кампазіцыі на аснове рэчываў, здольных злучаць (склейваць) розныя матэрыялы: паперу, драўніну, шкло, кераміку, металы, скуру, пластмасы і інш.
Дзеянне К. абумоўлена ўтварэннем трывалых адгезійных сувязей (гл.Адгезія) паміж клеявой праслойкай і паверхнямі матэрыялаў, што злучаюцца. Звычайна маюць ацвярджальнікі і дабаўкі (напр., напаўняльнікі, пластыфікатары), якія мадыфікуюць уласцівасці К. (ліпучасць, скорасць ацвярдзення, час выкарыстання) і клеявой праслойкі (трываласць, цвёрдасць, тэрма- і атмасфераўстойлівасць і інш.). Паводле тыпу асновы падзяляюць на арган. (прыродныя і сінт.) і неарганічныя. К. на аснове прыродных палімераў жывёльнага (казеінавыя, альбумінавыя, глюцінавыя) ці расліннага паходжання (крухмал, дэкстрынавыя, канадскі бальзам і інш.) вызначаюцца нізкай водаўстойлівасцю і загніваюць пад уздзеяннем мікраарганізмаў. Найб. пашыраны К. сінтэтычныя на аснове сінт. алігамераў і палімераў (фенола-фармальдэгідных, эпаксідных, поліэфірных смол, поліамідаў, поліурэтанаў і інш.), для якіх характэрны высокая трываласць склейвання і ўстойлівасць да рознага асяроддзя. Паводле хім. прыроды асновы адрозніваюць тэрмарэактыўныя — пры склейванні змяняецца іх хім. структура ў выніку ацвярдзення палімераў ці вулканізацыі (гл.Гумавыя кляі) і тэрмапластычныя, хім. структура якіх не змяняецца; яны зацвердзяваюць у выніку выпарэння растваральніку (К.-растворы) ці застывання расплаву (К.-расплавы). К. неарганічныя — керамічныя (аснова — аксіды магнію, алюмінію, крэмнію, шчолачных металаў), фасфатныя (найб. пашыраныя алюмафасфатныя і алюмахромфасфатныя), сілікатныя (аснова — водныя растворы сілікатаў натрыю і калію), метал. (аснова — вадкі метал, напр., галій). Паводле прызначэння К. падзяляюць на канструкцыйныя (утвараюць клеявыя злучэнні, якія вытрымліваюць мех.напружанне не менш за 10 МПа), прызначаныя для збору машын, лятальных апаратаў, буд. канструкцый, і неканструкцыйныя, а таксама спецыяльныя.
Літ.:
Кардашов Д.А. Синтетические клеи. 3 изд. М., 1976;
Кардашов Д.А., Петрова А.П. Полимерные клеи: Создание и применение. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТО́НАЎ (сапр.Кліментаў) Андрэй Платонавіч
(1.9.1899, г. Варонеж, Расія — 5.1.1951),
рускі пісьменнік. Скончыў Варонежскі чыг. палітэхнікум (1924). У 1923—26 працаваў губернскім меліяратарам, кіраваў будаўніцтвам варонежскай электрастанцыі. Першая публіцыст. кн. «Электрыфікацыя» (1921). Першы зб. прозы — «Епіфанскія шлюзы» (1927). У раманах «Чавянгур» (апубл. 1972), «Шчаслівая Масква» (не завершаны, апубл. 1991), аповесцях «Джан» (апубл. 1964), «Катлаван» (апубл. 1969), «Ювенільнае мора» (апубл. 1979) непрыманне навязваемых форм сац. перабудовы жыцця. Аўтар зб. вершаў «Блакітная глыбіня» (1922), кн. аповесцей і апавяд. «Рака Патудань» (1937), аповесцей «Горад Градаў», «Запаветны чалавек» (абедзве 1928), п’ес «Высокае напружанне» (пач. 1930-х г., апубл. 1984), «Вучань ліцэя» (1950, апубл. 1974), кніг ваен. карэспандэнцый «Апавяданні пра Радзіму» (1943), «Салдацкае сэрца» (1946), літ.-крытычных артыкулаў «Роздумы чытача» (1939, апубл. 1970), кінасцэнарыяў, твораў для дзяцей і інш. Творчасці П. ўласціва сістэма філас. метафар, спецыфічная лексіка і стылістыка. Бел. матывамі прасякнуты апавяданні «Сёмы чалавек», «Сяржант Шадрын (Гісторыя рускага маладога чалавека нашага часу)», нарысы «Прарыў на Захад», «Дарога на Магілёў», «У Магілёве», «Падзенне немцаў», «На магілах рускіх салдат», «Роздумы афіцэра». На бел. мову асобныя апавяданні П. пераклалі А.Марціновіч, М.Навіцкі, А.Шарахоўская.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. М., 1984—85;
Избранное. М., 1983;
Избранное. Мн., 1989;
Государственный житель: Проза. Ранние соч. Письма. Ми., 1990;
Антисексус. М., 1991;
Сокровенный человек: Повести, рассказы. Мн., 1993;
Чевенгур;
Котлован. Мн., 1999.
Літ.:
Васильев В.В. Андрей Платонов: Очерк жизни и творчества. 2 изд. М., 1990;
Кузьменко О.А. Андрей Платонов: призвание и судьба: Очерк творчества. Киев, 1991;
«Страна философов» Андрея Платонова: Пробл. творчества. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛКАГАЛІ́ЗМ, алкагалізм хранічны,
хвароба, якая ўзнікае ад празмернага і частага ўжывання спіртных напіткаў; выяўляецца ў псіхічнай і фізічнай залежнасці ад алкаголю, сацыяльнай і маральнай дэфармацыі асобы, у псіх., неўралагічных і саматычных расстройствах. Развіваецца часцей у 25—40 гадоў. Адзначаецца і спадчынная схільнасць. Першая стадыя хваробы на фоне працяглага быт. п’янства цягнецца 3—6 гадоў. Характарызуецца стратай ірвотнага рэфлексу, псіх. залежнасцю (неабходнасць спіртнога, каб палепшыць настрой або зняць напружанне), стратай колькаснага кантролю над выпітым, ап’яненнем з частковым забываннем падзей. Асн. асаблівасць другой стадыі — фізічная залежнасць з пахмельным сіндромам, пры якім узнікаюць цяжкія псіх. і самата-вегетатыўныя перажыванні. Каб палепшыць стан, хворы пахмяляецца. Могуць быць і алкагольныя псіхозы. Адзначаны таксама змены асобы з сац. дэградацыяй, парушэннямі ўвагі, памяці. На трэцяй стадыі хворы п’янее ад нязначнай дозы спіртнога, часта пераходзіць на сурагаты. Адсутнічаюць усе формы кантролю, хворы становіцца бесклапотным і лагодным. Узнікаюць неўралагічныя расстройствы, пагаршаецца агульны стан здароўя. Лячэнне: выпрацоўка адмоўнай рэакцыі на алкаголь з дапамогай лякарстваў, псіхатэрапія і інш.
