НЕЙТРЫ́НА (італьян. neutrino памяншальнае ад neutrone нейтрон),
незараджаная элементарная часціца з групы лептонаў. Мае спін 1/2 і масу, намнога меншую за масу электрона. Па стат. уласцівасцях адносіцца да ферміёнаў. Удзельнічае ў слабых і гравітацыйных узаемадзеяннях (гл.Узаемадзеянні элементарных часціц, з-за вельмі малой масы слаба ўзаемадзейнічае з рэчывам, характарызуецца вял. пранікальнай здольнасцю, напр., свабодна праходзіць праз Зямлю і Сонца.
Вядома 3 тыпы Н.: электроннае Н. νe, мюоннае Н. νµ, таоннае Н. ντ і адпаведныя ім антычасціцы , , (звесткі аб і ускосныя і магчыма, што
). Кожны з тыпаў Н. пры ўзаемадзеянні з інш. часціцамі можа пераўтварыцца ў адпаведны зараджаны лептон, а калі масы спакою Н. адрозныя ад 0 і лептонныя зарады не захоўваюцца, магчымы асцыляцыі Н. — пераўтварэнні аднаго тыпу Н. ў другі (прапанавана Б.М.Пантэкорва ў 1957). Існаванне электроннага Н. прадказана В.Паўлі (1930—33) на падставе законаў захавання энергіі і імпульсу ў рэакцыях β-распаду, эксперыментальна зарэгістравана амер. фізікамі Ф.Райнесам і К.Коўэнам ў 1953—56. Выпрамяняюцца Н. пры пераўтварэннях атамных ядраў (β-распадзе, захопе электронаў і мюонаў), распадах элементарных часціц і інш. Працэсы, якія вядуць да ўтварэння Н., адбываюцца ў рэчыве Зямлі і яе атмасферы за кошт касм. выпрамянення, у нетрах Сонца, зорак і інш. (гл.Нейтрынная астраномія, Нейтрынная астрафізіка). Штучна Н. атрымліваюць з дапамогай магутных ядз. выпрамяняльнікаў, ядз. рэактараў, паскаральнікаў зараджаных часціц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДААХО́ЎНЫЯ ЛЯСЫ́,
прыродныя або штучна створаныя забаронныя палосы і масівы лясоў, якія служаць для аховы вадаёмаў, вадацёкаў і інш. водных аб’ектаў ад неспрыяльных умоў навакольнага асяроддзя; адзін з відаў ахоўных лясоў. Уваходзяць у водаахоўную зону. Ахоўваюць берагі вадаёмаў ад разбурэння ветрам і патокамі вады з вадазбораў, а вадаёмы ад засмечвання, забруджвання і празмернага выпарэння вады, паляпшаюць мікраклімат і гідралагічны рэжым тэр. вадазбораў, падтрымліваюць высокую воднасць рэк, садзейнічаюць раўнамернаму паступленню вады ў крыніцы, павелічэнню запасаў падземных вод за кошт пераводу паверхневага сцёку ва ўнутрыглебавы, акумуляцыі алювію ў поймах, зніжэнню т-ры вады ў рэках, паляпшэнню ўмоў нерасту рыб і інш. Маюць таксама глебаахоўнае, рэкрэацыйнае, эстэтычнае, аздараўленчае, сан.-гігіенічнае і рыбагасп. значэнне.
