РЭ́ЙХСВЕР (Reichswehr ад Reich дзяржава, імперыя + Wehr зброя, абарона),
узброеныя сілы Германіі ў 1919—35. Пасля паражэння Германіі ў 1-ю сусв. вайну 1914—18 Веймарскі нац. сход 6.3.1919 прыняў закон аб стварэнні часовага Р. колькасцю 400 тыс.чал. Аднак паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 і распрацаванага на яго аснове закону ад 23.3.1921 колькасць войск скарачалася да 115 тыс.чал. (100 тыс. у сухап. войсках і 15 тыс.чал. у ВМС), рэзка абмяжоўвалася і ўзбраенне. Рэзервам Р. з’яўляліся часці пагран. аховы (каля 100 тыс.чал.) і паліцэйскія фарміраванні (200 тыс.чал.). Але кіраўніцтва дзяржавы і ўзбр. сіл патаемна вяло падрыхтоўку кадраў для арміі (напр., лётчыкаў рыхтавалі ў грамадз. авіяцыі). Значная колькасць афіцэраў і інш.ваен. спецыялістаў рыхтавалася за мяжой, у т. л. ў СССР. 16.3.1935 Германія ў аднабаковым парадку анулявала ваен. артыкулы Версальскага дагавора і ўвяла ўсеагульную воінскую павіннасць. На базе Р. пачалося фарміраванне вермахта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮА́НЬ, Дай Юань (Вялікая Юань),
мангольская дынастыя, якая правіла ў Кітаі ў 13—14 ст. У гіст. л-ры існуюць розныя даты яе праўлення [1271 (1279 ці 1280) — 1368]. Заваяванне Кітая пачаў Чынгісхан. Яго пераемнік Угедэй у 1234 падпарадкаваў увесь Паўн. Кітай. У 1250-я г.Манг.імперыя распалася на самаст. дзяржавы; адной з іх стала дзяржава Хубілая (на ханскі прастол уступіў у 1260), у склад якой уваходзілі тэр. ўласна Манголіі і Паўн. Кітая. У 1271 Хубілай даў сваёй дынастыі кіт. назву Юань. У 1279 яго войскі знішчылі кіт. імперыю Паўд. Сун і завяршылі заваяванне Паўд. Кітая. Пасля яго пераемніка Тэмура [1295—1307] пачалася барацьба прэтэндэнтаў на прастол: за 1308—32 змянілася 8 імператараў. У час праўлення Тагон-Тэмура [1333—68] у Кітаі пачаліся нар. паўстанні; у выніку «Чырвоных войск» паўстання 1351—68 манголы былі выгнаны і ў 1368 засн.кіт. дынастыя Мін. Пасля звяржэння Ю. улада чынгісідаў заняпала і ў Манголіі; адзіная манг. дзяржава распалася на шэраг ханстваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРА́НКА-ПРУ́СКАЯ ВАЙНА́ 1870—71,
вайна паміж Францыяй і Прусіяй, разам з якой выступілі дзяржавы Паўночнагерманскага саюза і Паўд. Германіі. Прусія імкнулася закончыць аб’яднанне Германіі пад сваёй гегемоніяй, захапіць ч.франц. тэрыторый, аслабіць Францыю і яе ўплыў у Еўропе. Напалеон III меў намер перашкодзіць ажыццяўленню планаў Прусіі і з дапамогай пераможнай вайны ўмацаваць рэжым Другой імперыі, які знаходзіўся ў глыбокім крызісе. Падставай да вайны стаў канфлікт з-за кандыдатуры прускага прынца Гогенцолерна (сваяка прус. караля Вільгельма I) на ісп. трон. 13.7.1870 О.Э.Л.Бісмарк справакаваў публікацыю зняважлівай для франц. ўрада т.зв. Эмскай дэпешы 1870, якая свядома скажала змест перагавораў франц. пасла з прус. каралём. 19.7.1870 Францыя аб’явіла вайну Прусіі. Дыпламатыя Бісмарка здолела забяспечыць выгадны для Прусіі нейтралітэт Аўстра-Венгрыі, Вялікабрытаніі, Італіі і Расіі. Францыя апынулася ў дыпламат. ізаляцыі, без саюзнікаў. Супраць франц. арміі (каля 500 тыс.чал., у т. л. дзеючая Рэйнская армія) Прусія пры падтрымцы інш.герм. дзяржаў мабілізавала больш за 1 млн.чал. У жн. пруская армія пад агульным кіраўніцтвам Г.К.Б.Мольтке Старэйшага атрымала шэраг перамог над франц. войскамі. Пасля паражэння 4—6.8.1870 у пагранічных бітвах 170-тысячная франц. армія маршала Базэна была блакіравана ў крэпасці Мец (27.10.1870 капітулявала). 1—2.9.1870 у бітве пры Седане герм. войскі разбілі 3-ю армію маршала Мак-Магона і ўзялі яе ў палон разам з Напалеонам III. Ваен. катастрофа Францыі стала штуршком да паўстання 4.9.1870 у Парыжы, у выніку якога ліквідавана імперыя і ўстаноўлена рэспубліка на чале з Часовым урадам. Пасля гэтага вайна для Прусіі з абарончай перарасла ў захопніцкую, а для Францыі набыла нац.-абарончы характар. Было акупіравана больш за 1/3 франц.тэр. з насельніцтвам больш за 10 млн.чал., акружаны Парыж. 18.1.1871 была абвешчана Германская імперыя. У Францыі разгарнуўся партыз. рух, у Парыжы створаны батальёны Нац. гвардыі, у правінцыі сфарміравана 600-тысячная армія добраахвотнікаў. Аднак урад сабатаваў гатоўнасць народа да актыўнай абароны і 28.1.1871 капітуляваў перад Прусіяй, падпісаўшы з ёю перамір’е. Пры актыўнай падтрымцы герм. войск была ліквідавана Парыжская камуна 1871. Ф.-п.в. скончылася падпісаннем Франкфурцкага міру 1871.
