ВАЛЕЙБО́Л (англ. volley-ball),

камандная спартыўная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 6 чал. на пляцоўцы 9 × 18 м, падзеленай на 2 роўныя ч. сеткай (выш. 2,43 м для мужчын і 2,24 м для жанчын). Пасля падачы мяча на пляцоўку саперніка той, скарыстаўшы не больш як 3 удары рукамі па мячы, прычым розных гульцоў, накіроўвае яго над сеткай на процілеглую пляцоўку так, каб мяч апусціўся на зямлю ў межах пляцоўкі ці сапернік у час прыёму мяча парушыў правілы. Гульня складаецца з 3—5 партый, у кожнай з якіх перамагае той, хто першы набярэ 15 ачкоў. Пры ліку 14:14 гульня доўжыцца да перавагі адной з камандаў у 2 ачкі.

Зарадзіўся валейбол у ЗША (1895), пазней пашырыўся ў краінах Усходу (Японія, Кітай), Еўропы. З 1947 дзейнічае Міжнар. федэрацыя валейбола (ФІВБ), з 1948 праводзяцца чэмпіянат Еўропы, з 1949 — свету. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1964. У апошнія гады пашырыўся т.зв. пляжны валейбол.

На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. (Віцебск, Гомель, Мінск). Жаночыя клубы з Мінска займалі 3-е месца ў чэмпіянатах СССР: «Спартак» (1966—67), «Камунальнік» (1986—87), апошні валодаў Кубкам уладальнікаў кубкаў еўрап. краін (1987). Сярод выхаванцаў бел. валейбола чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1988), свету (1977) А.​Сапега, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1988) Ю.​Сапега.

М.​А.​Дубіцкі.

т. 3, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ГЕРМА́НІІ (НСДПГ; Unabhängige Sozialdemokratische Partei Deutschlands; USPD),

адна з уплывовых паліт. партый левага і левацэнтрысцкага кірунку ў Германіі ў 1917—20. Утварылася 6.4.1917 на базе левага крыла, што адкалолася ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ). Лідэры — Г.​Гаазе, В.​Дзітман, Э.​Барт, К.Каўцкі і інш. Патрабавала неадкладнага аграмаджання некаторых галін прам-сці, банкаў і буйнога землеўладання, з 1919 і «чыстай» сістэмы саветаў. У партыю да канца снеж. 1918 уваходзіла рэв. група «Спартак» (гл. «Спартака саюз»). У час Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 партыя працавала ў рабочых і салдацкіх саветах; Гаазе, Дзітман і Барт 9.11—29.12.1918 уваходзілі ў рэв. ўрад — Савет нар. упаўнаважаных; у 1918—19 урад Баварыі ўзначальваў чл. НСДПГ К.​Эйснер (забіты манархістамі). Напачатку НСДПГ выступала супраць выбараў у Нац. сход, але ўдзельнічала ў іх (1919) і выбарах у рэйхстаг (1920). Найб. колькасць членаў — больш за 900 тыс. чал. (1920). Пасля з’езда ў г. Гале (кастр. 1920) партыя раскалолася па пытанні аб яе ўступленні ў Камуніст. Інтэрнацыянал — левая большасць партыі перайшла ў Камуніст. партыю Германіі, меншая ч. ў 1922 далучылася да СДПГ. Невял. яе група на чале з Г.​Ледэбурам захоўвала назву НСДПГГ: да 1933.

Літ.:

Ненароков А.П., Павлов Д.Б. Лидеры РСДРП о Чрезвычайном съезде НСДП: Октябрь 1920 г. // Ист. архив. 1999. № 4.

т. 11, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУШКЕ́ВІЧ (Інэса Анатолеўна) (н. 24.6.1959, Мінск),

бел. артыстка балета. Нар. арт. Беларусі (1991). Скончыла Бел. харэагр. вучылішча (1977). З 1977 салістка Нац. акад. т-ра балета Беларусі.

Творчай індывідуальнасці Д. уласцівы шырокі акцёрскі дыяпазон, спалучэнне тэхн. віртуознасці з вял. пластычнай экспрэсіяй. Творчая вяршыня — партыя Рагнеды («Страсці» А.​Мдывані; Дзярж. прэмія Беларусі 1996), пазначаная магутным трагедыйным гучаннем. Сярод інш. вобразаў у класічных і сучасных балетах: Адэта—Адылія, Маша, Аўрора («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Сільфіда («Сільфіда» Х.​Левенскольда), Нікія і Кітры («Цені» і «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Марыя і Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Ундзіна («Ундзіна» Г.​Генцэ), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына), Ева («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Джульета («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Каханая і Распусніца (вакальна-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа), Дзяўчына («Балеро» М.​Равеля), Дзева-выбранніца («Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага). Здымалася ў тэлеварыянтах спектакляў «Карміна Бурана», «Рамэо і Джульета», тэлефільме «Вяртанне вясны...». Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета (Масква, 1984). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 147—151;

Мушынская Т. «Лебедзь белы, лебедзь чорны...» // Беларусь. 1984. № 10;

Яе ж. Мой лёс, мая любоў... // Мастацтва Беларусі. 1985. № 10;

Яе ж. Трохі пра вечнае // Там жа. 1993. № 1.

Т.​М.​Мушынская.

І.А.Душкевіч.
І.Душкевіч у ролі Ундзіны.
І.Душкевіч у ролі Фрыгіі.

