункціраванае Р.п.; да 16 літар дадаваліся кропкі і рыскі, што дазваляла больш дакладна абазначаць блізкія, але розныя гукі. З пашырэннем хрысціянства ў Еўропе язычніцкае Р.п. паступова выцеснена лацінскім пісьмом, але ў Скандынавіі яно праіснавала да 14 ст., цалкам знікла ў 20 ст. Існуе шмат гіпотэз генет. сувязі Р.п. з фінікійскім пісьмом, з алфавітамі грэч., лац. і паўн.-італійскім, а таксама з сістэмамі знакаў уласнасці, лічэння, магіі і інш.

Літ.:

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​Я.​Міхневіч.

Рунічнае пісьмо.

т. 13, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САР’Я́Н (Мартырос Сяргеевіч) (28.2.1880, г. Растоў-на-Доне, Расія — 5.5.1972),

армянскі жывапісец, адзін з заснавальнікаў нац. школы жывапісу. Нар. маст. СССР (1960). Правадз. чл. АМ СССР (1947). Правадз. чл. АН Арменіі (1956). Герой Сац. Працы (1965). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1897—1904), у майстэрнях В.​Сярова і К.​Каровіна (1902—04). Зазнаў уплывы творчасці П.​Гагена і А.​Матыса. Чл. маст. аб’яднанняў «Блакітная ружа», «Саюз рускіх мастакоў», «Свет мастацтва», «Чатыры мастацтвы». Творчасць адметная дэкаратыўнасцю, плоскаснасцю кампазіцыі, пабудаванай на вял. колеравых плямах, дзе святлопаветраныя эфекты і перспектыва замяняюцца супастаўленнем і кантрастам колераў. У ранніх работах казачнасць усх. матываў спалучаў з музыкальнасцю кампазіцыйных рытмаў і падкрэсленай дэкаратыўнасцю каларыту («Каля гранатавага дрэва», 1907). У творах 1910—13, выкананых пад час вандровак у Турцыю, Егіпет і Іран, імкнуўся да зліцця дэкар. і канструктыўна-прадметнага пачаткаў («Фінікавая пальма»). З 1921 у Арменіі. З 1930-я г. шмат працаваў як партрэтыст, спалучаючы вострую характарнасць з увагай да душэўнага стану мадэлі (партрэты Р.​Сіманава, 1939; А.​Ісаакяна, 1940). У 1940—50-я г. пераважаў пейзажны жанр, эпічна-абагульненыя віды Арменіі: «Арарацкая даліна» (1945), «Арменія» (1957), цыкл «Мая Радзіма» (1952—58). Працаваў таксама як кніжны графік («Армянскія народныя казкі», 1933, і інш.) і тэатр. дэкаратар (сцэнаграфія і касцюмы да оперы «Алмаст» А.​Спендыярава ў Т-ры оперы і балета імя Спендыярава ў Ерэване, 1938—39, і інш). Дзярж. прэмія СССР 1941. Ленінская прэмія 1961.

І.​М.​Скварцова.

М.Сар’ян. Фінікавая пальма. Егіпет. 1911.

т. 14, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЎГА́С, савецкая гаспадарка,

форма арганізацыі с.-г. вытв-сці, заснаваная на дзярж. уласнасці і сродках. У параўнанні з калгасам мае больш высокі ўзровень аграмаджвання — сродкі вытв-сці і прадукцыя, якую атрымліваюць С., належаць дзяржаве. Ствараецца паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб прадпрыемствах» (1990), Кодэкса аб зямлі і інш. заканадаўчых актаў. Дзейнічае на аснове статута прадпрыемства. На Беларусі, як і ў Расійскай Федэрацыі, С. з’явіліся з устанаўленнем сав. улады на базе канфіскаваных памешчыцкіх маёнткаў. У канцы 1927 было 247 С. з агульнай пл. 103,5 тыс. га; на іх долю прыпадала 1,3% вытв-сці с.-г. прадукцыі. У 1971 у БССР- былі 834 С., у т. л. 228 малочна-мясных, 292 мяса-малочныя, 161 малочна-агароднінны, 63 птушкагадоўчыя, інш. спецгаспадаркі. Найбольш С. было ў 1985—917. У іх працавала 11,9% усіх рабочых рэспублікі, яны займалі 3337 тыс. га с.-г. угоддзяў (35%), пастаўлялі каля 40% с.-г. прадукцыі. З пераходам у канцы 1980-х г. да рыначных адносін і шматукладнай эканомікі павялічылася роля вытворцаў недзярж. сектара і доля С. ў вытв-сці прадукцыі пачала зніжацца. За 1991—95 сярэднегадавое зніжэнне аб’ёму вытв-сці валавой прадукцыі ў С. склала 7,3%, узровень рэнтабельнасці скараціўся амаль у 5 разоў. З 1990-х г. С. пераведзены на поўны гасп. разлік, пашырана іх гасп. самастойнасць. На 1.1.2001 617 С., якія маюць 1861 тыс. га с.-г. угоддзяў. Мяркуецца, што да найб. стратных гаспадарак непазбежны радыкальныя меры — змена формаў уласнасці і гаспадарання і інш.