Літ.:
Шнеерсон Л.М. Франко-прусская война и Россия: Из истории рус.-прус. и рус.-фр. отношений в 1867—1871 гг.Мн., 1976;
Оболенская С.В. Франко-прусская война и общественное мнение Германии и России. М., 1977;
История войн. Ростов н/Д;
М., 1997. Т. 2. С. 468—476;
Ненахов Ю.Ю. Железом и кровью: Войны Германии XIX в. Мн.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРЭ́НКА Аляксей Васілевіч (н. 26.3.1938, с. Чэмер Чарнігаўскай вобл., Украіна),
расійскі акцёр. Нар.арт. Расіі (1988). Скончыў Харкаўскі тэатр.ін-т (1961). З 1961 у т-рах Запарожжа і Данецка, з 1964 у Ленінградскім т-ры імя Ленсавета, з 1977 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай, у 1978—83 у Маскоўскім маст.акад. т-ры, у 1991—92 у т-ры «Школа сучаснай п’есы». Мастацтву П. ўласцівы тэмпераментнасць, здольнасць да псіхал. аналізу вобраза: Дзіма («Качынае паляванне» А.Вампілава), Сцяпан («А што гэта ты ў фраку?» Д.Сухарава паводле «Прапановы» А.Чэхава). З 1967 здымаецца ў кіно: «Кароль Лір» (1971), «Агонія» (1974), «Дваццаць дзён без вайны» (1976), «Ключ без права перадачы», «Сказ пра тое, як цар Пётр арапа жаніў» (абодва 1977), «Жаніцьба» (1978), «Гракі» (1983), «Жорсткі раманс», «ТАСС упаўнаважаны заявіць» (абодва 1984), «Наш браняпоезд», «Вязень замка Іф» (абодва 1988), «Кааператыў «Палітбюро», «Мушкецёры дваццаць гадоў пасля» (1992), «Імперыя піратаў» (1994), «Руская ідэя» (1995), «Агапэ» (1996), «Сібірскі цырульнік» (1999), «У жніўні 44-га» (2000) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 16—18 ст.,
войны паміж аўстрыйскімі Габсбургамі і Асманскай імперыяй гал.ч. за паўн. частку Балканскага п-ва і тэр. Венгерскага каралеўства. Паводле мірнага дагавору 1533, якім завяршылася вайна 1532—33, да Аўстрыі адышлі землі на З і ПнЗВенг. каралеўства. У выніку вайны 1540—47Венг. каралеўства было расчлянёна на некалькі частак: зах. і паўн. — пад уладай Габсбургаў, цэнтр. — пад кіраўніцтвам намеснікаў султана і ўсх., дзе правіцелямі былі тур. васалы. Войны 1551—62 і 1566—68 з-за Трансільваніі не прывялі да істотных тэр. змен. Вайна 1592—1606 вызваліла Аўстрыю ад штогадовай даніны тур. султану. Пасля вайны 1660—64тур. войскі выведзены з Трансільваніі, але ўлада султана захавалася. У войнах 1683—99 і 1716—18 Асманская імперыя пацярпела паражэнне ад антытурэцкай кааліцыі (Аўстрыя, Польшча, Венецыя, з 1686 і Расія), панесла буйныя тэр. страты (гл. ў арт.Карлавіцкі кангрэс 1698—99, Пажаравацкія мірныя дагаворы 1718). У выніку вайны 1737—39 Аўстрыя вярнула Турцыі землі ў Сербіі і Валахіі (Бялградскі мір 1.9.1739), пасля вайны 1788—90 (сепаратны Сістаўскі дагавор 1791) усе занятыя Аўстрыяй тэрыторыі, за выключэннем крэпасці Хоцін з акругай, вернуты Турцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУН,
дынастыя і імперыя ў Кітаі ў 10—13 ст. Заснавальнік С., палкаводзец Чжао Куанінь захапіў у 960 уладу і абвясціў сябе імператарам Тайцзу [960—976], чым скончыў перыяд смут пасля падзення дынастыі Тан. Яго пераемнік Тайцзун [976—997] канчаткова аб’яднаў Кітай пад уладай С.; спыненне міжусобіц спрыяла хуткаму эканам. ўздыму краіны, росквіту кіт. сярэдневяковай культуры. Развівалася філасофія ў выглядзе неаканфуцыянства Чжу Сі. Але імператары цярпелі няўдачы ў барацьбе з паўн. качэўнікамі — кіданямі, тангутамі (гл.