РУСА́ЛЬНЫЯ ПЕ́СНІ, граныя песні. Адносяцца да веснавога цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі. Выконваліся на заключным этапе веснавых свят і абрадаў усх. славян — на русальны, або граны, тыдзень (гл. Русаллі), звязаны са стараж. вераваннямі пра русалак. Сярод Р.п. вылучаюцца песні, што непасрэдна звязаны з русальным абрадам (адлюстроўваюць і суправаджаюць яго), і песні, тэматычна слаба звязаныя з абрадам. У песнях, як правіла, указваюцца час і месца абраду, русалкі просяць у людзей адзежу ці ваду, каб ажывіцца. Вобраз русалкі ў Р.п. не пазбаўлены супярэчнасцей, як і наогул нар. ўяўленні пра яе. З аднаго боку, яна — ахоўніца багатага ўраджаю, а з другога — шкодная істота, супраць якой засцерагаліся пры дапамозе ахоўнай магіі. Такая дваістасць вобраза — вынік узаемапранікнення нар. язычніцкіх вераванняў і хрысціянства.

Публ.:

Веснавыя песні. Мн., 1979.

Г.​А.​Барташэвіч.

т. 13, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАБІЛІТА́ЦЫЯ (ад позналац. rehabilitatio аднаўленне),

аднаўленне ў правах. Паводле права Рэспублікі Беларусь Р. асобы, якая прыцягвалася ў якасці абвінавачанага ці была прызнана вінаватай паводле прыгавору суда, або прыцягвалася да адм. адказнасці і панесла адм. спагнанне, лічыцца вынясенне апраўдальнага прыгавору пры пераглядзе справы, пастановы (вызначэння) пра спыненне справы за адсутнасцю падзеі злачынства, за адсутнасцю саставу злачынства або за недаказанасцю ўдзелу ва ўчыненні злачынства, а таксама пастанова пра спыненне справы аб адм. правапарушэнні. Суправаджаецца кампенсацыяй шкоды, прычыненай незаконным прыцягненнем да адказнасці. Шэраг асаблівасцей мае Р. ахвяр паліт. рэпрэсій. Паводле заканадаўства рэабілітаваныя асобы аднаўляюцца ў страчаных імі ў сувязі з рэпрэсіямі сац.-паліт. і грамадзянскіх правах, воінскіх і спец. званнях, ім вяртаюцца дзярж. ўзнагароды, даюцца льготы, выплачваюцца кампенсацыі і да т.п. Гл. таксама Рэпрэсіі палітычныя ў СССР.

т. 13, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМО́ЙЛАЎ (сапр. Каўфман) Давід Самуілавіч

(1.6.1920, Масква — 23.2.1990),

рускі паэт. Вучыўся ў Маскоўскім ін-це філасофіі, л-ры і мастацтва (1938—41). Друкаваўся з 1941. Першая кніга паэзіі — «Блізкія краіны» (1958). У паэт. зб-ках «Другі перавал» (1963), «Дні» (1970), «Хваля і камень» (1974), «Вестка» (1978) успаміны і роздум пра вайну, гіст. мінулае Расіі, тэмы мастацтва, кахання. Позняй лірыцы (зб-кі «Заліў», 1981; «Галасы за ўзгоркамі», 1985) уласцівы медытатыўнасць, элегічнасць._Аўтар кн. мемуарных нататак, літ.-крытычных эсэ, літ.-псіхал. партрэтаў «Памятныя запіскі» (апубл. 1995), перакладаў (зб. «Паэты-сучаснікі. Вершы зарубежных паэтаў», 1963), «Кнігі пра рускую рыфму» (1973), пародый і інш. Дзярж. прэмія СССР 1988.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1989;

В кругу себя. Вильнюс;

М., 1993.

Літ.:

Баевский В.С. Давид Самойлов: Поэт и его поколение. М., 1986.