На Беларусі водаахоўныя лясы ў выглядзе палос уздоўж рэк і вакол вадаёмаў маюць шыр. 1—6 км і займаюць агульную пл. 371,1 тыс.га (1996). Вылучаны ўздоўж Дняпра (шыр. палос 6 км на кожным беразе да ўпадзення р. Бярэзіна і 3 км ніжэй па яго цячэнні), Нёмана (4 км), Зах. Дзвіны, Бярэзіны, Сажа, Прыпяці, Віліі, Мухаўца, Піны, Дняпроўска-Бугскага і Белаазерскага каналаў (па 3 км), Друці (1,5 км), Свіслачы (1 км), вакол Браслаўскіх, Нарачанскіх і некаторых інш. азёр і вадасховішчаў аднесены да лясоў 1-й катэгорыі. Выдзяляюць таксама асабліва ахоўныя лясы, да якіх, у прыватнасці, належаць і берагаахоўныя ўчасткі лесу шыр. 300 м у межах забаронных палос і 100 м у інш. катэгорыях лясоў уздоўж рэк, каналаў, азёр, вадасховішчаў, а таксама ўчасткі лесу ў радыусе 100—200 м вакол крыніц і вытокаў малых рэк. Лесакарыстанне на гэтых участках рэгулюецца Палажэннем аб водаахоўных палосах (зонах) малых рэк Беларусі (1983) і інш. дырэктыўнымі ўказаннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ДЭН-ВЮ́РТЭМБЕРГ (Baden Wurttemberg),
зямля (адм. адзінка) на ПдЗФРГ. Пл. 35,7 тыс.км². 10,2 млн.чал. (1994). Адм. ц. — г.Штутгарт. Большая частка тэр. занята сярэднягор’ямі (Шварцвальд, выш. да 1493 м, часткова Одэнвальд), плато (Швабскі Альб); на Пн моцна ўзгорыстае ўзвышша; на З частка Верхнярэйнскай нізіны. Асн. рэкі Рэйн (на мяжы з Францыяй і Швейцарыяй) і Некар. Азёры Бодэнскае і Унтэр-Зе. Эканоміка мае ярка выражаны індустр. характар. Здабыча каменнай і калійнай соляў, жал., поліметал. і уранавых рудаў, нафты і газу, плавіковага шпату. ГЭС на горных рэках, АЭС у Обрыггайме. Развіты машынабудаванне, асабліва аўтамабільнае (Штутгарт, Мангейм), вытв-сць эл.-тэхн. вырабаў, станкоў і вагонаў, авіяракетная, электронная, хім.прам-сць, перапрацоўка нафты. Прадпрыемствы алюмініевай, тэкст., паліграф. прам-сці. У сельскай мясцовасці, асабліва ў Шварцвальдзе развіта рамесная вытв-сць ювелірных вырабаў, муз. інструментаў і інш. У пасевах пераважаюць збожжавыя, вырошчваюць цукр. буракі, бульбу, тытунь, хмель, кармавыя культуры. Развіта малочная жывёлагадоўля, асабліва на Пд і вакол вял. гарадоў. У далінах Рэйна і Некара, на ўзбярэжжы Бодэнскага воз. вінаробства. Праз Бадэн-Вюртэмберг праходзяць важныя трансеўрапейскія трубаправоды і шляхі зносін. Суднаходства па Рэйне, Некары і Бодэнскім возеры. Рачныя парты Мангейм, Гайльбран, Карлсруэ, Штутгарт. Гал.чыг. вузел і авіяпорт Штутгарт. Бальнеалагічныя курорты Бадэн-Бадэн, Бадэнвайлер і інш.
Спроба аб’яднаць у 1918—19 землі Бадэн, Вюртэмберг і прускую адм. акругу Гогенцолерн была няўдалая. У 1945—47 амер. і франц.акупац. ўлады штучна стварылі на гэтай тэрыторыі землі Вюртэмберг-Бадэн, Вюртэмберг-Гогенцолерн, якія ў 1949 сталі землямі ФРГ. У 1951 федэральны ўрад правёў рэферэндум, па выніках якога (у 2 землях 69,7% «за», у Бадэне 62,2% «супраць») у 1952 выбраны ландтаг і створаны агульны ўрад; аб’яднаная федэральная зямля атрымала назву Бадэн-Вюртэмберг. З 1953 дзейнічае канстытуцыя Бадэн-Вюртэмберга. У бадэнскай частцы рашэнне 1951 пра аб’яднанне канчаткова зацвердзіў рэферэндум 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКІ КАНГРЭ́С 1814—15,
міжнародны кангрэс, які завяршыў войны еўрапейскіх дзяржаў супраць напалеонаўскай Францыі. Праходзіў у вер. 1814 — чэрв. 1815 у Вене. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх еўрап. дзяржаў, акрамя Турцыі. Гал. роля належала Расіі, Англіі і Аўстрыі.