Сі-Ся), з-за чаго вымушаны былі плаціць ім даніну. Хуткі рост насельніцтва і недахоп ворных зямель прывялі ў канцы 11 ст. да росту сац. напружанасці. З мэтай яе памяншэння першы міністр Ван Аньшы правёў у 1069—85 шэраг рэформ, якія ўладкавалі сістэму падаткаў і землекарыстання; прыняты захады па асваенні свабодных зямель на Пд. У пач. 12 ст. на Пн Кітая ўварваліся чжурчжэні, якія ў 1127 захапілі сталіцу імперыі г. Бянь (цяпер Кайфын). Сунскі прынц Гаоцзу [1127—62] аднавіў імперыю С., якая ахоплівала толькі Паўд. Кітай. Паводле дагавора 1141, С. прызнала сябе васалам дзяржавы чжурчжэняў — імперыі Цзінь. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў С. вяла барацьбу супраць манголаў (гл.Мангольскія заваяванні), якія ў 1279 знішчылі імперыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЎАНТЫНСУ́Ю (на мове кечуа — чатыры злучаныя стараны свету),
імперыяінкаў у 15 — пач. 16 ст. Стварэнне Т. пачалося з часу заваёўніцкіх паходаў інкскага правіцеля (сапа інка) Пачакутэка [1438—63]; працягваліся ў час кіравання Амару Інка Юпанкі [1463—71] і Тупак Інка Юпанкі [1471—93]. Пры Уайне Капаку [1493—1525] Т. ахоплівала тэр. сучасных Перу, Балівіі, Эквадора, ч.тэр. Аргенціны і Чылі. Яна падзялялася на 4 часткі (сую): Кальясую, Кандэсую, Чынчасую і Антысую, што павінна было сімвалізаваць вяршэнства вярх. правіцеля Т. над усімі 4 старанамі свету. Дзярж. лад Т. ўяўляў дэспатыю, пры якой вярх. правіцель спалучаў функцыі рэліг. і адм. улады. Пасля смерці ў 1525 Уайна Капака пачаліся міжусобіцы і грамадз. войны. Правіцель Атаўальпа захоплены ў палон іспанцамі на чале з Ф.Пісара і ў 1533 пакараны смерцю. Пасля гэтага тэр. Т. ўключана ў склад ісп.калан. уладанняў, хоць інкі працягвалі барацьбу ў цяжкадаступных раёнах; іх апошні правіцель Тупак Амару ўзяты іспанцамі ў палон і пакараны смерцю ў 1572.
Літ.:
Кузьмищев В.А. Царство сынов Солнца. 2 изд. М., 1985;
Стингл М. Государство инков: Слава и смерть «сыновей Солнца»: Пер. с чеш. М., 1986;
Березкин Ю.Е. Инки: Ист. опыт империи. М., 1991;
Инки: владыки золота и наследники славы: Пер. с англ.М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫН (кіт., літар. — чыстая),
імператарская дынастыя ў Кітаі ў 1644—1912 з маньчжурскага роду Айсінь Гіёра. Прыйшла да ўлады ў выніку заваявання значнай ч. Кітая войскамі Маньчжурыі ў час падаўлення сялянскай вайны 1628—45, якая прывяла да падзення дынастыі Мін; пры першых імператарах Шуньчжы [1644—61] і Кансі [1662—1722] да 1683 авалодала ўсёй тэр.б. імперыі Мін. У 1680—1790-я г. цынскія імператары далучылі да Кітая землі Прыамур’я, Усх. Туркестана, Тыбета і інш.); найвыш. росквіту дасягнула кіт. сярэдневяковая культура. З канца 18 ст.імперыя Ц. паступова прыходзіла ў заняпад. У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. ў выніку шэрагу няўдалых войнаў і нераўнапраўных дагавораў Кітай трапіў у залежнасць ад вядучых зах.-еўрап. дзяржаў, Расіі і Японіі; аўтарытэт дынастыі Ц. у кіт. грамадстве быў падарваны. Пры імператару Гуансюю [1875—1908] y 1898 здзейснена спроба рэфармавання Кітая (гл.«Сто дзён рэформ»), але задушана імператрыцай Цысі (фактычная правіцельніца краіны ў 1861—1908). Дынастыя Ц. скінута Сіньхайскай рэвалюцыяй 1911—13. 12.2.1912 ад прастола адрокся апошні цынскі імператар малалетні Пу I (у 1934—35 імператар Маньчжоў-Го), у Кітаі быў усталяваны рэспубліканскі лад.