т. 6, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РВІД ((Norwid) Цыпрыян Каміль) (24.9.1821, в. Ляскова-Глухы каля Варшавы — 23.5.1883),

польскі пісьменнік. Вучыўся ў варшаўскай гімназіі, маст. школах (1831—40). З 1842 жыў за мяжой (Германія, Італія, Бельгія, Францыя, ЗША, Англія), з 1854 у Парыжы. Прадстаўнік другога пакалення польск. рамантыкаў. Непрызнаны пры жыцці, апублікаваў толькі частку напісанага (шмат з яго спадчыны згублена). Сярод лепшых твораў: лірычныя вершы, прысвечаныя выдатным людзям і падзеям («Памяці Бэма жалобная рапсодыя», 1851, выд. 1910; вершы ў гонар А.​Міцкевіча «Што ты зрабіў Афінам...», 1856, і «Спартак», 1857; «Фартэпіяна Шапэна», 1865, і інш.), лірычны цыкл «Vademecum» (1858—66, выд. 1947), філас. паэма «Асунта» (1870, выд. 1908), драм. фантазія «За кулісамі» (1865—66, паст. 1946), трагедыі «Пярсцёнак велікасвецкай дамы» (1872, паст. 1936) і «Клеапатра» (1872—79, паст. 1934). Аўтар навел, філас.-эстэт. трактатаў, цыкла эсэ «Чорныя кветкі» (1857, выд. 1904) пра парыжскія сустрэчы з Міцкевічам, Ю.​Славацкім, Ф.​Шапэнам. Распрацоўваў праблемы гісторыі цывілізацыі і сучаснасці, культуры еўрап. народаў, агульначалавечай маралі і інш., імкнуўся да стварэння новых паэт. сродкаў. Яго творчай манеры ўласціва філасафічнасць, інтэлектуальная гульня, афарыстычнасць, сімволіка, схільнасць да парадоксаў. іронія. Аўтар шматлікіх малюнкаў, афортаў, гравюр. На бел. мову яго вершы пераклалі А.​Мінкін, В.​Сёмуха.

Тв.:

Pisma wybrane. T. 1—5. 2 wyd. Warszawa, 1980;

Бел. пер. — у кн : Прыйдзі, стваральны дух. Мн., 1986;

Ідзі за мною: Лірыка. Мн., 1993;

Рус. пер. — Стихотворения. М., 1972.

Літ.:

Inglot M. Cyprian Norwid. Warszawa, 1991.

С.​Дз.​Малюковіч.

Ц.Норвід.

т. 11, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІ́МАВА (Кацярына Сяргееўна) (н. 1.2.1939, Масква),

расійская артыстка балета, педагог. Нар. арт. СССР (1973). Жонка У.Васільева. Скончыла Маскоўскае харэагр. вучылішча (1958, педагог Л.Герт), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1980). У 1958—88 салістка Вял. т-ра ў Маскве. З 1982 выкладае ў Рас. акадэміі тэатр. мастацтва. З 1990 балетмайстар-рэпетытар Т-ра балета Дзярж. Крамлёўскага палаца. Выступала ў спектаклях маскоўскага Дзярж. т-ра класічнага балета і інш., у т. л. замежных, трупах. Яе творчасць адметная віртуознай тэхнікай, вытанчанай мяккасцю ліній, глыбокім псіхалагізмам. Выканала партыі Машы, Аўроры, Адэты—Адыліі («Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Фрыгіі («Спартак» А.​Хачатурана), Эолы («Ікар» С.​Сланімскага), Шуры Азаравай («Гусарская балада» Ц.​Хрэннікава), Анюты («Анюта» на муз. В.​Гаўрыліна), Кацярыны, Папялушкі, Джульеты («Каменная кветка», «Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Музы («Паганіні» на муз. С.​Рахманінава), Марыі («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева). Знялася ў тэлевізійных балетах, тэлефільмах-канцэртах, маст. фільме-оперы «Травіята» (1982) і інш. Як драм. актрыса выступіла ў маст. фільме «Фуэтэ» (1986), монаспектаклі «Песня песняў» паводле «Бібліі» (1990, 1994) і інш. Творчасці М. і Васільева прысвечаны тэлефільмы «Дуэт» (1973), «І засталося, як заўсёды, недавыказанае штосьці...» (1990), франц. відэафільм «Каця і Валодзя» (1989). 1-я прэміі Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета ў Маскве (1957), Міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Вене (1959) і Варне (1964). Прэміі Г.​Паўлавай (1969) і М.​Петыпа (1972; Парыж). Дзярж. прэмія СССР 1981. Дзярж. прэмія Расіі 1991.

Літ.:

Львов-Анохин Б. Мастера Большого балета. М., 1976;

Константинова М. Е.​Максимова. М., 1982;

Белова Е. Ракурсы танца: Телевизионный балет. М., 1991.

Л.​А.​Сівалобчык.

К.Максімава ў ролі Папялушкі.

т. 9, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПСА,

вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., на ўсх. беразе воз. Опса, на аўтадарозе Браслаў—Відзы. Цэнтр сельсавета. За 20 км на ПдЗ ад г. Браслаў, 240 км ад Віцебска, 53 км ад чыг. ст. Друя. 777 ж., 253 двары (2000). Пагранічная камендатура. Сярэдняя школа, школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла партызан. Курган Бессмяротнасці на магіле ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — касцёл св. Яна Хрысціцеля (пач. 20 ст.), сядзіба (1904). За 3 км ад вёскі курганны могільнік балта-слав. насельніцтва 8—11 ст.

