мікраскапічныя сапратрофныя грыбы, здольныя ўтвараць на грыбніцы лоўчыя прыстасаванні, каб захопліваць здабычу — нематод, інфузорый, амёб і інш. Пашыраны па ўсім зямным шары. Трапляюцца пераважна ў глебе, на раслінных рэштках, экскрэментах жывёл, каранях раслін і г.д. Большасць Д.г. адносіцца да гіфаміцэтальных, некат. да перанаспаральных, хітрыдыяміцэтаў. Выкарыстоўваюцца для біял. барацьбы з нематодамі.
Міцэлій галінасты, на ім развіваюцца пасткі 3 тыпаў: клейкія (бакавыя вырасты гіфаў, шарападобныя галоўкі, сеткі), кольцы без клейкага рэчыва (дзейнічаюць механічна, ахвяра захрасае ў іх), кольцы з унутранай адчувальнай да дотыку паверхняй (сціскаюць ахвяру). У пастцы з дапамогай ферментаў раствараецца абалонка здабычы, грыбы прапускаюць у яе цела свае парасткі, якія паступова ператвараюцца ў развіты міцэлій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАФІНЭ́ (Dauphiné),
гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на ПдУ Францыі, гал.ч. у Альпах і ў даліне р. Рона. Уключае дэпартаменты Ізер, Дром, Верхнія Альпы. Пл. 20,4 тыс.км². Нас. каля 1,5 млн.чал. (1994). Гал. горад — Грэнобль. Рэльеф пераважна горны. Клімат умераны, вільготны, у гарах халодны. Ападкаў каля 900 мм за год. На базе гідраэнергетыкі (ГЭС на Роне і Ізеры) развіты электрахімія і электраметалургія. Прам-сць: маш.-буд., тэкст., абутковая, харч., дрэваапр., папяровая (цэнтр Грэнобль і Валанс); цэнтр атамнай прам-сці — г. П’ерлат. Пасевы збожжавых, вінаградарства, садоўніцтва, агародніцтва, пераважна ў далінах. У гарах малочная жывёлагадоўля, авечкагадоўля. Турызм і горны спорт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́СТАЎСКАЯ РАЗМАЛЁЎКА,
рускі народны маст. промысел, развіты ў в. Жостава Мыцішчынскага р-на Маскоўскай вобл. Узнікла ў пач. 19 ст. пераважна пад уплывам уральскай кветкавай размалёўкі па метале. Яе развіццё стылістычна ўзаемазвязана з размалёўкай па фарфоры і фініфці падмаскоўных з-даў і ф-к, кветкавымі матывамі набіванага паркалю ф-к г. Іванава і фядоскінскай мініяцюрай. Ж.р. — дэкар. жывапіс (пераважна выявы букетаў, садавіны) на метал. падносах з наступным пакрыццём лакам. Выконваецца энергічным мазком стракатымі алейнымі фарбамі на чорным або каляровым фоне. У 1928 заснавана арцель (цяпер Жостаўская ф-кадэкар. размалёўкі).
Літ.:
Коромыслов Б.И. Жостовская роспись. М., 1977.
Да арт.Жостаўская размалёўка. Н.Ганчарова. Пунцовы світанак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫКІ́ (Meleagrididae),
птушкі сям. індычых атр. курападобных. 2 роды: Meleagris і Agriocharis, у кожным 1 від. Пашыраны ў паўд. частцы Паўн. і ў Цэнтр. Амерыцы, пераважна ў лесастэпавай зоне.
Даўж. цела І. звычайнага (M. gallopavo) да 110 см, маса самца да 10 кг, самкі да 4 кг. Апярэнне медна-бронзавае, з метал. адлівам. Галава і верхняя частка шыі не апераныя. З верхняй ч. дзюбы звісае скурны прыдатак, на горле складка скуры. Развіты шпоры. Палігамы. Гняздо на зямлі, пад кустамі. Нясуць да 15 яец. Добра бегаюць, лётаюць марудна. Корм раслінны і жывёльны. Аб’екты палявання. Ад І. звычайнага паходзяць індыкі свойскія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯАКУ́СТЫКА (ад бія... + акустыка),
біялагічная акустыка, галіна біялогіі, якая вывучае галасы і гукавыя зносіны паміж жывёламі. Афіцыйнае прызнанне атрымала ў 1956 на 1-м Міжнар. біяакустычным кангрэсе (ЗША). Цесна звязана з эталогіяй жывёл, фізіял. акустыкай, якая вывучае будову і функцыі гукаўтваральнай і гукаўспрымальнай сістэм чалавека і жывёл, а таксама з акустыкай. Абмен гукавымі сігналамі найб.развіты ў птушак, у меншай ступені ў млекакормячых і земнаводных. Некаторыя жывёлы (лятучыя мышы, дэльфіны) пры дапамозе гукавой сігналізацыі арыентуюцца ў прасторы, вызначаюць каардынаты, памеры перашкод або здабычы (эхалакацыя). Даныя біяакустыкі выкарыстоўваюць для кіравання паводзінамі жывёл штучна ўтворанымі гукамі (адпужванне птушак ад аэрадромаў, лоўля рыбы, у марской справе і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НСКІ ФУТБО́Л,
спартыўная гульня. Узнік у канцы 19 ст. ў ЗША на аснове рэгбі і футбола. Гуляюць 2 каманды па 11 чал. (замены па ходу сустрэчы) на працягу 4 квартаў (па 15 хвілін чыстага часу). Гал. мэта — занесці рукамі мяч грушападобнай формы ў заліковую зону і апусціць на зямлю (тачдаўн) або нагой накіраваць мяч у вароты (філдгол). Дазволены сілавыя прыёмы, для гульцоў прадугледжана спец. ахоўная амуніцыя. Найб.развіты ў ЗША, дзе штогод праводзяцца чэмпіянаты сярод прафес. клубаў; культывуецца ў 20 еўрап. краінах. Чэмпіянаты свету з 1967. На Беларусі развіваецца з 1990; клуб «Мінскія зубры» тройчы перамагаў на чэмпіянатах СНД.