А.​М.​Сарокін.

т. 14, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЛІ́СТЫЯ ГО́РЫ (Rocky Mountains),

усходняя частка сістэмы Кардыльер Паўн. Амерыкі на З Канады і ЗША, паміж 60° і 32° паўн. шыраты. Даўж. каля 3200 км, шыр. да 700 км. Сфарміраваліся ў ларамійскую складкаватасць. Паводле характару рэльефу падзяляюцца на 3 часткі: Паўночную (на Пн ад 45°), якая характарызуецца кампактнасцю і працягласцю хрыбтоў, складзеных з гранітаў, шырокім развіццём ледавіковых форм, выш. да 3954 м (г. Робсан); Сярэднюю (паміж 45° і 41° паўн. ш.) з шырокімі хрыбтамі са згладжанымі вяршынямі, падзеленымі шырокімі тэктанічнымі паніжэннямі і плато; Паўднёвую (на Пд ад 41° паўн. ш.) найб. шырокую і высокую (г. Элберт, 4399 м), перасечаную глыбокімі каньёнамі рэк Кароткія хрыбты размешчаны кулісападобна, складзены з вапнякоў, гліністых сланцаў і пясчанікаў, чаргуюцца з вялізнымі басейнамі — «паркамі». Радовішчы малібдэну, фасфарытаў, медзі, золата, серабра, поліметалаў, нафты, каменнага вугалю. Вулканічныя з’явы (гейзеры, тэрмальныя крыніцы), землетрасенні. Клімат кантынент., умераны, на Пд субтрапічны, сухі, асабліва ў паніжэннях і на ўсх. схілах. На вяршынях і зах. схілах ападкаў да 1000 мм за год. Выш. снегавой мяжы 4000 м на Пд, 2500 м на Пн. С.г. — водападзел паміж бас. Ціхага і Атлантычнага акіянаў. Тут бяруць пачатак рэкі: Місуры, Каларада, Рыо-Грандэ, Снейк, Арканзас і інш. Расліннасць — пераважна лясы, на Пн — горнатаежныя, падымаюцца да выш. 1500 м, і рэдкалессі, горная тундра; на Пд хваёвыя лясы — да выш. 3600 м, вышэй субальпійскія, альпійскія лугі і вечныя снягі. У далінах — стэпы і паўпустыні. Буйныя нац. паркі: Джаспер, Банф, Іоха, Глейшэр (Канада), Йелаўстонскі, Рокі-Маўнтын (ЗША).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 14, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАБО́ДКА,

вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., паміж азёрамі Поцех, Недрава і Ільмёнак, на аўтадарозе Браслаў—Друя. Цэнтр сельсавета. За 9 км на ПнУ ад г. Браслаў, 220 км ад Віцебска, 21 км ад чыг. ст. Друя. 860 ж., 387 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, абл. псіхіятрычная і ўчастковая бальніцы, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Лабараторыя азёразнаўства БДУ, турысцкая база нац. парку Браслаўскія азёры, летнія базы адпачынку. Помнік архітэктуры — Слабодкаўскі касцёл Сэрца Ісуса. Каля вёскі 2 гарадзішчы днепра-дзвінскай культуры.

У гіст. крыніцах вядома таксама пад назвамі Слабада, Слабодка Заверская, Быхаўка, Юзафова. Упершыню ўпамінаецца ў 1618 як паселішча Друйскага двара. У інвентары Браслаўскага староства за 1649 згадваецца як мяст. Слабада. У 18—19 ст. адносілася да маёнтка Завер’е, што належала Мірскім. У 1806 С.​Мірскі фундаваў буд-ва мураванага касцёла. У сярэдзіне 19 ст. С. — мястэчка, цэнтр воласці Новааляксандраўскага пав. Ковенскай губ., 303 ж., 27 двароў, валасное праўленне, пазыковая каса, касцёл. У 1865 адкрыта нар школа. 643 ж., 124 двары (1897). У 1-ю сусв. вайну побач з мястэчкам пабудавана вузкакалейка, якая ў 1920—60-я г дзейнічала як пасажырская лінія. Летам 1919 С. была адным з цэнтраў антыбальшавіцкага паўстання «зялёных». З 1920 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. Віленскага ваяв. У 1931 у С. 848 ж., 146 двароў, чыг. станцыя, школа, пошта, аптэка, карчма, крамы. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Браслаўскім р-не.

К.​С.​Шыдлоўскі.

