афіцыйна прызнаныя палажэнні рэліг. веравучэння, якія абвяшчаюцца царквой бясспрэчнай ісцінай, не падлягаюць перагляду і зменам, прызнаюцца вечнымі боскімі ўстанаўленнямі, абавязковымі для ўсіх веруючых. Кожная з рэлігій мае сваю дагматычную сістэму. У хрысціянстве догматы зацверджаны 2 першымі ўсяленскімі саборамі — Нікейскім (325) і Канстанцінопальскім (381) і атрымалі назву Нікея-Царградскага сімвала веры. Яны ўключаюць 12 асн. догматаў: аб адзінстве і траістасці Бога; аб Хрысце як зямным увасабленні Бога, сыне Божым, пасрэдніку паміж Богам і людзьмі; аб другім прышэсці Хрыста на зямлю; аб пашане адзінай саборнай царквы; аб неабходнасці хрышчэння; аб веры ў цялеснае ўваскрэсенне памерлых; аб веры ў замагільнае жыццё пасля «страшнага суда» і інш., якія пазней дапаўняліся. Праваслаўная царква абмежавалася рашэннямі першых 7 сусв. сабораў. Пасля падзелу цэркваў заходняя, рымска-каталіцкая, уключыла ў сваё веравучэнне новыя догматы: аб філіёкве (аб зыходжанні Святога духа не толькі ад бога-айца, але і ад сына); аб чысцілішчы; аб запасе добрых спраў; аб бязгрэшным зачацці Багародзіцы. Пратэстантызм прызнаў Д.р. аб апраўданні сваіх паслядоўнікаў вераю, а не царквою. Іудаізм у розныя часы прытрымліваўся розных дагматычных сістэм, з іх засталіся асн. тры: прызнанне адзінабожжа Яхве, богавыбраннасці яўр. народа і чаканне прыходу месіі (збавіцеля). Іслам у межах яго багаслоўскай сістэмы — калама — выпрацаваў догматы: аб адзіным Богу — Алаху, аб яго пасланніку Мухамеду, аб прадвызначэнні чалавечага лёсу Алахам. Індуізм зыходзіць з прызнання святасці «Ведаў», з перасялення душ, з няроўнасці людзей, наяўнасці кармы і інш. (гл. таксама Догма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЛА́НДСКАЯ РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ АРМІЯ (англ. Irish Republican Army; ІРА),
падпольнае ваенізаванае фарміраванне ў ірландскім нац.-вызв. руху, якое існуе з 1919. Засн. членамі партыі Шын фейн пад кіраўніцтвам М.Колінза на базе арг-цыі ірл. валанцёраў. У 1919—21 вяла ўзбр. барацьбу (тэрор, дыверсіі) супраць англ. войск і паліцыі. Пасля заключэння англа-ірландскага дагавора 1921 частка ІРА склала аснову рэгулярнай арміі Ірл. Свабоднай дзяржавы, незадаволенасць другой ч. ІРА кампрамісным характарам дагавора прывяла да грамадз. вайны 1922—23. Пасля 1923 невял. група (у 1936 афіцыйна забаронена), якая праводзіла акцыі тэрору і сабатажу, асабліва ў пач. 2-й сусв. вайны (падтрымлівалася Германіяй) і ў 1956—62. Пасля ўспышкі рэліг.-сац. хваляванняў у Паўн. Ірландыі (1968—69) кола прыхільнікаў ІРА павялічылася, але яна раскалолася на 2 крылы — афіцыйнае (сацыяліст. кірунку), якое ў 1972 абвясціла пра адмову ад гвалтоўных метадаў у барацьбе за аб’яднанне Ірландыі, і часовае (крайне радыкальнае), што робіць стаўку на тэрор супраць англічан і ірландцаў-пратэстантаў (да 1993 загінула 3030 чал.). Падтрымліваецца (грашамі і зброяй) прыхільнікамі ў Ірландыі і ЗША (эмігранты-ірландцы), урадам Лівіі (выкрыта падтрымка ў 1985—87). Ядро ІРА складаюць 500 чал. У 1994 часовая ІРА абвясціла аб прыпыненні ўзбр. барацьбы. Вядомыя кіраўнікі — Дж.Адамс, М.Макгінес. У паўн.-ірл. гарадах Белфаст і Лондандэры дзейнічае і Армія нац. вызвалення Ірландыі (каля 20 чал.) — баявая арг-цыяІрл.сацыяліст. партыі, створаная б. членамі афіцыйнай ІРА.