Кангрэс праходзіў у вострых супярэчнасцях, асабліва па пытаннях падзелу Польшчы і Саксоніі. 3.1.1815 Англія, Францыя і Аўстрыя падпісалі тайны дагавор супраць Расіі і Прусіі. Пад націскам гэтых краін Расія адмовілася ад часткі сваіх прэтэнзій на польск. тэрыторыю. Ёй была перададзена ўсх.ч. Варшаўскага герцагства, т.зв. Каралеўства Польскае. Зах. частка (Познань) засталася за Прусіяй, паўднёвая (Галіцыя) — за Аўстрыяй. Прусія атрымала толькі паўн.ч. Саксоніі, а таксама Рэйнскую правінцыю, Вестфалію, ч. Памор’я. Венскі кангрэс пазбавіў Францыю ўсіх яе заваёў. Уздоўж яе граніц быў створаны бар’ер з дзяржаў, здольных затрымаць новую агрэсію. Бельгія і Галандыя штучна аб’яднаны ў адзінае каралеўства Нідэрланды. Быў створаны Германскі саюз у складзе 39 герм. дзяржаў, герцагства Люксембург (належала каралю Нідэрландаў) і Гальштыніі (мела асабістую унію з Даніяй). З 19 швейц. кантонаў створана Швейц. канфедэрацыя, ёй аддалі важныя пагранічныя раёны. Англія пакінула сабе калоніі і марскія базы, захопленыя ў Галандыі і Францыі — Капскую калонію, а-вы Цэйлон і Мальта. Аўстрыя атрымала Тарнопальскую акругу, Ламбардыю і Венецыю. Данія, саюзніца Напалеона I, страціла Нарвегію, якую перадалі Швецыі. Італія засталася раздробленай і трапіла пад моцны ўплыў Аўстрыі.
Рашэнні Венскага кангрэсу былі накіраваны на аднаўленне і ўмацаванне феад. парадкаў у Еўропе, задавальненне тэр. прэтэнзій дзяржаў-пераможцаў, захаванне раздробленасці Германіі і Італіі. Венскі кангрэс стварыў т.зв. венскую сістэму, пры якой у Еўропе першынствавалі Англія і (да Крымскай вайны 1853—56) Расія. Для аховы ўстаноўленага Венскім кангрэсам міжнар. парадку ў вер. 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Вызначаныя Венскім кангрэсам граніцы ў Еўропе захоўваліся больш за 50 гадоў.
Літ.:
Дебидур А. Дипломатическая история Европы: Священный союз от Венского до Берлинского конгресса, 1814—1878: Пер. с фр.Т. 1. Ростов н/Д, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУТА́ЦЫІ (ад лац. mutatio змяненне, змена),
раптоўныя, натуральныя або выкліканыя штучна спадчынныя змены генетычнага матэрыялу, якія прыводзяць да змены прыкмет арганізма. Уласцівы ўсім формам жыцця. Бываюць прамыя (іх праяўленне прыводзіць да адхілення прыкмет дзікага тыпу) і зваротныя (поўнасцю або часткова аднаўляецца дзікі тып); генератыўныя (адбываюцца ў палавых клетках і перадаюцца наступным пакаленням), саматычныя (адбываюцца ў інш. клетках арганізма і перадаюцца ў спадчыну пры вегетатыўным размнажэнні), ядзерныя (закранаюць храмасомы ядра), цытаплазматычныя (закранаюць генет. матэрыял у арганоідах клеткі — мітахондрыях, пластыдах і інш.). У залежнасці ад характару змен у генет. матэрыяле адрозніваюць М.: кропкавыя, інсерцыі, храмасомныя перабудовы (аберацыі) і М. са зменай колькасці храмасом. Кропкавыя М. — устаўкі ці выпадзенні і змены пары нуклеатыдаў ДНК (або нуклеатыду РНК); яны зменьваюць функцыю некат. генаў. Інсерцыі — устаўкі малекул ДНК у ген, прыводзяць да яго інактывацыі або да моцнага палярнага эфекту. Храмасомныя перабудовы ўзнікаюць у выніку рэкамбінацыі негамалагічных участкаў генет. матэрыялу. Змены колькасці храмасом у клетках арганізма бываюць кратныя (поліплаідыя, гаплаідыя) і не кратныя гаплоіднаму набору (анеўплаідыя). Часта М. таксама падзяляюць на генныя (усе кропкавыя М.), храмасомныя і геномныя (змена колькасці храмасом). У залежнасці ад фенатыпічных праяўленняў адрозніваюць М. марфал., біяхім., лятальныя, дамінантныя, рэцэсіўныя і інш. Індуцыраваныя М. ўзнікаюць ад выкліканага ўздзеяннем мутагенаў парушэння нармальных працэсаў рэдуплікацыі, рэкамбінацыі, рэпарацыі або разыходжання носьбітаў генет. інфармацыі. Спантанныя М. ўзнікаюць як памылкі пры ўзнаўленні генет. матэрыялу (рэдуплікацыя не адбываецца з абс. дакладнасцю, а працэсы рэпарацыі не бываюць абс. эфектыўныя). Іх частата генетычна абумоўлена ў кожнага віду і падтрымліваецца на аптымальным узроўні. Большасць М. шкодныя — мутантны ген можа выклікаць спадчыннае захворванне, выродлівасць або гібель арганізма, што развіваецца. Генныя М., якія паляпшаюць уласцівасці, узнікаюць рэдка. Яны Даюць матэрыял Для натуральнага і штучнага адбору і з’яўляюцца неабходнай умовай эвалюцыі ў прыродзе і селекцыі карысных форм раслін, жывёл і мікраарганізмаў.