т. 14, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ КАРБЮЗЬЕ́, Карбюзье

[Le Corbusier Corbusier; сапр. Жанерэ-Гры (Jeanneret-Gris) Шарль Эдуар; 6.10.1887, г. Ла-Шо-дэ-Фон, Швейцарыя — 27.8.1965],

французскі архітэктар, тэарэтык архітэктуры, жывапісец, дызайнер; адзін са стваральнікаў сучасных кірункаў у архітэктуры (рацыяналізму, функцыяналізму). Вучыўся ў Школе мастацтваў Ла-Шо-дэ-Фона; вучыўся і працаваў у арх. І.​Гофмана ў Вене (1907), А.​Перэ ў Парыжы (1908—10) і П.​Берэнса ў Берліне (1910—11). З 1917 жыў у Парыжы. Распрацаваў з А.​Азанфанам у жывапісе канцэпцыю пурызму. У 1922 заснаваў арх. майстэрню і да 1940 працаваў разам з братам П.​Жанерэ. Выступаў за абнаўленне архітэктуры, вызваленне пабудоў ад эклектычных упрыгожанняў, стварэнне функцыян. структуры пабудовы і яе архітэктанічнай выразнасці, падкрэсліваў вял. магчымасці архітэктуры ў пераўтварэнні грамадства (кнігі «Да архітэктуры», 1923; «Горадабудаўніцтва», 1925, і інш.). У ранніх творах імкнуўся да стварэння суладдзя пабудовы і наваколля, распрацоўваў метады індустр. буд-ва: жылы дом «Сітраэн» (1922), комплекс асабнякоў у Парыжы (1923—24; з 1970 ін-т Ле К.), віла Савой у Пуасі каля Парыжа (1929—31). Распрацаваў «пяць зыходных пунктаў сучаснай архітэктуры»: будынак на апорах-слупах, плоскі дах-сад, адвольная ўнутр. планіроўка, суцэльнае стужачнае акно, нясучая фасадная сцяна. У праектах 1920—30-х г. развіваў ідэю «вертыкальнага» горада-сада з вял. шчыльнасцю насельніцтва, вежападобнымі будынкамі і вял. азелянёнымі прасторамі паміж імі, з падзелам шляхоў руху пешаходаў і транспарту, зон жылля, дзелавой актыўнасці і прам-сці: праект горада на 3 млн. жыхароў (1922), планы «Вуазен» (планы рэканструкцыі Парыжа, Буэнас-Айрэса, Алжыра, Антверпена і інш.). Шэраг яго тэарэт. ідэй, рэалізаваныя пры ўзвядзенні вял. збудаванняў канца 1920—30-х г. (дом Цэнтрасаюза ў Маскве, 1928—35, з удзелам М.​Дж.​Колі; інтэрнаты швейц. студэнтаў ва універсітэцкім гарадку, 1930—32; цэнтр Арміі выратавання, 1932—33; абодва ў Парыжы і інш.), ляглі ў аснову «Афінскай хартыі» (прынята ў 1933 Міжнар. кангрэсам сучаснай архітэктуры) і выкладзены ў яго кнігах «Прамяністы горад» (1935), «Тры вызначэнні чалавека» (1945). У 1940-я г. стварыў сістэму рацыянальных велічынь, заснаваную на прапорцыях чалавечага цела (мадулёр), якую прапанаваў як шкалу зыходных памераў для буд-ва і маст. канструявання. Пабудовам 1950—60-х г. уласцівы магутная і тонка нюансіраваная пластыка, выразная архітэктоніка форм і мас, кантрастнасць святлоценявых, колеравых і фактурных эфектаў, выкарыстанне тыпавых зборных і арыгінальных элементаў і канструкцый, спалучэнне розных матэрыялаў, сакавітая паліхромія: жылы дом у Марселі (1947—52), капэла Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане (1950—53), манастыр Ла-Турэт у Эвё каля Ліёна (1956—59) — усе ў Францыі, Нац. музей зах. мастацтва ў Токіо (1957—59), Цэнтр мастацтваў Гарвардскага ун-та ў Кембрыджы (ЗША; 1964), бальніца ў Венецыі (1965). Стварыў вял. цыкл работ у Індыі (1950—57): генплан горада і ансамбль урадавых будынкаў у Чандыгарху, музей і вілы ў Ахмадабадзе і інш. Паводле яго праекта ўзведзены «Цэнтр Ле Карбюзье» ў Цюрыху (Швейцарыя; 1967).

Тв.:

Рус. пер. — Планировка города. М., 1933;

Творческий путь. М., 1970;

Модулор. М., 1976;

Архитектура XX в. 2 изд. М., 1977.

Літ.:

Эрн И.В. Последние работы Ле Корбюзье. М., 1975;

Choay F. Le Corbusier. New York, 1960.

В.​Я.​Буйвал.