У пісьмовых крыніцах упамінаецца ў 1500 як уладанне смаленскага кн. Глазыні. У 1-й пал. 16 ст. велікакняжацкі двор і цэнтр воласці, з 2-й пал. 16 ст. мястэчка, цэнтр староства, якое, паводле інвентара 1779, падзялялася на 5 войтаўстваў. У мястэчку былі парафіяльная школа (з 1777), касцёл, 2 вадзяныя млыны, карчма, вінакурны завод, панскі двор з сядзібным домам і гасп. пабудовамі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) О. ў складзе Рас. імперыі. З 1823 уладанне Плятэраў. У сярэдзіне 19 ст. цэнтр воласці Новааляксандраўскага пав. Ковенскай губ., у 1859—163 ж. У 1864 (паводле інш звестак у 1866) заснавана нар. вучылішча. У 1916 з Друі ў О. пракладзена вузкакалейка. З 1921 О. ў складзе Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. Навагрудскага ваяв. Дзейнічалі школа, дом для сірот, касцёл, сінагога, пошта, крамы, млын, каап. малачарня. У 1931 у О 907 ж., 153 двары. З 1939 у БССР, з 1940 вёска, цэнтр сельсавета ў Браслаўскім р-не. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў О. больш за 200 жыхароў. 22.4.1944 партызаны брыгады «Спартак» разграмілі ў О. гарнізон ворага.

К.​С.​Шыдлоўскі.

т. 11, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРКІСЬЯ́Н (Віктар Уладзіміравіч) (н. 6.2.1947, г. Каменск-Шахцінскі Растоўскай вобл., Расія),

бел. артыст балета, балетмайстар. Нар. арт. Беларусі (1975). Скончыў Бел. харэагр. вучылішча (1967), Мінскі ін-т культуры (1982). У 1967—87 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова ў 1983—85 гал. балетмайстар Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі; з 1967 выкладчык (з перапынкамі) Бел. харэагр. каледжа, у 1993—95 — Бел. ун-та культуры. Танец С. адметны пластычнай выразнасцю. моцнай экспрэсіяй, віртуознай тэхнікай, вял. скачком. Шырокі творчы дыяпазон дазваляў ствараць рознахарактарныя вобразы. Сярод лепшых роляў у балетах бел. кампазітараў: Іван, Філіп («Альпійская балада», «Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава), Юнак («Пасля балю» Г.​Вагнера), у спектаклях класічнага і сучаснага рэпертуару: Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Блазан і Ротбарт («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Крас («Спартак» А.​Хачатурана), Нуралі («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Д’ябал («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Тарэра («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ — Р.​Шчадрына), Чыпаліна («Чыпаліна» К.​Хачатурана), Блазан («Папялушка» С.​Пракоф’ева). Паставіў танцы: да опер «Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха і «Кавалер руж» Р.​Штрауса ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі; балета «Паненка і хуліган» Дз.​Шастаковіча, аперэт «Судны час» Р.​Суруса, «Фраскіта» Ф.​Легара, «Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані, мюзікла «Шклянка вады» У.​Кандусевіча, спектакля-бенефісу — «Зоркі тэатра ззяюць для Вас» у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі; спектакляў «Паўлінка» паводле Я.​Купалы, «Валенсіянскія вар’яты» паводле Лопэ дэ Вэгі, «Тэатр — маё каханне» паводле У.​С.​Моэма ў Нац. т-ры імя Я.​Купалы і «Сказ пра Гаўрылу з-пад Полацка» ў Нац. т-ры імя Я.​Коласа і інш. драм. т-рах Беларусі, а таксама ў кіно («Восеньскі падарунак фей», «Гульня ўяўлення») і інш. Лаўрэат 1-га Міжнар. конкурсу артыстаў балета (1969, Масква).

А.​І.​Калядэнка.

В.У.Саркісьян.
В.Саркісьян ў ролі Івана.