Літ.:
Щербаков В.К. Мутации в эволюции и селекции растений. М., 1982;
Бочков Н.П., Чеботарев А.Н. Наследственность человека и мутагены внешней среды. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРА́ЦЫЯ ХІРУРГІ́ЧНАЯ,
асноўны метад лячэння хірургічных хвароб, пры якім паталагічныя ачагі ліквідуюцца, лакалізуюцца або даследуюцца з дапамогай спец.хірургічных інструментаў. Можа суправаджацца нанясеннем ран, значнымі аб’ёмамі рассячэння тканак з крывацёкам, які спыняюць штучна (пры рэзекцыі страўніка ці кішэчніка, аперацыях на лёгкіх, сэрцы і інш. унутраных органах), або ашчадным унутраным умяшаннем і нязначнымі кровастратамі (пры біяпсіі, мікрахірургіі, лазерным лячэнні, упраўленні вывіхаў суставаў, састаўленні касцявых абломкаў і інш.). Аперацыя хірургічная з нанясеннем раны і рассячэннем тканак бываюць: радыкальныя, калі паталаг. ачаг (язва, пухліна, орган) выдаляецца поўнасцю або часткова; паліятыўныя, якія аблягчаюць стан хворага; дыягнастычныя — для высвятлення прычыны захворвання, калі яе нельга ўстанавіць дакладна інш. метадамі. Памяншэнне страт крыві пры аперацыі хірургічнай дасягаецца перавязкай (лігіраваннем) рассечаных сасудаў або каагуляваннем з дапамогай электранажоў, лазерных, плазмавых скальпеляў і інш. Характар паталогіі вызначае мэту аперацыі хірургічнай: ускрыццё паталаг. ачага (гнайнікоў, абсцэсаў), частковае (рэзекцыя) або поўнае (экстырпацыя) выдаленне пухлін і пашкоджаных тканак, частковую або поўную ампутацыю органаў (напр., канечнасцяў), трансплантацыю органаў і тканак, аднаўленне іх функцый (пластычныя аперацыі, касметычныя аперацыі). Раны пры аперацыі хірургічнай, як правіла, зашываюць, склейваюць, радзей пакідаюць адкрытымі. Сучасная хірургія скіравана на распрацоўку найб. ашчаджальных для арганізма аперацый хірургічных на аснове выкарыстання найноўшых тэхн. дасягненняў. Да іх належаць аперацыі хірургічныя эндаскапічныя, тэлеэндаскапічныя, мікрахірургічныя.
Эндаскапічныя аперацыі робяць з выкарыстаннем спец. валаконнай тэхнікі (эндаскопаў), што дазваляе бачыць «на вока» структуры стрававальнага тракту, поласцевыя ўтварэнні. Некаторыя маюць прыстасаванні для выдалення паліпаў страўніка, кішэчніка, камянёў з мачавога пузыра і жоўцевывадных пратокаў, каб узяць кавалачак тканкі на мікраскапічнае даследаванне. Аперацыі тэлеэндаскапічныя базіруюцца на эндаскапічнай тэхніцы, дзе адлюстраванне выводзіцца на тэлеэкран, што дазваляе бачыць орган у 10—20 разоў павялічаны. Тэлевізійная камера праз праколы ў тканках уводзіцца ў орган. Пад яе кантролем уводзяць хірург. інструменты. Мікрахірургічныя аперацыі праводзяцца пад кантролем спец. двух-, трохакулярных аперацыйных мікраскопаў на дробных сасудах, пры рэплантацыі канечнасцяў, іх сегментаў, самых складаных аперацыях у хірургіі вока, перасадцы складаных скурна-падскурна-мышачных ласкутоў у пластычнай хірургіі пры лячэнні дэфектаў тканкі, астэаміэліту, пры стварэнні органаў (лячэнне транссексуалізму) і інш. Аперацыі пад кантролем тэлевізійных камп’ютэраў робяць на дробных структурах (жоўцевывадных шляхах, матачных трубах і інш. органах), якія ў павялічаным выглядзе перадаюцца на тэлевізійную ўстаноўку. На Беларусі такі метад выкарысталі І.М.Грышын і В.М.Стасевіч (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭ́ЛІў біялогіі,
структуры, з’явы, працэсы, якія ствараюцца і выкарыстоўваюцца для мадэліравання біял. утварэнняў, функцый і працэсаў на розных узроўнях арганізацыі жывога: ад малекулярнага да папуляцыйна-біяцэнатычнага. Ствараюцца таксама М. біял. феноменаў, умоў жыццядзейнасці арганізмаў, папуляцый і экасістэм. М. спрашчаюць біял. з’явы і працэсы, але іх стварэнне і выкарыстанне мае вял. значэнне ў развіцці тэарэт. біялогіі, біёнікі, медыцыны і інш. Адрозніваюць М біял.. матэм (логіка-матэм., імітацыйныя) і фізіка-хімічныя.
