ЯЙЛА́,
(цюрк.), 1) галоўная града Крымскіх гор са стромкімі паўд. і больш спадзістымі паўн. схіламі. Выцягнута на 110 км уздоўж узбярэжжа Чорнага м., ад Балаклаўскіх вышынь на З да мыса Ілья на У. Гал. водападзел Крымскага п-ва. На Я. знаходзяцца самыя высокія вяршыні Горнага Крыма: г. Раман-Кош (1545 м), Дэмір-Капу (1540 м), Зейтын-Кош (1534 м) і інш. Складзена пераважна з вапнякоў. Развіты карст; яры, каньёнападобныя цясніны (Вялікі каньён Крыма); шматлікія апоўзні і абвалы. Горна-лясныя ландшафты (на Пд міжземнаморскага тыпу), на вяршынях — лугі і стэпы. Асобныя ч. Я. называюцца (з З на У): Байдарская, Ай-Петрынская, Ялцінская, Нікіцкая, Бабуган-Я., Дэмерджы-Я., Далгарукаўская, Карабі-Я. Агульная пл. Крымскіх Я. каля 320 км².
2) Агульная назва летніх горных пашаў у Крыме.
т. 18, кн. 1, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)