СУН,

дынастыя і імперыя ў Кітаі ў 10—13 ст. Заснавальнік С., палкаводзец Чжао Куанінь захапіў у 960 уладу і абвясціў сябе імператарам Тайцзу [960—976], чым скончыў перыяд смут пасля падзення дынастыі Тан. Яго пераемнік Тайцзун [976—997] канчаткова аб’яднаў Кітай пад уладай С.; спыненне міжусобіц спрыяла хуткаму эканам. ўздыму краіны, росквіту кіт. сярэдневяковай культуры. Развівалася філасофія ў выглядзе неаканфуцыянства Чжу Сі. Але імператары цярпелі няўдачы ў барацьбе з паўн. качэўнікамі — кіданямі, тангутамі (гл. Сі-Ся), з-за чаго вымушаны былі плаціць ім даніну. Хуткі рост насельніцтва і недахоп ворных зямель прывялі ў канцы 11 ст. да росту сац. напружанасці. З мэтай яе памяншэння першы міністр Ван Аньшы правёў у 1069—85 шэраг рэформ, якія ўладкавалі сістэму падаткаў і землекарыстання; прыняты захады па асваенні свабодных зямель на Пд. У пач. 12 ст. на Пн Кітая ўварваліся чжурчжэні, якія ў 1127 захапілі сталіцу імперыі г. Бянь (цяпер Кайфын). Сунскі прынц Гаоцзу [1127—62] аднавіў імперыю С., якая ахоплівала толькі Паўд. Кітай. Паводле дагавора 1141, С. прызнала сябе васалам дзяржавы чжурчжэняў — імперыі Цзінь. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў С. вяла барацьбу супраць манголаў (гл. Мангольскія заваяванні), якія ў 1279 знішчылі імперыю.

т. 15, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)