ЗО́ЛАТА (эканам.),

каштоўны высакародны метал; першы метал, які чалавек стаў выкарыстоўваць для сваіх патрэб. Ёсць звесткі пра здабычу З. і выраб з яго прадметаў у Егіпце (4100—3900 да н.э.), Індыі, Індакітаі (2000—1500 да н.э.) і інш. Як адзін з найб. каштоўных металаў З. выконвае функцыі ўсеагульнага эквіваленту пры абмене тавар — грошы, бо ў параўнанні з інш. таварамі яно валодае шэрагам пераваг: трываласцю, якаснай аднароднасцю, падзельнасцю, партатыўнасцю (высокай вартасцю пры невял. аб’ёме і вазе), зручнасцю ў захоўванні, адноснай рэдкасцю ў прыродзе. З. ў форме зліткаў захоўваецца ў якасці залатога запасу цэнтр. банкаў, шырока выкарыстоўваецца для вырабу манет, у радыёэлектроніцы, касм. тэхніцы, прыладабудаванні, ювелірнай справе, медыцыне.

У якасці грошай З. выкарыстоўвалася яшчэ за 1500 гадоў да н.э. ў Кітаі, Індыі, Егіпце, дзяржавах Месапатаміі, у 8—7 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі. У 7 ст. да н.э. ў Лідыі пачалася чаканка першых у гісторыі манет. У Кіеўскай Русі чаканка манет з З. і серабра пачалася ў 10 ст. У час мангола-татарскага нашэсця ў рас. княствах мела хаджэнне манг. «ценьга», ад якой і паходзіць рус. назва грошай (деньги). У старажытнасці і ў сярэдневякоўі разам з З. функцыі грошай выконвалі медзь і серабро. У Расіі ў пач. 19 ст. была пачата распрацоўка радовішчаў З. на Урале і ў Сібіры. У сярэдзіне 19 ст. багатыя радовішчы З. адкрыты ў ЗША (Каліфорнія), Аўстраліі, у 1880 — у Паўд. Афрыцы. Рост сусв. здабычы З. паскорыў выцясненне абясцэненага серабра і стварыў умовы для пераходу большасці краін да залатога монаметалізму ў яго класічнай форме золатаманетнага стандарту, які ўпершыню быў уведзены ў Вялікабрытаніі ў 1821 (гл. Залаты стандарт). Традыцыйна ў якасці сусв. грошай З. выступала як усеагульны эквівалент для разлікаў спачатку асобных рынкаў, а потым і краін. У час сусв. эканам. крызісу 1929—33 усе краіны адышлі ад залатога стандарту, усталявалася сістэма неразменных на З. крэдытных грошай (банкнот). Але З. застаецца грашовым металам і працягвае выконваць функцыі страхавога фонду, грашовага абарачэння і рэгулятара велічыні цыркулюючай грашовай масы.