т. 14, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР БАЛЕ́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Створаны ў 1933 у Мінску як Дзяржаўны т-р оперы і балета БССР на базе Беларускай студыі оперы і балета. З 1940 Вялікі, з 1964 акадэмічны. З 1996 сучасная назва, у складзе творчага аб’яднання «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь». Адкрыўся балетам «Чырвоны мак» Р.​Гліэра (1933). У першы перыяд трупа ставіла пераважна класічныя балеты: «Капелія» Л.​Дэліба — Ф.​Лапухова (балетмайстар, 1935), «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага — К.​Мулера (1938), «Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева — К.​Галяйзоўскага (1939). Першы нац. балет — «Салавей» М.​Крошнера — А.​Ермалаева (1939, 1940), дзе створаны яскравыя вобразы герояў (у гал. партыях А.​Нікалаева, С.​Дрэчын), выразна і маштабна паказаны народ, сінтэзаваны акад. і нар. танец. Ў 1930—40-я г. сярод артыстаў балета вылучыліся Нікалаева, Дрэчын, З.​Васільева, Я.​Вяпрынскі, Н.​Гурвіч, Л.​Крамарэўская, Н.​Майсеенка, Т.​Узунава, Ю.​Хіраска. У 1940—70-я г. ў рэпертуары т-ра пераважалі творы рус. і замежнай класікі: «Лебядзінае возера» (1948, 1967, 1978), «Спячая прыгажуня» (1954, 1970), «Шчаўкунок» (1956) Чайкоўскага, «Бахчысарайскі фантан» Асаф’ева (1939, 1949, 1973), «Раймонда» А.​Глазунова (1972), «Дон Кіхот» (1941, 1947, 1962, 1979) і «Пахіта» (1973) Л.​Мінкуса, «Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля (1938, 1959), «Жызэль» А.​Адана (1953, 1966, 1976), «Пер Гюнт» на муз. Э.​Грыга (1966). Ставіліся і балеты сучасных, у т. л. бел., кампазітараў: «Пасля балю» Г.​Вагнера (1971), «Сцежкаю грому» К.​Караева (1960), «Казка пра мёртвую царэўну і сем асілкаў» А.​Лядава і У.​Дзешавова (1961), «Спартак» А.​Хачатурана (1964), «Папялушка» (1965) і «Рамэо і Джульета» (1968) С.​Пракоф’ева і інш. Вяліся пошукі больш дасканалых сцэн. маст. рашэнняў, пашыраліся тэматыка і жанравая разнастайнасць, узбагачалася харэаграфічная лексіка. Пошукі этн. своеасаблівасці характэрны для ўвасаблення твораў бел. кампазітараў Мулерам. («Князь-возера» В.​Залатарова, 1949; Дзярж. прэмія СССР 1950; «Падстаўная нявеста» Вагнера, 1958), Ермалаевым («Палымяныя сэрцы» Залатарова, 1955). Сучасная тэма ўведзена на нац. сцэну балетамі «Мара» Я.​Глебава — А.​Андрэева (1961), «Святло і цені» Вагнера — Андрэева і Н.​Стукалкінай (1963). Тэма Вял. Айч. вайны з маст. пераканаўчасцю ўвасоблена ў «Альпійскай баладзе» Глебава — А.​Дадышкіліяні (1967, лібр. Р.​Чарахоўскай паводле аднайм. аповесці В.​Быкава), дзе яскравыя глыбока псіхалагічныя вобразы стварылі К.​Малышава і Л.​Чахоўскі. Сярод балетмайстраў гэтага перыяду Андрэеў, І.​Бельскі, В.​Вайнонен, Дадышкіліяні, Ю.​Дружынін, Дрэчын, Ермалаеў, Р.​Захараў, Н.​Конюс, А.​Месерэр, Мулер, Стукалкіна; салісты балета — В.​Давыдаў, Н.​Давыдзенка, І.​Дзідзічэнка, Т.​Караваева, А.​Карзянкова, Б.​Карпілава, В.​Крыкава, Р. і М.​Красоўскія, Малышава, Г.​Мартынаў, В.​Міронаў, Н.​Младзінская, Я.​Паўловіч, М.​Пятрова, Л.​Ражанава, І.​Савельева, Чахоўскі, М.​Шэхаў і інш. У 1973 трупу ўзначаліў В.​Елізар’еў. Яго маст. дасягненнем сталі пастаноўкі балетаў «Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ — Р.​Шчадрына і «Камерная сюіта» на муз. Шчадрына (абедзве 1974), «Стварэнне свету» А.​Пятрова (1976) і «Тыль Уленшпігель» Глебава (2-я рэд., 1978; лібр. Елізар’ева паводле Ш. Дэ Кастэра). Новая паэтыка і эстэтыка гэтых і інш. балетаў дазваляюць гаварыць пра з’яўленне аўтарскага т-ра Елізар’ева, які працуе ў цеснай садружнасці з мастакамі (Я.​Лысік, Э.​Гейдэбрэхт, В.​Окунеў і інш.). Бел. балет набыў міжнар. прызнанне і з поспехам гастраліруе ў, многіх краінах свету.