Літ.:
Бабусенко С. Армия, которая воюет со всем Соединенным королевством // Новое время. 1992. № 13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДСО́Н (Аляксандр) (сапр. Бучко; н. 8.8.1926, г. Нясвіж Мінскай вобл.),
рэлігійны дзеяч бел. эміграцыі. У Вял.Айч. вайну ўваходзіў у Саюз беларускай моладзі. З 1944 у Германіі, Францыі. служыў у арміі ген. У.Андэрса ў Італіі. Пасля дэмабілізацыі ў 1946 у Вялікабрытаніі. Скончыў Лонданскі ун-т (1953). Курс тэалагічнага навучання прайшоў у Грэчаскім каледжы і Грыгарыянскім ун-це ў Рыме. З 1958 святар. З канца 1950-х г. жыве ў Лондане, працуе ў Бел. каталіцкай місіі ў Англіі. Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі (з 1946 яго сакратар, у 1951—52 старшыня), Англа-бел. т-ва (1954), адначасова з 1951 старшыня Бел.акад. каталіцкага аб’яднання «Рунь». З 1962 нам. дырэктара, з 1964 дырэктар Бел. школы імя св. Кірылы Тураўскага, з 1971 кіраўнік Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане, з 1982 рэктар Бел. каталіцкіх місій у Англіі і Францыі. З 1986 апостальскі візітатар для беларусаў грэка-католікаў замежжа, кансультатар кангрэгацыі ўсх. цэркваў пры Ватыкане. З 1989 старшыня Бел.к-та дапамогі ахвярам радыяцыі ў Вялікабрытаніі. Аўтар артыкулаў пра бел. духоўную і свецкую л-ру 16—17 ст., тэалагічнай працы «Наша вера: Кароткі катэхізм хрысціянскай навукі. Для беларусаў-каталікоў» (выд. на бел. мове ў 1988 у Італіі, у 1990 у Іспаніі). У 1994 Ватыкан афіцыйна зацвердзіў перакладзеныя Н. на бел. мову тэксты для правядзення літургіі для беларусаў-уніятаў.
Тв.:
Сьвяты Кірыла Тураўскі // Спадчына. 1996. № 1—2.
Літ.:
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́ЛАЎ БІБЛІЯТЭ́КАў Нясвіжы.
Найбуйнейшая прыватная б-ка Рэчы Паспалітай. Засн. ў 16 ст. Мікалаем Радзівілам Чорным. У б-ку паступалі кнігі з друкарань Еўропы, а таксама з асабістых, засн. ім у Нясвіжы і Брэсце. Фонд б-кі павялічыў яго сын Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка (прысылаў кнігі ў час вучобы за мяжой), паступілі зборы Радзівіл Ганны з Сангушкаў, маршалка Флемінга. Першы каталог б-кі склаў у сярэдзіне 17 ст. Альбрыхт Радзівіл. У сярэдзіне 18 ст. ў б-цы 9 тыс. тамоў, у 1772 — больш за 20 тыс., у т. л. інкунабулы, палеатыпы, антычная і рэнесансавая л-ра, гіст. і юрыд. выданні, палемічныя рэфармац. творы, рукапісны фонд. Афіцыйнаназ. Ардынацкай б-кай. У 1772 вывезена з Нясвіжа і перададзена пецярбургскім б-кам. У 19 ст. ўладальнікі Нясвіжскага замка стварылі новую б-ку, у якой архіварыусамі і бібліятэкарамі працавалі М.Маліноўскі, У.Сыракомля, М.Богуш-Шышка. У 1864 у б-ку паступілі кнігі з закрытых у Нясвіжы кляштараў бернардзінцаў і бенедыкцінак. У 1880 Антон і Марыя Радзівілы перавезлі з Берліна б-ку, якая стала гал. часткай новага Нясвіжскага збору кніг і мела асобны экслібрыс. У 1-ю сусв. вайну разрабавана, рэшткі б-кі ў 1940 перададзены АНБССР. У Вял.Айч. вайну вывезена ў Германію, у 1945—46 разрозненыя часткі вернуты на Беларусь і захоўваюцца ў Мінску ў Бібліятэцы Цэнтральнай навуковайНац.АН Беларусі, Бібліятэцы Нацыянальнай Беларусі, Бібліятэцы Прэзідэнцкай, Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ЗЯМЛЯ́,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—16 ст. Землямі звычайна наз. асабліва значныя намесніцтвы, якія мелі элементы аўтаноміі, замацаваныя абласнымі прывілеямі. Намесніцтва ў Віцебску, верагодна, з моманту свайго ўтварэння (1392) атрымала ад вял.