АЗЁРЫ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Гродзенскім і Шчучынскім р-нах Гродзенскай вобл. Засн. ў 1990 для захавання ландшафтнага комплексу з рэдкімі відамі раслін і жывёл, стабілізацыі гідралагічнага рэжыму р. Котра і інш. Пл. 21 852 га. Пераважаюць падтаежныя барэальныя і водна-ледавіковыя ландшафты з эолавымі і камавымі градамі, азёрамі (Белае, Зацкава, Малочнае і інш.). Рэльеф раўнінны, пласкахвалісты з астраўкамі камавых узгоркаў, западзінамі і катлавінамі азёр. Глебы дзярнова-падзолістыя. Лясы хваёвыя і вытворныя драбналістыя. У флоры каля 320 відаў сасудзістых раслін, у Чырв. кнігу занесены сон-трава, чарамша, мнаганожка звычайная, купальнік горны, лілея кучаравая і інш. У фауне 130 відаў птушак, у Чырв. кнізе — малая паганка, чорны бусел, скапа, дзербнік, пустальга звычайная, курапатка белая, няясыць даўгахвостая, каршачок, уліт вялікі і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 18, кн. 1, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)