апошні сейм Рэчы Паспалітай. Праходзіў 17.7—23.11.1793 у Гродне. Скліканы для зацвярджэння руска-прускай канвенцыі ад 23.1.1793 аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. На сейм абрана каля 140 дэлегатаў, частка насуперак іх волі. Большасць дэлегатаў складалі прадстаўнікі Таргавіцкай канфедэрацыі, якія падзяляліся на 2 групоўкі. Групоўка, што гуртавалася вакол караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, імкнулася захаваць цэнтралізаваную дзяржаву; групоўка братоў Ю. і Ш.Касакоўскіх выступала за поўную самастойнасць ВКЛ ад Кароны і нават за аб’яднанне ВКЛ з Расіяй. Рас. пасол Л.Л.Сіверс прапанаваў далучыць да Рас. імперыі бел. і ўкр. землі на У ад лініі Друя — Пінск — Камянец-Падольскі. Прусія выставіла прэтэнзіі на Гнезненскае, Калішскае, Пазнанскае ваяв., частку Кракаўскага ваяв., гарады Гданьск і Торунь. Пад прамой пагрозай сілы (у Гродне стаяў рус. гарнізон) 16 кастр. сейм заключыў «саюзны» дагавор Рэчы Паспалітай з Расіяй і зацвердзіў 2-і падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Прусіяй. Канстытуцыя 3 мая 1791 была скасавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЎЧЫН,
вёска ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Пульва. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 52 км ад г. Камянец, 45 км ад Брэста, 14 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 547 ж., 202 двары (1996).
Вядомы з пач. 16 ст. як двор у Брэсцкім пав. Належаў Солтанам, Гасеўскім, Сапегам і інш., у 1721—38 — Панятоўскім. У 1732 у Воўчыне нарадзіўся апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Брэсцкага пав. Гродзенскай губ. У 1880-я г. 804 ж. У 1921—39 у Польшчы, у Брэсцкім пав. Палескага ваяв. У 1938—87 у Троіцкім касцёле Воўчына захоўваліся астанкі Станіслава Аўгуста Панятоўскага. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Высокаўскім р-не. З 1962 у Камянецкім р-не. У 1970 — 460 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Троіцкі касцёл (1733).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБІ́ЦКІЯ,
бел. размалёўшчыкі шкла. У 2-й пал. 18 ст. працавалі на шклагутах Радзівілаў.
Мікалай (?—1794). Працаваў на гуце ў Налібаках, з 1739 ва Урэччы. Быў першым размалёўшчыкам па шкле, ствараў эскізы люстэркаў. У 1775—81 працаваў на мануфактуры Хадкевічаў у Чарнобылі, потым ізноў ва Урэччы. Гравіраваў узоры на шкляных пластах і рамах для люстэркаў, аздабляў дробную шкляную пластыку.
Ян (?—?), відаць, сын Мікалая. Да 1744 і пасля 1750 працаваў у Налібаках, паміж імі — ва Урэччы. Быў памочнікам Мікалая, потым першым мастаком. Аздабляў келіхі манаграмамі і гербамі, келіхі накшталт «флейтаў» — гравіраванымі арламі і сардэчкамі, бутэлькі — вайсковай атрыбутыкай і ініцыяламі, уплеценымі ў выцягнуты арнамент. У 1781 дэкарыраваў 190 шкляных прыбораў для Радзівіла (Мацея?), у 1781—84 аздобіў прыборы для караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, у т. л. келіх з каралеўскім гербам і манаграмай. У 1784—85 стварыў набор шклянак з гравіраванымі яўр. літарамі.