кн. Вітаўта грамату, якая гарантавала захаванне пэўных нормаў мясц. права, што ўзыходзілі да дагавораў паміж горадам і князем. Сляды такой граматы прасочваюцца ў віцебскім прывілеі вял. князя Казіміра IV (каля 1440—47, не захаваўся), які пазней быў пацверджаны вял. князямі Аляксандрам (1503) і Жыгімонтам I Старым (1509, 1547). Гэтыя прывілеі гарантавалі мясц. феадалам і мяшчанам правы, абвешчаныя шляхце цэнтр. часткі ВКЛ (Віленскаму і Трокскаму ваяв.) прывілеямі 1387, 1432, 1434, а таксама права несці гарнізонную службу толькі ў сваёй зямлі, мясцовы (замкавы) суд і непадлегласць юрысдыкцыі ўпаўнаважаных вял. князя (дзецкіх). Мясц. баяры карысталіся выключным правам па чарзе кіраваць дзярж. валасцямі, што знаходзіліся ў складзе зямлі, за выключэннем некалькіх маёнткаў, падпарадкаваных непасрэдна віцебскаму намесніку (гл.Віцебскае права). Аднак на практыцы самастойнасць Віцебскай зямлі была даволі абмежаваная. Асн. ўлада належала намесніку (ужо ў прывілеях 1503 і 1509 ён наз. ваяводам). Азярышчанская і Усвяцкая воласці пры Казіміру IV былі вылучаны з-пад кіравання мясц. баяр і ператвораны ў асобныя намесніцтвы. Відаць, самастойны намеснік быў і ў Оршы. Значныя воласці ў Віцебскай зямлі былі падараваны князям Андрэю Уладзіміравічу, Друцкім, Жылінскім, што таксама выключала іх з-пад кантролю віцебскага баярства. Пасля 1511 за Віцебскай зямлёй канчаткова замацавалася назва «ваяводства». Яе асобны статус быў афіцыйна скасаваны з прыняццем Статута ВКЛ 1566, які пашырыў на ўсю тэр.ВКЛ агульныя прававыя нормы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРМА́Ш,
перыядычныя таргі, рынкі тавараў, якія арганізуюцца ў пэўным месцы і ў пэўны час; сезонны продаж тавараў. Паводле складу ўдзельнікаў бываюць мясцовыя, рэгіянальныя, нац., міжнар. і сусветныя; падзяляюцца на універсальныя, шматгаліновыя, спецыялізаваныя (асабліва тэхнічныя). Узніклі пры першабытнаабшчынным ладзе, калі суседнія плямёны сыходзіліся, каб абмяняцца прадуктамі працы. Пашырыліся з развіццём эканам. сувязей паміж гарадамі і краінамі. Прымяркоўваліся да рэліг. свят ці пэўных пораў года, ад якіх часта паходзілі іх назвы (веснавы, асенні і да т.п.). На Беларусі першы К. афіцыйна дазволены ў 1498 у Полацку. Акрамя мясцовага, ён абслугоўваў транзітны гандаль Смаленска з Прыбалтыкай. Замежным купцам дазвалялася гандляваць у бел. гарадах толькі на К., таму яны ператвараліся ў вял. цэнтры міжнар. гандлю. У 15 ст. К. ўзніклі ў Мінску, Оршы, у 16 ст. — у Гродне. У 18 ст. вызначыўся Зэльвенскі К., які абслугоўваў гандл. абарот Гродзенскай губ. і суседніх з ёю ўкр., польскіх, літ. і латв. зямель. На пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічала 125 К. з абаротам 1508 тыс.руб. Гандлявалі пераважна лёнам, футрам, воскам, збожжам, мясам, жывёлай, а таксама таварамі, што прывозілі замежныя гандляры. У Расіі ў пач. 20 ст. было 18,5 тыс. К., найб. з іх Ніжагародскі, Ірбіцкі і інш. З развіццём рыначных адносін К. з цэнтраў прывозу буйных партый наяўнага тавару ператварыліся ў К. ўзораў, К.-выстаўкі, на якіх экспанентам дазваляецца паказваць узоры сваёй прадукцыі і заключаць гандл. здзелку ў нац. і міжнар. маштабах. Найбольшыя сучасныя міжнар. К. збіраюцца ў Мілане, Парыжы, Ліёне, Гановеры, Лейпцыгу, Познані, Таронта, Дамаску і інш.
