ФОШ (Foch) Фердынанд (2.10.1851, г. Тарб, Францыя — 20.3.1929),
французскі ваенны дзеяч. Маршал Францыі (1918), брыт. фельдмаршал (1919), маршал Польшчы (1923). Чл. Франц. акадэміі (з 1918). Скончыў Вышэйшую ваен. акадэмію (у 1895—1900 ад’юнкт, праф., у 1908—11 нач. акадэміі). У 1-ю сусв. вайну камандаваў дывізіяй, корпусам, арміяй, групай армій «Поўнач». У 1917 нач. Генштаба, у 1918 галоўнакамандуючы арміямі Антанты. Адыграў значную ролю ў перамозе саюзнікаў над кааліцыяй цэнтр. дзяржаў на чале з Германіяй. З 1919 старшыня вышэйшага савета Антанты. Ф. адзін з арганізатараў ваен. інтэрвенцыі супраць сав. Расіі. Аўтар ваен.-тэарэт. работ, мемуараў.
Літ.:
Gaquére C.F. Vie populaire du maréchal Foch. Arras, 1955;
Grasset A. Foch ou la volonté de vaincre. Paris, 1964.
т. 16, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)