Сістэма барацьбы з п’янствам і алкагалізмам у Рэспубліцы Беларусь уключае комплекс выхаваўчых, санітарна-асветных, адм. і мед. мерапрыемстваў, якія спалучаюцца з мерамі грамадскага і дзярж. ўздзеяння супраць тых, хто не жадае выконваць маральныя і прававыя ўстанаўленні грамадства. Паводле дзеючага заканадаўства асобы, якія ўчынілі ў стане ап’янення правапарушэнні і злачынствы, не вызваляюцца ад адм. ці крымін. адказнасці. Учыненне злачынства ў стане ап’янення лічыцца акалічнасцю, якая абцяжвае адказнасць. Да хранічнага алкаголіка, які ўчыніў злачынства, адначасова з пакараннем за яго суд можа прызначыць яму прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Асоба, якая ў выніку злоўжывання алкаголем ставіць сваю сям’ю ў складанае матэрыяльнае становішча, па рашэнні суда можа быць абмежавана ў дзеяздольнасці, і над ёю ўстанаўляецца апякунства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМЯРА́ЛЬНЫ ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНІК,
прыстасаванне, якое пераўтварае фіз. велічыню, што вымяраецца або рэгулюецца, у сігнал (звычайна электрычны) для далейшай перадачы, апрацоўкі ці рэгістрацыі. Адна з асн. частак сродкаў вымяральнай тэхнікі, сістэм аўтаматыкі і тэлемеханікі. Тэрмін «вымяральны пераўтваральнік» уведзены стандартам замест тэрміна «датчык».
Параметры, якія ўспрымаюцца вымяральным пераўтваральнікам, бываюць механічныя (намаганне, перамяшчэнне, скорасць, вібрацыя), гідраўлічныя і пнеўматычныя (ціск, расход), аптычныя (сіла святла), цеплавыя (т-ра), электрычныя (напружанне і ток), радыеактыўныя. Выходныя сігналы падзяляюцца на электрычныя і пнеўматычныя (часам гідраўлічныя), амплітудныя, часаімпульсныя, частотныя і фазавыя, аналагавыя (неперарыўныя) і лічбавыя (дыскрэтныя). Вымяральны пераўтваральнік складаецца з аднаго (напр., тэрмапара, тэнзометр) або з некалькіх элементарных пераўтваральнікаў, найважнейшы з якіх — адчувальны элемент. Пераўтваральнікі злучаюцца па каскаднай, дыферэнцыяльнай і кампенсацыйнай схемах. Найб. Пашыраны маштабныя і функцыянальныя вымяральныя пераўтваральнікі. Маштабныя (напр., дзялільнікі частаты і напружання, трансфарматары вымяральныя) мяняюць маштаб велічыні, якая вымяраецца, без змены яе фіз. прыроды. Гэтыя вымяральныя пераўтваральнікі пашыраюць межы вымярэнняў сродкамі вымяральнай тэхнікі. Функцыянальныя вымяральныя пераўтваральнікі (напр., тэрмарэзістары, фотаэлементы) пераўтвараюць велічыню той ці іншай фіз. прыроды ў функцыянальна звязаны з ёй сігнал (звычайна электрычны). Такімі вымяральнымі пераўтваральнікамі можна вымяраць разнастайныя неэл. велічыні. Асобны клас складаюць аперацыйныя вымяральныя пераўтваральнікі, якія выконваюць над велічынямі пэўныя матэм. аперацыі (інтэграванне, дыферэнцыраванне і інш.). Асн. характарыстыкі вымяральных пераўтваральнікаў: від функцыянальнай залежнасці паміж уваходнай і выходнай велічынямі, адчувальнасць і парог адчувальнасці, хібнасць.
У.М.Сацута.
Вымяральны пераўтваральнік: а — тэмпературы (1, 2 — тэрмаэлектроды); б — ціску (1 — мембрана, 2 — газ або вадкасць); в — акустычны (1 — мембрана, 2 — вугальны парашок); г — нахілу (1 — электроды, 2 — электраліт); д — вызначэння канцэнтрацыі кіслаты ў растворы (1 — электроды, 2 — электрамагніт, 3 — рычаг, 4 — клапан).Схема палярызацыйнага валаконна-аптычнага вымяральнага пераўтваральніка ціску, акустычных ваганняў і лінейных паскарэнняў: 1 — крыніца аптычнага выпрамянення (AB); 2 — валаконныя светлаводы; 3 — палярызатар AB; 4 — аптычны адчувальны элемент (прызма); 5 — мембрана; 6 — аналізатар AB; 7 — прыёмнік AB.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАМЕ́ННЫ ТОК,
электрычны ток, які перыядычна зменьваецца па значэнні і напрамку. Характарызуецца перыядам T (прамежак часу паміж двума аднолькавымі імгненнымі значэннямі току, вымяраецца ў секундах) і частатой f (велічыня адваротная перыяду:
, вымяраецца ў герцах). У еўрап. краінах і СНД прынята стандартная частата 50 Гц, у ЗША — 60 Гц. У спец.прамысл. устаноўках ужываюцца частоты да 50 МГц, у радыётэхніцы да дзесяткаў тыс.МГц. П.т. найб. прыдатны для атрымання электраэнергіі (на электрастанцыях), яе перадачы і размеркавання (з дапамогай ліній электраперадачы, падстанцый, размеркавальных электрычных сетак), што абумоўлена зручнасцю і эканамічнасцю пераўтварэння П.т., прастатой і надзейнасцю пераменнага току машын. Найб. пашыраная сістэма П.т. — трохфазны ланцуг.
Сінусаідальны П.т. i (імгненнае значэнне) з амплітудай Im, кругавой частатой ω = 2πf і пачатковай фазай φi мяняецца паводле закону: i = Imsin(ωt + φi). Дзейнае (эфектыўнае) значэнне П.т.
. У ланцугу толькі з актыўным электрычным супраціўленнем ток супадае па фазе з напружаннем электрычным, а яго дзейнае значэнне
У ланцугу з індуктыўнасцю L змена току выклікае эрс самаіндукцыі, якая стварае дадатковае індуктыўнае супраціўленне XL = ωL. У выніку ток па фазе адстае на чвэрць перыяду ад напружання. У ланцугу з электраёмістасцю дзеянне пераменнага напружання перыядычна мяняе зарады на абкладках кандэнсатара. У выніку ўзнікае ток, дзейнае значэнне якога
, дзе
— ёмістаснае супраціўленне. Ёмістасны ток па фазе апераджае напружанне на чвэрць перыяду. Магутнасць электрычная П.т. складаецца з актыўнай магутнасці і рэактыўнай магутнасці. У агульным выпадку паміж токам і напружаннем існуе зрух фаз
. Косінус гэтага вугла наз.магутнасці каэфіцыентам і вызначаецца адносінамі актыўнай P і поўнай S магутнасцей:
. Аналіз і разлік П.т. робіцца з дапамогай вектарных дыяграм, сімвалічнага метаду (геам. аперацыі з вектарамі замяняюцца алгебраічнымі, для разліку ланцугоў П.т. выкарыстоўваюцца метады і законы ланцугоў пастаяннага току), чатырохполюсніка і інш. Разлік несінусаідальнага П.т. ажыццяўляецца метадамі гарманічнага аналізу і спектральнага аналізу.
