ВЯРБА́

(Salix),

род кветкавых раслін сям. вярбовых. Каля 350 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. Утвараюць шматлікія міжвідавыя гібрыды. На Беларусі 16 дзікарослых і каля 20 інтрадукаваных відаў. З дзікарослых найб. пашыраныя: вярба белая, або белалоз (Salix alba); казіная, або брэднік (Salix caprea); пяцітычынкавая, або вербалоз (Salix pentandra); пурпуровая, або жаўталоз (Salix purpurea); вастралістая, або ракіта, шэлюга, чырвоная вярба (Salix acutifolia); ломкая (Salix fragilis); трохтычынкавая, або белатал (Salix triandra); попельная (Salix cinerea); вушастая (Salix aurita); размарыналістая (Salix rosmarinifolia); кошыкавая, або прутападобная, руская (Salix viminalis); Старка, або прысадзістая (Salix starkeana). Растуць па берагах рэк, сажалак, у мяшаных лясах, на забалочаных лугах і балотах, на дзюнах і каля дарог. Некат. віды вытрымліваюць працяглае затапленне. Дрэвавыя віды часам утвараюць вярбовыя лясы, куставыя — зараснікі (вербалозы, вербнякі). Да рэдкіх відаў належаць вярба шарсцістапарасткавая (вядома каля 20 месцаў росту) і чарнічная, якая занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У зялёным буд-ве выкарыстоўваюцца пераважна інтрадукаваныя вярба Шверына (Salix schwerini) і Зібальда (Salix sieboldii). Куставыя віды вярбы называюць таксама лазой, лазняком.

Лістападныя двухдомныя насякомаапыляльныя дрэвы, кусты і кусцікі. Лісце суцэльнае, чаргаванае, рэдка — супраціўнае. Кветкі аднаполыя, дробныя, без калякветніка, з нектарнікамі, у прамастойных ці павіслых мужчынскіх і жаночых каташках. Цвітуць ранняй вясной да распускання лісця. Плод — шматнасенная каробачка. Насенне з доўгаваласістай лятучкай. Лек. (прэпараты з кары — вяжучы, гарачкапаніжальны, кроваспыняльны сродак), тэхн. (некат. хуткарослыя віды ідуць на стварэнне т.зв. «энергетычных плантацый»), дубільныя і меданосныя расліны. Выкарыстоўваюцца для азелянення і ў дэкар. садоўніцтве. Размнажаюць вярбу чаранкамі і каламі. Маладыя парасткі ідуць на пляценне кошыкаў, мэблі, агароджы; драўніна — на розныя вырабы; галінкі, лісце, пупышкі — на корм хатнім і дзікім жывёлам; кара — каштоўны дубільнік, выкарыстоўваецца на выраб. лек. прэпарату саліцыну.

т. 4, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)