Ле Карбюзье.
Ле Карбюзье. Капэла Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане. 1950—53.

т. 9, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГО́ЛЬСКІЯ ЗАВАЯВА́ННІ ў 13 ст., шэраг заваёўніцкіх войнаў і паходаў манголаў супраць народаў Азіі і Еўропы. Пачаліся пасля аб’яднання да 1206 Чынгісханам мангольскіх плямён і стварэння дзяржавы. У ходзе М.з. склалася Мангольская імперыя. Баяздольнасць манг. войска, размеркаванага на тумены (дзесяткі тысяч), цьмы (тысячы), сотні, дзесяткі, была абумоўлена жорсткай дысцыплінай, вял. манеўранасцю і мабільнасцю, выкарыстаннем ваен. і тэхн. дасягненняў захопленых краін і народаў, перадавой ваен. тактыкай, хітрасцю і інш. Гэта дазваляла манголам перамагаць нават намнога большыя сілы праціўніка, браць добра ўмацаваныя крэпасці і гарады (з тэхнікай аблогі гарадоў манголы пазнаёміліся ў Кітаі). У 1207—11 манголы падпарадкавалі народы Паўд. Сібіры і Усх. Туркестана. З 1211 пачалося заваяванне Кітая, у 1215 захоплены Пекін (Яньцзін). У канцы 1218 манг. войскі (каля 200 тыс. чал.) на чале з Чынгісханам уварваліся ў Сярэднюю Азію, у 1219—21 разбілі войскі харэзмшаха Мухамеда і яго сына Джэлал-ад-дзіна, захапілі і разбурылі большасць буйных гарадоў, у т. л. Харэзм, Хаджэнт, Мерв, Ургенч. У 1220 войска на чале з Джэбе і Субэдэем уварвалася ў Паўн. Іран, адтуль — у Закаўказзе і ў 1222 разбіла груз. войска. Потым манголы перайшлі Каўказскія горы і ўварваліся ў палавецкія стэпы. 31.5.1223 яны перамаглі войска рус. і палавецкіх князёў у бітве на р. Калка і ў 1224 вярнуліся ў Манголію. У 1226—27 знішчана тангуцкая дзяржава Сі-Ся. У час праўлення сына Чынгісхана Угедэя канчаткова заваяваны Паўн. Кітай і знішчана дзяржава чжурчжэняў (1234). У 1236 пачаўся вял. паход на Захад на чале з унукам Чынгісхана Батыем (Бату). Разграміўшы Балгарыю Волжска-Камскую, манг. войска ўварвалася ў паўн.-ўсх. Русь. 21.2.1237 яно захапіла Разань, у снеж.—лютым 1238 — б.ч. Уладзімірска-Суздальскай зямлі. 4.3.1238 у бітве на р. Сіць разгромлена аб’яднанае войска ўладзімірска-суздальскіх князёў, загінуў вял. князь Юрый Усеваладавіч. У 1240 Батый пачаў новы паход на Пд Русі і Захад. 6.12.1240 захоплены і разбураны Кіеў. У пач. 1241 манг. войска спустошыла Галіцка-Валынскія землі, пацярпелі і некаторыя гарады Палесся. Пачалася мангола-татарская няволя на Русі (пра манг. паходы на ПнЗ Русі і адносіны манголаў з ВКЛ гл. ў арт. Залатая Арда). У лют. 1241 манголы ўварваліся ў Польшчу, 3.3.1241 разбілі каля Кракава польск. войска на чале з Баляславам V, 9.4.1241 — апалчэнне ням. і польскіх князёў пры Лягніцы. аднак пасля гэтага яны пацярпелі паражэнне ад чэхаў 24.6.1241 у Оламаўцкай бітве 1241. Другое манг. войска ўварвалася ў Венгрыю, дзе 11.4.1241 у бітве пры Шаё разбіла войска караля Белы IV. У канцы 1241 пачаўся новы паход, спынены весткай пра смерць вял. хана Угедэя. М.з. аднавіліся ў час праўлення Мункэ. Яго брат Хулагу заваяваў у 1256 Іран, у 1258 захапіў Багдад і ліквідаваў халіфат Абасідаў, але быў спынены пасля паражэння 3.9.1260 пры Айн-Джалуце ад войск егіп. султана. У той жа час пачалося заваяванне Паўд. Кітая (скончана ў 1279). М.з. завяршыліся паходам 1300 у М’янму, аднак драпежніцкія паходы мангола-татар на Русь і інш. краіны працягваліся ў 14—15 ст. М.з. былі адной з вял. катастроф у гісторыі: загінула вял. колькасць людзей, былі знішчаны цэнтры стараж. цывілізацыі, што негатыўна паўплывала на далейшае развіццё народаў Азіі і Усх. Еўропы.

В.​У.​Адзярыха, Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 10, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)