т. 14, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРДЗЮКО́Ў Мікалай Мікалаевіч (н. 1.10.1948, в. Харошаўка Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1971), Выш. партыйную школу пры ЦК КПБ (1985). Працаваў інжынерам-канструктарам, у газ. «Гомельская праўда», час. «Нёман» (1985—95). Друкуецца з 1976. Піша на бел. і рус. мовах. Аповесці «Пачынаецца з мяне» (1976) і «Жыццё залатое» (1988) пра складаныя маральныя пытанні жыцця рабочага асяроддзя. Вострасюжэтная аповесць «Страчаны рай» (1992) закранае праблемы рэпрэсій, аповесць «Радыяцыя» (1993) — пра чарнобыльскую трагедыю і яе наступствы для бел. народа. Аўтар фантастычных аповесцей «Два бяссмерці» (1977), «Узыход агнёў, або Вярба ў хату» (1995), кнігі публіцыст. нарысаў «Пры сканчэнні лаяльнасці» (1990). На рус. мову пераклаў раман Г.​Далідовіча «Заходнікі», нарысы І.​Дуброўскага і інш.

Тв.:

Страчаны рай: Аповесці. Мн., 1993.

І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУ́ПА (санскр. — макушка, кучка зямлі, камянёў),

у будыйскай архітэктуры манументальнае сімвалічнае і мемар. збудаванне; сховішча рэліквій. Першапачаткова — збудаванне на магіле цара ці правадыра. Найб. раннія С. (3—2 ст. да н.э., Індыя) мелі 3-часткавую структуру: ступеньчаты падмурак, масіўны асн. аб’ём, увянчанне пабудовы ў выглядзе шмат’яруснага парасона. З першых стагоддзяў да н.э. вядомы паўсферычныя С., пазней — вежападобныя (В’етнам, Кітай), звонападобныя (М’янма, Тайланд, Камбоджа, Інданезія); бутлепадобныя (Манголія, Кітай). У дэкоры С. выкарыстоўвалі расфарбоўку, пазалоту.

Назва «С.» характэрна для Індыі і Непала; у Шры-Ланцы называецца «дагаба», у М’янме — «зедзі» і «пато», у Тайландзе — «чэдзі» («пра-чэдзі») «пранг» («пра-пранг»), у Лаосе — «тхат», у Манголіі — субурган, у Кітаі і В’етнаме — «баота», пагада і г.д.

Ступа Бадхнатх у Катманду. Фрагмент паўкруглай чашы.
Ступы храмавага комплексу Барабудур на востраве Ява (Інданезія).

т. 15, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЦЭ́ЦЫЯ (ад лац. facetia жарт, досціп),

кароткае апавяданне, блізкае да анекдота, пра смешны і павучальны выпадак з жыцця; від апавядальнай гарадской л-ры эпохі Адраджэння. Вызначаецца займальнасцю сюжэта, распрацоўкай сямейнай тэмы, выкрыццём сац. і агульначалавечых заганаў і г.д.

Узнікла ў зах.-еўрап. л-ры ў 12—13 ст. Заснавальнікам лічыцца італьянец Поджа Брачаліні (15 ст.), яго зб. «Фацэцыі» на лац. мове выклікаў шматлікія перайманні. У сярэдневяковай л-ры Ф. змяшчалі ў зб-ках побач з інш. навеламі («Гісторыя пра сем мудрацоў», «Вялікае зярцала», «Рымскія дзяянні»). Праз іх трапілі на Беларусь.

Ф. выкарыстоўвалі ў сваіх творах М.​Рэй, Я.​Каханоўскі, У.​Сыракомля. Традыцыі Ф. прасочваюцца ў бел. л-ры 20 ст. (зб. «Здубавецця» Р.​Барадуліна, 1996; «Анталогія беларускага народнага анекдота і жарта», 2001).

Г.​Я.​Адамовіч.

т. 16, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕДАСЕ́ЕНКА Уладзімір Канстанцінавіч (н. 22.4.1926, в. Бор Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі рачны тэхнікум (1946), Рэсп. парт. школу пры ЦК КП Беларусі (1950). Працаваў у абл. і рэсп. к-тах камсамола. З 1951 у газ. «Піянер Беларусі», час. «Сельская гаспадарка Беларусі», «Настаўніцкай газеце», выд-ве «Беларусь», у 1969—79 ва Упраўленні кніжнага гандлю Дзярждруку Беларусі, газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Беларусь». Друкуецца з 1951. Раман «Дубовая Града» (1965) і яго своеасаблівы працяг «Віхры на скрыжаваннях» (1970) пра барацьбу моладзі з фаш. акупантамі ў гады Вял. Айч. вайны. У рамане «Пасля смерчу» (1975) партыз. барацьба і першыя пасляваен. гады ў Гомелі. Раман «Мутныя росы» (1999) пра родную прыроду, надзённыя праблемы экалогіі. Аўтар апавяданняў, нарысаў, фельетонаў.

