САГА́Н (Sagan) Франсуаза (н. 21.6.1935, г. Кажарк, Францыя),
французская пісьменніца. Вучылася ў Сарбоне. Зведала ўплыў М.Пруста, А.Жыда. Тыповы персанаж раманаў «Дзень добры, смутак» (1954, экранізаваны ў 1957), «Ці любіце вы Брамса?» (1959, экранізаваны ў 1961), «Крыху сонца ў халоднай вадзе» (1969), «Сінякі на душы» (1972), «Згублены профіль» (1974), «Надакучыла трываць» (1985), «Рыбіна кроў» (1987), «Павадок» (1989) і інш. — жанчына ў пошуках кахання, паразумення і шчасця. Яе творы адметныя аўтабіяграфічнасцю, паглыбленасцю ў душэўна-духоўны свет гераіні, драматызмам сітуацый, лірызмам. Аўтар шэрагу п’ес, у т. л. «Скрыпкі часам...» (1962), «Бэзавая сукенка Валянціны» (1963), «Піяніна ў траве» (1966), зб. навел «Аксамітавыя вочы» (1975), шматлікіх эсэ, кніг успамінаў. На бел. мову асобныя яе навелы пераклаў Л.Казыра. У Брэсцкім т-ры драмы і музыкі пастаўлена п’еса «Калі конь траціць прытомнасць» (1993).
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Французская навела XX ст.Мн., 1992;
Рус.пер. — Избр. произв.Т. 1—4. М., 1992—93;
Ангел-хранитель: Романы, эссе. М., 1999;
Приблуда. М., 1999.
Літ.:
Уваров Ю.П. Современный французский роман, 60—80-е гг.М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНТАЯ́НА (Santayana) Джордж (16.12.1863, Мадрыд — 26.9.1952),
амерыканскі філосаф, пісьменнік, прадстаўнік крытычнага рэалізму ў філасофіі. Праф. Гарвардскага ун-та (1907—12). Філас. погляды С. спалучаюць рысы ідэалізму і матэрыялізму. Стваральнік канцэпцыі метафізічнай сістэмы быцця, якое разглядаў як сукупнасць 4 царстваў: матэрыі, сутнасці, ісціны і духа. У трактоўцы сутнасці рэчаў набліжаўся да платанізму. прызнаваў аб’ектыўнае існаванне матэрыяльнага свету, але даступнай пазнанню лічыў выключна сутнасць. На думку С., абсалютная верагоднасць уласціва толькі феноменам свядомасці і духоўных утварэнняў, таму што яны надаюць быццю якасную акрэсленасць. Паводле С., пазнанне не адлюстроўвае рэчаіснасці; веды аб знешнім свеце адрозніваюцца суб’ектыўным, сімвалічным характарам, а найвышэйшай формай светаразумення з’яўляецца міф. У этыцы падтрымліваў канцэпцыю эскапізму, паводле якой шляхам да шчасця з’яўляецца вызваленне духу ад плоці, свету і пазнання. У сац. тэорыі прытрымліваўся прынцыпу біялагізму: развіццё грамадства звязваў з імкненнем да самазахавання. Для паліт. поглядаў С. характэрны крытыка дэмакратыі і падтрымка ідэі панавання «эліты». Аўтар прац «Жыццё розуму» (т. 1—5, 1905—06), «Царствы быцця» (т. 1—4, 1927—40), рамана «Апошні пурытанін» (1935) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙФУ́ЛІН Сакен (Садвакас; 12.6.1894, качавы аул у Джэзказганскай вобл., Казахстан — 25.2.1939),
казахскі пісьменнік, грамадскі дзеяч; пачынальнік новай каз. л-ры. Скончыў Омскую настаўніцкую семінарыю (1916). Настаўнічаў, у 1925—37 працаваў у перыяд. друку. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна. Друкаваўся з 1910. Асн. ў яго творчасці — тэма рэвалюцыі і буд-ва новага жыцця (паэт.зб-кі «Неўтаймаваны конь», 1922; «Домбра», 1924; «Экспрэс», 1926; «На хвалях жыцця», 1928; п’есы «Шлях да шчасця», нап. 1917; «Чырвоныя сокалы», нап. 1920). Лепшыя традыцыі нар. паэзіі развіваў у паэмах «Разлучаныя лебедзі» (1925), «Саветстан» (1926), «Какчэтаў» (1929), «Альбатрос» (1933). Аўтар гісторыка-мемуарнага рамана «Цяжкі шлях, нялёгкі пераход» (1927), аповесцей «Айша» (1922, перапрацавана ў 1935), «Землякопы» (1928), «Здабыткі» (1935) і інш. На бел. мову яго асобныя апавяданні пераклаў П.Місько.