У 1980—90-я г. ў т-ры пастаўлены шэраг па-мастацку значных твораў: «Спартак» Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» (1982) і «Лебядзінае возера» (1986) Чайкоўскага, «Рамэо і Джульета» Пракоф’ева (1988), «Дон Кіхот» Мінкуса (1989), вак.-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа (1983), 1-актовыя балеты «Адажыета» на муз. Г.​Малера (1981), «Балеро» на муз. М.​Равеля (1984), «Вясна свяшчэнная» (1986, 1997) і «Жар-птушка» (1998) І.​Стравінскага (балетмайстар усіх Елізар’еў). Набылі вядомасць майстры бел. балетнага мастацтва Л.​Бржазоўская, І.​Душкевіч, У.​Іваноў, У.​Камкоў, Н.​Паўлава, С.​Пясцехін, В.​Саркісьян, Ю.​Траян, Н.​Філіпава, Т.​Яршова і інш. Рэпертуар трупы папоўніўся балетамі бел. кампазітараў «Курган» Глебава (1982, лібрэта А.​Вярцінскага і Г.​Маёрава паводле аднайм. паэмы Я.​Купалы), «Крылы памяці» У.​Кандрусевіча (1986), «Кругаверць» А.​Залётнева (1996, па матывах нар. балад). Найб. значны рэзананс атрымаў балет «Страсці» («Рагнеда») А.​Мдывані — Елізар’ева (1995; Дзярж. прэмія Беларусі 1996; прэмія Міжнар. асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА «Бенуа дэ ла данс» 1996), прысвечаны лёсу полацкай княгіні Рагнеды. З класічных пастановак гэтага часу найб. адметныя: «Ліза і Кален» Ф.​Герольда (1979), «Сільфіда» Х.​Левенскольда (1983), «Спячая прыгажуня» (1990), «У гонар Марыуса Петыпа» на муз. Р.​Дрыга, І.​Армсгеймера, Мінкуса (1981). Т-р ставіць і спектаклі для дзяцей, у т. л. «Доктар Айбаліт» І.​Марозава (1951), «Чыпаліна» К.​Хачатурана (1978), «Тры парсючкі» С.​Кібіравай (1991). Сярод пастаноўшчыкаў балетаў у 1980—90-я г. А.​Вінаградаў, Ю.​Грыгаровіч, П.​Гусеў, Маёраў, І.​Калпакова і інш. У т-ры працавалі: гал. балетмайстры — Мулер (з 1946), Андрэеў (1960—64 і 1971—73), Дадышкіліяні (1965—71), Елізар’еў (з 1973); гал. дырыжоры — І.​Гітгарц (1933—36), Н.​Грубін (1938-41), А.​Брон (1944—48), У.​Пірадаў (з 1948), Л.​Любімаў (1951—64), Г.​Дугашаў (1966—68), К.​Ціханаў (з 1969), Я.​Вашчак (1972—80), Праватораў (з 1984), А.​Анісімаў (1980—84 і з 1989); гал. мастакі — С.​Нікалаеў (з 1938), Я.​Чамадураў (1959—76), Лысік (1979—81), Гейдэбрэхт (1984—90). Трупа т-ра пастаянна папаўняецца выпускнікамі Дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа Рэспублікі Беларусь. У ёй працуюць (2000): дырэктар — маст. кіраўнік т-ра нар. арт. СССР Елізар’еў, салісты балета нар. арт. Беларусі К.​Фадзеева, засл. арт. Беларусі Н.​Дадышкіліяні, У.​Далгіх, В.​Захараў, Р.​Мінін, А.​Фурман, Т.​Шаметавец, артысты Т.​Беранава, С.​Гарбунова, Ж.​Лебедзева, А.​Турко, нам. дырэктара нар. арт. Беларусі Траян, памочнік маст. кіраўніка засл. дз. культ. Беларусі І.​Сарокіна, асістэнты засл. артыстка Беларусі Дзідзічэнка, Я.​Мінін, балетмайстры-рэпетытары нар. арт. Беларусі Бржазоўская, Яршова, нар. артыстка Расіі М.​Подкіна, А.​Мартынаў, канцэртмайстры засл. артыстка Беларусі Л.​Сямёнава, С.​Львовіч, Ч.​Шуба.

Працуе ў адным будынку з Нацыянальным акадэмічным тэатрам оперы Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балетный театр. Мн., 1983;

Яе ж. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;

Яе ж. Линия, уходящая в бесконечность, Мн., 1999;

Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Мн., 1993;

Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;

Яе ж. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993;

Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989;

Валентин Елизарьев: [Альбом]. Мн., 1997;

Музычны тэатр Беларусі, 1960—1990. [Кн. 4], Мн., 1997.

Ю.​М.​Чурко.

Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева. 1988.
Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна з балета «Спартак» А.​Хачатурана. 1980.
Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Князь-возера» В.​Залатарова. 1949.
Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна з балета «Жызэль» А.​Адана. 1976.
Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Страсці» А.​Мдывані. 1995.

т. 11, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

творы маст. л-ры для дзяцей і юнацтва. У шырокім сэнсе ўключае і многія «дарослыя» творы сусв. класікі, якія ўвайшлі ў кола дзіцячага чытання («Рабінзон Круза» Д.​Дэфо, «Падарожжа Гулівера» Дж.​Свіфта, «Спартак» Р.​Джаваньёлі, «Хаціна дзядзькі Тома» Г.​Бічэр-Стоу, раманы Ж.​Верна, «Авадзень» Э.​Л.​Войніч і інш.), а таксама казкі (Ш.​Перо, братоў Я. і В.​Грым, Х.​К.​Андэрсена, А.​Пушкіна і інш.), творы нар. эпасу («Слова пра паход Ігаравы», «Сасунцы Давід» і інш.). Папулярнасцю сярод дзяцей карыстаюцца раманы Дж.​Ф.​Купера, творы К.​Чукоўскага, «Курган», «Бандароўна» Я.​Купалы, «Новая зямля» і «Сымон-музыка» Я.​Коласа і інш.

Першымі кнігамі для дзіцячага чытання былі азбукі, буквары, што паявіліся ў Еўропе ў 15—16 ст. Першай спец. дзіцячай кнігаю лічыцца «Свет пачуццёвых рэчаў у малюнках» чэш. педагога Яна Амоса Каменскага (1658). У Расіі Дз.л. ўзнікла ў 18 ст. Найб значныя творы 19 — пач. 20 ст. — байкі І.​Крылова, «Канёк-Гарбунок» П.​Яршова, многія творы М.​Лермантава, М.​Някрасава, М.​Гогаля, У.​Караленкі, А.​Чэхава. Л.​Талстога і інш. Папулярныя творы для дзяцей італьян. пісьменніка Дж.​Радары, польск. педагога Я.​Корчака і інш.

