АМЕ́РЫКА,

частка свету, утвораная 2 мацерыкамі — Паўн. Амерыкай і Паўд. Амерыкай. У склад Амерыкі ўваходзіць самы вял. ў свеце в-аў Грэнландыя і шэраг інш. сумежных а-воў. Размешчана ў Зах. паўшар’і паміж Атлантычным і Ціхім акіянамі. На Пн абмываецца водамі Паўн. Ледавітага ак. Мяжу паміж мацерыкамі праводзяць па Дар’енскім (часцей па Панамскім) перашыйку. На Пд Паўн. Амерыкі часта вылучаюць Цэнтральную Амерыку (паміж Тэўантэпекскім і Панамскім перашыйкамі), Вест-Індыю (а-вы Атлантычнага ак. і яго Карыбскага м. паміж мацерыкамі Паўн. і Паўд. Амерыкі), Лацінскую Амерыку. Агульная пл. 42,5 млн. км². Нас. 740,3 млн. чал. (1992).

Грэнландыю і паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі адкрылі нарманы ў 10—11 ст. Афіцыйна адкрыццё Амерыкі датуецца 12.10.1492, калі экспедыцыя мараплаўца Х.Калумба дасягнула Багамскіх а-воў. Названа латарынгскім картографам М.Вальдземюлерам у яго «Уводзінах у касмаграфію» (1507) у гонар фларэнційца Веспучы Амерыга, які ўпершыню выказаў думку, што адкрытая ў Зах. паўшар’і зямля з’яўляецца новай часткай свету. Існуе таксама меркаванне, што назва Амерыка паходзіць ад мясц. племя туземцаў, якое жыло каля воз. Нікарагуа і звалася «амерыкас». Аб прыродзе, гісторыі, эканоміцы і дзяржавах гл. ў арг. Паўночная Амерыка і Паўднёвая Амерыка./p>

Г.Я.Рылюк.

т. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)