Літ.:
Бессонов Л.А. Теоретические основы электротехники. 6 изд. М., 1973;
Нейман Л.Р., Калантаров П.Л. Теоретические основы электротехники. Ч. 2. 5 изд. М.; Л., 1959;
Теоретические основы электротехники. Ч. 2. 3 изд. М., 1970;
Касаткин АС. Электротехника. 3 изд. М., 1974.
У.М.Сацута.
Схема, графікі напружання u і току i у ланцугу пераменнага току: 1 — з актыўным супраціўленнем R. 2 — з індуктыўнасцю L; 3 — з ёмістасцю C; T — перыяд.Графікі напружання u і току i у ланцугу пераменнага току: α, β — пачатковыя фазы току і напружання; φ — зрух фаз; Im, Um — амплітуды току і напружання; ω — вуглавая частата; t — час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБРАЛТА́Р (Gibraltar),
уладанне Вялікабрытаніі на Пд Пірэнейскага п-ва, каля Гібралтарскага праліва. Нейтральнай зонай аддзелены ад ісп.г. Ла-Лінеа. Важны стратэг. пункт на Міжземным м.Пл. 6,5 км². Нас. 32 тыс.чал. (1993). Большасць насельніцтва гібралтарцы — нашчадкі іспанцаў, англічан, мальтыйцаў і інш.Афіц. мова — англійская, пашырана таксама іспанская. Паводле веравызнання 77% католікаў, па 7% мусульман і англікан. Каля паловы насельніцтва занята ў гандлі і абслуговых галінах. Гібралтар складаецца са скалы (выш. да 425 м) і пясчанага перашыйка, які злучае іх з паўвостравам. Прырода і клімат міжземнаморскія. Гаспадарка звязана пераважна з абслугоўваннем ваенна-марской і ваенна-паветр. баз Вялікабрытаніі, транзітнага порта (заходзіць каля 3 тыс. суднаў за год). Рээкспартны гандаль, увоз нафтапрадуктаў, харч. тавараў, прэснай вады. Замежны турызм (штогод 4,2—5 млн.чал.). Суднарамонтныя верфі. Швейныя ф-кі, з-ды па вытв-сці піва і мінер. вады, каваапрацоўчыя, тытунёвыя, рыбакансервавыя, алейныя прадпрыемствы. Асн.гандл. партнёры Вялікабрытанія, Іспанія, Данія, Японія. Грашовая адзінка — гібралтарскі фунт стэрлінгаў.
Гісторыя. Пасяленні чалавека на тэр. Гібралтара існавалі са стараж. часоў. Гібралтар быў вядомы стараж. грэкам і рымлянам пад назвай Кальпе, адзін з Геркулесавых слупоў. У пач. 8 ст.араб. палкаводзец Тарык ібн Сеід пабудаваў тут крэпасць Джэбель-ат-Тарык (гара Тарыка). Пазней крэпасць сталі называць Гібралтар, у 1160 побач з ёю ўзнік араба-маўрытанскі горад. У 1309—33 крэпасцю валодалі іспанцы, потым мараканцы, якія пабудавалі яшчэ больш магутныя ўмацаванні (частка іх захавалася да нашага часу). У 1462 Гібралтар зноў захоплены іспанцамі. У час вайны за ісп. спадчыну ў 1704 аб’яднаная англа-галандская эскадра пад камандаваннем англ. адмірала Дж.Рока захапіла Гібралтар. Паводле Утрэхцкага міру 1713 Гібралтар замацаваны за Вялікабрытаніяй і стаў яе ваен.-марской базай. У 18 ст. Іспанія неаднойчы спрабавала рознымі спосабамі вярнуць Гібралтар. Самая працяглая 4-гадовая яго аблога (1779—83) скончылася няўдачай. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 зноў прызнаны ўладаннем Вялікабрытаніі, у 1830 абвешчаны брыт. калоніяй. Значэнне Гібралтара вырасла пасля адкрыцця ў 1869 Суэцкага канала. У 1907 Вялікабрытанія, Францыя, Іспанія заключылі пагадненне аб захаванні ў Гібралтарскім праліве статус-кво. У 2-ю сусв. вайну ўсё грамадз. насельніцтва Гібралтара эвакуіравана ў Вялікабрытанію (пасля вайны вярнулася). Іспанія зноў заявіла аб сваім праве на Гібралтар, у 1966 яна аб’явіла блакаду Гібралтара, спыніла ўсе яго зносіны з мацерыком.
У маі 1969 прынята новая канстытуцыя Гібралтара, якая ўвяла мясц. самакіраванне, 30.7.1969 адбыліся першыя выбары ў мясц. Асамблею, сфарміраваны ўрад. Заканад. ўлада ў Гібралтары належаць губернатару, якога прызначае брыт. манарх, і палаце сходу. У 1975 (пасля смерці дыктатара Ф.Франка) Іспанія змякчыла свае пазіцыі — адмяніла абмежаванні на ўезд і выезд з Гібралтара, аднавіла тэлеф. сувязь і інш. У 1980 падпісана Лісабонскае пагадненне аб статусе Гібралтара. Аднак паміж Вялікабрытаніяй і Іспаніяй працягваецца саперніцтва за Гібралтар. У 1984 падпісана ісп.-брыт. дэкларацыя аб пачатку перагавораў па ўрэгуляванні праблемы Гібралтара. Адкрыццё ў 1985 сухапутнай граніцы аслабіла напружанне ў адносінах паміж гэтымі краінамі. У 1991 Гібралтар пакінулі апошнія часці брыт. сухапутных войск, засталіся толькі падраздзяленні ВМС і ВПС. На парламенцкіх выбарах у 1992 перамагла кіруючая Сацыяліст. партыя працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ (ГЭС),
электрастанцыя, якая выпрацоўвае эл. энергію за кошт ператварэння мех. энергіі патоку вады. Складаецца з гідратэхн. збудаванняў (будынкі ГЭС, напорныя басейны, плаціны, дамбы, вадаводы, вадаскіды, шлюзы і інш., якія забяспечваюць стварэнне напору, канцэнтрацыю вадзянога патоку і яго адвод) і энергет. абсталявання (гідраўлічныя турбіны, што прыводзяцца ў рух патокам вады, і гідрагенератары, якія верцяцца гідратурбінамі і выпрацоўваюць эл. ток напружаннем каля 6—16 кв). Гідраагрэгаты, дапаможнае абсталяванне, прылады кіравання і кантролю размяшчаюцца ў машыннай зале будынка ГЭС. Трансфарматарная падстанцыя, якая з дапамогай сілавых трансфарматараў павышае генератарнае напружанне да 110, 220, 330, 750 кВ і болей, размяшчаецца ў будынку станцыі, у асобным будынку або на адкрытай пляцоўцы; размеркавальнае ўстройства, да якога падключаюцца лініі электраперадачы — звычайна каля будынка ГЭС.