М.А.Дубіцкі.
Амерыканскі футбол. Фрагмент гульні з удзелам каманды «Мінскія зубры».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГА́ТАРЫ (Alligatoridae),
сямейства паўзуноў атр. кракадзілаў. Уключае ўласна алігатараў (Alligator) і кайманаў. Жывуць пераважна ў Паўн. і Паўд. Амерыцы ў прэсных вадаёмах; выключэнне — кітайскі алігатар (A. sinensis), жыве ў р. Янцзы.
Уласна алігатараў 2 віды: місісіпскі алігатар (A. mississippiensis) даўж. да 5,8 м, водзіцца ў балотах Фларыды (ЗША) і кітайскі алігатар да 2,5 м. Маюць добра развіты мозг, 4-камернае сэрца, перапонку паміж пальцамі пярэдніх ног. Морда шырокая і кароткая. Драпежнікі. Маладыя кормяцца насякомымі і ракападобнымі, дарослыя — рыбай, жабамі, птушкамі, млекакормячымі. У выніку інтэнсіўнага промыслу на скуру і мяса алігатараў іх колькасць вельмі скарацілася. У шэрагу краін створаны буйныя гадавальнікі для штучнага развядзення алігатараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАСУ́МЧАТЫЯ (Hemiascomycetidae),
падклас сумчатых грыбоў. Уключае 4 парадкі: эндаміцэтальныя (Endomycetales), тафрынальныя (Taphrinales), протаміцэтальныя (Protomycetales) і аскасферальныя (Ascosphaerales), каля 350 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляецца каля 20 відаў з парадкаў тафрынальныя і эндаміцэтальныя.
Прымітыўныя грыбы, у якіх талом прадстаўлены адзіночнымі клеткамі, што пачкуюцца або дзеляцца (толькі некат. віды маюць слаба развітыміцэлій), пладовыя целы адсутнічаюць, сумкі са спорамі ўтвараюцца адзіночна ці слоем непасрэдна на клетках або міцэліі. Большасць галасумчатых — сапратрофы. Ёсць паразіты вышэйшых раслін, чалавека і жывёл, узбуджальнікі розных хвароб — гіпертрафіі і дэфармацыі пладоў, кучаравасці лісця, кішэнек, ведзьміных мётлаў, бластамікозаў, кандыдамікозаў. Да галасумчатых належаць дражджавыя грыбы (дрожджы), якія маюць вял. практычнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕСТЫКА́ЦЫЯ (ад лац. domesticus хатні),
адамашніванне дзікіх відаў жывёл, ператварэнне іх у свойскіх. Працяглы працэс прыручэння, які вядзе да змен у паводзінах і анатама-марфал. будове жывёл. Паводле звестак археалогіі, раней за іншых былі прыручаны сабака (каля 10—5 тыс.г. да н.э.) і свіння (каля 8—3 тыс.г. да н.э.), потым каза, авечка, буйн. раг. жывёла, пазней конь, алень. У параўнанні з дзікімі жывёламі у свойскіх больш лёгкі шкілет, менш трывалыя косці, танчэйшая скура. Змяніліся і ўнутр. органы: менш, чым у дзікіх, развіты лёгкія, сэрца, ныркі, але лепш функцыянуюць млечныя залозы, вышэйшая пладавітасць; у многіх жывёл знікла сезоннасць у расплоджванні. Працэс Д. працягваецца: прыручаюцца ласі, лісы, норкі, нутрыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІБЕ́ЛА, Ківева, Дындымена, Ідзейская маці,
Вялікая маці багоў, фрыгійская багіня, увасабленне прадукц. сіл прыроды, чый культ у старажытнасці быў пашыраны ў М. Азіі (тут знаходзілася вобласць Фрыгія, дзе ён нарадзіўся), Грэцыі, з 204 да н.э. ў Рыме. Першапачаткова лічылася суровай уладаркай гор, лясоў і звяроў, рэгулявала іх урадлівасць. У яе гонар жрацы наладжвалі містэрыі з абрадамі, у якіх важную ролю адыгрывалі самакатаванні, абмыванне ў крыві ахвяр і самалягчанне. У Рыме яе культ зліўся з мясц. культам багіні пасеваў і жніва Опс. К. шанавалі як апякунку дабрабыту дзяржавы, якая дорыць людзям усе плады зямлі. Яе ўяўлялі ў выглядзе жанчыны з зубчастай вежападобнай каронай на галаве. Вобраз К. адлюстраваны і развіты ў творах Авідзія і Лукрэцыя.