Кірмаш у Слоніме. Пач. 20 ст.Да арт.Кірмаш. На Лейпцыгскім кірмашы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАДЫ́СТЫ,
паслядоўнікі аднаго з кірункаў пратэстантызму. Узніклі ў 1729 у межах англіканства (гл.Англіканская царква), афіцыйна вылучыліся з яго ў 1795. Заснавальнік — Дж.Уэслі (1703—91). М. лічылі сваёй гал. мэтай безумоўнае, метадычнае (адсюль назва) выкананне рэліг. запаветаў, увасабленне іх у жыццё шляхам місіянерскай дзейнасці і асабістым прыкладам. Аснову М. складалі студэнты Оксфардскага ун-та, якія ў перыяд прамысл. рэвалюцыі ў Англіі звярнуліся да «простага люду» з ідэямі цярплівасці і пакорлівасці лёсу. На падставе рознага разумення ідэі выратавання М. падзяліліся на 2 плыні: адны набліжаліся да кальвінізму і адстойвалі прынцыпы абранасці, наканаванасці лёсу, асабістай веры, а другія падзялялі вучэнне Я.Армінія аб свабодзе волі. Суполкі («класы») М. складаліся з 12—20 чал. і падпарадкоўваліся «акругам», якія ўзначальваліся суперінтэндантамі. Вышэйшы кіруючы орган М. — штогодняя канферэнцыя. У 1881 створаны Сусв. савет М., які арганізуе сусв. канферэнцыі М. З 1813 існуе місіянерскае т-ва М. З 1943 М. ўдзельнічаюць у дзейнасці Сусв. савета цэркваў. М. спалучаюць 2 формы царк. арг-цыі: епіскапальную (ЗША) і прэсвітэрыянскую (Вялікабрытанія); у канцы 20 ст. прэсвітэрыянскія М. робяць захады да аб’яднання з англіканамі. У канцы 1990-х г. было больш за 32 млн. М. У Зах. Беларусі ў 1920-я г.амер. М. заснавалі сваю місію з цэнтрам у Вільні. Аддзяленні місіі дзейнічалі ў Клецку, Лідзе, Шчучыне і інш. У пропаведзях і спевах М. выкарыстоўвалі бел. мову, выпускалі на ёй сваю л-ру. У 1944 у Беларусі мелася 10 метадысцкіх суполак: у Клецку, Лідзе, Нясвіжы, Шчучыне, Юрацішках (Іўеўскі р-н), Лідскім (2), Маладзечанскім (2), Пінскім р-нах. Дзейнасць М. у Беларусі заняпала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЧАНО́СЦЫ (Ордэн мечаносцаў),
духоўна-рыцарскі ордэн, засн. ў 1202 рыжскім епіскапам Альбертам для абароны каталіцкай царквы ў Лівоніі і прымусовай хрысціянізацыі народаў Усх. Прыбалтыкі. Актыўныя ўдзельнікі крыжовых паходаў супраць славян і балтаў у 12—15 ст. Афіц. назва Браты воінства Хрыстовага (Fratres militiae Christi). Назва М. ад апазнавальнага знака на белых плашчах рыцараў — мяча і крыжа. У 1205 папа рымскі Інакенцій IIIафіцыйна зацвердзіў ордэн і надаў яму статут на ўзор статута тампліераў. Паводле статута члены ордэна падзяляліся на братоў-рыцараў, братоў-святароў і братоў-службоўцаў. На чале ордэна стаяў выбарны магістр з рэзідэнцыяй у Рызе, які падпарадкоўваўся рыжскаму епіскапу. У 1-й трэці 13 ст.М., нягледзячы на процідзеянне Полацкага княства і Пскова, зламалі супраціўленне ліваў, земгалаў, латгалаў, эстаў, інш. прыбалтыйскіх плямён і авалодалі б.ч.тэр. сучасных Латвіі і Эстоніі, у т. л. падвасальнымі Полацку княствамі Кукенойс і Герцыке, нападалі на Літву. Паводле дагавораў з Рыжскім і інш. епіскапствамі ордэн М. атрымаў каля трэці заваяваных зямель і фактычна ператварыўся ў феад. каталіцкую дзяржаву. Мясц. ўладу ажыццяўлялі комтуры (начальнікі правінцыяльных замкаў) і фогты (адм. чыноўнікі). Браты аднаго замка складалі канвент, іх сход наз. капітулам, агульны сход усіх ордэнскіх братоў — ген. капітулам. Гал. даходам ордэна была даніна з мясц. прымусова хрысціянізаванага насельніцтва, а таксама ваен. здабыча. У 1236 аб’яднаныя сілы літоўцаў і земгалаў каля сучаснага г. Шаўляй (Літва) разбілі М., рэшткі якіх у 1237 аб’ядналіся з Тэўтонскім ордэнам і ўтварылі залежны ад яго Лівонскі ордэн.
