КУЛО́НЫ, краншнэпы (Numenius),
род птушак сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Вядомы з верхняга эацэну Еўропы і Паўн. Амерыкі. 8 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць у лясах, стэпах, на лугах, балотах. На Беларусі 2 віды: К. вялікі (N. arquata), нар. назвы — кулён вял., бакас вял., i К. сярэдні (N. phaeopus); абодва занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У Чырв. кнізе МСАП К. эскімоскі (N. borealis).
Даўж. да 70 см, маса да I кг. Апярэнне шэрае. Дзюба доўгая (да 18 см), тонкая, загнутая ўніз. Ногі доўгія, пальцы пры аснове злучаныя невял. перапонкай, задні палец добра развіты. Крылы доўгія. Кормяцца беспазваночнымі, часам ягадамі і насеннем. К. вял. плаваюць. Манагамы. Гнёзды на зямлі. Нясуць 4 яйцы. Аб’екты палявання.
т. 9, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)