М. біялагічныя ўзнаўляюць на лабараторных жывёлах пэўныя станы або захворванні, якія сустракаюцца ў чалавека ці жывёл, што дае магчымасць вывучаць у эксперыменце механізмы ўзнікнення, працякання і зыходу стану або хваробы, уздзейнічаць на арганізмы (напр., штучна выкліканыя генет. парушэнні, інфекц. працэсы, інтаксікацыі, злаякасныя новаўтварэнні, гіпер- або гіпафункцыі некат. органаў, неўрозы і інш.). Выкарыстоўваюцца ў генетыцы, фізіялогіі, фармакалогіі. М. матэматычныя — матэм. і логіка-матэм. апісанні структуры, сувязей і заканамернасцей функцыянавання жывых сістэм, якія ўяўляюць сабой ураўненні, што апісваюць працэс ці з’яву. Пры іх стварэнні ў асн. выкарыстоўваюць метады матэм. статыстыкі. сістэмы дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненняў. Яны будуюцца па выніках эксперыменту або абстрактна, фармалізавана апісваюць гіпотэзу, тэорыю ці заканамернасць біял. феномена, што патрабуе далейшай праверкі эксперыментам (прыклад матэм. М. — фізіял. з’явы — М. узбуджэння нерв. валакна). М. імітацыйныя — логіка-матэм. прадстаўленні сістэм, якія запраграмаваны для рашэння з выкарыстаннем камп’ютэрных тэхналогій. Такія М. выкарыстоўваюць для мадэліравання ўмоўных рэфлексаў, распазнавання вобразаў, працэсаў навучання. М. фізіка-хімічныя ўзнаўляюць фіз. або хім. сродкамі біял. структуры, функцыі або працэсы і з’яўляюцца далёкім падабенствам біял. з’явы, што мадэліруецца. Больш складаныя М. будуюцца на прынцыпах электратэхнікі і электронікі, напр., электронныя схемы, якія мадэліруюць біяэл. патэнцыялы ў нерв. клетцы, мех. машыны з электронным кіраваннем, што мадэліруюць складаныя акты паводзін (утварэнне ўмоўнага рэфлексу, працэсы цэнтр. тармажэння і інш.). М. фіз.-хім. умоў існавання жывых арганізмаў або іх органаў ці клетак імітуюць унутр. асяроддзе арганізма і падтрымліваюць існаванне ізаляваных органаў або клетак, культывуемых па-за арганізмам. М. біялагічных мембран дазваляюць вы вучаць фіз.-хім. асновы працэсаў транспарту іонаў і ўздзеянне на іх розных фактараў.