У адпаведнасці з рашэннямі Брэтан-Вудскай канферэнцыі (1944) рэзервовай валютай для разліку краін — членаў створанага на гэтай канферэнцыі Міжнар. валютнага фонду (МВФ) разам з З. прызнаны долар ЗША. З’явілася своеасаблівая біметалічная сістэма (гл. Біметалізм), якая ў канчатковым выніку вядзе да выцяснення З. і замены адных грошай другімі. Нягледзячы на фіксаваную афіц. цану ў 35 дол. за тройскую унцыю З., рыначная цана З. ў 1972 склала 58 дол., а ў 1974—159,3 дол. за унцыю. Ямайская канферэнцыя 1975 абвясціла канчатковае зняцце З. з міжнар. абарачэння. Асн. валютай становяцца крэдытныя грошы, т.зв. спец. правы запазычвання (Special Drawing Rights), у якасці рэзервовых валют побач з доларам ЗША аб’яўлены ням. марка, франц. франк, англ. фунт стэрлінгаў. МВФ распрадаў свой залаты запас, а ўсе яго члены атрымалі эквівалентную долю СДР. У 1975 З. яшчэ захоўвала свае пазіцыі як маштаб цэн, як мера вартасці. СДР прыраўноўвалася да З. і як сродак утварэння скарбаў з прычыны таго, што краіны, якія выкупілі З. ў МВФ, папоўнілі ім свае валютныя рэзервы. Такім чынам, цяпер функцыі сусв. грошай адыгрываюць крэдытныя грошы, а ў краінах ЕС — агульнаеўрапейскія грашовыя адзінкі ЭКЮ, у якасці рэзервовых валют выступаюць банкноты ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Японіі. У СССР да сярэдзіны 1980-х г. рубель прыраўноўваўся да пэўнай колькасці З., вагавае ўтрыманне рубля складала 0,86 г З. Цяпер рубель (рас. і бел.) прыраўноўваецца да долара па курсавой суадносіне, якая ўстанаўліваецца курсавых суадносінах, якія ўстанаўліваюцца з улікам попыту і прапановы на грашовым рынку. Асн. пастаўшчыкі З.: Паўд.-Афр. Рэспубліка, Расія, Канада, ЗША, Гана, Бразілія, Аўстралія, Японія. Рынкі З. ў Лондане, Цюрыху, Парыжы, Бейруце, Токіо, Сінгапуры, Нью-Йорку і інш.

Літ.:

Марфунин А.С. История золота. М., 1987;

Самуэльсон П. Экономика: Пер. с англ. Т. 2. М., 1993;

Долан Э.​Дж., Линдсей Д.Е. Макроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 7, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАТЫКА́Н (Vaticano),

Дзяржава-горад Ватыкан (Stato della Città del Vaticano), папская суверэнная дзяржава, цэнтр каталіцкай царквы, рэзідэнцыя яе кіраўніка — папы рымскага. Размешчана ў Рыме — сталіцы Італіі, на ўзгорку Монтэ-Ватыкана, на зах. беразе р. Тыбр. Пл. 0,44 км². Нас. 811 чал. (1992), у т. л. 402 чал. маюць ватыканскае грамадзянства. Ватыкану належаць асобныя тэрыторыі з 13 будынкамі ў Рыме па-за дзярж. межамі агульнай пл. 0,7 км²: 3 саборы, шэраг палацаў і вілаў. Каля Рыма ў замку Кастэль-Гандольфа летняя рэзідэнцыя папы. Афіц. мовы лац. і італьянская. Нац. свята — дзень узвядзення на прастол рымскага папы Іаана Паўла II (22 кастр.).

Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1929, Ватыкан — абсалютная тэакратычная манархія. Кіраўнік дзяржавы — папа рымскі, які выбіраецца пажыццёва на канклаве — спец. сходзе выбаршчыкаў (удзельнічаюць кардыналы не старэй за 80 гадоў). Яму належыць вярхоўная заканад., выканаўчая і суд. ўлада. Папа прадстаўляе Ватыкан у міжнар. справах, заключае, ратыфікуе і дэнансуе міжнар. дагаворы і канкардаты, прымае дыпламат. прадстаўнікоў і прызначае паслоў (нунцыяў) у інш. краінах. Кіраўніцтва рэліг., паліт. і эканам. дзейнасцю Ватыкана належыць Рымскай курыі (урад Ватыкана). У яе ўваходзяць статс-сакратарыят, 9 кангрэгацый (дэпартаментаў), 3 трыбуналы, 3 сакратарыяты і інш. Статс-сакратарыят узначальвае звычайна кардынал, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў. Асн. дэпартаменты ўзначальваюць кардынальскія камісіі на чале з прэфектам або прэзідэнтам. У склад Рымскай курыі ўваходзяць таксама кардынальская калегія і сінод каталіцкай царквы. Ахова Ватыкана і цырыманіяльныя функцыі ўскладзены на швейц. гвардыю і папскую жандармерыю.