Тв.:
Рус.пер. — Тернистый путь. Алма-Ата, 1964;
Хамит в погоне за бандитом: Рассказы. Алма-Ата, 1971;
Стихотворения и поэмы. Л., 1973 (разам з І.Джансугуравым).
Літ.:
Какишев Т. Сакен Сейфуллин. М., 1972;
Кирабаев С. Сакен Сейфуллин: Критико-биогр. очерк. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́РАС Ніна Міхайлаўна (н. 15.5.1916, в. Заполле Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. паэтэса. У 1930—34 вучылася ў Навагрудскай бел. гімназіі. Скончыла бел. гімназію ў Вільні (1936), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1957). У 1942—44 сувязная лідскай спецгрупы партыз. брыгады імя Кірава і партыз. атрада імя Катоўскага брыгады імя Дзяржынскага Баранавіцкай вобл. Працавала ў лідскай раённай Таз. «Уперад» (1939—41, 1944—45), Дзярж. выд-ве Беларусі (1945—46), газ. «Піянер Беларусі» (1951—53). Друкуецца з 1936. Першы зб. вершаў «На ўсход ідучы...» (1940). У вершах Т. адчуванне прыгажосці роднага краю, лірызм, вера ў перамогу дабра над злом і інш.: зб-кі «Суніцы» (1946), «Вершы» (1952), «У тапаліную замець» (1976). Піша для дзяцей: зб-кі паэзіі «Казкі пра абавязкі» (1955), «Наш бор» (1968). На некат. яе вершы напісаны песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯНКО́ЎСКІ Алег Іванавіч (н. 23.2.1944, г. Джэзказган, Казахстан),
расійскі акцёр. Брат Р.І.Янкоўскага. Нар.арт.СССР (1991). Скончыў Саратаўскае тэатр. вучылішча (1965). З 1966 працаваў у Саратаўскім драм. т-ры, з 1973 у Маскоўскім т-ры «Ленком». Яго мастацтву ўласцівы стрыманасць выканаўчай манеры, палемічнасць трактовак роляў, сцэн. абаянне, вострая характарнасць. Сярод роляў: князь Мышкін («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Мялузаў («Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага), Трыгорын («Чайка» А.Чэхава), Мешэм («Шклянка вады» Э.Скрыба), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), Аркадзь Бурмін («Хлопец з нашага горада» К.Сіманава), Берынг («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага) і інш. З 1968 здымаецца ў кіно: «Шчыт і меч», «Служылі два таварышы» (абодва 1968), «Я, Францыск Скарына» (1970), «Люстра», «Зорка чароўнага шчасця» (абодва 1975), «Салодкая жанчына» (1977), «Звычайны цуд» (1978), «Той самы Мюнхгаўзен» (1979, абодва тэлефільмы), «Закаханы па ўласным жаданні» (1982, прэмія Усесаюзнага кінафестывалю 1983), «Палёты ў сне і наяве», «Настальгія» (абодва 1983), «Забіць дракона» (1989), «Царазабойца», «Сны аб Расіі» (абодва 1992), «Першае каханне» (1995) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1987. Дзярж. прэміі Расіі 1989, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РГМАН (Bergman) Інгмар (н. 14.7.1918, г. Упсала, Швецыя),
шведскі рэжысёр тэатра і кіно, сцэнарыст. З 1942 працаваў у тэатры, ставіў п’есы У.Шэкспіра, Г.Ібсена, А.Стрындберга, А.Чэхава, сучасных драматургаў. Сусв. вядомасць набыў у кіно. У фільмах 1940-х г. («Крызіс», «Дождж над нашым каханнем», «Карабель ідзе ў Індыю», «Партовы горад», «Турма») стварыў вобразы людзей са зламанымі лёсамі, якія дарэмна шукаюць шчасця і цяпла ў абыякавым да іх грамадстве. У творчасці 1950-х г. маральныя і філас. праблемы сэнсу жыцця, сутыкнення паміж верай і нявер’ем («Усмешкі летняй ночы», «Сёмая пячатка», «Сунічная паляна», «Ля вытокаў жыцця», «Твар»). У фільмах 1960-х г. тэма пакутаў і зла, якое пануе ў свеце, паўстае асабліва рэзка, з мноствам жорсткіх падрабязнасцяў («Крыніца», «Як у люстэрку», «Прычасць», «Маўчанне»), Сярод найб. вядомых фільмаў 1970—80-х г. «Дотык», «Восеньская саната», «Фанні і Аляксандр». Многія фільмы Бергмана адзначаны на міжнар. кінафестывалях (у т. л. 3 прэміямі «Оскар»). Здымаў таксама дакумент. і тэлефільмы. Аўтар сцэнарыяў большасці сваіх стужак.
