КАНО́Н у музыцы,

неперарыўная імітацыя, пры якой у імітуючых галасах (рыспостах) паўтараюцца не толькі пачатковая меладыйная пабудова, але і наступныя раздзелы голасу, які ўступіў першым (прапосты). К. — адначасовае правядзенне адной і той жа мелодыі ў розных галасах пры спозненым уступленні кожнага з іх. Найб. пашыраны 2 і 3-галосыя К. (сустракаюцца і з большай колькасцю галасоў). Асобная разнавіднасць — бясконцы К., які вяртаецца да свайго пачатку. Вядомы з 12 ст., шырока развіты кампазітарамі нідэрландскай поліфанічнай школы ў эпоху Адраджэння, вышэйшага росквіту дасягнуў у творчасці І.С.Баха. Выкарыстоўваецца многімі бел. кампазітарамі, найб. паслядоўна А.Багатыровым і Я.Глебавым.

Літ.:

Танеев С.И. Учение о каноне. М., 1929;

Богатырев С.С. Двойной канон. М.; Л., 1947.

А.А.Друкт.

т. 7, с. 589

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)