Літ.:
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШТО́ЛЬД (Альбрэхт) (? — снеж. 1539),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З роду Гаштольдаў. Каля 1492 вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Намеснік новагародскі (1503—06), падчашы ВКЛ (1505—09), ваявода новагародскі (1508—09), полацкі (з 1513), трокскі (з 1519), віленскі (з 1522), адначасова канцлер ВКЛ (з 1522). Староста бельскі ў 1513, мазырскі ў 1515, барысаўскі ў 1526. У 1503 удзельнічаў у бітве з крымскімі татарамі каля Давыд-Гарадка, у вайне Маск. дзяржавы з ВКЛ 1507—08 — у баях пад Смаленскам і Оршай і ў вайне 1512—14 — у абароне Полацка. Узначальваў групоўку літ.-бел. магнатаў, што выступала за поўную незалежнасць дзяржавы, супраць уніі з Польшчай. Для гэтага садзейнічаў абвяшчэнню ў 1529 Жыгімонта IIАўгуставял. князем ВКЛ пры жыцці бацькі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Статута Вялікага княства Літоўскага 1529. Верагодна, быў ініцыятарам стварэння «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Адзін з буйнейшых магнатаў ВКЛ, валодаў маёнткамі ў Ашмянскім, Трокскім, Віленскім, Менскім, Луцкім пав., на Падляшшы і інш. З 1529 меў тытул «графа на Мураваных Геранёнах».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЛЫ́, Коцелы,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ герба «Пелікан». Паходзілі з баяр. Першы вядомы прадстаўнік роду — Кацёл, які ў 1440—43 атрымаў ад вял.кн. Казіміра пацвярджэнне на маёнткі ў Крамянецкім пав. На Беларусі К. валодалі Беніцай, Маладзечнам, Хажовам, Палонкай і інш.Найб. вядомыя К.:
Самуэль Геранім (?—1686), пісар скарбовы (1646—68), войскі старадубскі (1652—66), маршалак ашмянскі (каля 1678), староста скірстымонскі. Неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы. Міхал Казімір (? — вер. 1722), сын Самуэля Гераніма, староста скірстымонскі з 1674, маркаўскі з 1683, падкаморы ашмянскі у 1683, кашталян віцебскі з 1685, трокскі з 1700, ваявода трокскі з 1703, падскарбі ВКЛ з 1710. Быў прыхільнікам аўтаноміі ВКЛ у рамках Рэчы Паспалітай. Тадэвуш (1736—99), сын Казіміра, староста маркаўскі (1764), ашмянскі (1772), ген.-маёр войск ВКЛ. Юзаф (20.9.1764—18.7.1810), сын Тадэвуша, гл.Коцел Ю. Міхал Казімір (15.8.1767—22.3.1813), сын Тадэвуша, ваен. дзеяч. Шамбялян Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1786). У час паўстання 1794 зямянскі ген.-маёр Ашмянскага пав.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦЯРЫ́НА II (Аляксееўна) (сапр. Софія Фрэдэрыка Аўгуста Ангальт-Цэрбсцкая; 2.5.1729, г. Шчэцін, Польшча — 17.11.1796),
расійская імператрыца [1762—96]. З 1745 жонка Пятра III. Маці Паўла I. 9.7.1762 з дапамогай гвардыі скінула з прастола мужа. Праводзіла актыўную ўнутр. (асветны абсалютызм, Генеральнае межаванне, Даравальная грамата 1785, задушэнне Сялянскай вайны 1773—75 і інш.) і знешнюю (Варшаўскі дагавор 1768, рус.-тур. войны 1768—74 і 1787—91, рус.-швед. вайна 1788—90, неўмяшанне Расіі ў вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83, удзел Расіі ў падзелах Рэчы Паспалітай, далучэнне да Рас. імперыі бел. і інш. зямель) палітыку. Займалася літ. творчасцю і публіцыстыкай.
Тв.:
Рус.пер. — Записки императрицы Екатерины II. М., 1990 (Рэпрынт. перадрук: Лондон, 1859).
Літ.:
Россия XVIII в. глазами иностранцев. Л., 1989;
Андреев В. Представители власти в России после Петра I: Репр. воспр. изд. 1871 г.Мн., 1990;
Каменский А.Б. «Под сению Екатерины...»: Вторая половина XVIII в. СПб., 1992;
Анішчанка Я.К. Беларусь у часы Кацярыны II (1772—1796 гг.). Мн., 1998.