Літ.:
Бергман о Бергмане: Ингмар Бергман в театре и кино: Пер. с англ. и швед.М., 1985;
Bergom-Larsson M. Ingmar Bergman och den borgerliga ideologin. Stockholm, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЕ́УСКІ Уладзімір Федасеевіч (8.4.1795, с. Хварасцянка Чарамісінаўскага р-на Курскай вобл., Расія — 20.7.1872),
рускі паэт, публіцыст; дзекабрыст. Адукацыю атрымаў у Маскоўскім універсітэцкім пансіёне, у 2-м кадэцкім корпусе ў Пецярбургу. Удзельнік вайны 1812, замежных паходаў рус. арміі. Чл. «Саюза дабрабыту», кіраўнік яго кішынёўскай групы. У 1822 арыштаваны, зняволены ў Ціраспальскай крэпасці. З 1827 на пасяленні ў Іркуцкай губ. Першыя вершы напісаў у гады вайны 1812. Значнае месца ў творах займае грамадз. тэма (пасланні «Голас праўды», 1814?; «Шлях да шчасця», 1819; «Пасланне Г.С.Баценькаву», сатыры «Смяюся і плачу», «Сатыра на норавы», усе 1816—22; «Элегія I», «Элегія II», 2-я пал. 1810-х г.). Пісаў артыкулы-адозвы, у якіх асуджаў прыгоннае права («Пра рабства сялян...», 1820; «Пра салдата», 1822). У зняволенні напісаў вершы «Спявак у цямніцы» і «Да сяброў у Кішынёў» (абодва 1822, распаўсюджваліся ў спісах), у якіх звяртаўся да А.Пушкіна (пасябраваў з ім у Кішынёве). Пушкін адрасаваў некалькі пасланняў Р. Аўтар успамінаў.
Тв.:
Полн. собр. стихотворений. М.; Л., 1967.
Літ.:
Колесников А.Г. В.Ф.Раевский: полит. и лит. деятельность. Ростов н/Д, 1977;
В.Ф.Раевский: Материалы о жизни и рев. деятельности. Т. 1—2. Иркутск, 1980—83.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́КСЭ (Sakse) Ганна (16.1.1905, хутар Лаўзас Гулбенскага р-на, Латвія — 2.3.1981),
латышская пісьменніца. Засл. дз. культуры Латвіі (1946). Нар. пісьменніца Латвіі (1965). Вучылася ў Латв. ун-це (Рыга, 1925—27). З 1934 у нелегальным Аб’яднанні рэв. пісьменнікаў, мастакоў і журналістаў. Друкавалася з 1927. Раман «Працоўнае племя» (1941) пра жыццё лат. вёскі з 1870-х г. да рэвалюцыі 1905—07. Раман «На гару» (кн. 1—2, 1948, Дзярж. прэмія СССР 1949) пра аднаўленне лат. вёскі пасля Вял.Айч. вайны і першыя крокі калектывізацыі, раман «Іскры сярод ночы» (ч. 1—2, 1951—57) пра жыццё інтэлігенцыі даваен. Латвіі. Аўтар зб-каў апавяданняў «Вяртанне да жыцця» (1945), «Рэзкі акорд» (1946), зб-каў казак «Каваль шчасця» (1960), «Кароль Пік» (1962), «Казкі пра кветкі» (1966), твораў для дзяцей, нарысаў. На бел. мову некат. творы С. пераклалі А.Васілевіч, У.Васілевіч, В.Рабкевіч.
