ПТАЛАМЕ́І (грэч. Ptolemaioi), Лагіды,

грэка-македонская дынастыя цароў эліністычнага Егіпта ў 3—1 ст. да н.э. Найб. значныя прадстаўнікі: П. I Сатэр («выратавальнік»; каля 366—283 да н.э.), цар у 305—283 да н.э. Адзін з палкаводцаў Аляксандра Македонскага. З 323 да н.э. сатрап. Ператварыў Егіпет у арганізаваную і цэнтралізаваную дзяржаву. Пры ім сталіца Александрыя стала гасп. і духоўным цэнтрам Егіпта (засн. Александрыйскі мусеян, б-ку). Аўтар гісторыі паходаў Аляксандра Македонскага (не захавалася). П. II Філадэльф («які любіць сястру»; 308—246 да н.э.), цар у 285—246 да н.э. Стварыў моцны флот, далучыў шэраг тэр., умацаваў паліт. і эканам. становішча Егіпта. У адпаведнасці з егіп. традыцыямі ўзяў шлюб з уласнай сястрой. П. III Евергет («дабрадзей»; каля 284—221 да н.э.), цар у 246—221 да н.э. Пры ім Егіпет дасягнуў найб. памераў і валодаў найвыш. аўтарытэтам сярод эліністычных дзяржаў. У час праўлення П. VI Філаметара («які любіць маці»), цара ў 180—145 да н.э., пачаліся працяглыя дынастычныя войны. Пры яго пераемніках Егіпет (з 168 да н.э.) трапіў пад рым. ўплыў.

Стаўленік Рыма П. XI Аляксандр II [80 да н.э.] забіты паўстаўшымі александрыйцамі. П. XII Філапатар Новы Дыяніс [80—51 да н.э.] вярнуўся на прастол з дапамогай рым. легіянераў. Цэзар падтрымаў Клеапатру VII у барацьбе за трон з яе братам і мужам П. XIV. У 30 да н.э. праўленне П. скончылася, Егіпет стаў рым. правінцыяй.

Літ.:

Кравчук А. Закат Птолемеев: Пер. с пол. М., 1973;

Бенгтсон Г. Правители эпохи эллинизма: Пер. с нем. М., 1982.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКАЯ ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ А́РМІЯ (РВА),

агульная назва рус. антысав. («усходніх») фарміраванняў у складзе ўзбр. сіл нацысцкай Германіі, якія фарміраваліся ў 2-ю сусв. вайну з эмігрантаў, сав. перабежчыкаў, ваеннапалонных і насельніцтва акупіраваных раёнаў СССР. Назва ўжывалася з канца 1942, пасля апублікавання Смаленскага звароту Рускага к-та (старшыня — палонны сав. ген.-лейт. А.А.Уласаў) ад 27.12.1942. Да 1945 РВА — прапагандысцкая акцыя вермахта па вярбоўцы рус. «добраахвотнікаў» для ням. войск і асобных антысав. фарміраванняў. З лют. 1943 гэту работу праводзіў усх. батальён прапаганды асобага прызначэння, створаны ў прыгарадзе Берліна Дабендорф, дзе засн. курсы прапагандыстаў РВА, рэдакцыі яе газ. «Заря» і «Доброволец». У адпаведнасці з загадам нач. Ген. штаба сухап. войск ген.-палк. К.​Цэйтцлера ад 29.4.1943 усе «добраахвотнікі» рус. нацыянальнасці пры ням. часцях і ў складзе асобных фарміраванняў утваралі (фармальна) РВА, аб чым фактычна сведчылі толькі іх нарукаўны знак з касым андрэеўскім крыжам і сіня-чырв. кукарда. З мая 1943 існавала сістэма воінскіх званняў РВА ад «добраахвотніка» да генерала. З 28.1.1945 РВА — асобныя ад вермахта ўзбр. сілы К-та вызвалення народаў Расіі (засн. 14.11.1944 у Празе) пад камандаваннем ген. Уласава. У крас. 1945 РВА (3 дывізіі, асобныя часці, каля 70 тыс. чал.) мела статус арміі саюзнай дзяржавы. Часткова была выкарыстана на фронце. У час Пражскага паўстання 1945 яе асобныя падраздзяленні 6—7 мая перайшлі на бок паўстанцаў. Пазней б.ч. вайскоўцаў РВА («уласаўцаў») узята ў палон сав. войскамі і іх саюзнікамі.