Зараджэнне бел. Дз.л. звязана з узнікненнем кнігадрукавання, вучэбнай кнігі, дзейнасцю Ф.​Скарыны, С.​Буднага, Л. і С.​Зізаніяў, Л. і К.​Мамонічаў, Сімяона Полацкага і інш. У 19 ст. творы для дзяцей пісалі Ф.​Багушэвіч, А.​Гурыновіч, Я.​Лучына. Яны заклалі асновы гуманіст. Дз.л., звязанай з традыцыямі фальклору. Гэтымі якасцямі вызначаліся «Беларускі лемантар» (1906), «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі (1906), «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.​Коласа (1909), п’еса-казка К.​Лейкі «Снатворны мак» (1912). Творы для дзяцей друкаваў час. «Лучынка». У скарбніцу Дз. л. ўвайшлі многія творы М.​Багдановіча, З.​Бядулі і інш. Сістэматычна кнігі і перыёдыка для дзяцей выдаюцца з 1920-х г. Жанр літ. казкі развівалі У.​Дубоўка, С.​Шушкевіч, А.​Якімовіч, вершы і песні для дзяцей пісалі Купала, Дубоўка, П.​Трус, А.​Гурло, Я.​Журба і інш., апавяданні — Колас, Якімовіч, Л.​Чарняўская. Заснавальнік бел. навук.-фантаст. і прыгодніцкай аповесці — Я.​Маўр. У 1930-я г. тэматыка Дз.л. пашырылася, з’явіліся займальныя творы па гісторыі, прыродзе, маральна-этычных праблемах («Палескія рабінзоны», «ТВТ» Маўра, «Міколка-паравоз» М.​Лынькова, «Насцечка» К.​Чорнага, паэма «Міхасёвы прыгоды» Коласа). Традыцыі фальклору выкарыстаны ў вершаванай казцы Якімовіча «Каваль-Вярнідуб», аповесці Бядулі «Сярэбраная табакерка», п’есах-казках В.​Вольскага. У Айч. вайну Дз.л. ўзбагачалася за кошт твораў для дарослых (Чорны, Лынькоў, паэма А.​Астрэйкі «Прыгоды дзеда Міхеда», вершы М.​Танка, А.​Куляшова, П.​Броўкі, П.​Панчанкі і інш.). Падзеі вайны адлюстраваны ў кн. пісьмаў-успамінаў дзяцей, што зведалі жахі фашызму, — «Ніколі не забудзем» (1948, 4-е выд. 1981). Лёс дзяцей вайны паказаны ў апавяданнях Я.​Брыля, Маўра, Якімовіча і інш., у паэмах А.​Бялевіча, Э.​Агняцвет і інш., у аповесцях П.​Кавалёва «Андрэйка» (1948), Г.​Васілеўскай «Маланка ўначы» (1963), Г.​Бураўкіна «Тры старонкі з легенды» (1968), у творах А.​Пальчэўскага, Х.​Жычкі, Я.​Курто, Л.​Прокшы, Д.​Слаўковіча, І.​Сяркова і інш. Свет дзяцінства і юнацтва даследуецца ў тэтралогіі А.​Васілевіч «Пачакай, затрымайся...» (1966—70), у аповесцях І.​Навуменкі («Вайна каля Цітавай копанкі», 1957), А.​Рылько («Мядовыя краскі», 1959), П.​Кавалёва («Лёнька Гром», 1961), Г.​Шыловіча («Чарапаха без панцыра», 1966), Я.​Бяганскай («Кожны марыць стаць Калумбам», 1968), М.​Зарэмбы («Дзень магнітнай буры», 1992) і інш. Развіваецца краязнаўчая, навук.-пазнавальная проза (кн. нарысаў В.​Вольскага, У.​Караткевіча, Я.​Пархуты, А.​Клышкі, У.​Арлова і інш.), аповесць біяграфічная (З.​Бандарына, С.​Александровіч, Л.​Арабей, В.​Хомчанка, А.​Лойка), прыгодніцкая (У.​Краўчанка, М.​Ваданосаў, А.​Шашкоў, А.​Чарнышэвіч і інш.), фантастычная (П.​Місько «Эрпіды на планеце Зямля», 1987, творы М.​Гамолкі, Р.​Баравіковай, У.​Шыціка, Аляксея Якімовіча і інш.). Проза для дзяцей малодшага і сярэдняга ўзросту прадстаўлена лірычным апавяданнем, казачнай аповесцю, псіхал. навелай, займальнымі дыялогамі («Ліпка і клёнік» Брыля, «Такіх кветак не бывае» В.​Гарбука, «Дыялогі з унучкамі» Віткі; творы І.​Грамовіча, Кавалёва, П.​Рунца, Хомчанкі, У.​Юрэвіча і інш.). У нар. традыцыі напісаны казкі Васілевіч, А.​Кобец-Філімонавай, К.​Каліны, Місько, У.​Ягоўдзіка і інш. Гумарам, адчуваннем спецыфікі ўзросту вылучаецца паэзія для дзяцей (казкі Віткі «Вавёрчына гора», «Буслінае лета», зб-кі «Дударык», «Чытанка-маляванка»; Танка «Ехаў казачнік Бай»; Шушкевіча «Лясная калыханка»; Дубоўкі «Кветкі — сонцавы дзеткі»; Н.​Гілевіча «Загадкі»; Е.​Лось «Смачныя літары»; творы Лойкі, Р.​Барадуліна, Д.​Бічэль-Загнетавай, Н.​Галіноўскай, У.​Карызны, Т.​Кляшторнай, М.​Маляўкі, П.​Сушко, М.​Пазнякова і інш.). Пра хараство роднай прыроды паэмы-казкі М.​Калачынскага «Прыгоды Патапкі», М.​Лужаніна «Хто робіць пагоду», Лойкі «Як Тоня рэха шукала», творы А.​Дзеружынскага, І.​Муравейкі, С.​Грахоўскага, П.​Пранузы, В.​Лукшы, Ягоўдзіка і інш. Традыцыйна казачнае спалучана з сучасным у А.​Вольскага («Што такое мікра тое»), Ганка («Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні»), А.​Грачанікава («Валерка і лятаючая талерка») і інш. Шмат дасціпных гумарыст. твораў напісалі для дзяцей Барадулін, Агняцвет, М.​Чарняўскі і інш. Дз.л. далучае дзяцей да агульначалавечых каштоўнасцей, паглыбляе сувязі з нац. каранямі (зб-кі «Добры чалавек» Гілевіча, «Хата, поўная гасцей» В.​Зуёнка, «Гуканне вясны» В.​Жуковіча, «Як Бог стварыў свет» У.​Ліпскага. «Пра ўсе справы Дзіва-Дзяржавы» Лойкі, «Гараднічанка» Бічэль-Загнетавай, «Азбука — вясёлы вулей» Барадуліна і інш.). У жанры драматургіі для дзяцей працаваў П.​Макаль, працуюць А.​Вольскі, А.​Вярцінскі, А.​Махнач, Ягоўдзік і інш.

