гарадскі пасёлак у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., прыстань на р. Прыпяць. За 25 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Жыткавічы, 258 км ад г. Гомель. Аўтадарогамі злучаны з Давыд-Гарадком, Жыткавічамі. Лельчыцамі. 3,2 тыс.ж. (2002).
Упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 980. Гарадзішча стараж. Т. ўключала дзядзінец і вакольны горад. Пры археал. раскопках знойдзены рэшткі амфар з Паўн. Прычарнамор’я, інструменты і прылады працы, зброя, прадметы гасп. ўжытку, ювелірныя вырабы, фрагменты бронз. посуду, засцежкі для кніг, прадметы рэліг. культу; вырабы з косці, шкла і скуры. Да рэдкіх знаходак адносяцца 4 свінцовыя рэльефныя абразкі 13—14 ст. з выявамі Багародзіцы. прападобнай Ефрасінні (?) або Анастасіі (?), велікапакутніцы (магчыма, Варвары) і свяціцеля (магчыма, Кірылы Тураўскага). Т. — адзіны горад 10 ст. на тэр. рассялення дрыгавічоў. Мяркуюць, што ён быў племянным цэнтрам самастойнага «княжання». У канцы 1-га тыс.н.э. стаў паліт., эканам. і культ. цэнтрам Тураўскага княства. У гэты час у Т. ўзнікла адна з першых на Русі епіскапій на грэч. ўзор (гл.Тураўская праваслаўная епархія). У час княжання Святаполка Ізяславіча [1097—1113] яго жонка грэч. царэўна Варвара заснавала ў Т. Варварынскі жаночы манастыр, у горадзе пры яе ўдзеле стала пашырацца грэч.правасл. культура. У 12 ст. пабудавана Тураўская царква. У Т. жыў і працаваў выдатны дзеяч усх.-слав. культуры Кірыла Тураўскі. У 1158 Т. вытрымаў жорсткую дзесяцітыднёвую аблогу войск паўднёварус. кааліцыі князёў, а ў 1160 трохтыднёвую аблогу валынскіх князёў. З 2-й пал. 13 ст. на тэр. дзядзінца існаваў замак (гл.Тураўская вежа). З 1320-х г. у ВКЛ. З 1430 належаў вял.кн.ВКЛ Свідрыгайлу, з канца 15 ст. — М.Л.Глінскаму, у 1508—1620 — Астрожскім, потым Сапегам, Патоцкім. З 15 ст. ў складзе Трокскага, з 1566 — Берасцейскага ваяв. У 1502 і 1521 Т. падвяргаўся нападам крымскіх татар. У 16 ст. горад складаўся з асн. часткі і 2 прадмесцяў — Заяцэлле і Запясочча. Насельніцтва Т. ўдзельнічала ў антыфеадальнай вайне 1648—51. У 1649 Т. захоплены і спалены войскамі Я.Радзівіла. Спустошаны ён у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1648 у Т. 401 дом, у 1667—111 дамоў, у 1790—497 дамоў. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Мазырскага пав., належаў Салагубам. У 1865 у Т. выяўлены адзін з найб. ранніх помнікаў усх.-слав. пісьменнасці 11 ст. — Тураўскае евангелле. У 1886 у Т. 1183 ж., 370 двароў, школа, крама, 2 млыны, 3 царквы, капліца, сінагога, 3 яўр. малітоўныя дамы; у 1897—4290 ж., цагельня, млын, штогод адбываліся 2 кірмашы. У 1923—6217 ж. З 17.7.1924 цэнтр Тураўскага раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак Палескай вобл. У 1939—5,5 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 14.7.1941 да 5.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Т. і раёне 1792 чал. Дзейнічала Тураўскае камсамольска-маладзёжнае падполле. З 1954 у Гомельскай вобл., з 1962 у Жыткавіцкім р-не.
Працуюць кансервавы з-д, камбінат быт. абслугоўвання, 2 сярэднія і музычныя школы, дзіцячы сад; Дом дзіцячай творчасці, 2 дамы культуры, 3 б-кі, Тураўскі краязнаўчы музей, бальніца. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнікі: Кірылу Тураўскаму, Канстанціну Астрожскаму, землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква Усіх святых (1810). У паўн.-зах. частцы Т. археал. помнік — замчышча стараж. горада.