Літ.:

Солженицын А.И. Архипелаг ГУЛАГ, 1918—1956. Мн., 1990. Т. 1. С. 242—258;

Окороков А.В. Антисоветские воинские формирования в годы второй мировой войны. М., 2000.

А.​М.​Літвін.

т. 13, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРАПА́ДСКІ Павел Пятровіч (16.5.1873, г. Вісбадэн, Германія — 26.4.1945),

украінскі дзярж. і паліт. дзеяч. Ген.-лейтэнант рас. арміі (1916). Паходзіў з казацкага роду нашчадкаў В.​І.​Скарападскага (памёр у 1727) — брата ўкр. гетмана І.​І.​Скарападскага. Скончыў Пажскі корпус у Пецярбургу (1893), служыў у коннай гвардыі. Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. Флігель-ад’ютант імператара Мікалая II (1905—10). У 1-ю сусв. вайну на Паўд.-Зах. фронце, камандаваў кав. брыгадай, дывізіяй, 34-м армейскім корпусам, які ў жн. 1917 ператварыў у 1-ы ўкр. корпус. У кастр.—ліст. 1917 на чале корпуса падтрымаў укр. Цэнтральную раду, прызначаны кіраўніком яе ваен. фарміраванняў. У сак. 1918 ва ўмовах герм. акупацыі Украіны стварыў апазіцыйную да Цэнтр. рады «Укр. грамаду». 29.4.1918 на Усеўкр. з’ездзе хлебаробаў абвешчаны гетманам Украіны, пры падтрымцы Германіі і ч. рас. афіцэрства скінуў Цэнтр. раду і захапіў уладу. С. ўстанавіў аўтарытарную дыктатуру пераважна ў інтарэсах памешчыкаў, буржуазіі і заможнага сялянства. Пры ім адкрыты 150 укр. гімназій, 2 новыя ўкр. ун-ты (у Кіеве і Камянцы-Падольскім), Укр. акадэмія навук. Яго палітыка згодніцтва з герм. акупантамі, якія рабавалі Украіну, выклікалі масавыя выступленні рабочых і незаможных сялян, у т. л. рух пад кіраўніцтвам Н.​І.​Махно. Ва ўмовах паражэння Германіі ў 1-й сусв. вайне С. 14.12.1918 скінуты войскамі Украінскай дырэкторыі ўрада. Жыў у эміграцыі ў Швейцарыі і Германіі, дзе кіраваў «Укр. саюзам хлебаробаў-дзяржаўнікаў». 16.4.1945 смяротна паранены ў час адной з бамбардзіровак Германіі саюзнікамі.

Тв.:

Спогади. Київ, 1995.

Літ.:

Гетьман Павло Скоропадський (1873—1945): Матеріали до біобібліогр. Київ, 1996.

С.​Б.​Каўн.

т. 14, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУДЗЁНКА,

вёска ў Прыгарадным с/с Барысаўскага р-на Мінскай вобл., на левым беразе р. Бярэзіна. За 15 км на ПнЗ ад горада і 20 км ад чыг. ст. Барысаў, 90 км ад Мінска. 58 ж., 37 двароў (2001). Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі (1962 і 1965) рус. воінам 1812.