Паводле напору ГЭС падзяляюцца на высоканапорныя (больш за 60 м, абсталёўваюцца каўшовымі і радыяльна-восевымі турбінамі), сярэдненапорныя (ад 60 да 25 м, з паваротна-лопасцевымі і радыяльна-восевымі турбінамі) і нізканапорныя (да 25 м, з паваротна-лопасцевымі, часам гарыз. турбінамі ў капсулах або адкрытых камерах). У залежнасці ад асаблівасцей выканання гідратэхнічных збудаванняў адрозніваюць ГЭС: рэчышчавыя (будуюцца ў асн. у межах рачнога рэчышча, будынак станцыі ўваходзіць у склад водападпорных збудаванняў, напор звычайна да 30 м), прыплацінныя (напор ад 30 да 200 м ствараецца землянымі, бетоннымі, каменнымі плацінамі, будынак станцыі размешчаны за плацінай), дэрывацыйныя (будуюцца пераважна на горных рэках, сярэдняга і высокага напору, які ствараецца з дапамогай абвадных каналаў, тунэляў або трубаправодаў), сумешчаныя (будынак станцыі размяшчаецца ў целе плаціны і адначасова выконвае функцыю вадаскіднага збудавання). Існуюць таксама гідраакумулюючыя электрастанцыі і прыліўныя электрастанцыі. Асобныя ГЭС або іх каскады звычайна працуюць у электраэнергетычнай сістэме сумесна з кандэнсацыйнымі, газатурбіннымі, атамнымі электрастанцыямі, цеплаэлектрацэнтралямі: У залежнасці ад характару ўдзелу ў пакрыцці графіка нагрузак ГЭС бываюць базісныя, паўпікавыя і пікавыя, выкарыстоўваюцца таксама для генерыравання рэактыўнай энергіі. Сабекошт электраэнергіі і эксплуатацыйныя расходы ГЭС меншыя, а працягласць і кошт буд-ва — большыя, чым цеплавых. Першыя ГЭС магутнасцю ў некалькі соцень ват пабудаваны ў 1876—81 у Германіі і Вялікабрытаніі. У Расіі першая прамысл.ГЭС (каля 300 кВт) пабудавана ў 1895—96. Самая буйная ГЭС з пабудаваных у СССР — Саяна-Шушанская (на р. Енісей, 6400 МВт). Найб. агульную магутнасць маюць ГЭС (млн.кВт): ЗША (89), краін СНД (64), Канады (57), Бразіліі (42), Японіі (37).
На Беларусі гідраэнергет. рэсурсы невялікія (гл.Гідраэнергетыка). У 1940—50-я г. пабудавана 179 невял. ГЭС агульнай магутнасцю каля 20 тыс.кВт. Найб. значныя з іх Асіповіцкая на р. Свіслач (2250 кВт) і Чыгірынская на р. Друць (1500 кВт). З развіццём Беларускай энергетычнай сістэмы большасць малых ГЭС была закансервавана. У 1992—94 адноўлены Дабрамысленская, Ганалес, Богіна, Жамыслаўская, Клясціцкая, Вайтаўшчызненская, Лахазвінская ГЭС агульнай магутнасцю каля 2 МВт. Амаль усе ГЭС — прыплацінныя з напорнымі будынкамі.
Літ.:
Цветков Е.В., Алябышева Т.М., Парфенов Л.Г. Оптимальные режимы гидроэлектростанций в энергетических системах. М., 1984;
Гидроэлектрические станции. 3 изд. М., 1987.
Я.П.Забела.
Схема рэчышчавай гідраэлектрычнай станцыі: 1 — гідраўлічная турбіна; 2 — гідрагенератар; 3 — гідрапад’ёмнік; 4, 9 — мінімальны і максімальны ўзроўні верхняга і ніжняга б’ефаў; 5 — засаўкі; 6 — плаціна; 7 — размеркавальнае прыстасаванне; 8 — ЛЭП.Схема дэрывацыйнай гідраэлектрычнай станцыі: 1 — плаціна; 2 — водапад’ёмнік; 3 — адстойнік; 4 — дэрывацыйны канал; 5 — напорны басейн; 6 — басейн сутачнага рэгулявання; 7 — турбінны вадавод; 8 — будынак ГЭС; 9 — вадаскід; 10 — размеркавальнае прыстасаванне; 11 — ЛЭП.Да арт.Гідраэлектрычная станцыя. Асіповіцкая ГЭС на р. Свіслач (Асіповіцкі раён Магілёўскай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТРАПАЛІТЭ́Н (франц. métropolilain ад грэч. metropolis галоўны горад, сталіца),
метро, від рэйкавага электрычнага пасаж. транспарту. У вял. гарадах з насычаным вулічным рухам пракладваецца пад зямлёй (у тунэлях), часам на паверхні і на эстакадах. Вызначаецца вял. правознай здольнасцю (да 60 тыс. пасажыраў за гадзіну ў адным напрамку), высокай эксплуатацыйнай скорасцю (да 100 км/гадз, з улікам прыпынкаў да 45—48 км/гадз), рэгулярнасцю руху.
Асн. збудаванні і абсталяванне М.: станцыі (калоннага або пілоннага тыпаў, а таксама аднаскляпеністыя), якія ўключаюць пасаж. платформы, падземныя або надземныя вестыбюлі, пераходы, перасадачныя вузлы, эскалатары (часам пад’ёмнікі ліфтавага тыпу ўмяшчальнасцю да 130 чал.); перагонныя тунэлі неглыбокага (да 15 м ад паверхні зямлі) і глыбокага (да 30—35 м) залажэння з рэйкавымі пуцямі (у М. краін СНД шырынёй 1520 мм); рухомы састаў (поезд з 3—8 вагонаў умяшчальнасцю да 270 пасажыраў кожны); кабельная і кантактная сетка з цягавымі і паніжальнымі трансфарматарнымі падстанцыямі; вентыляцыйныя, дрэнажныя і асвятляльныя прыстасаванні; дэпо і інш. Паязды прыводзяцца ў рух электрарухавікамі пастаяннага току, якія сілкуюцца праз слізгальныя токапрыёмнікі з кантактных рэек (напружанне ў кантактнай сетцы ад 600 да 1500 В, у М. краін СНД — 825 В). Будуюць М. закрытым і адкрытым спосабамі. Пры закрытым спосабе праходка тунэляў робіцца горным або шчытавым метадам; пры адкрытым распрацоўваецца катлаван, у якім робяць тунэль са зборных жалезабетонных або метал. элементаў (цюбінгаў), маналітнага бетону і жалезабетону. Выкарыстоўваюць спец. спосабы вядзення работ: штучнае замарожванне грунтоў, водапаніжэнне, метад «сцяна ў грунце» і інш. Каб у М. не трапляла вада, робяцца неабходная гідраізаляцыя і водаадвод.
