ЯНКО́ЎСКІ Алег Іванавіч (н. 23.2.1944, г. Джэзказган, Казахстан),

расійскі акцёр. Брат Р.І.Янкоўскага. Нар. арт. СССР (1991). Скончыў Саратаўскае тэатр. вучылішча (1965). З 1966 працаваў у Саратаўскім драм. т-ры, з 1973 у Маскоўскім т-ры «Ленком». Яго мастацтву ўласцівы стрыманасць выканаўчай манеры, палемічнасць трактовак роляў, сцэн. абаянне, вострая характарнасць. Сярод роляў: князь Мышкін («Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага), Мялузаў («Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага), Трыгорын («Чайка» А.​Чэхава), Мешэм («Шклянка вады» Э.​Скрыба), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра), Аркадзь Бурмін («Хлопец з нашага горада» К.​Сіманава), Берынг («Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага) і інш. З 1968 здымаецца ў кіно: «Шчыт і меч», «Служылі два таварышы» (абодва 1968), «Я, Францыск Скарына» (1970), «Люстра», «Зорка чароўнага шчасця» (абодва 1975), «Салодкая жанчына» (1977), «Звычайны цуд» (1978), «Той самы Мюнхгаўзен» (1979, абодва тэлефільмы), «Закаханы па ўласным жаданні» (1982, прэмія Усесаюзнага кінафестывалю 1983), «Палёты ў сне і наяве», «Настальгія» (абодва 1983), «Забіць дракона» (1989), «Царазабойца», «Сны аб Расіі» (абодва 1992), «Першае каханне» (1995) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1987. Дзярж. прэміі Расіі 1989, 1996.

А.І.Янкоўскі.

т. 18, кн. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)