У вайну 1812 каля С. 26—28 ліст. адбылася пераправа цераз Бярэзіну рэшткаў франц. арміі Напалеона, якая адступала з Масквы. У гэты час рус. армія П.​В.​Чычагова (30 тыс. чал.) стаяла на правым беразе ракі, армія П.​Х.​Вітгенштэйна (каля 30 тыс. чал.) падыходзіла да Барысава з Пн, казацкія войскі М.​І.​Платава і авангард гал. сіл рус. арміі М.​І.​Кутузава праследавалі французаў з У. Дэманстрацыя актыўнасці франц. войск каля Барысава спрыяла дэзінфармацыі рус. камандавання, якое лічыла больш верагодным адступленне Напалеона на Мінск і Слонім. У выніку адпаведных загадаў Чычагоў 25—26 ліст. перавёў амаль усе свае войскі з-пад Барысава на Пд. 26 ліст. па наведзеных мастах пачалася пераправа франц. войск, якія захапілі плацдарм на правым беразе Бярэзіны і адначасова забяспечылі прыкрыццё гасцінца Барысаў—Студзёнка. На працягу 3 дзён на правы бераг пераправілася большасць баяздольных франц. карпусоў, у т. л. 27 ліст. сам Напалеон з гвардыяй. На левым беразе французы ўтрымлівалі ўсе подступы да мастоў, пакуль працягвалася пераправа. Раніцай 29 ліст. масты былі спалены, і армія Напалеона рушыла ў напрамку Маладзечна. У выніку баёў каля С. французы здолелі ўтрымаць пазіцыі на абодвух берагах і забяспечыць пераправу цераз Бярэзіну, аднак Напалеон страціў каля 25 тыс. чал. і абоз. Гл. таксама Бярэзінская аперацыя 1812.

т. 15, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫВА́ЛАСЦЬ матэрыялаў,

уласцівасць цвёрдых цел (матэрыялаў) супраціўляцца разбурэнню або неабарачальнай змене формы (пластычнай дэфармацыі) пад дзеяннем знешніх нагрузак. Абумоўлена сіламі ўзаемадзеяння паміж атамамі або іонамі, якія складаюць цела. У сістэме СІ вымяраецца ў Н∙м/кг.

У залежнасці ад матэрыялу, віду напружанага стану (расцяжэнне, сцісканне, выгін і інш.), умоў эксплуатацыі (т-ра, магн., эл. і інш. палі, нераўнамернае высыханне ці набраканне, нераўнамернае працяканне фіз.-хім. працэсаў у розных частках цела і інш.) прыняты розныя меры (крытэрыі) Т.: межы прапарцыянальнасці, цякучасці, паўзучасці, трываласці і інш. Адрозніваюць Т.: тэарэтычную, якую вылічваюць праз сілы міжатамнага счаплення (роўная прыкладна ​1/6 модуля падоўжнай пругкасці; гл. Модулі пругкасці); тэхнічную — Т. рэальных матэрыялаў (меншая за 0,1 тэарэтычнай); канструкцыйную — Т. элементаў канструкцый, якая з-за шчылін, надрэзаў, драпін і інш. паверхневых дэфектаў, унутр. напружанняў, цяжкіх рэжымаў работы ніжэйшая за тэарэтычную; дынамічную, якая вызначае здольнасць матэрыялаў успрымаць без разбурэння дынамічныя нагрузкі; працяглую. калі разбурэнне матэрыялу адбываецца праз пэўны час пасля прыкладання нагрузкі (разбурэнню папярэднічае відавочная дэфармацыя матэрыялу). Удзельная Т. нітак, дроту, валокнаў і падобных матэрыялаў — велічыня, роўная адносінам разрыўнога намагання, прыкладзенага да матэрыялу, да яго лінейнай шчыльнасці. Імавернасць існавання ва ўзоры дэфекту тым большая, чым у тых жа ўзораў большых памераў (т.зв. маштабны эфект). Участкі з павышаным напружаннем, дзе найлягчэй з’яўляюцца мікрашчыліны. знаходзяцца каля паверхні (выступы. драпіны), таму паліроўка паверхні і ахоўныя пакрыцці павышаюць Т. У агрэсіўных асяроддзях Т. памяншаецца.

Літ.:

Клюшников В.Д. Физико-математические основы прочности и пластичности М., 1994;

Прочность и акустическая эмиссия материалов и элементов конструкций. Киев. 1991: Прочность, устойчивость и колебания термонапряженных оболочечных конструкций. М., 1990.

А.​П.​Ласкаўнёў.