Гісторыя. Назва Ватыкан паходзіць ад назвы аднайм. ўзгорка на беразе р. Тыбр, дзе ў раннім сярэднявеччы быў пабудаваны палац, які з канца 14 ст. стаў пастаяннай рэзідэнцыяй кіраўніка каталіцкай царквы (гл. Каталіцызм, Папская вобласць, Папства). Пасля аб’яднання Італіі і далучэння да яе Рыма (1870) была ліквідавана свецкая ўлада папы рымскага. Папа не прызнаў аб’яднанай італьян. дзяржавы і абвясціў сябе «ватыканскім вязнем». Канфлікт паміж Апостальскай сталіцай і ўрадам Італіі быў ліквідаваны ў 1929 Латэранскімі пагадненнямі, паводле якіх была ўтворана дзяржава Ватыкан і вызначаны яе сучасныя межы. Ватыкан падтрымлівае дыпламат. адносіны з больш як 125 краінамі свету, з ліст. 1992 — з Рэспублікай Беларусь. Прадстаўлены ў ААН.

Гаспадарка. Эканам. асновай дзяржавы з’яўляюцца даходы ад капіталаўкладанняў і ахвяраванняў. Ватыкан — адзін з буйнейшых у свеце акцыянераў і капіталаўласнікаў. Кошт акцый і інш. каштоўнасцей Ватыкана, уключаючы залатыя запасы, неафіцыйна ацэньваецца больш як у 13 млрд. дол. ЗША. Ватыкан валодае буйной нерухомасцю ў Італіі, Іспаніі, ФРГ, лацінаамер. краінах. Пастаянны даход прыносіць продаж паштовых марак, турысцкіх сувеніраў, рэліг. л-ры, плата за наведванне музеяў. У Ватыкан сцякаюцца таксама значныя сродкі ў выглядзе паступленняў ад вернікаў, збораў ад падаткаў і інш. Сусв. цэнтр рэліг. паломніцтва і турызму. Выраб мазаік і уніформы для персаналу. Чыг. станцыя. Грашовая адзінка — ватыканская ліра.

Друк, радыё, тэлебачанне. Афіц. ўрадавы орган — бюлетэнь «Acta Apostolicae Sedis» (з 1909). Выходзіць штодзённая газ. «L’Osservatore Romano» («Рымскі аглядальнік», з 1861). Сярод інш. перыяд. выданняў: «Ecclesia», «Latinitas». Інфармац. агенцтва — Аджэнцыя Інтэрнацыянале Фідэс (АІФ). Працуе шматмоўны выдавецкі цэнтр. «Радыё Ватыкана» (з 1931) вядзе перадачы на 35 мовах. Тэлевіз. праграмы рыхтуе і трансліруе Тэлевізійны цэнтр Ватыкана (з 1983).

Навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Гал. папскія навук. ўстановы: Папская акадэмія навук (засн. ў 1603, адноўлена ў 1936), Рымская каталіцкая акадэмія св. Фамы Аквінскага (з 1879), Папскі біблейскі ін-т (з 1909). Ун-ты: Папскі Грыгарыянскі універсітэт (з 1553), Папскі ун-т св. Фамы Аквінскага (з 1580), Папскі Урбаніянскі універсітэт (з 1627), Папскі Латэранскі ун-т (з 1824). Ватыканская астр. абсерваторыя (з 1576) старэйшая ў Еўропе.

У музейны комплекс Ватыкана ўваходзяць: Пінакатэка (італьян. жывапіс 11—18 ст. — творы Фра Анджэліка, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна, М.​Караваджа, Зала Рафаэля), музеі Егіпецкі, Этрускі (каштоўны збор керамікі), Піо-Клеменціна і К’ярамонці (зборы ант. скульптуры), галерэя сучаснага мастацтва, Сіксцінская капэла, Станцы і Лоджыі Рафаэля, галерэя габеленаў, Ватыканская Апостальская бібліятэка разам з Хрысціянскім (каштоўныя зборы дэкар.-прыкладнога мастацтва) і інш. музеямі.