Літ.:

Гурэвіч Э.С. Беларуская дзіцячая літаратура (1917—1967). Мн., 1970;

Дзіцячая літаратура БССР: (Рэкаменд. паказ. літ. 1945—1960 гг.). Мн., 1961;

Дзіцячая літаратура БССР: Рэкаменд. паказ. літ., 1961—1965 Мн., 1967.

М.​Б.​Яфімава.

т. 6, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЕ́Т (франц. ballet ад позналац. ballare танцаваць),

від сцэнічнага мастацтва, змест якога выяўляецца ў музычна-харэаграфічных вобразах; вышэйшая форма харэаграфіі.

Належыць да сінт. відаў маст. твор-часці. Аб’ядноўвае музыку, харэаграфію (танец і пантаміму), выяўл. мастацтва. Асновай харэагр. вобраза з’яўляецца танец; у балет уключаюць розныя віды танца: класічны, характарны, народна-сцэнічны, гратэскавы, мадэрн, рытмапластычны, свабодную пластыку. Аснова балета — дзейны танец. Пэўную ролю ў балеце адыгрываюць дывертысмент і пантаміма. Вобразна адлюстроўваючы рэчаіснасць, балет з уласцівай яму ўмоўнасцю здольны да паэт. абагульненняў, увасаблення жыццёвых канфліктаў, сцвярджэння ідэалаў прыгожага. Існуюць балеты-трагедыі і балеты-камедыі, балеты-п’есы і балеты-сімфоніі, балеты сюжэтныя (блізкія да драм. спектакля) і бессюжэтныя, або сімфанічныя (у іх аснове сімф. танец), шматактовыя і аднаактовыя, харэагр. мініяцюры.

Як самаст. від мастацтва складваўся ў Еўропе ў 16—18 ст. (першы спектакль «Камедыйны балет каралевы» паст. ў Францыі ў 1581) і пашырыўся ва ўсім свеце. Тэрмін «балет» узнік у канцы 16 ст. ў Італіі і, як правіла, абазначае еўрап. класічны балет; з 20 ст. так называюць і спецыфічныя танц. паказы, што склаліся ў краінах Азіі, Афрыкі, Усходу. Эстэтыка балета ўвабрала рысы розных маст. кірункаў — класіцызму, рамантызму, імпрэсіянізму, сентыменталізму і інш Станаўленне балета (18—19 ст.) звязана найперш з Францыяй (харэографы Ж.Ж.Навер, Ж.Даберваль, Ф.Тальёні, Ж.Перо), Даніяй (К.Бурнанвіль), Расіяй (І.Вальберх, Ш.Дзідло і А.Глушкоўскі, М.Петыпа, Л.Іваноў, М.Фокін, А.Горскі і інш.). У 20 ст. балетнае мастацтва пашырылася ва ўсім свеце. Вял. ўплыў на яго развіццё зрабілі дзейнасць Фокіна і Рускія сезоны ў Парыжы (з 1909), гастролі Г.Паўлавай, а таксама «свабодны» танец А.Дункан, танец мадэрн (М.Грэхем і інш.), рытмапластычны танец (М.​Вігман і інш.). У 1920—30-я г. цэнтрам балетнага мастацтва была Францыя, дзе працавала трупа Рускі балет Дзягілева і створаныя пазней на яе аснове калектывы. У пастаноўках Л.Мясіна, Б.​Ніжынскай, Дж.Баланчына, пазней С.Ліфара (1930—50-я г.) атрымалі развіццё фокінскія традыцыі ў спалучэнні з нац. асаблівасцямі. У Вялікабрытаніі ў 1930-я г. пачаў развівацца балет, заснаваны на традыцыях рус. мастацтва, але блізкі да англ. т-ра пантамімы. У ЗША пераважаў танец мадэрн; пастаноўкі Грэхем, Д.Хамфры, пазней Х.Лімона ўзнімалі складаныя сац. і псіхал. праблемы. З 1940-х г. у ЗША і краінах Зах. Еўропы на аснове бессюжэтных балетаў Баланчына пашырыліся т.зв. «сімфанічныя» балеты. Для сучаснага зарубежнага т-ра характэрна разнастайнасць стыляў, жанраў і формаў. Часта балетам наз. харэагр. творы ад бессюжэтнай мініяцюры да шматактовага сінт. відовішча, у якое ўводзяцца спевы, кінакадры, дэкламацыя, шумавыя і светлавыя эфекты, лялькі («татальны тэатр» М.Бежара). Найб. пашыраны аднаактовы балет. Сярод вядомых замежных труп: «Балет XX стагоддзя» на чале з Бежарам, «Балет Елісейскіх палёў» і «Балет Парыжа» (стваральнік абодвух Р.Пці), «Амерыканскі тэатр балета», «Нью-Йоркскі гарадскі балет». У развіццё рас. балетнага мастацтва вял. ўклад зрабілі балетмайстры І.Бельскі, В.Вайнонен, А.Вінаградаў, К.Галяйзоўскі, В.Гардзееў, Ю.Грыгаровіч, А.Ермалаеў, Р.Захараў, Н.​Касаткіна і У.​Васілёў, Ф.Лапухоў, Л.Лаўроўскі, Б.Эйфман, Л.Якабсон і інш.