т. 15, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́ЛЬСКАЯ БІ́ТВА 1564, Чашніцкая бітва,

адна з асн. бітваў паміж войскамі Маскоўскай дзяржавы і ВКЛ у час Лівонскай вайны 1558—83. Адбылася 26 студз. на р. Ула недалёка ад г. Чашнікі (Віцебская вобл.). Калі паслы ВКЛ, што прыехалі ў Маскву для падпісання міру яшчэ ў снеж. 1563, не знайшлі паразумення з царскім дваром (не згадзіліся аддаць Полацк і Лівонію) і 9.1.1564 пакінулі яе, рус. цар Іван IV аднавіў ваен. дзеянні. Паводле яго загаду з Полацка выйшла 24-тысячная армія кн. П.​Шуйскага, а з Вязьмы — 50-тысячная армія братоў кн. >В. і П. Сярэбраных. Яны мелі намер злучыцца каля Оршы, каб адтуль ісці на Менск і Новагародак. Вял. гетман ВКЛ М.​Радзівіл Руды, войскі якога (8—10 тыс.) знаходзіліся недалёка ад Чашнікаў, меў дакладную інфармацыю пра рух групоўкі. Каля в. Іванск над Улай (Чашніцкі р-н) гетман спаткаў і атакаваў праціўніка. Пасля франтальнага ўдару яго харугвы ажыццявілі імклівы напад з тылу і завяршылі бітву поўным разгромам арміі Шуйскага. Загінула каля 9 тыс. маскоўскіх ратнікаў, а таксама князі Шуйскі, С. і Ф. Палецкія, А.​Празароўскі, М.​Адоеўскі, І.​Захар’ін і інш. Многія трапілі ў палон, у т. л. кн. І.​Ахлябінін, І.​Нараваты, З.​Пляшчэеў-Очын; пераможцы завалодалі багатым абозам. Рэшткі разбітага войска ўцяклі да Полацка. Даведаўшыся пра поўны разгром Шуйскага, кн. П.​Сярэбраны, які ўжо стаяў пад Оршаю, пасля сутычкі з авангардам Ф.​Кміты-Чарнабыльскага пачаў спешна адступаць да Смаленска. Перамога на р. Ула сарвала буйную наступальную аперацыю рус. цара, пасля яе ваен. дзеянні мелі ў асноўным лакальны характар.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 16, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАХІ́МІЯ,

раздзел фізічнай хіміі, які вывучае хім. рэакцыі, што адбываюцца пад уздзеяннем святла (фотахімічныя рэакцыі). Падзяляецца на: Ф. малых малекул (дынаміка элементарнага акта ва ўзбуджаных электронных станах малекул); арган. і неарган. Ф. (фотапераўтварэнні хім. злучэнняў і метады фотахім. сінтэзу), фіз. Ф. (механізмы і кінетычныя заканамернасці фотахім. рэакцый). У Ф. найб. пашыраны метады імпульснага фатолізу, спектраскапіі, таксама электроннай мікраскапіі, дэнсіта- і сенсітаметрыі.

Першыя фотахім. заканамернасці выяўлены ў 19 ст. У 1818 К.​І.​Дз.Гротгус сфармуляваў прынцып, паводле якога прычынай хім. рэакцыі з’яўляецца святло, што паглынаецца рэчывам. Пазней вызначана, што колькасць прадукту фотахім. рэакцыі прапарцыянальная здабытку інтэнсіўнасці выпрамянення на час яго дзеяння (Р.В.Бунзен, Г.​Роска, 1862) і таму неабходна улічваць інтэнсіўнасць паглынутага выпрамянення (Я.​Х.​Вант-Гоф, 1904). Адно з найб. важных дасягненняў Ф. — вынаходства фатаграфіі (1839), заснаванай на фотахім. раскладанні галагенідаў серабра. Як самаст. навука сфарміравалася ў пачатку 20 ст. пасля з’яўлення квантавай тэорыі і развіцця спектраскапіі. А.Эйнштэйн сфармуляваў закон квантавай эквівалентнасці (1912), паводле якога кожны паглынуты рэчывам фатон выклікае першаснае змяненне (узбуджэнне, іанізацыю) адной малекулы ці атама.

