СЯЛЯ́ВА,

возера ў Крупскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Лукомка, за 20 км на Пн ад г. Крупкі. Пл. 15 км², даўж. 15 км, найб. шыр. 3 км, найб. глыб. 19,5 м, даўж. берагавой лініі 44,3 км, пл. вадазбору 324 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, складаецца з вузкага паўд. і шырокага паўн. плёсаў. Схілы выш. 6—8 м (на Пн 3—5 м), пераважна парослыя лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя, на Пд зліваюцца са схіламі. Дно да глыб. 4—6 м (месцамі да 10 м) выслана пясчана-галечнымі і апясчаненымі адкладамі, глыбей сапрапелямі. У паўн. плёсе 3 астравы, найб. з іх пл. каля 2 км². Мінералізацыя вады каля 200 мг/л, празрыстасць да 3 м. Эўтрофнае. Зарастае слаба. Уздоўж берагоў вузкая, перарывістая паласа з асок, чароту, трыснягу, хвашчу. Упадаюць рэкі Высокая і Ракітаўка, 5 ручаёў, на Пн злучана шырокай пратокай з воз. Абіда. Узровень возера штучна падняты на 2—3 м плацінай б. Сяляўскай ГЭС.

т. 15, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)