Архітэктура. Арх. комплекс Ватыкана ўключае культавыя, палацавыя і крапасныя збудаванні, якія спалучаюцца з творамі садова-паркавага мастацтва. Уваходам у Ватыкан служыць авальная плошча св. Пятра з каланадамі (1657—63, арх. Л.​Берніні), што вядуць да буйнейшага каталіцкага храма — сабора св. Пятра (1506—1614, арх. Д.​Брамантэ, Мікеланджэла, Дж.​Віньёла, Дж. дэла Порта, К.​Мадэрна і інш.). У інтэр’еры сабора — мармуровае «Аплакванне Хрыста» Мікеланджэла (каля 1497—98), бронзавы балдахін (1624—33), кафедра (1657—66) і надмагіллі работы Берніні, «Брама смерці» (1947—64, скульптар Дж.​Манцу). На Пн ад сабора размешчаны палацавы комплекс. У яго ўваходзяць капэлы Мікалая V (1440-я г., фрэскі Фра Анджэліка), Сіксцінская (1473—84, фрэскі Мікеланджэла, П.​Перуджына, С.​Батычэлі, Д.​Гірландайо) і Пааліна (1540, арх. А. да Сангала Старэйшы, фрэскі Мікеланджэла, 1542—50), апартаменты Борджа (фрэскі Пінтурык’ё, 1493—94); Лоджыі і Станцы (залы), размаляваныя Рафаэлем і яго вучнямі; двары Сан-Дамаза і Бельведэр (паміж 1503—45, праект Брамантэ); парадны ўваход у палац — Каралеўская лесвіца (Скала Рэджа, 1663—66, Берніні). У садах Ватыкана — Казіно Пія IV (1558, арх. П.​Лігорыо), Пінакатэка. Уласнасцю Ватыкана з’яўляюцца раннехрысц. базілікі Сан-Джавані ін Латэрана, Санта-Марыя Маджорэ і Сан-Паала фуоры ле Мура (усе — 4 ст.), Латэранскі палац (16 ст.) і інш. будынкі ў Рыме. Помнікі архітэктуры Ватыкана ўключаны ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.

Літ.:

Музеи Ватикана. Рим: Альбом. М., 1974;

Bonaventura M.A. La Città del Vaticano. Roma, [1971].

Н.​К.​Мазоўка (дзяржаўны лад, гісторыя, друк, радыё, тэлебачанне, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы).

Герб і сцяг Ватыкана.
Да арт. Ватыкан. Плошча св. Пятра.
Да арт. Ватыкан. Папа рымскі Іаан Павел II бласлаўляе дзяцей-чарнобыльцаў з Беларусі.

т. 4, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКАЙ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К БІБЛІЯТЭ́КА ў Санкт-Пецярбургу,