На Беларусі даследаванні па Ф. вядуцца ў Ін-це агульнай і неарган. хіміі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі і Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі, БДУ і Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Літ.:

Свиридов В.В. Фотохимия и радиационная химия твердых неорганических веществ. Ч. 1. Мн., 1964;

Моро У. Микролитография: Принципы, методы, материалы: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1990;

Уэйн Р. Основы и применения фотохимии. Пер. с англ. М., 1991.

Т.​М.​Вараб’ёва.

т. 16, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАСІДЫ́ЗМ (ад стараж.-яўр. хасід — набожны),

рэлігійна-містычны рух у іудаізме. Узнік у 1-й пал. 18 ст. на Валыні, Падоллі, Галіцыі і пашырыўся па ўсёй Рэчы Паспалітай, а пазней і сярод сусв. яўрэйства. У аснове веравучэння Х. — спалучэнне элементаў рабінізму і Кабалы (іудзейскай містыкі). Яго заснавальнік І.​Бешт (1700—60) прапанаваў вернікам містычны спосаб пазбегнуць роспачы і заняпаду без скрупулёзнага выканання абрадаў і глыбокага вывучэння Талмуда, як таго патрабавалі рабінска-кагальныя вярхі.

На Беларусь Х. пранік у 1770-я г. і сустрэў супраціўленне з боку прыхільнікаў традыц. рабіністычнага іудаізму. Першым прапаведнікам Х. стаў рабін з прыгарада Пінска Карлін (Каралін; А.​Карлінскі), які засн. тут 1-ю хасідскую абшчыну. Пазней пад кіраўніцтвам Ш.​Залмана з Лёзна, духоўнага правадыра бел.-літ. хасідаў, былі праведзены рэформы ў рэліг. дагматыцы і абраднасці і заснаваны новы, больш рацыянальны кірунак у Х. — Хабад. Буйныя цэнтры Х. ўзніклі ў Століне, Ляхавічах, мяст. Адмур Гродзенскай губ. і інш. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі хасіды атрымалі больш свабоды для прапаганды свайго вучэння. У 1804 рас. ўрад выдаў «Палажэнне», у якім прызнаў існаванне ў рас. яўрэйстве 2 кірункаў, узаконіў іх, і Х. заняў легальнае месца ў рэліг. жыцці яўрэяў Беларусі. У наш час паслядоўнікі Хабада — «Любавіцкія хасіды» (назва ад мяст. Любавічы Магілёўскай губ., цяпер у Смаленскай вобл. Расіі, дзе жылі нашчадкі Залмана), якіх узначальвае дынастыя Шнеерсонаў; з 1940 маюць цэнтр у Нью-Йорку.

Літ.:

Бершадский С. Литовские евреи. СПб., 1883;

Герасімава І.П. Прадпасылкі і станаўленне хасідызму на Беларусі // Нацыянальная палітыка расійскага самадзяржаўя на Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XIX ст. Мн., 1995.

І.​П.​Герасімава.

т. 16, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРА́РНЫ КРЫ́ЗІС,

эканамічны крызіс перавытворчасці ў сельскай гаспадарцы. Абумоўлены характарам аграрных адносін: узнікае не ад празмернасці і непатрэбнасці атрыманага аб’ёму с.-г. прадукцыі, а з-за асаблівасцяў умоў яе вытв-сці і размеркавання.

Карыстанне зямлёй, асабліва ва ўмовах прыватнага землеўладання, абумоўлівае зямельную рэнту, якая ўплывае на ўзровень цэн на зямлю, арэнднай платы і г.д. Асваенне новых урадлівых зямель, тэхн. аснашчанасць агр. сектара, паляпшэнне транспартных зносін і інш. змены ва ўмовах вытв-сці і рэалізацыі с.-г. прадукцыі вядуць да змяншэння цаны на с.-г. прадукцыю. У выніку адбываецца канфлікт паміж новай цаной і старымі рэнтавымі адносінамі: знікае крыніца (дадатковы прыбытак) для выплаты рэнты. Гэта і выклікае аграрны крызіс, які характарызуецца ростам нерэалізаваных запасаў с.-г. прадукцыі, змяншэннем аб’ёму яе вытв-сці, паскарэннем працэсу дробных і сярэдніх вытворцаў, ростам беспрацоўя і зніжэннем аплаты працы работнікаў агр. сектара.

