СТУДЗЁНКА,
вёска ў Прыгарадным с/с Барысаўскага р-на Мінскай вобл., на левым беразе р. Бярэзіна. За 15 км на ПнЗ ад горада і 20 км ад чыг. ст. Барысаў, 90 км ад Мінска. 58 ж., 37 двароў (2001). Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі (1962 і 1965) рус. воінам 1812.
У вайну 1812 каля С. 26—28 ліст. адбылася пераправа цераз Бярэзіну рэшткаў франц. арміі Напалеона, якая адступала з Масквы. У гэты час рус. армія П.В.Чычагова (30 тыс. чал.) стаяла на правым беразе ракі, армія П.Х.Вітгенштэйна (каля 30 тыс. чал.) падыходзіла да Барысава з Пн, казацкія войскі М.І.Платава і авангард гал. сіл рус. арміі М.І.Кутузава праследавалі французаў з У. Дэманстрацыя актыўнасці франц. войск каля Барысава спрыяла дэзінфармацыі рус. камандавання, якое лічыла больш верагодным адступленне Напалеона на Мінск і Слонім. У выніку адпаведных загадаў Чычагоў 25—26 ліст. перавёў амаль усе свае войскі з-пад Барысава на Пд. 26 ліст. па наведзеных мастах пачалася пераправа франц. войск, якія захапілі плацдарм на правым беразе Бярэзіны і адначасова забяспечылі прыкрыццё гасцінца Барысаў—Студзёнка. На працягу 3 дзён на правы бераг пераправілася большасць баяздольных франц. карпусоў, у т. л. 27 ліст. сам Напалеон з гвардыяй. На левым беразе французы ўтрымлівалі ўсе подступы да мастоў, пакуль працягвалася пераправа. Раніцай 29 ліст. масты былі спалены, і армія Напалеона рушыла ў напрамку Маладзечна. У выніку баёў каля С. французы здолелі ўтрымаць пазіцыі на абодвух берагах і забяспечыць пераправу цераз Бярэзіну, аднак Напалеон страціў каля 25 тыс. чал. і абоз. Гл. таксама Бярэзінская аперацыя 1812.
т. 15, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)