адна з найбуйнейшых бібліятэк у свеце, старэйшая навук. б-ка Расіі; установа са статусам НДІ ў галіне кніга-, бібліятэка- і бібліяграфазнаўства, рэстаўрацыі і кансервацыі дакументаў; цэнтр міжнар. кнігаабмену. Засн. ў 1714. Аснову фондаў (каля 18 тыс. кніг) склалі кнігі і рукапісы царскіх б-к і б. Аптэкарскага прыказа, вывезеныя ў 1712 з Масквы, зборы Пятра I і інш. прыватных асоб. У 1772 сюды паступіла вывезеная з Нясвіжа б-ка Радзівілаў (каля 15 тыс. кніг). З 1725 б-ка падначалена Пецярбургскай АН і стала яе першай навук. установай. З 1783 атрымлівала абавязковы экзэмпляр усіх друкаваных у Рас. імперыі выданняў. З 1925 наз. Б-ка АН СССР, з 1992 Б-ка Рас. АН. Кніжныя фонды ўсяго комплексу каля 20 млн. экз. (2000), больш за 40% складаюць замежныя навук. выданні. Захоўваюцца унікальныя зборы рукапісных кніг (каля 20 тыс. экз.), у т. л. Іпацьеўскі, Радзівілаўскі летапісы, Нікіфараўскі, Акадэмічны, Супрасльскі спісы бел.-літ. летапісаў 1446, пераклады візантыйскіх і зах.-еўрап. хронік (у т. л. «Хроніка...» М.​Стрыйкоўскага, 16 ст.), творы апалагетаў стараверства (у т. л. аўтограф пратапопа Авакума), вял. «заходнярускі» Хранограф 2-й чвэрці 17 ст., Служэбнік архірэйскі 1-й пал. 16 ст. з тэкстам Цвярскога перапісу (рукапіс з «заходнярускімі» палеаграфічнымі прыкметамі). Ёсць стараж. бел. і «заходнярускія» літургічныя, царкоўна-рэліг., гіст. рукапісы, у т. л.: фрагмент «Евангелля апракас» 13—14 ст. з паметай супрасльскага архімандрыта Яўстафія; «Апостал» з тлумачэннямі 15 ст. з укладным запісам 1460 А.​Солтана, гаспадарскага маршалка; «Дзесяціглаў» — арыгінальны біблейскі звод, складзены і напісаны ў 1502—07 у Вільні і Супраслі; Евангелле-тэтр Дабрахотаўскае пач. 16 ст. з укладнымі запісамі Ляшчынскаму манастыру; гіст. зборнік епіскапа Паўла 16 ст. з летапіснымі выпіскамі і палемічнымі творамі; гіст. зб-к 1546 з б-к Супрасльскага, пазней Жыровіцкага манастыроў; «Палея» сярэдзіны 16 ст., «Пандэкты» Нікана Чарнагорца 16 ст.; «Сказанне аб Жыровіцкім абразе Маці Боскай» 17 ст.; зборнік з творамі Максіма Грэка 2-й пал. 16 ст., напісаны заходнярус. паўуставам; «Статут ордэна базыльян» 17 ст., «Зярцала багаслоўя» Кірылы Транквіліёна, спіс дзяка Гладовіча ў Шышаве 1641, Пінскі зб. 1-й пал. 17 ст., збор казанняў полацкіх езуітаў 1669—72, Слуцкі кодэкс «Гісторыі Польшчы» Я.​Длугаша (кн. 1—9); «Статут Вялікага княства Літоўскага», перапісаны ў 1613 для Л.​Юцінскага; збор з дакумент. матэрыяламі 17—18 ст. Жыровіцкага манастыра; творы І.​Кунцэвіча і інш. царк. і грамадз. дзеячаў, палемістаў 17—18 ст. Некат. бел. рукапісы ўвайшлі ў Нёманскі і Дзвінскі зборы б-кі. Многія стараж. бел. рукапісы паходзяць са збораў епіскапа Паўла (Дабрахотава). У рукапісным аддзеле вял. картатэка апісанняў рукапіснай кніжнасці 11—17 ст., складзеная акад. М.​К.​Нікольскім. У зборах аддзела рэдкай кнігі захоўваюцца бел. старадрукі (выданні брацкіх, рэфармацыйных, каталіцкіх і прыватных друкарняў), у т. л. 18 экз. выданняў Ф.​Скарыны, некалькі экзэмпляраў Брэсцкай бібліі 1563, «Трэнас» 1610 і «Абарона апраўдання» 1621 М.