Тв.:

Дубовая Града;

Віхры на скрыжаваннях: Раманы. Мн., 1981.

т. 16, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХОЛ (Hali) Грэнвіл Стэнлі (1.2.1846, г. Ашфілд, штат Масачусетс, ЗША — 24.4.1924),

амерыканскі псіхолаг; адзін з заснавальнікаў педалогіі, прыхільнік эксперыментальнай педагогікі. У 1878—80 вучыўся ў Германіі ў Г.​Т.​Фехнера, В.Вунта і інш. З 1881 праф. ун-та Дж.​Хопкінса (г. Балтымар). У 1889—1920 праф. і прэзідэнт Кларкскага ун-та, дзе стварыў першы ў ЗША ін-т дзіцячай псіхалогіі. Адзін з арганізатараў і першы прэзідэнт (1892) Амер. псіхал. асацыяцыі. Пры даследаванні дзіцячай псіхікі выкарыстоўваў. апытальнікі, у якіх дзеці паведамлялі пра свае пачуцці (маральныя, рэлігійныя і інш.), адносіны да інш. людзей. Методыка такіх апытанняў сустрэла рэзкую крытыку, бо паведамленні дзяцей прызнаваліся за дакладную крыніцу інфармацыі пра саміх сябе. Прытрымліваўся тэорыі рэкапітуляцыі, паводле якой дзіця ў сваім псіхічным развіцці паўтарае стадыі развіцця псіхікі чалавечага роду («Праблемы выхавання», т. 1—2, 1911).

т. 17, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРКА́САЎ Анатоль Паўлавіч (28.11.1928, г. Светлаводск Кіраваградскай вобл., Украіна — 4.11.2000),

бел. пісьменнік, перакладчык. Скончыў БДУ (1956). Працаваў у Дзярж. выд-ве Беларусі (1956—64), у выд-вах «Беларусь» (з 1967), «Мастацкая літаратура» (з 1972), «Юнацтва» (1986—89). Друкаваўся з 1953. Аўтар зб-каў навук.-папулярных нарысаў для дзяцей «Балотны скарб» (1959), «Цудоўны камень» (1963), нарысаў пра Мінскі трактарны («Магутны твой зямляк», 1969) і Бел. аўтамаб. («Волаты на дарогах», 1974) заводы. Пераклаў на бел. мову «Аповесць пра суровага сябра» Л.​Жарыкава (1961), «Клуб калумбаў» В.​Біянкі (1962), «Тры дні спакою» М.​Прыляжаевай. (1970), зб. аповесцей і апавяданняў І.​Васіленкі «Зялёны куфэрак» (1964) і інш. Паводле яго сцэнарыяў паст. дакумент. і навук.-папулярныя фільмы.

Тв.:

Паштальён: Апавяданне ў малюнках. Мн., 1991;

На ўсе рукі майстар: Нарыс. Мн., 1993.

т. 17, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧЫПАЧО́Ў Сцяпан Пятровіч (7.1.1899, в. Шчыпачы Камышлоўскага р-на Свярдлоўскай вобл., Расія — 31.12.1979),

рускі паэт. Скончыў Ін-т чырв. прафесуры (1934). У зб-ках вершаў «Па курганах стагоддзяў» (1923), «Адна шостая» (1931) «касмічная» патэтыка, дэкларатыўнасць. Вершы пра каханне, прыроду, грамадз. лірыка ў зб-ках «Вершы» (1948), «Далонь» (1964), «Таварышам па жыцці» (1972), «Каля гарызонта» (апубл. 1982) і інш. Аўтар паэм «Домік у Шушанскім» (1944), «Паўлік Марозаў» (1950), «Песня пра Маскву» (1968), «12 месяцаў вакол Сонца» (1969), «Каля кніжных паліц» (1975), аўтабіягр. аповесці «Бярозавік» (1956), успамінаў і інш. На бел. мову асобныя вершы Ш. пераклалі П.​Бітэль, С.​Дзяргай, Х.​Жычка, В.​Макарэвіч. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1976—77.

Літ.:

Дементьев В. Сад под ливнем: Лирика Степана Щипачева. М., 1970.

С.П.Шчыпачоў.

т. 17, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)