Літ.:
Процессы и структуры в открытых системах: Сб. науч. тр.М., 1992;
Биомоделирование. М., 1993;
Матус П.П., Рычагов Г.П. Математическое моделирование в биологии и медицине: (Аннотац. справ.). Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́КА АСТРАВЫ́ (Cook Islands). У цэнтральнай ч. Ціхага ак., у Палінезіі; аўт. дзяржава ў свабоднай асацыяцыі з Новай Зеландыяй. Пл. 240,1 км². Нас. 19,8 тыс.чал. (1997); мясц. жыхары — пераважна палінезійцы а-воў Кука. Каля 27 тыс.мясц. жыхароў жыве ў Новай Зеландыі. Сярэдняя шчыльн. 82,5 чал. на 1 км². Больш за палавіну насельніцтва сканцэнтравана на в-ве Раратонга (пл. 67 км²), там жа адм. ц. і порт Аваруа (каля 1,5 тыс.ж.). Афіц. мова — англійская, шырока выкарыстоўваецца мясц. мова. Большасць вернікаў — пратэстанты-кангрэгацыяністы (75%), ёсць католікі (10%) і інш.Нац. свята — Дзень канстытуцыі (4 жн.). У склад К.а. уваходзяць 15 астравоў, адлегласць з Пн на Пд каля 1 тыс.км, з 3 на У каля 800 км. Падзяляюцца на 2 групы: Паўднёвую (8 астравоў, пл. 212,1 км², у асноўным вулканічнага паходжання, выш. да 652 м — г. Тэ-Манга на в-ве Раратонга), Паўночную (7 каралавых атолаў, пл. 28 км²). Клімат трапічны пасатны. На паўд. астравах цёплая зіма (чэрв.—жн., сярэдняя т-ра каля 22 °C) і гарачае лета (каля 26 °C), на Пн сезонныя адрозненні невялікія. Сярэднегадавая колькасць ападкаў каля 2000 мм. У ліст.—крас. сезон ураганаў. Рэчкі і ручаі ёсць толькі на вулканічных астравах, там жа на схілах гор лясы з пальмаў, фікусаў і інш. раслін. На атолах расліннасць бедная. Вырошчваюць какосавую пальму, тара, бананы, маніёк, жыхары паўд. астравоў — батат, фасолю, кукурузу, апельсіны, ананасы, памідоры. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства, здабыча штучна вырашчанага жэмчугу, перламутру, чарапахавых панцыраў. 2 швейныя ф-кі, піваварны з-д, прадпрыемствы па перапрацоўцы садавіны і рыбы. Найб. важная галіна эканомікі — замежны турызм. З абслугоўваннем турыстаў (пераважна з Новай Зеландыі і Аўстраліі) звязана большасць працоўных. Дадатковы даход краіне прыносіць рэалізацыя мясц. паштовых марак. Транспарт пераважна марскі. Аэрадромы на а-вах Раратонга і Аітутакі, якія з’яўляюцца цэнтрамі турызму. Экспартуюць копру і трапічныя фрукты. Гандл. сувязі ў асноўным з Новай Зеландыяй. Дэфіцыт знешнегандл. балансу і бюджэту пакрываецца субсідыямі Новай Зеландыі. Грашовая адзінка — новазеландскі долар.
Заселены палінезійцамі ў 1-м тыс.н.э. У 1773 адкрыты брыт. мараплаўцам Дж.Кукам (адсюль назва). У 1821 тут замацаваліся еўрап. місіянеры хрысціянства. У 1888 абвешчаны брыг. пратэктаратам, у 1891 перададзены пад кантроль Новай Зеландыі, з 1915 яе калонія. У 1915 створаны Заканад. савет. У 1957 ён пераўтвораны ў Заканад. асамблею, пры якой існуе палата арыкі (правадыроў) з дарадчымі функцыямі. Паводле канстытуцыі 1965 жыхары К.а., застаючыся грамадзянамі Новай Зеландыі, маюць аўтаномію ва ўнутр. справах. Новая Зеландыя захавала кантроль за знешняй палітыкай і абаронай К.а.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ОСТ», генеральны план «Ост», кодавая назва праграмы ням фаш. захопнікаў па каланізацыі і германізацыі Усх. Еўропы. Распрацаваны гал. упраўленнем імперскай дзярж. бяспекі. 1-ы варыянт датычыў у асн.тэр. Польшчы. Пасля нападу на СССР былі распрацаваны асн. фундаментальныя палажэнні і прынцыпы каланізацыі акупіраваных тэрыторый. Адзін з яго варыянтаў знойдзены ў 1970-я г. пры інвентарызацыі ням.