Аграрны крызіс мае пераважна зацяжны характар. Так, аграрны крызіс, які пачаўся адначасова з прамысловым у 1873 і ахапіў Зах. Еўропу, Расію, а потым і ЗША, працягваўся да сярэдзіны 1890-х г. Ён найб. закрануў краіны Еўропы, на рынкі якіх пайшлі патокі таннага збожжа з ЗША, Канады, Аўстраліі і інш. краін. На гэты час вытв-сць збожжа павялічылася і ў Расіі. У 5 зах. губернях (Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай) сярэднегадавы збор збожжа ў 1871—80 у параўнанні з 1851—60 вырас на 62%. Беларусь стала адным з важнейшых рэгіёнаў Рас. імперыі па вытв-сці таварнага збожжа. Аднак у 1886—88 гандаль ім на Беларусі зусім разладзіўся. Скараціўся і вываз збожжа: прыкладна з 10,8 млн. пудоў у 1875—80 да 7,5 млн. пудоў у 1880-я г. А ў 1890-я г. Беларусь стала рэгіёнам завозу збожжа: пастаўлялася прыкладна 9,2 млн. пудоў (вываз 7,5 млн. пудоў). Нізкія цэны на збожжа, змяншэнне попыту на яго ў час аграрнага крызісу абумовілі перабудову сельскай гаспадаркі Беларусі — пачала хутка развівацца малочная жывёлагадоўля, пашырыўся выраб розных гатункаў малочных прадуктаў, павялічылася вытв-сць лёну, паскорылася развіццё вінакурэння. Гэтая прадукцыя пастаўлялася на рас. і замежныя рынкі. Больш хутка ўкаранялася с.-г. тэхніка. Адбыліся змены і ў землеўладанні.

Аграрны крызіс, што ўзнік у пач. 1-й сусв. вайны, быў пераадолены толькі ў час 2-й сусв. вайны. Перапляценне яго з прамысл. крызісам 1929—33 выклікала небывалае зніжэнне цэн на с.-г. прадукцыю (у ЗША за 1929—32 на 58%). Каб змякчыць вынікі аграрнага крызісу, знішчаліся запасы таварнага збожжа, каўчукавыя, кававыя і чайныя плантацыі, змяншалася пагалоўе жывёлы і г.д. Урад ЗША выплачваў вял. грашовыя сродкі фермерам, каб яны скарачалі пасяўныя плошчы пад асн. с.-г. культуры. Пасля 2-й сусв. вайны ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. краінах пачаўся новы аграрны крызіс. У выніку ў ЗША з 1948 зноў пачало дзейнічаць заканадаўства аб скарачэнні пасяўных плошчаў. У розных формах ён выяўляецца і ў краінах Зах. Еўропы. Каб не дапусціць аграрнага крызісу ці зменшыць яго адмоўныя вынікі, у развітых капіталіст. краінах ажыццяўляецца дзярж. рэгуляванне агр. сектара — устанаўленне цвёрдых цэн на с.-г. прадукцыю, вызначэнне аб’ёмаў яе вытв-сці, экспарту і імпарту пры моцнай фін. падтрымцы фермераў і тэхн. перааснашчэнні с.-г. вытв-сці.

Л.​М.​Давыдзенка, У.​А.​Салановіч.

т. 1, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́РАЎ,

гарадскі пасёлак у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., прыстань на р. Прыпяць. За 25 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Жыткавічы, 258 км ад г. Гомель. Аўтадарогамі злучаны з Давыд-Гарадком, Жыткавічамі. Лельчыцамі. 3,2 тыс. ж. (2002).

Упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 980. Гарадзішча стараж. Т. ўключала дзядзінец і вакольны горад. Пры археал. раскопках знойдзены рэшткі амфар з Паўн. Прычарнамор’я, інструменты і прылады працы, зброя, прадметы гасп. ўжытку, ювелірныя вырабы, фрагменты бронз. посуду, засцежкі для кніг, прадметы рэліг. культу; вырабы з косці, шкла і скуры. Да рэдкіх знаходак адносяцца 4 свінцовыя рэльефныя абразкі 13—14 ст. з выявамі Багародзіцы. прападобнай Ефрасінні (?) або Анастасіі (?), велікапакутніцы (магчыма, Варвары) і свяціцеля (магчыма, Кірылы Тураўскага). Т. — адзіны горад 10 ст. на тэр. рассялення дрыгавічоў. Мяркуюць, што ён быў племянным цэнтрам самастойнага «княжання». У канцы 1-га тыс. н.э. стаў паліт., эканам. і культ. цэнтрам Тураўскага княства. У гэты час у Т. ўзнікла адна з першых на Русі епіскапій на грэч. ўзор (гл. Тураўская праваслаўная епархія). У час княжання Святаполка Ізяславіча [1097—1113] яго жонка грэч. царэўна Варвара заснавала ў Т. Варварынскі жаночы манастыр, у горадзе пры яе ўдзеле стала пашырацца грэч. правасл. культура. У 12 ст. пабудавана Тураўская царква. У Т. жыў і працаваў выдатны дзеяч усх.-слав. культуры Кірыла Тураўскі. У 1158 Т. вытрымаў жорсткую дзесяцітыднёвую аблогу войск паўднёварус. кааліцыі князёў, а ў 1160 трохтыднёвую аблогу валынскіх князёў. З 2-й пал. 13 ст. на тэр. дзядзінца існаваў замак (гл. Тураўская вежа). З 1320-х г. у ВКЛ. З 1430 належаў вял. кн. ВКЛ Свідрыгайлу, з канца 15 ст. — М.​Л.​Глінскаму, у 1508—1620 — Астрожскім, потым Сапегам, Патоцкім. З 15 ст. ў складзе Трокскага, з 1566 — Берасцейскага ваяв. У 1502 і 1521 Т. падвяргаўся нападам крымскіх татар. У 16 ст. горад складаўся з асн. часткі і 2 прадмесцяў — Заяцэлле і Запясочча. Насельніцтва Т. ўдзельнічала ў антыфеадальнай вайне 1648—51. У 1649 Т. захоплены і спалены войскамі Я.​Радзівіла. Спустошаны ён у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1648 у Т. 401 дом, у 1667—111 дамоў, у 1790—497 дамоў. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Мазырскага пав., належаў Салагубам. У 1865 у Т. выяўлены адзін з найб. ранніх помнікаў усх.-слав. пісьменнасці 11 ст. — Тураўскае евангелле. У 1886 у Т. 1183 ж., 370 двароў, школа, крама, 2 млыны, 3 царквы, капліца, сінагога, 3 яўр. малітоўныя дамы; у 1897—4290 ж., цагельня, млын, штогод адбываліся 2 кірмашы. У 1923—6217 ж. З 17.7.1924 цэнтр Тураўскага раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак Палескай вобл. У 1939—5,5 тыс. ж. У Вял. Айч. вайну з 14.7.1941 да 5.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Т. і раёне 1792 чал. Дзейнічала Тураўскае камсамольска-маладзёжнае падполле. З 1954 у Гомельскай вобл., з 1962 у Жыткавіцкім р-не.

Працуюць кансервавы з-д, камбінат быт. абслугоўвання, 2 сярэднія і музычныя школы, дзіцячы сад; Дом дзіцячай творчасці, 2 дамы культуры, 3 б-кі, Тураўскі краязнаўчы музей, бальніца. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнікі: Кірылу Тураўскаму, Канстанціну Астрожскаму, землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква Усіх святых (1810). У паўн.-зах. частцы Т. археал. помнік — замчышча стараж. горада.

П.​Ф.​Лысенка, Т.​С.​Скрыпчанка.

Царква Усіх святых у г.п. Тураў.

т. 16, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)