У замежнай практыцы буд-ваМ., за рэдкім выключэннем (напр., афармленне ўваходаў у парыжскі М. у стылі мадэрн, арх. Э.Гімар), пераважае утылітарны падыход да арх. вырашэння. З 2-й пал. 20 ст. пачалі выкарыстоўваць новыя канструкцыі, буд. і аддзелачныя матэрыялы, сродкі рэкламы і візуальнай інфармацыі, станцыі набылі маст. афармленне. У б.сав. гарадах М. ствараўся як прасторава працяглы арх. комплекс манум. збудаванняў вял. грамадскай значнасці. Архітэктары імкнуліся стварыць камфартабельныя ўмовы для пасажыраў, надаць кожнай станцыі індывід. аблічча. У афармленні станцый і наземных вестыбюляў М. (часта тэматычным) выкарыстоўвалі мазаіку, жывапіс, скульптуру, дэкар.-прыкладное мастацтва. У 1950—60-я г. ў буд-ве М. ўкаранялася уніфікацыя аб’ёмна-прасторавых вырашэнняў і канструкцый; індывідуалізацыя дасягалася разнастайнасцю матэрыялаў, іх колеру і фактуры, розных сістэм асвятлення. У 1970—90-я г. на новай канструктыўнай аснове працягваюцца лепшыя традыцыі тэматычнага і маст. афармлення станцый М., пашыраны сінтэз мастацтваў.
Першы М. (3,6 км) пабудаваны ў Лондане (1863), потым у Нью-Йорку (1868), Будапешце (1896), Вене (1898), Парыжы (1900), Берліне (1902), Буэнас-Айрэсе (1913), Мадрыдзе (1919), Токіо (1927) і інш. Першая лінія Маскоўскага М. пачала дзейнічаць у 1935. Пабудаваны і дзейнічаюць М. у Санкт-Пецярбургу (з 1955), Кіеве (з 1960), Тбілісі (з 1966), Баку (з 1967), Харкаве (з 1972), Ташкенце (з 1977), Ерэване (з 1981), Мінску (з 1984; гл.Мінскі метрапалітэн), Ніжнім Ноўгарадзе (з 1985), Новасібірску (з 1985), Самары (з 1987) і інш.Найб. працяглы (больш за 400 км) М. у Нью-Йорку (40 ліній; 490 станцый), самы заглыблены (больш за 100 м) — у Пхеньяне. М. маюць каля 50 гарадоў у больш чым 30 краінах.
Літ.:
Лиманов Ю.А. Метрополитены. 2 изд. М., 1971;
Тоннели и метрополитены. М., 1989.
С.Л.Сергачоў (архітэктура), В.А.Ярмоленка.
Метрапалітэн: а — станцыя пілоннага тыпу з абліцоўкай жалезабетоннымі цюбінгамі; б — станцыя калоннага тыпу з павялічаным пралётам сярэдняй залы; в — схема электрасілкавання кантактавай рэйкі (1 — кабелі сілкавання трэцяй рэйкі, 2 — цягавая падстанцыя, 3 — зваротны кабель ад хадавых рэек, 4 — сілавыя кабелі, 5 — трэцяя рэйка, 6 — хадавая рэйка).Да арт.Метрапалітэн. Станцыя «Камсамольская-кальцавая» ў Маскве. 1952. Арх. А.Шчусеў і інш.Да арт.Метрапалітэн. Станцыя «Плошча Якуба Коласа» ў Мінску. 1984. Арх. М.Пірагоў, А.Зензін, маст. В.Чурыла, С.Сакалоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЧАНКА (Пімен Емяльянавіч) (23.8.1917, г. Талін — 2.4.1995),
бел.паэт.Нар. паэт Беларусі (1973). Ганаровы акадэмік Нац.АН Беларусі (1994). Скончыў пед. курсы ў Бабруйску (1934), Мінскі пед.ін-т (1939). У 1933 працаваў рабочым у Бабруйску. З 1934 настаўнічаў на Магілёўшчыне. З 1939 у Чырв. Арміі, удзельнік вызвалення Зах. Беларусі (вер. 1939). У Вял.Айч. вайну спец. карэспандэнт армейскіх і франтавых газет. З 1946 заг. аддзела час. «Вожык», з 1948 заг. аддзела, нам.гал. рэдактара газ. «Літаратура і мастацтва». З 1953 гал. рэдактар альманаха «Советская Отчизна», з 1958 — час. «Маладосць». У 1966—71 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1934. У першых зб-ках «Упэўненасць» (1938), «Вераснёвыя сцягі» (1940) настрой і пачуцці яго пакалення — рамантычна-ўзнёслыя парыванні, летуценні маладосці і кахання, трывога ў прадчуванні нарастаючай пагрозы вайны. У зб-ках «Табе, Беларусь» (1942), «Дарога вайны» (1943), «Далёкія станцыі» (1945) горыч расстання з Беларуссю, вера ў яе вызваленне, героіка нар. змагання вызначаюць унутр.напружанне, палымянасць лірычнага перажывання паэта. Шырока выкарыстоўваў фалькл. вобразы і прыёмы. Вершы ваен. часу («Краіна мая», «Будуць вечна сады расцвітаць...», «Сінія касачы», «Дзеці вайны», «Герой» і інш.) спалучаюць адухоўленыя, чыстыя, светлыя малюнкі жыцця, задушэўныя перажыванні з драм., нярэдка па-баладнаму сціслым і ёмістым паказам ваен. выпрабаванняў. Уражанні ад знаходжання з сав. войскамі ў Іране (1944—45) сабраны ў патрыят. цыкле «Іранскі дзённік» (1944—47). У зб-ках «Гарачыя вятры» (1947), «Вершы» (1948), «Прысяга» (1949), «За шчасце, за мір!» (1950), «Вершы і паэмы» (1952), «Шырокі свет» (1955) тэма мірнай працы, суровая памяць вайны, услаўленне прац. энтузіязму, імкненне да сац. значнасці і дзейснасці паэзіі. Вынік паездак у ЗША і інш. краіны — зб-кі «Кніга вандраванняў і любові» (1959), «Нью-Йоркскія малюнкі» (1960), «Тысячы небасхілаў» (1962), «Чатыры кантыненты» (1964). Сведчаннем творчай сталасці з’яўляюцца зб-кі «Пры святле маланак» (1966, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1968), «Снежань» (1972), «Крык сойкі» (1976), «Вячэрні цягнік» (1977), «Дзе начуе жаўранак» (1979, у пер. на рус. мову, Дзярж. прэмія СССР 1981), «Маўклівая малітва» (1981), «Лясныя воблакі» (1985) і інш., дзе найб. поўна рэалізаваліся магчымасці і выявіліся лепшыя рысы таленту П. Яго паэзія псіхалагічна чуйная, незвычайна багатая на рэаліі жыцця і чалавечыя адносіны, павернута да штодзённых спраў, прасякнута людскімі клопатамі і трывогамі, раскрывае свет сучасніка — грамадзяніна і патрыёта, які жыве напружана, дзейна. Паэт ярка выражанага грамадзянска-публіцыст. тэмпераменту, глыбока ўражлівы, па-маладому няўрымслівы; ён усё жыццё працягваў змаганне за маральна-этычную вартасць і сутнасць чалавечай асобы, за нац. свядомасць, мову і культуру беларусаў. З сярэдзіны 1980-х г. яго творчасць вылучаецца публіцыст. адкрытасцю, трыбуннасцю, вастрынёй прамаўлення, сатыр. пафасам і адначасова застаецца па-ранейшаму глыбока лірычнай, уражлівай, чуйнай да чужога болю (кн. «І вера, і вернасць, і вечнасць», 1986; «Горкі жолуд», 1988; «Высокі бераг», 1993). У пасмяротную кнігу паэзіі розных гадоў «Зямля ў мяне адна» (1996) увайшла і напісаная ў гады вайны паэма «Вандраванне ў нянавісць». Аўтар лірычных паэм «Беластоцкія вітрыны» (1940), «Маладосць у паходзе» (1946), «Патрыятычная песня» (1957, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1959) і інш. Выступаў як крытык: кн. «На паэтычным небасхіле» (1977) і «Высокі бераг» (1993) у якіх змешчаны артыкулы, эсэ, успаміны пра Я.Купалу, Я.Коласа, А.Куляшова, А.Фадзеева і інш., пра падзеі літ. жыцця. Пераклаў на бел. мову асобныя творы А.Міцкевіча, М.Нагнібеды, Я.Райніса, А.Суркова, Ф.Шылера і інш.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1967—71;
Зб. твораў. Т. 1—4. Мн., 1981—83;
Млечны шлях. Мн., 1980;
Неспакой. Мн., 1988;
Выбранае: Вершы. Паэма. Мн., 1993.