ваен. дакументаў у нац. архіве ЗША. Першапачаткова намячалася «высяленне» 31 млн.чал., потым зроблена ўдакладненне — 46—51 млн.чал., у т. л. 75% беларусаў. Прадугледжвалася з Польшчы, зах. раёнаў СССР за 25—30 пасляваенных гадоў перасяленне ў Зах. Сібір, на Паўн. Каўказ, у Паўд. Амерыку каля 31 млн. славян, а таксама значнай часткі насельніцтва Прыбалтыкі. Каланізацыі і амаль поўнай германізацыі падлягалі Беларусь, Літва, Латвія, Эстонія, Інгерманландыя (Ленінградская і Пскоўская вобл.), Готэнгаў (Крым і Херсонская вобл.). У адносінах да славянскага насельніцтва меркавалася знішчыць інтэлігенцыю (носьбіта культуры народа); стэрылізацыяй і інш. спосабамі штучна паменшыць нараджальнасць, агульнаадук. ўзровень народа звесці да ўмення чытаць і лічыць. Планавалася стварыць 4 рэйхскамісарыяты: «Балтэнланд» («Остланд»), «Украіна», «Каўказ» і «Расія» («Масковія»). Масква падлягала зруйнаванню (разам з насельніцтвам), Ленінград пераймяноўваўся ў г. Адольфсбург. «Кіраваць» захопленай тэр., паводле плана ням.ген. штаба, прызначаліся 56 дывізій. Для рэалізацыі плана «О.» меркавалася стварыць 36 пасяленскіх апорных пунктаў, з іх 14 на Беларусі і ў Прыбалтыцы. У Мінску планавалася пасяліць 50 тыс. немцаў і часова пакінуць у якасці рабочай сілы 100 тыс.мясц. жыхароў, у Гомелі адпаведна 30 тыс. і 50 тыс., у Магілёве — 20 тыс. і 50 тыс., Віцебску — 20 тыс. і 40 тыс., Полацку — 10 тыс. і 20 тыс., Гродне — 10 тыс. і 20 тыс., Баранавічах — 10 тыс. і 20 тыс., Барысаве і Навагрудку па 5 тыс. і 15 тыс.і г.д. Усяго ў 20 гарадах Беларусі прадугледжвалася пасяліць больш за 200 тыс. каланістаў. У Мінску планавалася буд-ва казарм для эсэсаўцаў, будынкаў ваен. кіраўніцтва, жандармерыі і інш. карных органаў, турмы, крэматорыя з пляцоўкай для расстрэлаў і спец. пад’язнымі пуцямі. У час акупацыі праводзілася масавае знішчэнне населеных пунктаў разам з жыхарамі. На Беларусі з 9200 вёсак, спаленых гітлераўцамі, больш за 5290 знішчаны разам з усімі або значнай часткай жыхароў. За гады акупацыі фашысты загубілі на Беларусі больш за 2,2 млн. грамадзян, каля 380 тыс. вывезлі ў Германію. Актыўны падп. і партыз. рух, разгром фаш. Германіі перашкодзілі захопнікам ажыццявіць план «О.». Гл. таксама Генацыд, Карныя аперацыі, Лагеры смерці.
Літ.:
Преступные цели — преступные средства: [Сб. док.]. 3 изд. М., 1985;
Безыменский Л.А. Генеральный план «Ост»;
замысел, цели, результаты // Вопр. истории. 1978. № 5;
Яго ж. Разгаданные загадки третьего рейха, 1933—1941. [Ч. 1—21. 2 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНУМЕНТА́ЛЬНАЯ СКУЛЬПТУ́РА,
від скульптуры, прызначаны для ўвекавечання значных. гіст. падзей або асоб. Звычайна ўвасабляе ідэі вял. грамадскай значнасці. Да М.с. адносяцца выявы ідалаў, помнікі, манументы, стэлы, памятныя статуі, бюсты, рэльефы і інш. У адрозненне ад манументальна-дэкаратыўнай скульптуры мае адносна самаст.маст. вобраз у структуры ансамбля, часткай якога з’яўляецца. Вызначаецца вял. памерамі, маштабнасцю, абагульненасцю пластыкі, героіка-эпічным ладам, з’яўляецца арганізуючым элементам арх. або прыроднага асяроддзя. Творы, разлічаныя на ўспрыняцце з вял. адлегласці і доўгачасовае існаванне, ставяцца пераважна на адкрытых прасторах (часта на натуральных узвышшах ці штучна створаных насыпах і курганах) і ствараюцца з трывалых матэрыялаў (мармур, граніт, бронза, медзь, сталь і інш.).
