БІЯАКУ́СТЫКА

(ад бія... + акустыка),

біялагічная акустыка, галіна біялогіі, якая вывучае галасы і гукавыя зносіны паміж жывёламі. Афіцыйнае прызнанне атрымала ў 1956 на 1-м Міжнар. біяакустычным кангрэсе (ЗША). Цесна звязана з эталогіяй жывёл, фізіял. акустыкай, якая вывучае будову і функцыі гукаўтваральнай і гукаўспрымальнай сістэм чалавека і жывёл, а таксама з акустыкай. Абмен гукавымі сігналамі найб. развіты ў птушак, у меншай ступені ў млекакормячых і земнаводных. Некаторыя жывёлы (лятучыя мышы, дэльфіны) пры дапамозе гукавой сігналізацыі арыентуюцца ў прасторы, вызначаюць каардынаты, памеры перашкод або здабычы (эхалакацыя). Даныя біяакустыкі выкарыстоўваюць для кіравання паводзінамі жывёл штучна ўтворанымі гукамі (адпужванне птушак ад аэрадромаў, лоўля рыбы, у марской справе і інш.).

Г.К.Ілыч.

т. 3, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)