УЛА́САЎ Уладзімір Аляксандравіч (7.1.1903, Масква — 1986),

расійскі і кіргізскі кампазітар; адзін са стваральнікаў кірг. прафес. муз. т-ра. Нар. арт. Кіргізіі (1946). Засл. дз. маст. Расіі (1947). Нар. арт. Расіі (1973). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1929). З 1926 дырыжор і кампазітар Маскоўскага маст. т-ра другога, з 1936 кіраўнік 1-га муз. т-ра ў г. Фрунзе, у 1943—49 дырэктар і маст. кіраўнік Маскоўскай філармоніі. Сярод твораў: оперы «Айчурэк» (паст. 1939), «Манас» (паст. 1946; абедзве з В.​Ферэ і А.​Малдыбаевым), балет «Асель» (паст. 1966). Адзін з аўтараў музыкі (1946) і аўтар новай рэдакцыі музыкі (1978) Дзярж. гімна Кірг. ССР. Аўтар мемуараў «Сустрэчы» (1979). Дзярж. прэмія Кіргізіі 1970.

т. 16, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛА́СНЫ РУХ ЗО́РКІ,

бачнае вуглавое перамяшчэнне зоркі па нябеснай сферы за год. Складаецца з сапраўднага перамяшчэння зоркі і ўяўнага (паралактычнага) зрушэння, якое адлюстроўвае рух Сонечнай сістэмы (разам з Зямлёй) у прасторы. Змена становішча зоркі з гадавым перыядам з прычыны руху Зямлі вакол Сонца (гадавы паралакс) ва У.р.з не ўваходзіць. Звычайна У.р.з. не перавышае сотых доляў вуглавой секунды, радзей дасягае дзесятых доляў і вельмі рэдка цэлых секунд дугі. Найб. У.р.з. — 10",27 у зоркі Барнарда ў сузор’і Змеяносец. Для вызначэння дакладнага У.р.з. вымяраюць каардынаты зоркі праз некалькі дзесяткаў гадоў. Вядомы ўласны рух больш як 250 тыс. зорак. У.р.з. ўлічваюць пры вызначэнні геагр. каардынат на Зямлі, у службе часу і інш.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 16, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРА́ЛА-МАНГО́ЛЬСКІ ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬНЫ ПО́ЯС, Урала-Ахоцкі геасінклінальны пояс,

унутрыкантынентальны рухомы складкавы пояс зямной кары, які цягнецца ў Азіі ад Урала, праз Сярэднюю Азію, Казахстан, Паўд. Сібір і Манголію да Ахоцкага мора. На З абмежаваны Усх.-Еўрапейскай, на ПнУ — Сібірскай і на Пд — Кітайска-Карэйскай стараж. платформамі. На ПдЗ пояс сучляняецца з Міжземнаморскім геасінклінальным поясам, на У — з Ціхаакіянскім геасінклінальным поясам. У пояс уваходзяць складкавыя ўтварэнні Урала, Цянь-Шаня, Алтая, Саян, таксама Казахстана і Манголіі. Развіццё з позняга дакембрыю (байкальская, салаірская, каледонская і герцынская эпохі складкавасці). У канцы палеазою — мезазоі пояс ператварыўся ў маладую платформу. Радовішчы руд жалеза, медзі, золата, свінцу, цынку, волава, вальфраму і інш., паклады каменнага вугалю.

т. 16, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЮДЫХО́Д,

транспартны сродак высокай праходнасці. Выкарыстоўваецца ва ўмовах бездарожжа, забалочанай мясцовасці, снежнай цаліны, розных перашкод для с.-г. перавозак, буд., вышукальных і інш. работ, у ваен. справе (аўтамабілі, БТР, танкі і інш. «амфібіі»), Бываюць звычайна з гусенічным (гл. Гусенічны ход) або колавым (з усімі вядучымі коламі або са спец. шыракапрофільнымі шынамі) рухачом; плывучыя маюць таксама спец. водны рухач і воданепранікальны корпус, што дае магчымасць пераадольваць водныя перашкоды, пераходзіць з сушы на ваду і наадварот. У сілавую перадачу У. ўваходзяць дадатковыя механізмы, што дазваляюць павялічваць цягавае намаганне.

Усюдыходы: 1 — МВУ-30 на шыракапрофільных колах для ўнясення мінеральных угнаенняў (Мінскі аўтамабільны завод); 2 — «Татра» 813-8×8 з 8 вядучымі коламі (Чэхія).

т. 16, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЛЬШЫВАМАНЕ́ЦТВА,

скарочанае найменне злачынства, якое заключаецца ў вырабе або захоўванні з мэтай збыту або збыт падробленых грошай ці каштоўных папер. Паводле арт. 221 КК Рэспублікі Беларусь Ф. з’яўляецца злачынствам супраць парадку ажыццяўлення эканам. дзейнасці дзяржавы і адносіцца да злачынстваў міжнар. характару. Неабходнасць міжнар. супрацоўніцтва ў барацьбе з Ф. прывяла да заключэння ў 1925 Жэнеўскай канвенцыі па барацьбе з падробкай грашовых знакаў. Дзяржавы-ўдзельніцы (СССР з 1929) узялі на сябе абавязацельствы не рабіць адрозненняў паміж падробкай уласных і замежных грашовых знакаў і каштоўных папер, кваліфікаваць Ф. экстрадыцыйным міжнар. крымін. злачынствам і аказваць адна адной прававую дапамогу ў пошуках і выдачы злачынцаў, а таксама іх пакаранні ў рамках нац. заканадаўства.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 16, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕЙХО́А (Feijoa),

род кветкавых раслін сям. міртавых. 2 віды. Пашыраны ў субтропіках Паўд. Амерыкі. У Еўропе з канца 19 ст. культывуюць Ф. Селава (F. sellowiana, ці Acca sellowiana).