Літ.:
Mugurëvičs E. Die militärische Tätigkeit des Schwertbrüderordens (1202—1236) // Ordines militares. Torun, 1991. [T.] 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́Т,
1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ. Тэрмін «П.» ужываецца на Беларусі з 15 ст., напачатку як сінонім стараж.-рус. тэрміна воласць; з 1-й пал. 16 ст. пад. П. звычайна разумелі буйную воласць, цэнтрам якой быў горад або замак, што належаў дзяржаве, у т. л. скасаванае ўдзельнае княства. Часам пад П. разумелі толькі тэрыторыю, падкантрольную намесніку; у гэтым сэнсе П. быў сінонімам намесніцтва. Афіцыйна статус П. акрэслены ў выніку адм.-тэр. рэформы 1565—66 (гл.Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел). П. ўваходзілі ў склад ваяводстваў. Усе намесніцтвы і воласці, якія не атрымалі статус П., увайшлі ў іх склад як звычайныя маёнткі. З таго часу ўсе землеўладальнікі на тэр. П. падлягалі юрысдыкцыі пав. органаў улады. Структура пав. кіравання замацавана Статутамі ВКЛ 1566 і 1588. Зрэдку тэрмін «П.» ўжываўся для вызначэння гіст. воласці з цэнтрам у горадзе, які неабавязкова меў пав. ўстановы (у такім сэнсе ў крыніцах сустракаюцца назвы «Магілёўскі павет», «Крычаўскі павет» і інш.).
2) Адм.-тэр. адзінка Расійскай імперыі як эквівалент рус. тэрміна «уезд». Пасля далучэння да Расіі П. ўваходзілі ў склад губерняў. Пасля рэформы 1861 падзяляліся на воласці. Падзел на П. ў БССР скасаваны 20.6.1924.
3) Адм.-тэр. адзінка ў Зах. Беларусі ў 1919—39. Пасля заняцця часткі тэр. Беларусі ў 1919 польск. ўлады захавалі падзел на П., якія былі ўключаны ў склад акруг. П. падзяляліся на гміны. На працягу 1919—20 утвораны шэраг новых П., 4.2.1921 яны ўвайшлі ў склад новаўтвораных Навагрудскага і Палескага ваяв. Пазней межы і колькасць П. у Польшчы мянялася. Падзел на П. ў Зах. Беларусі скасаваны 15.1.1940.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫ КУРС,
цана грашовай адзінкі (валюты) адной краіны, выражаная ў грашовых адзінках інш. краін ці міжнар. валютных адзінках (СДР, ЭКЮ). Фактычна гэта прапорцыя абмену валют ці каэфіцыент пераліку адной валюты ў другую. Валютны курс неабходны для ўзаемнага абмену валютамі пры гандлі таварамі, паслугамі і руху капіталаў, параўнання цэн на сусв. і нац. рынках, вартасных паказчыкаў развіцця краін, пераацэнкі рахункаў у замежнай валюце. Адрозніваюць валютны курс: фіксаваны, плаваючы і зменлівы. Пры фіксаваным валютным курсе афіцыйна ўстанаўліваюцца суадносіны нац. валют на аснове валютнага парытэту; гэта характэрна для краін — членаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), якія ўстанавілі залатую вартасць сваёй нац. валюты, яе парытэт адносна долара ЗША і не дапускалі ваганняў ад яго больш як на 1%. Аднак большасць краін — членаў МВФ вымушаны былі дэвальвіраваць свае валюты, і валютны курс фактычна вагаўся пад уплывам попыту і прапановы (зменлівы валютны курс). У 1973 уведзены плаваючы валютны курс, які прадугледжвае свабоду выбару рэжыму валютнага курсу пры ўвязцы яго змен з дынамікай курсу валют інш. краін ці валютнага кошыка. Напр., краіны — члены Еўрапейскай валютнай сістэмы ў рамках рэжыму плаваючага курсу практыкуюць узгадненне адносных ваганняў валютнага курса. Для афіц. ўстанаўлення курсу замежных валют нац. ці буйныя камерцыйныя банкі краіны праводзяць каціроўку: курс грашовай адзінкі замежнай валюты выражаюць у пэўнай колькасці нац. валюты (прамая каціроўка, прынятая ўсімі краінамі); толькі ў Вялікабрытаніі існуе адваротная валютная каціроўка: за адзінку прыняты фунт стэрлінгаў, які выражаецца ў пэўнай колькасці замежнай валюты. Механізм фарміравання і вагання валютнага курса істотна залежыць ад ступені эканам. развіцця, дзелавой актыўнасці і прынцыпаў валютнай сістэмы краіны. Для стабілізацыі курсу нац. валюты дзяржава прымае адпаведныя загады, у т. л. і валютную інтэрвенцыю.