СТАБІЛІТРО́Н [ад грэч. stabilis устойлівы, пастаянны + (элек)трон],
газаразрадны ці паўправадніковы дыёд, напружанне на якім застаецца практычна пастаянным пры зменах (у пэўных межах) сілы току, што працякае праз яго. Прызначаны для стабілізацыі напружання.
Прынцып дзеяння газаразраднага С. грунтуецца на рэзкім нарастанні току пры тлеючым ці каронным разрадзе. Такія С. маюць халодны (ненапалены) катод. Межы стабілізацыі ад 70 да 160 В (С. тлеючага разраду) і ад 0,4 да 30 кВ (С. кароннага разраду). Паўправадніковы С. працуе ў вобласці адваротных напружанняў дыёда, якая адпавядае эл. прабою яго электронна-дзірачнага пераходу. Межы стабілізацыі ад 3 да 180 В. С. выкарыстоўваюцца ў параметрычных стабілізатарах напружання, апорных крыніцах сілкавання, калібратарах току і напружання, лічбавых вымяральных прыладах і інш.