Літ.:
Лазарук М.А. Пімен Панчанка. Мн., 1959;
Бярозкін Р.С. Пімен Панчанка. Мн., 1968;
Гілевіч Н. Іменем чалавечнасці // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;
Бечык В. Хвалявацца за ўсіх і ўсё... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Стральцоў М. Пімен Панчанка: (Фотаальбом). Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛА (Янка) (сапр.Луцэвіч Іван Дамінікавіч; 7.7.1882, фальварак Вязынка, Маладзечанскі р-н Мінскай вобл. — 28.6.1942),
бел. паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч; класік бел. л-ры; адзін з заснавальнікаў сучаснай бел. л-ры і бел.літ. мовы. Нар. паэт Беларусі (1925). Акад.АН Беларусі (1928) і АН Украіны (1929). З сям’і збяднелай шляхты, старэйшы продак якой па бацьку ўпамінаецца ў дакументах 17 ст.; маці — рубяжэвіцкая шляхцянка. Скончыў Бяларуцкае нар. вучылішча (1898), вучыўся на агульнаадук. курсах А.С.Чарняева ў Пецярбургу (1909—13), у нар. ун-це імя А.Л.Шаняўскага ў Маскве (1915). Пасля смерці бацькі (1902) працаваў на гаспадарцы, хатнім настаўнікам («дарэктарам»), пісарам у суд. следчага ў Радашковічах (1903), малодшым прыказчыкам у памешчыка на Сенненшчыне (1904), практыкантам і памочнікам вінакура на броварах у памешчыцкіх маёнтках (1905—08). У 1908—09 супрацоўнік газ. «Наша ніва» і адначасова бібліятэкар б-кі Б.Л.Даніловіча (Вільня). 3 кастр. 1913 зноў у Вільні, супрацоўнік «Беларускага выдавецкага таварыства», рэдактар «Нашай нівы» (1914—15). У студз. 1916 у Маскве ажаніўся з У.Ф.Станкевіч (гл. У.Ф.Луцэвіч), прызваны ў армію. Служыў у дарожна-буд. атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін у Мінску, Полацку, Смаленску. 3 ліп. 1918 агент Аддз. забеспячэння Зах. вобласці. 21.1.1919 пераехаў у Мінск. Шмат друкаваўся як паэт і публіцыст у прэсе 1919—21 (газ. «Звон», «Беларусь», «Вольны сцяг», «Рунь», «Савецкая Беларусь»). У студз. — сак. 1920 цяжка хварэў. З 1921 актыўна ўдзельнічаў у літ.-грамадскім і культ.-маст. жыцці, у т. л. ў стварэнні БДУ, нац. тэатра, рэсп. выдавецтваў. 22.11.1930 спрабаваў скончыць самагубствам з-за праследаванняў рэпрэсіўнымі органамі, абвінавачання ў кіраўніцтве т. зв. нацдэмаўшчынай. У Вял.Айч. вайну жыў у Маскве, потым у пас. Пячышчы каля Казані. Трагічна загінуў у Маскве ў гасцініцы «Масква». У 1962 урна з прахам К. перавезена ў Мінск і пахавана на Вайсковых могілках.
Пісаць пачаў на польск. мове. Першы вядомы бел. верш «Мая доля» датуецца 1904. Першы бел. друкаваны верш «Мужык» (мінская газ. «Северо-Западный край», 15.5.1905). Першы зб. «Жалейка» (Пб., 1908). Творчасць К. — летапіс жыцця бел. народа, адбітак нац. характару, нац. светаразумення і паэт. светаўспрымання на пераломных гіст. рубяжах 1-й пал. 20 ст. Яна вызначаецца глыбокай народнасцю, маст. арыгінальнасцю, нац. адметнасцю. Нац.-патрыятычны, адраджэнскі пафас, свабодалюбівыя матывы, ідэі сац. і нац. разняволення, паказ нар. жыцця, гіст. мінулага Беларусі, філас. асэнсаванне жыцця і чалавека наогул, бел. мужыка, інтэлігента — выхадца з нар. нізоў, у прыватнасці, увасоблены ў яго творчасці ў непаўторныя жанрава-стылявыя формы, што сталі класічнымі асновамі бел. лірыкі, эпасу, драматургіі і публіцыстыкі.
