СЛУ́ЖБА,

1) сялянскі зямельны ўчастак у ВКЛ да аграрнай рэформы Жыгімонта II Аўгуста 1-й пал. — сярэдзіны 16 ст.; адна з адзінак абкладання сялян феад. павіннасцямі (побач з дворышчам). Звычайна С. знаходзілася ва ўладанні і карыстанні 2 і болей двароў.

2) Асн. адзінка абкладання феад. павіннасцямі сялян-даннікаў у 16 ст., у падняпроўскіх валасцях — да пач. 17 ст. 3) Адзінка для вымярэння вайсковай службы баяр-шляхты ў 15—16 ст., роўная сялянскай С. З 1502 у войска выстаўлялі 1 конніка ад 10 С., з 1521 — ад 5 С. У 1528 з кожных 8 С. баярын-шляхціц павінен быў выстаўляць 1 конніка, першым коннікам быў ён сам. У 1529 выстаўляўся коннік ад 8 С., пры горшым узбраенні — ад 1 да 7 С., у 1544 — ад 10 С.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 15, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)