Літ.:
Маньчжурское владычество в Китае: [Сб. статей]. М., 1966;
Сидихменов В.Я. Маньчжурские правители Китая. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЬЧЖУ́РЫЯ,
гістарычная вобласць Кітая, якая займала тэр. сучасных прав. Хэйлунцзян, Гірын, Ляанін і ч.аўт. раёна Унутр. Манголія. Сучасная назва Дунбэй (кіт. «Паўн. Усход»), У розныя часы паўд. М. ўваходзіла ў склад кіт. імперый Цынь, Хань, Мін. У 4 ст. н.з. плямёны сяньбі стварылі на тэр. М. дзяржаву, якая ўключала і тэр.Паўн. Кітая. У 8 ст. на У М. ўзнікла дзяржава Бахай, якую ў пач. 10 ст. заваявалі кідані. У пач. 12 ст. на тэр.паўн. М. склалася дзяржава чжурчжэняў — імперыя Цзінь, якая ў сярэдзіне 12 ст. захапіла паўн. Кітай. Яна была знішчана манголамі ў сярэдзіне 13 ст. У канцы 16 ст. ўзвысілася племянная група чжурчжэняў — маньчжуры на чале з Нурхацы [1575—1626], які абвясціў сябе ў 1616 ханам. Яго пераемнік Абахай [1626—43] прыняў тытул імператара дынастыі Цын. У 1644—83 маньчжуры ўсталявалі сваю ўладу над усім Кітаем. З канца 19 ст. М. інтэнсіўна засяляецца кітайцамі. У 1896 пачалося будаўніцтва Кіт.ўсх. чыгункі. На тэр. М. адбыліся асн. бітвы япона-кітайскай вайны 1894—95 і руска-японскай вайны 1904—05. Пасля Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 М. пад кантролем войск ген. Чжан Цзаліня. У 1931 акупіравана японцамі, якія стварылі ў М. марыянетачную дзяржаву Маньчжоў-го. У жн. 1945 М. вызвалена сав. войскамі. З 1946 у складзе Кітая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАНЕ́ВІЧ Іван Лук’янавіч (13.11.1891, в. Руднікі Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 24.4.1953),
бел. і рускі публіцыст, выдавец, філосаф, гісторык, пісьменнік, грамадскі і спарт. дзеяч. Сын Л.М.Саланевіча. Скончыў Петраградскі ун-т (1916). З 1909 працаваў у газ. бацькі «Белорусская жизнь» (Вільня), з 1912 — у газ. «Новое время» (Пецярбург). Віцэ-чэмпіён Расіі па гіравым спорце, арганізатар спарт. т-ваў «Сокал» у Гродне і Віцебску (1908—10). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 удзельнік грамадз. вайны на баку белых. З 1926 у Маскве. У 1933 за спробу ўцячы з СССР зняволены і накіраваны на буд-ваБеламорска-Балтыйскага канала. У жн. 1934 з сынам уцёк з лагера і прабраўся ў Фінляндыю. Потым у Балгарыі, дзе напісаў кнігу «Расія ў канцлагеры» (1936), выдаваў газ. «Голос России» (1936—38), якая стала цэнтрам рас. правапатрыят. эміграцыі, распаўсюджвалася ў 52 краінах, у т. л. даходзіла да Зах. Беларусі. Прапагандаваў ідэю «нацыянальнай праваслаўнай манархіі». Пасля забароны газеты балг. ўладамі (1938) пераехаў у Германію, знаходзіўся пад наглядам гестапа. З 1948 у Аргенціне. Заснаваная ім у Буэнас-Айрэсе газ. «Наша страна» стала цэнтрам народна-манархічнага руху, які меў на мэце ўвядзенне ў Расіі ладу нар. манархіі. Асн.філас.-паліталагічная праца «Народная манархія» (у першай рэд. «Белая імперыя», 1952).