ЧАЛЯ́ДНІК,
рамеснік у цэхавага майстра ў феад. гарадах Беларусі, Літвы і Польшчы. У большасці статутаў цэхаў бел. гарадоў Ч. называўся работнік, які скончыў курс вучнёўства, але не выканаў усіх патрабаванняў, каб перайсці ў падмайстры. Назва «Ч.» сведчыла, што работнік займае прамежкавую ступень паміж вучнем і падмайстрам і асабіста залежны ад цэхавага майстра. У адрозненне ад падмайстра Ч. атрымліваў плату не на аснове статута цэхаў, а якую дасць майстар. Словамі «Ч.», «чэлядзь» наз. таксама ўсіх работнікаў, што працавалі ў майстра. З 1-й пал. 17 ст. існавала ўнутрыцэхавая арг-цыя Ч. — гаспода. Яна афіцыйна замацоўвалася статутамі цэхаў ці ўласнымі статутамі, абмяжоўвала свавольства майстроў і згуртоўвала Ч. у барацьбе з майстрамі за паляпшэнне эканам. і прававога становішча. На чале гасподы стаяў старшына, выбраны на сходзе Ч.; ён склікаў сходы, вёў рэестр і касу. Сродкі гасподы складаліся з узносаў і штрафаў, выдаткоўваліся на дапамогу і царк. абрады. Гаспода мела некат. судовыя паўнамоцтвы: разбірала скаргі Ч., але яе рашэнні можна было апеляваць да цэхавага суда.
Літ.:
Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1966.
З.Ю.Капыскі.
т. 17, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)