ФЛАКУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. flocculi камякі),
злучэнне калоідных часцінак у рыхлыя камякападобныя агрэгаты (флокулы); разнавіднасць каагуляцыі.
Адбываецца ў вадаёмах пад уздзеяннем прадуктаў жыццядзейнасці арганізмаў, пры водападрыхтоўцы і ачыстцы сцёкавых вод — з дапамогай спец. дабавак (флакулянтаў) і паскараецца пры цеплавым або мех. уздзеянні. Найб. эфектыўныя флакулянты ў водных асяроддзях — актыўная крэмніевая к-та і арган. палімеры (напр., крухмал, эфіры цэлюлозы). У калоідных сістэмах з неаднароднай дысперснай фазай адрозніваюць Ф. агульную (невыбіральную) і селектыўную (выбіральную). Пры агульнай флокулы ўтвараюцца сукупнасцю часцінак рознага паходжання, пры селектыўнай Ф. — пераважна часцінкамі аднаго з кампанентаў дысперснай фазы. Выкарыстоўваецца ў тэхналогіі водападрыхтоўкі, пры вылучэнні каштоўных прадуктаў з адходаў вытв-сці, абеззаражванні прамысл. сцёкавых вод і інш.
т. 16, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)