СЯМЁНАЎ-ЦЯН-ШАНСКІ (да 1906 Сямёнаў) Пётр Пятровіч
(14.1.1827, с.Урусава Чаплыгінскага р-на Ліпецкай вобл., Расія — 11.3.1914),
расійскі географ, падарожнік, статыстык, батанік, энтамолаг, дзярж. і грамадскі дзеяч. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1873). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1848). З 1849 удзельнічаў у рабоце Рус.геагр.т-ва (з 1873 віцэ-старшыня). У 1856—57 даследаваў паўн. і цэнтр. раёны Цянь-Шаня, вывучаў іх геал. будову, рэльеф, вышынную пояснасць, ледавікі, сабраў калекцыі мінералаў і насякомых, гербарый, каштоўны этнагр. матэрыял. За навук. даследаванні атрымаў дадатковае прозвішча Цян-Шанскі. Па яго ініцыятыве Сярэднюю і Цэнтр. Азію даследавалі шматлікія рас.геагр. экспедыцыі М.М.Пржавальскага, Р.М.Патаніна, П.А.Крапоткіна і інш. З 1864 дырэктар Цэнтр. стат. камітэта, у 1874—97 старшыня стат. савета, адзін з арганізатараў усерас. перапісу насельніцтва ў 1897. Кіраваў выданнямі: «Геаграфічна-статыстычны слоўнік Расійскай імперыі» (т. 1—5, 1863—85); «Расія. Поўнае геаграфічнае апісанне нашай айчыны» (т. 1—19, 1899—1914; т. 9 — Верхняе Падняпроўе і Беларусь, 1905); «Маляўнічая Расія» (т. 1—12, 1881—95; т. 3, ч. 1 — Літоўскае Палессе, ч. 2 — Беларускае Палессе, 1882). Чл.Дзярж. савета (з 1897), многіх рас. і замежных навук. т-ваў. Яго імем названы хрыбет у Наньшані, ледавік і пік на Цянь-Шані, гара ў Алтаі, горы на Алясцы і Шпіцбергене, каля 100 новых форм раслін і жывёл; у 1899 Рус.геагр.т-ва ўстанавіла залаты медаль яго імя.