(«Книга Посольская Метрики Великого Княжества Литовского...»),
выданне кніг-копій Метрыкі Вялікага княства Літоўскага дыпламатычнага зместу. Выдадзена ў 1843 у Маскве ў 2 т. Паводле даручэння Маскоўскага т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх падрыхтавана М.А.Абаленскім, І.М.Даніловічам (т. 1), М.П.Пагодзіным, Дз.М.Дубенскім (т. 2). У т. 1 апублікавана кніга Метрыкі, якая змяшчае дыпламат. перапіску вял. князя ВКЛ і караля польскага Жыгімонта II Аўгуста з Крымскім ханствам, Турцыяй, Расіяй, Прусіяй і інш. за 1545—72. У прадмове да тома выкладзена гісторыя Метрыкі ВКЛ і Кароннай Метрыкі, у дадатках змешчаны вопіс кніг Метрык, некаторых актаў Метрык, мірны дагавор Альгерда і Казіміра III 1366, факсіміле старонкі апублікаванай пасольскай кнігі, табліца філіграней. У т. 2 — дакументы дыпламат. характару вял. князя ВКЛ і караля польскага Стафана Баторыя за 1576—83. У асноўным дакументы датычаць адносін Рэчы Паспалітай з Расіяй. Змешчаны таксама некат. больш раннія акты, факсіміле старонкі пасольскай кнігі, табліца філіграней і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ ДУ ((Le Doux) Франсуа Габрыэль) (1755?, Парыж — 2.2.1823),
танцоўшчык, балетмайстар, педагог. Паводле паходжання француз. Паслядоўнік Ж.Ж.Навера. З 1770 саліст т-ра «Каралеўская акадэмія музыкі і танца» («Гранд-Апера») у Парыжы. У 1782—85 па запрашэнні падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза працаваў балетмайстрам у яго прыдворным т-ры ў Гродне, выкладаў у балетнай школе ў Паставах (у 1784 паставіў уласны «Балет вод, або Купель Дыяны»). Пасля смерці Тызенгаўза па загадзе караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага сфарміраваў і ўзначальваў балетную трупу «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» (дэбютавала 24.9.1785 яго балетам «Гілас і Сільвія», падрыхтаваным у Пастаўскай балетнай школе; працавала да 1794). Аснову трупы складалі прыгонныя артысты Гродзенскага балета, у т. л. яго вучні М.Рымінскі, Е.Валінскі, Д.Сітанская, М.Малінская, Р.Лаўцэвіч. У 1785—89 паставіў больш за 30 балетаў, у т. л. на ўласныя лібрэта («Ванда, каралева Польская» і інш.). У 1800 арганізаваў у Варшаве балетную школу, у 1805—07 узначальваў балетную трупу Нац.т-ра В.Багуслаўскага, у 1817 адкрыў прыватную школу салонных танцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХАВА́ЛЬНЯ,
мемарыяльнае арх. збудаванне для пахавання цела нябожчыка. Звычайна П. ставяць асобна, маюць уваход у сярэдзіну — склеп, радзей убудоўваюць у нефы ці крыпты культавых збудаванняў. Вызначаюцца разнастайнасцю кампазіцый (мастабы, грабніцы, піраміды, маўзалеі, калумбарыі, пантэоны, саркафагі), манументальнасцю, трываласцю буд. матэрыялаў. Розныя віды П. вядомы з глыбокай старажытнасці. На Беларусі пашыраны ў 18 — пач. 20 ст., часта ўключаліся ў ансамблі палацаў і сядзіб. У архітэктуры П. адлюстраваліся асн.маст. стылі: барока — у Троіцкім касцёле в. Воўчын Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. (у 1938—87 тут знаходзілася пахавальня апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага), псеўдарус. стыль — фамільная П. Паскевічаў у комплексе Гомельскай капліцы, мадэрн — Мірская капліца, (П. кн. Святаполк-Мірскіх), несапраўдная готыка — капліца-П. ў в. Закозель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. і інш. У сучаснай архітэктуры П. ствараюць як мемар. помнікі дзярж. і грамадскім дзеячам, героям ваен. часу (напр., некропаль-калумбарый у мемар. комплексе Брэсцкая крэпасць-герой).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНАЧЭ́Т УГА́РТЭ ((Pinochet Ugarte) Аўгуста) (н. 25.11.1915, г. Вальпараіса, Чылі),
ваенны і дзярж. дзеяч Чылі. Скончыў Ваен. акадэмію Чылі (1936). Генерал. У 1956—58 ваен. аташэ пры пасольстве Чылі ў ЗША. У 1959—64 нам.нач.Ваен. акадэміі Чылі. З 1968 нач. штаба, з 1969 камандзір дывізіі, з 1972 нач. штаба сухап. войск, са жн. 1973 каманд.сухап. войскамі Чылі. 11.9.1973 здзейсніў ваен. пераварот, у выніку якога скінуты ўрад «Народнага адзінства» і загінуў прэзідэнт С.Альендэ Госенс.
Узначаліў ваен. хунту (савет), у снеж. 1974 абвешчаны прэзідэнтам Чылі. Разам з жорсткімі паліт. рэпрэсіямі і масавымі грубымі парушэннямі правоў чалавека (у 1973—74 больш за 130 тыс.чал. арыштаваны, многія загінулі) праводзіў курс на эканам. рэформы, якія ператварылі эканоміку Чылі ў адну з найб. дынамічных у Лац. Амерыцы. У 1988 прайграў рэферэндум па працягванні сваіх прэзідэнцкіх паўнамоцтваў, у 1989 прэзідэнцкія выбары. У 1990 вымушаны перадаць уладу цывільнаму прэзідэнту, захаваўшы да 1998 пасаду галоўнакаманд. ўзбр. сіламі. З 1998 пажыццёвы сенатар.