СЕРДЗЮКО́Ў (Мікалай Мікалаевіч) (н. 1.10.1948, в. Харошаўка Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1971), Выш. партыйную школу пры ЦК КПБ (1985). Працаваў інжынерам-канструктарам, у газ. «Гомельская праўда», час. «Нёман» (1985—95). Друкуецца з 1976. Піша на бел. і рус. мовах. Аповесці «Пачынаецца з мяне» (1976) і «Жыццё залатое» (1988) пра складаныя маральныя пытанні жыцця рабочага асяроддзя. Вострасюжэтная аповесць «Страчаны рай» (1992) закранае праблемы рэпрэсій, аповесць «Радыяцыя» (1993) — пра чарнобыльскую трагедыю і яе наступствы для бел. народа. Аўтар фантастычных аповесцей «Два бяссмерці» (1977), «Узыход агнёў, або Вярба ў хату» (1995), кнігі публіцыст. нарысаў «Пры сканчэнні лаяльнасці» (1990). На рус. мову пераклаў раман Г.Далідовіча «Заходнікі», нарысы І.Дуброўскага і інш.
Тв.:
Страчаны рай: Аповесці. Мн., 1993.
І.У.Саламевіч.
т. 14, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)