Вытокі бел. харэагр. мастацтва ў глыбокай старажытнасці — у гульнях, абрадах, карагодах, дзе танец быў неаддзельны ад песні, гульні, акцёрскага дзеяння. Першыя прафес. танцоры-скамарохі вядомыя на Беларусі з 12 ст. Пач. формы харэагр. мастацтва мелі школьны тэатр, нар. драма, батлейка. Перыяд уздыму танца-балета на Беларусі — 16 ст., калі ў прыватнаўласніцкіх замках і буйных сядзібах дзейнічалі прыватныя балетныя трупы (гл. Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла, Слонімскі тэатр Агінскага, Шклоўскі тэатр Зорыча, Ружанскі тэатр Сапегаў), балетныя школы (Гродзенская музычна-тэатральная школа, Нясвіжская балетная школа, Слонімская балетная школа, Шклоўская балетная школа). Найб. таленавітыя бел. прыгонныя танцоры [А.Дарэўская, А.Бжазінскі, М.Малінская, К.​Азарэвіч (гл. Азарэвічы), К.Буткевіч, Р.Бекер, М.Рымінскі і інш.] пазней выступалі на варшаўскай і пецярбургскай сцэнах. У 1840-я г. бел. артысты працавалі ў Віцебскім балеце Піёна. Нац. балетны т-р узнік на пач. 1920-х г. Першыя балетныя спектаклі, у т. л. «Капелія» Л.​Дэліба, «Зачараваны лес» Р.​Дрыга, пастаўлены ў 1920-я г. К.Алексютовічам на сцэне БДТ, які меў і балетную трупу. Беларуская студыя оперы і балета (1930—33) паслужыла асновай для стварэння Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь (першая харэагр. паст. «Чырвоны мак» Р.​Гліэра). Значнай вяхой у гісторыі бел. балета стаў першы нац. балет «Салавей» М.​Крошнера (паст. 1939, 1940). Пошукі нац. своеасаблівасці працягваліся пры паст. нац. балета «Князь-возера» В.​Залатарова (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Падстаўная нявеста» (1958), «Святло і цені» (1963), «Пасля балю» (1971) Г.​Вагнера, «Мара» (1961), «Альпійская балада» (1967), «Тыль Уленшпігель» (1974, 2-я рэд. 1978) Я.​Глебава, «Страсці» («Рагнеда», 1995) А.​Мдывані, «Кругаварот» («Народны трылер», 1996) А.​Залётнева і інш. У пастаноўках В.Елізар’ева «Стварэнне свету» А.​Пятрова (1976), «Тыль Уленшпігель» (2-я рэд., 1978), «Спартак» А.​Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага (1982), «Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа (1983), «Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага (1986), «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева (1988) на высокім узроўні ўвасабляюцца грамадска значныя філас. тэмы, інтэнсіўна абнаўляюцца сродкі выразнасці, фарміруюцца новыя прынцыпы харэагр. паэтыкі і эстэтыкі. У 1970—90-я г. бел. балет атрымаў міжнар. прызнанне ў час гастроляў у краінах Еўропы, Лац. Амерыкі, ЗША, Азіі і інш. Балеты бел. кампазітараў паст. ў Маскве, С.-Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску, Львове, Самары, Чэлябінску, Хельсінкі. У Мінску працуе Дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Красовская В. Западноевропейский балетный театр: Очерки истории: От истоков до середины XVIII в. Л., 1979;

Яе ж. Русский балетный театр от возникновения до середины XIX в. Л.;

М., 1958;

Яе ж. Русский балетный театр второй половины XIX в. Л.;

М., 1963;

Слонимский Ю. Советский балет: Материалы к истории сов. балетного театра. М.; Л., 1950;

Чурко Ю.М. Белорусскнй балет. Мн., 1966;

Яе ж. Белорусский балетный театр. Мн., 1983;

Яе ж. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;

Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;

Яе ж. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993;

Гришенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989.

Т.​М.​Мушынскі.

Сцэна з балета «Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава. 1978.
Сцэна з балета «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага. Вялікі балет маркіза дэ Куэваса. Парыж. 1960.
Сцэна з балета «Жызэль» А.​Адана. Парыжская опера.
Сцэна з балета «Князь-возера» В.​Залатарова. 1949.

т. 2, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)