​Сматрыцкага, «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588» (выд. ў Вільні ў 1619), «Святога Юстына філосафа і пакутніка размова» (Нясвіж, 1564), «Вобраз мужнага героя, шчыра вернага Айчыне Паўла Яна Сапегі» (Вільна, 1667), «Трыбунал Вялікага княства Літоўскага» 1614 і 1616 (6 экз.), панегірык Я.​Карніцкага, творы бел.-ўкр. пісьменніка І.​Дубовіча, І.​Руцкага, І.​Пацея і інш. У асабістай калекцыі Пятра 1 захоўваюцца рэдкія бел. выданні: «Дыёптра, ці Зярцала» (Куцейна, 1651), «Неба новае» (Магілёў, 1699) Іаанікія Галятоўскага, «Духоўныя размовы» (Вільна, 1627) Макарыя Егіпецкага і інш. Агульная колькасць рус. і іншаземнай рукапіснай кнігі на пергаменце і паперы — каля 20 тыс. адзінак захавання. Найб. рэдкіх і каштоўных выданняў каля 270 тыс. экз. (ад пач. кнігадрукавання да 20 ст.), інкунабул каля 800 экз., заходнееўрап. кніг 16 ст. больш за 10 тыс. экз. (разам з філіяламі больш за 15 тыс.), заходнееўрап. выданняў 17—20 ст. разам з Бэраўскім фондам і інш. зборамі замежнага фонду больш за 100 тыс. У сектары рэдкай кнігі захоўваюцца таксама выданні 18—1-й чвэрці 19 ст., у т. л. надрукаваныя ў Магілёве і Полацку польскамоўныя календары і інш. выданні, зборы «вольнага друку» — рускамоўныя замежныя выданні; нелегальны і забаронены друк 19 — пач. 20 ст. У сектары картаграфіі багаты збор карт і атласаў 16—20 ст. (каля 128 тыс. экз.). Бел. фонд славянскага аддзела налічвае каля 1048 экз. кніг і 105 экз. перыяд. выданняў. У ім сабрана амаль усё надрукаванае на бел. мове да 1930, у т. л. маст. л-ра: паэма «Тарас на Парнасе», творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Дудка беларуская» Ф.​Багушэвіча (1891), публіцыстыка пач. 20 ст. і інш. У лют. 1988 ад пажару найб. пацярпеў самы каштоўны фонд замежнай кнігі (188 тыс. экз.). Усяго сапсавалася або загінула каля 3,6 млн. экз. кніг і газет. У сістэме б-кі 40 філіялаў і спецыялізаваных аддзелаў пры ін-тах Рас. АН. Б-ка з’яўляецца таксама інфармацыйна-бібліягр. цэнтрам, выдае серыю «Кніга ў Расіі ў XVIII — пач. XIX ст.» і даведнікі «Бібліяграфія выданняў Акадэміі навук», «Шкодныя рэчывы ў навакольным асяроддзі», «Рускі фальклор», «Паказальнік зместу рускіх дарэвалюцыйных газет» і інш. Праводзіць доследы па палеаграфіі, археаграфіі, гісторыі кнігі. Выдае манаграфіі, навук. апісанні рукапісаў, друкаваныя каталогі асобных збораў і калекцый.

Літ.:

История Библиотеки АН СССР, 1714—1964. М.; Л., 1964;

Материалы и сообщения по фондам отдела рукописной и редкой книги Библиотеки АН СССР. [Вып. 1—3). М ;

Л., 1966—87;

Пергаментные рукописи Библиотеки АН СССР: Описание рус. и слав. рукописей XI—XVI вв. Л., 1976;

Комарова В.П. Славянский фонд Библиотеки АН СССР и его отражение в каталогах. Л., 1987;

Описание рукописного отдела Библиотеки АН СССР. Т. 3—8. Л., 1959—89;

Николаев Н.В. Несвижская библиотека князей Радзивиллов // Книга в России XVIII — середины XIX в. Л., 1989;

Книга в России XVI — середины XIX в.: Материалы и исслед.: Сб. науч. тр. Л., 1990.

Г.​Я.​Галенчанка, М.​В.​Нікалаеў, А.​А.​Савельева.

т. 13, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)