ХОЛ (Hali) Грэнвіл Стэнлі (1.2.1846, г. Ашфілд, штат Масачусетс, ЗША — 24.4.1924),
амерыканскі псіхолаг; адзін з заснавальнікаў педалогіі, прыхільнік эксперыментальнай педагогікі. У 1878—80 вучыўся ў Германіі ў Г.Т.Фехнера, В.Вунта і інш. З 1881 праф. ун-та Дж.Хопкінса (г. Балтымар). У 1889—1920 праф. і прэзідэнт Кларкскага ун-та, дзе стварыў першы ў ЗША ін-т дзіцячай псіхалогіі. Адзін з арганізатараў і першы прэзідэнт (1892) Амер. псіхал. асацыяцыі. Пры даследаванні дзіцячай псіхікі выкарыстоўваў. апытальнікі, у якіх дзеці паведамлялі пра свае пачуцці (маральныя, рэлігійныя і інш.), адносіны да інш. людзей. Методыка такіх апытанняў сустрэла рэзкую крытыку, бо паведамленні дзяцей прызнаваліся за дакладную крыніцу інфармацыі пра саміх сябе. Прытрымліваўся тэорыі рэкапітуляцыі, паводле якой дзіця ў сваім псіхічным развіцці паўтарае стадыі развіцця псіхікі чалавечага роду («Праблемы выхавання», т. 1—2, 1911).
т. 17, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)