К. — паэт-рамантык. Ён сцвердзіў рамант. тып нац. лірыкі, у якой драм.напружанне, інтэнсіўнасць перажыванняў выяўляюцца ў маштабных, раскавана-асацыятыўных вобразах. Непаўторнае хараство ім надае арганічнае зліццё лірызму і рамант. незвычайнасці светаўспрымання з традыцыямі фальклору — вобразамі, матывамі, паэтыкай бел.нар. песні, з міфалагічнымі ўяўленнямі, архетыпамі, каларытам бел легендаў, паданняў і казак. Ранняя лірыка К. эвалюцыяніравала ад тэм і матываў пераважна сялянскіх да паглыбленага выяўлення асобы паэта (зб-кі «Гусляр», 1910, «Шляхам жыцця», 1913). Адкрыццё вобраза бел. мужыка станавілася ў паэта адкрыццём беларусаў як народа. З працэсам пазнання бел. народа звязана ў К. цікавасць да духоўных першаасноў нар. жыцця — пошукаў свабоды, шчасця, справядлівасці, ідэалаў дабра і прыгажосці, што з асаблівай маст. сілай выявілася ў лірыцы 1910—13. Яе герой свабодалюбівы, самаахвярны і актыўны ў барацьбе за свае ідэалы. Аснова гіст. аптымізму паэта — вера ў творчыя сілы народа, любоў да Бацькаўшчыны. К. ўзвысіўся як выразнік нар.-дэмакр. ідэй, пясняр маладой Беларусі, як лідэр бел. адраджэння пач. 20 ст. Глыбокі патрыятызм паэта раскрыўся ў гімнавых вершах пра «сакаліную сям’ю» сыноў і дачок маладой Беларусі, у пейзажах роднай зямлі, творах на гіст. тэматыку («На дзяды», «На куццю»), у вершах грамадзянска-пафасных («Блізкім і далёкім», «Цару неба і зямлі», «Паязджане», «Свайму народу», «І прыйдзе»). Разам з тым К. аддаў пэўную даніну ідэям рэв. абнаўлення рэчаіснасці, звязваючы ідэалы нац. адраджэння з радыкальна-рэв. пераўтварэннямі. Лютаўская рэвалюцыя, кастр. падзеі 1917, грамадз. вайна нарадзілі матывы асуджэння дыктатуры, класавай нянавісці, антыгуманізму. Вострыя праблемы бел. рэчаіснасці ён адлюстраваў у публіцыстыцы 1919—20.
З 2-й пал. 1920-х г. К. трапіў пад рэзкую крытыку вульгарных сацыёлагаў, якія абвінавачвалі яго ў т.зв. нацдэмаўшчыне, ідэалізацыі мінулага. У гэты перыяд удачы ў асэнсаванні рэчаіснасці ў паэта рэдкія, паэтычная актыўнасць яго рэзка зменшылася і ажывілася толькі ў сярэдзіне 1930-х г. (ляўкоўскі цыкл і інш.). У цэлым яго паэтычны геній выразна праяўляўся ў біяграфічных і пейзажных («За ўсё», «Сонцу», «Сосны», «Шоў я пушчаю...»), а таксама некаторых дзіцячых вершах. Эпас К. эвалюцыяніраваў ад апавядальна-бытавога да ўзнёсла рамантычнага і лірызаванага, ад сюжэтнага да фрагментарна-лірычнага і рэпартажнага. У ранніх (1906—08) паэмах схільнасць да рамантычна яркіх, выключных герояў і сітуацый («Нікому», «Зімою», «За што?», «Адплата кахання»). Паэма-трагедыя «Адвечная песня» (1908, апубл. 1910) — апафеоз мужычай празе шчасця на зямлі. Класічнымі сталі яго фалькл.-рамантычныя паэмы «Курган» (1910, апубл. 1912), прасякнуты ідэяй неўміручасці нар. мастацтва, «Бандароўна» (1913) — эпічная песня аб героіцы нар. змагання супраць прыгнятальнікаў, «Яна і я» (1913, апубл. 1920) — творчае развіццё на нац. глебе гесіёдаўскага і гётаўскага эпасу, паэтызацыя ідэалізаванага ўяўлення селяніна-працаўніка пра шчаслівае жыццё, якое нараджае вольная праца, духоўная еднасць, каханне. Праблема ўзаемаадносін выключнай асобы і народа ставіцца ў паэме «Магіла льва» (1913, апубл. 1920). Драматызаванымі паэмамі К. аддаў даніну сімвалізму і неарамантызму. У «Адвечнай песні» ён стварыў сімвалічны вобраз мужыка, цураючыся індывідуалізацыі героя. Лёс яго раскрываў праз паэтызацыю жыццёвых абставін-праяў, манументалізуючы вобраз гал. героя, абсалютызуючы яго бязмерную прагу да лепшай долі, ягонае адмаўленне нядольнага зямнога лёсу. Паэма «Сон на кургане» (1910, апубл. 1912) таксама пра лёс бел. мужыка, але ўжо ў перыяд рэакцыі. Герой паэмы Сам — не персанаж-характар, а фантасмагарычны шукальнік выйсця з гаротнага стану. Умоўныя абставіны, што сняцца яму на кургане, чаргуюцца з рэальнымі сцэнамі на пажарышчы і ў карчме. Варожыя Саму сілы ўвасоблены ў вобразах відмаў і ў рэальных нячысціках. Сам — вобраз трагічны: гіне яго маці, а бацька аказваецца жандарам. Паэма была раскрыццём складаных жыццёвых лёсаў бел.нар. інтэлігенцыі. Паэма «Безназоўнае» (1924), якую крытыка падавала як услаўленне рэвалюцыі, фактычна была спробай выявіць ідэал нац.дзярж. будаўніцтва Беларусі. Паэма «Над ракою Арэсай» (1933), якую вульгарна-сацыялагічная крытыка захвальвала, — не з’яўляецца фактам эстэт. ўзбагачэння, але сведчыць пра адносіны паэта да тагачаснай рэчаіснасці. Паэма «Тарасова доля» (1939) — паэтызацыя жыццёвага лёсу Т.Шаўчэнкі. К. паспяхова вырашаў задачу стварэння бел.нац. камедыі і драмы. У камедыі нораваў «Паўлінка» (1912, паст. і апубл. 1913) ён высмейвае дамастроеўскія асновы жыцця засцянковай шляхты. Блізкім да камедыі нораваў з’яўляецца і сцэнічны жарг «Прымакі» (1913, апубл. 1920). У драме «Раскіданае гняздо» (1913, паст. 1917, апубл. 1919) раскрыты цяжкі лёс бел. абеззямеленага сялянства парэформеннага саракагоддзя, пошукі ім шляхоў да лепшай будучыні. Трагікамедыя «Тутэйшыя» (1922, апубл. 