Вечназялёныя дрэвы або кусты выш. да 5 м. Лісце супраціўнае, суцэльнае, эліптычнае, з шызым апушэннем на ніжнім баку. Кветкі пазушныя, адзіночныя або ў невял. шчыткападобных суквеццях. Пялёсткі звонку белыя, унутры малінавыя, шматлікія тычынкі ружавата-кармінавага колеру. Плод — ядомая ягада з чашалісцікамі, што застаюцца на верхавінцы. Цёмна-зялёныя плады Ф. даўж. 4—7 см, дыяметрам 3—5 см, масай да 130 г, кісла-салодкія, з ананасна-сунічным пахам; лячэбны прадукт (багаты ёдам). Харч., лек. і дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Фейхоа Селава.

т. 16, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЁДАРАЎ Мікалай Ільіч (н. 12.3.1925, г. Іжэўск, Удмурція, Расія),

бел. вучоны ў галіне лясной фітапаталогіі. Д-р біял. н. (1971), праф. (1973). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1950). З 1950 у Бел. тэхнал. ун-це (з 1971—91 заг. кафедры). Навук. працы па пытаннях хвароб дрэўных і хмызняковых парод Беларусі, біялогіі дрэваразбуральных грыбоў, паталаг. фізіялогіі заражаных дрэў, культывавання ядомых грыбоў.

Тв.:

Промышленное культивирование съедобных грибов. Киев, 1978 (у сааўт.);

Защитная обработка древесины. М., 1981 (разам з М.​Дз.​Быўшых);

Корневые гнили хвойных пород. М., 1984;

Лесная фитопатология. 2 изд. Мн., 1992;

Особенности формирования еловых лесов Беларуси в связи с их периодическим массовым усыханием. Мн., 2001 (разам з У.​В.​Сарнацкім).

т. 16, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛІМО́НАВА Любоў Аляксандраўна (н. 12.10.1948, Мінск),

бел. пісьменніца. Дачка А.А.Філімонава. Скончыла Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1971). У 1972—84 працавала ў выд-ве «Мастацкая літаратура», на Бел. тэлебачанні. З 1996 займаецца выдавецкай дзейнасцю. Друкуецца з 1967 (вершы на рус. мове). З 1972 піша па-беларуску. У паэт. зб-ках «Стазвоны» (1974), «Гучныя фарбы» (1978), «Імправізацыя» (1988) лірычныя перажыванні і элегічны роздум пра чалавека, прыроду, грамадства і іх узаемазалежнасць. У кн. апавяданняў «Пад шолах ветразяў» (1981) арган. спалучэнне лірызму і гумару. Перакладае на бел. і рус. мову творы англ., груз., польскіх, туркм., франц. пісьменнікаў. Укладальнік і адзін з перакладчыкаў анталогіі дзіцячай туркм. л-ры «Кветкі Каракумаў» (1990).

т. 16, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛАКУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. flocculi камякі),

злучэнне калоідных часцінак у рыхлыя камякападобныя агрэгаты (флокулы); разнавіднасць каагуляцыі.

Адбываецца ў вадаёмах пад уздзеяннем прадуктаў жыццядзейнасці арганізмаў, пры водападрыхтоўцы і ачыстцы сцёкавых вод — з дапамогай спец. дабавак (флакулянтаў) і паскараецца пры цеплавым або мех. уздзеянні. Найб. эфектыўныя флакулянты ў водных асяроддзях — актыўная крэмніевая к-та і арган. палімеры (напр., крухмал, эфіры цэлюлозы). У калоідных сістэмах з неаднароднай дысперснай фазай адрозніваюць Ф. агульную (невыбіральную) і селектыўную (выбіральную). Пры агульнай флокулы ўтвараюцца сукупнасцю часцінак рознага паходжання, пры селектыўнай Ф. — пераважна часцінкамі аднаго з кампанентаў дысперснай фазы. Выкарыстоўваецца ў тэхналогіі водападрыхтоўкі, пры вылучэнні каштоўных прадуктаў з адходаў вытв-сці, абеззаражванні прамысл. сцёкавых вод і інш.

т. 16, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОШ (Foch) Фердынанд (2.10.1851, г. Тарб, Францыя — 20.3.1929),

французскі ваенны дзеяч. Маршал Францыі (1918), брыт. фельдмаршал (1919), маршал Польшчы (1923). Чл. Франц. акадэміі (з 1918). Скончыў Вышэйшую ваен. акадэмію (у 1895—1900 ад’юнкт, праф., у 1908—11 нач. акадэміі). У 1-ю сусв. вайну камандаваў дывізіяй, корпусам, арміяй, групай армій «Поўнач». У 1917 нач. Генштаба, у 1918 галоўнакамандуючы арміямі Антанты. Адыграў значную ролю ў перамозе саюзнікаў над кааліцыяй цэнтр. дзяржаў на чале з Германіяй. З 1919 старшыня вышэйшага савета Антанты. Ф. адзін з арганізатараў ваен. інтэрвенцыі супраць сав. Расіі. Аўтар ваен.-тэарэт. работ, мемуараў.

Літ.:

Gaquére C.F. Vie populaire du maréchal Foch. Arras, 1955;

Grasset A. Foch ou la volonté de vaincre. Paris, 1964.

т. 16, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)