Вядома са старажытнасці ў многіх народаў. Праслаўляла багоў, уладароў і інш. (статуі фараонаў, сфінксы ў Стараж. Егіпце, багоў, герояў і атлетаў у Стараж. Грэцыі і Рыме і інш). Развівалася ў эпоху сярэдневякоўя, найб. росквіту дасягнула ў мастацтве Адраджэння (статуя «Давід» у Фларэнцыі, 1501—04, скульпт. Мікеланджэла, і інш.). У эпоху барока стылістыка твораў адышла ад героіка-эпічнай манументальнасці і набыла рысы дэкар. скульптуры. З канца 18 ст. развіццё М.с. звязана пераважна са сцвярджэннем пафасу дзяржаўнасці і асветніцкіх грамадскіх ідэалаў: помнікі Пятру I у С.-Пецярбургу (1766—78, скульпт. Э.Фальканэ), К.Мініну і Дз.Пажарскаму ў Маскве (1804—18, скульпт. І.Мартас), «Грамадзяне Кале» ў г. Кале (Францыя; 1884—86) і А. дэ Бальзаку ў Парыжы (1893—97, абодва скульпт. А.Радэн), «Рабочы і калгасніца» (1937, скульпт. В.Мухіна) і інш. У 20 ст. М.с. таксама шырока выкарыстоўваецца пры стварэнні мемар. ансамбляў, звязаных з драм. падзеямі: скульптуры Ф.Крэмера ў Бухенвальдзе (1952—58), Я.Вучэціча на Мамаевым кургане (Валгаград, 1963—67) і інш.
На Беларусі вытокі М.с. ў выявах язычніцкіх ідалаў (Шклоўскі ідал і інш.). Да 20 ст.вял. пашырэння не атрымала. У 1920—30-я г. развівалася ў рэчышчы плана манум. прапаганды і мела пераважна часовы характар. З 1950-х г. пашырыліся помнікі і мемар. комплексы, якія ўвекавечваюць памяць герояў Вял.Айч. вайны: помнікі В.І.Талашу ў г. Петрыкаў Гомельскай вобл., С.Грыцаўцу ў Мінску (абодва 1951, скульпт. З.Азгур), К.Заслонаву ў г. Орша Віцебскай вобл. (1955), М.Казею ў Мінску (1959, абодва скульпт. С.Селіханаў), экіпажу самалёта М.Гастэлы каля г.п. Радашковічы Мінскага р-на (1964—75, скульпт. А.Анікейчык, арх. В.Занковіч, Л.Левін), А.Гараўцу ў Віцебску (1995, скульпт. А.Арцімовіч, М.Інькоў, М.Канцавы, арх. В.Рыбакоў) і інш. Важнае месца М.с. займае ў мемар. комплексах Брэсцкая крэпасць-герой, Манумент у гонар маці-патрыёткі ў г. Жодзіна, Мемарыял воінскай славы на Лудчыцкай вышыні (Быхаўскі р-н Магілёўскай вобл.), «Праклён фашызму» (Докшыцкі р-н Віцебскай вобл.), «Мінск — горад-герой» у Мінску, Хатынь (Мінскі р-н) і інш. Пастаўлены помнікі выдатным дзеячам нац. гісторыі і культуры: Я.Купалу (скульпт. Анікейчык, А.Заспіцкі, Л.Гумілеўскі, арх. Ю.Градаў, М.Левін). Я.Коласу (скульпт. З.Азгур, арх. Градаў, Левін, абодва 1972), М.Багдановічу (1982, скульпт. С.Вакар, арх. Л.Маскалевіч) у Мінску, Ф.Скарыне ў г. Полацк Віцебскай вобл. (1974, скульпт. А.Глебаў, І.Глебаў, арх. В.Марокін), С.Буднаму ў г. Нясвіж Мінскай вобл. (скульпт. С.Гарбунова), Я.Купалу ў в. Ляўкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл. (скульпт. Анікейчык, абодва 1982), Кірылу Тураўскаму ў г. Тураў Гомельскай вобл. (1992, скульпт. Інькоў), Рагнедзе і Ізяславу ў г. Заслаўе Мінскай вобл. (1993, скульпт. Арцімовіч), А.Пушкіну ў Мінску (скульпт. Ю.Арэхаў, арх. Ю.Грыгор’еў) і г. Мазыр Гомельскай вобл. (скульпт. Вараб’ёў; абодва 1999) і інш.
Л.Г.Лапцэвіч.
Да арт.Манументальная скульптура. В.Мухіна. Рабочы і калгасніца. 1937.Да арт.Манументальная скульптура. С.Гарбунова. Помнік Сымону Буднаму ў Нясвіжы. 1982.