1924, паст. 1926, 1990) — вяршыня сатыр. камедыяграфіі К. У ёй з незвычайным пафасам упершыню аглядаліся актуальна-паліт. праблемы ўзаемаадносін усх. і зах. суседзяў Беларусі ў іх дачыненнях да бел. адраджэння. Калі ў «Паўлінцы» і «Раскіданым гняздзе» ярка выявіліся ілюзіі і спадзяванні на рэвалюцыю, то ў «Тутэйшых» гэтыя надзеі развейваюцца, даецца горкая ява паслярэв. рэальнасці, высмейваецца вялікадзярж. шавінізм, варожы бел. адраджэнню. Публіцыстыка К. ўзнімала пытанні паляпшэння сац. становішча нар. мас Беларусі, спрыяла абуджэнню іх нац. самаўсведамлення; «Думкі з пабыцця ў Фінляндыі на Іматры» (1910), «Адбудова Беларусі», «Беларускі сцяг уваскрос!», «Незалежнасць» (1919), «Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год», «Справа беларускага нацыянальнага гімна», «Прамова на 15-годдзі літаратурнай працы» (усе 1920). Пераклаў на бел. мову «Слова аб палку Ігаравым», польскія тэксты ў «Сялянцы» і «Залётах» В.Дуніна-Марцінкевіча, лібрэта оперы «Галька» С.Манюшкі, паэму «Медны коннік» А.Пушкіна, паэмы і вершы Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча, М.Канапніцкай, М.Някрасава, А.Кальцова, П.Панча і інш. Творчасць К. вывучае купалазнаўства. Творы К. перакладзены на многія замежныя мовы. Яго п’есы ставіліся ў шматлікіх тэатрах. П’есы К. «Паўлінка», «Раскіданае гняздо», паэма «Магіла льва» экранізаваны. Паводле яго твораў створаны оперы Р.Пукста «Машэка», М.Чуркіна «Раскіданае гняздо», опера-прытча У.Мулявіна «Песня пра долю», балеты Я.Глебава «Выбранніца», «Курган», муз. камедыя Ю.Семянякі «Паўлінка», сімфоніі, вак.-сімфанічныя паэмы і інш. У 1959—65 прысуджалася Літ. прэмія імя К., з 1965 прысуджаецца Дзярж. прэмія Беларусі імя К. (за творы паэзіі і драматургіі). Імем паэта, названы Ін-т л-ры Нац.АН Беларусі, Нац.акад. тэатр у Мінску, Гродзенскі ун-т, пасёлак у Глускім, вёска ў Пухавіцкім р-нах, бібліятэкі, школы, вуліцы ў многіх гарадах і населеных пунктах Беларусі. Працуюць Купалы Янкі літаратурны музей у Мінску (з філіяламі), Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі». Помнікі К. пастаўлены ў Радашковічах, Мінску, Акопах, Вязынцы, Ляўках, Араў-парку ў Нью-Йорку. 100-годдзе з дня нараджэння К. па рашэнні ЮНЕСКА адзначалася ў міжнар. маштабе. У 1996 створаны Міжнар. фонд Я.Купалы.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1925—32;
Зб. тв Т. 1—6. Мн., 1952—54;
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1961—63;
Зб.тв.Т. 1—7. Мн., 1972—76;
Поўны зб.тв.: У 9 т.Т. 1—5. Мн.,1995—99;
Спадчына. Нью-Ёрк;
Мюнхен, 1955;
Публіцыстыка. Мн., 1972;
Жыве Беларусь! Мн., 1993.
Літ.:
Янка Купала ў літаратурнай крытыцы Мн., 1928;
Мазалькоў Я. Янка Купала. Мн., 1951;
Івашын В. Янка Купала: Творчасць перыяду рэвалюцыі 1905—1907 гг.Мн., 1953;
Янка Купала ў беларускім мастацтве. Мн., 1958;
Ярош М. Драматургія Янкі Купалы. Мн., 1959;
Яго ж. Янка Купала і беларуская паэзія. Мн., 1971;
Яго ж. Пясняр роднай зямлі. Мн., 1982;
Яго ж. Янка Купала і Якуб Колас. Мн., 1988;
Любімы паэт беларускага народа. Мн., 1960;
Народны паэт Беларусі. Мн., 1962;
Бярозкін Р. Свет Купалы. Мн., 1965;
Макарэвіч А. Ад песень і думак народных. Мн., 1965;
Яго ж. Фальклорныя матывы ў драматургіі Янкі Купалы. Мн., 1969;
Шарахоўскі Я. Пясняр народных дум. Мн., 1970;
Яго ж. Пясняр народных дум: Нарыс жыцця і дзейнасці Я.Купалы: Савецкі перыяд.Мн., 1976;
Гульман Р. Тэксталогія твораў Янкі Купалы. Мн., 1971;
Есакоў А. Янка Купала і беларускае мастацтва. Мн., 1972;
Яго ж. Янка Купала і беларускі тэатр.Мн., 1972;
Каханоўскі Г. На запаветнай зямлі. Мн., 1974;
Такі ён быў. Мн., 1975;
Гаробчанка Т. Купалаўскія вобразы на беларускай сцэне. Мн., 1976;
Рагойша В. Напісана рукой Купалы. Мн., 1981;
Яго ж. Вяршыні. Мн., 1991;
Пуцявінамі Янкі Купалы. Мн., 1981;
Купалава і Коласава слова. Мн., 1981;
Песні беларускай валадар. Мн., 1981;
Лужанін М. Сустрэчы. Мн., 1982;
Успаміны пра Янку Купалу. Мн., 1982;
Навуменка І. Янка Купала. 2 выд.Мн., 1980;
Неўміручая спадчына. Мн., 1983;
Разам з народам. Мн., 1983;
Гапава В. Перачытваючы «Спадчыну» Янкі Купалы. Мн., 1983;
Палітыка Дз. Янка Купала — перакладчык. Мн., 1986;
Багдановіч І. Янка Купала і рамантызм. Мн., 1989;
«Па сонца, па долю». Брэст, 1992;
Няхай М. Сустрэчы з Прыдняпроўем: (Янка Купала і Якуб Колас на Магілёўшчыне). Мн., 1992;
Калеснік У. Тварэнне легенды. Мн., 1987;
Купалаўскія чытанні. Мн., 1991;
Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі... Мн., 1990;
Лойка А. Як агонь, як вада... // Лойка А. Выбр.тв.Мн., 1992. Т. 1;
Уладар народных дум і песень. Віцебск, 1992;
Янка Купала — дзецям. Мн., 1992;
Янка Купала і Якуб Колас у літаратурным працэсе Беларусі. Мн., 1993;
Васючэнка П. Драматургічная спадчына Янкі Купалы. Мн., 1994;
Гніламёдаў У. Янка Купала: Новы погляд. Мн., 1995;
Спадчына Янкі Купалы і яго музей у сучасным асэнсаванні. Мн., 1996;
Янка Купала і «Наша ніва». Мн., 1997;
Янка Купала — публіцыст. Мн., 1998;
Колас Г. Карані міфаў: Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Мн., 1998;
Янка Купала: Энцыкл.давед.Мн., 1986;
Слоўнік мовы Янкі Купалы: У 8 т.Т. 1—2. Мн., 1997—99;
Янка Купала ў літаратурнай крытыцы і мастацтвазнаўстве: Бібліягр.Мн., 1980;
Янка Купала: Да 100-годдзя з дня нараджэння;
Біябібліягр. паказ. Мн., 1984;
Кіпелі В. і З. Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе: Бібліягр. Нью-Ёрк, 1985;
Беларускія пісьменнікі. Т. 3. Мн., 1994.
А.А.Лойка, І.У.Саламевіч.
Янка Купала. Партрэт работы мастака І.Ахрэмчыка. 1945.Я.Купала сярод удзельнікаў пленума цэнтральнага бюро Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк». 1925.Я.Купала са студэнтамі-беларусамі. Пецярбург. 1910.Янка Купала і Якуб Колас гуляюць у шахматы. Карціна З.Паўлоўскага. 1945.Аўтограф верша Я.Купалы «Мужык».Помнік Я Купалу ў Араў-парку (ЗША).