ГЕЛІЯДО́Р,

мінерал, празрыстая жоўтая разнавіднасць берылу. Каштоўны камень 2-га класа.

т. 5, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РМУР (ад грэч. marmaros бліскучы камень, каменная глыба),

поўнакрышталічная метамарфічная карбанатная горная парода, якая ўтварылася ў выніку перакрышталізацыі вапняку або даламіту. Колер белы, шэры, ружовы, чорны і інш. ў залежнасці ад прымесей. Цв. 3—4. Шчыльн. 1,9—2,8 г/см³. Дробнакрышт. М. адрозніваецца найб. трываласцю і лепшай паліравальнасцю. Белы М. найб. каштоўны (статуарны, скульптурны). Цэніцца таксама М. з дэкаратыўнай структурай: слаістай, паласатай, брэкчыяпадобнай, кангламератавай, маляўнічай афарбоўкай. Выкарыстоўваецца як каштоўны дэкар. камень у буд-ве, дарожна-буд. і вырабны ў скульптурных работах. Здабываецца ў многіх краінах свету, найб. каштоўны для скульптуры ў Італіі (Карарскае радовішча), Грэцыі (Параскае). У буд-ве М. наз. таксама метамарфічныя пароды сярэдняй цвёрдасці, што добра паліруюцца: мармурызаваныя вапнякі, шчыльны даламіт, карбанатныя брэкчыі і кангламераты, офікальцыт, часам змеявік.

т. 10, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВАМАРЫ́Н (ад лац. agua marina марская вада),

мінерал, разнавіднасць берылу. Празрыстыя крышталі сінявата-зялёнага ці блакітнага колеру. Трапляюцца ў гранітных і слюдзяна-кварцавых горных пародах (Бразілія, ЗША, Мадагаскар, Індыя, Украіна). Каштоўны камень.

Аквамарын.

т. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́МА (лац. Gemma),

твор гліптыкі, каштоўны або паўкаштоўны камень з урэзанымі (інталія) або выпуклымі (камея) выявамі. У старажытнасці гему выкарыстоўвалі як пячаткі, знакі ўласнасці, пазней — як амулеты, упрыгожанні.

Літ.:

Неверов О.Я. Геммы античного мира. М., 1983.

т. 5, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПА́Л (лац. opalus),

мінерал падкласа гідраксідаў, SiO2·nH2O. Мае 1—34% вады, 65—92% SiO2. Прымесі аксідаў Al, Fe, Mn, Mg і інш. Разнавіднасці: каштоўны апал, паўапал, гейзерыт, гідрафан і інш. Аморфны. Утварае нацечныя агрэгаты — ааліты, скарынкі, ныркападобныя масы. Бясколерны, белы, жоўты, буры, чырвоны, зялёны. Для паўпразрыстых рознасцяў характэрна апалесцэнцыя. Бляск шкляны, радзей перламутравы, васковы. Цв. 5—6,5; вельмі крохкі. Шчыльн. 1,9—2,3 г/см³. Асадкавы, гідратэрмальны. На Беларусі трапляецца ў выглядзе цэменту, шкарлупін дыятамей у мелавых адкладах (сцяжэнні) і інш. Каляровыя (з ірызацыяй) апал — вырабныя камяні. Высакародны апал (вогненны) — каштоўны камень. З апалу складаюцца дыятаміт, трэпел і апока — сыравіна для цэменту, напаўняльнікі і інш.

Апал.

т. 1, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДУЛЯ́Р (ад назвы радовішча ў гарах Адула ў Швейцарыі),

мінерал, адносна чыстая разнавіднасць артаклазу. Бясколерны, паўпразрысты да празрыстага. Трапляецца ў выглядзе крышталёў, часта ўтварае друзы. Характэрны для кварцавых жылаў альпійскага тыпу, сустракаецца ў пегматытах, рудных жылах. Адуляр з ірызацыяй у блакітнавата-сініх тонах (месяцавы камень) — каштоўны камень. Выкарыстоўваецца ў шкляной і керамічнай вытв-сці.

Адуляр.

т. 1, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСІНІ́Т (ад грэч. axinē сякера),

мінерал падкласа сілікатаў, бораалюмасілікат (Ca, Mn, Fe)3Al2Bo3(Si4O12)OH. Утварае крышталі, друзы, масы фіялетавага, зялёнага, жоўтага, карычневага і інш. колераў. Бляск шкляны. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 6,5—7. Шчыльн. 3,2—3,3 г/см³. Трапляецца ў кантактна-метасаматычных пародах, гідратэрмальных жылах, спадарожнічае рудам металаў. Другасны каштоўны камень.

Аксініт.

т. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБЛЕ́Т (франц. doublet ад double двайны),

1) адзін з 2 аднолькавых прадметаў; другі экзэмпляр якой-н. рэчы ў калекцыі, музеі, б-цы і інш. 2) Падроблены каштоўны камень, склеены з 2 частак, з якіх толькі верхняя з’яўляецца сапраўднай.

3) 2 выстралы запар па адной цэлі з двухствольнага ружжа.

4) У музыцы — падвойны рэгістр у аргане.

т. 6, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПРА,

высушаны алеісты эндасперм арэхаў какосавай пальмы. Белыя ці жаўтаватыя кавалачкі таўшчынёй 6—12 мм, пакрытыя скуркай. Мае ў сабе ў сярэднім (у %): вады 5,8, тлушчу 67, вугляводаў 16,5, бялку 8,9. Гарачым прасаваннем з К. атрымліваюць легкаплаўкі алей (tпл 20—27 °C), які выкарыстоўваюць для вырабу какосавага алею, маргарыну, мыла. Макуха — каштоўны корм для жывёл.

т. 8, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́Я (франц. camée ад італьян. cammeo, cameo),

твор гліптыкі; від гемыкаштоўны, часцей паўкаштоўны камень (сардонікс, агат і інш.) з выпуклай разной выявай. Выразнасць дасягаецца праз натуральную слаістасць каменя (выява — аднаго колеру, фон, адметныя па тоне і фактуры дэталі — іншых). Вядома з 4 ст. да н.э., росквіт — у мастацтве эліністычнай Грэцыі і Стараж. Рыма.

Камея. Апафеоз Каракалы. Каля 217.

т. 7, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)