Тв.:
Kopoti raksti. Sej. 1—6. Riga, 1962—65;
Бел.пер. — у кн.: Латышскія апавяданні. Мн., 1956;
У кн.: Сучасныя латышскія апавяданні. Мн., 1978;
У кн. Песня Даўгавы. Мн., 1986;
Рус.пер. — Трудовое племя. Искры в ночи. М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКСТ ЭМПІ́РЫК (Sextus Empiricus; каля 200—250),
старажытнагрэчаскі філосаф і ўрач, прадстаўнік скептыцызму. Вылучаў 3 віды філасофіі: дагматычную, акадэмічную і скептычную. Крытыкаваў дагматычную філасофію (логіка, фізіка, этыка), якая, на яго думку, прэтэндуе на валоданне абсалютнай ісцінай; зрабіў выснову пра неабходнасць адмаўлення ад догмаў. Акадэмічную філасофію (Аркесілай, Лакід, Тэлеклет, Карнеад і інш. прадстаўнікі Сярэдняй і Новай акадэміі) асуджаў за абсалютызацыю прынцыпу недаступнасці ісціны. У працах «Супраць вучоных» і «Піронавы асноўныя прынцыпы» на аснове фармальна-лагічнага закону крытыкаваў граматыку, рыторыку, геаметрыю, арыфметыку, астралогію, тэорыю музыкі, лагічнае, фіз. і этычнае вучэнні, рэліг. вераванні. На яго думку, мэтай скептычнай філасофіі з’яўляецца дасягненне спакою і асабістага шчасця шляхам устрымання ад меркаванняў. Лічыў, што скептык нічога не сцвярджае і не адмаўляе, а «шукае» ісціну. У гнасеалогіі прытрымліваўся ідэі ўсеагульнай «цякучасці рэчаў» і адвечнага станаўлення. Адмаўляў мэтазгоднасць актыўнага ўдзелу ў паліт. жыцці грамадства; лічыў, што для дасягнення спакою неабходна падпарадкоўвацца абставінам, законам і звычаям. Сістэматызаваў спадчыну папярэдніх філосафаў-скептыкаў і інш.стараж.-грэч. філосафаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРАНКО́Ў Аляксей Яўлампавіч (21.1.1886, С.-Пецярбург — 27.9.1958),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1940). Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі (1911—14, клас А.Лядава і М.Сакалова). З 1918 у Гомелі, адзін з арганізатараў і педагог муз. школы, кіраўнік самадз. харавых гурткоў, артыст гарадскога сімф. аркестра, заг.муз. секцыі аддз.нар. асветы. З 1934 у Мінску. Адзін з заснавальнікаў масавай песні, хору і рамансаў у бел. музыцы. Асаблівае значэнне ў яго творчасці мае опера «Кветка шчасця» (лібрэта В.Барысевіч, П.Броўкі і П.Глебкі, паст. 1940), якая вылучаецца паэтычнасцю, лірызмам, сувяззю з нац.муз. фальклорам, дакладнасцю муз. характарыстык у абмалёўцы вобразаў, дасціпным нар. гумарам. Сярод інш. твораў: опера «Яснае світанне» (паст. 1958, у новай муз.рэд. Г.Вагнера 1963); балет для дзяцей «Лясная казка» (1952); для сімф.арк. «Беларуская сюіта» ў 4 ч., «Беларуская фантазія» (абедзве 1933), «Піянерская сюіта» (1955); кантата «Пушкіну» для салістаў, хору і сімф.арк., 2 стр. квартэты, «Рапсодыя» для стр. квартэта, фп. трыо, п’есы для фп. і розных інструментаў; хары, рамансы на вершы А.Пушкіна, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча; вак. трыо, дуэты; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў, апрацоўкі бел.нар. песень і інш.