СТУ́ПА (санскр. — макушка, кучка зямлі, камянёў),

у будыйскай архітэктуры манументальнае сімвалічнае і мемар. збудаванне; сховішча рэліквій. Першапачаткова — збудаванне на магіле цара ці правадыра. Найб. раннія С. (3—2 ст. да н.э., Індыя) мелі 3-часткавую структуру: ступеньчаты падмурак, масіўны асн. аб’ём, увянчанне пабудовы ў выглядзе шмат’яруснага парасона. З першых стагоддзяў да н.э. вядомы паўсферычныя С., пазней — вежападобныя (В’етнам, Кітай), звонападобныя (М’янма, Тайланд, Камбоджа, Інданезія); бутлепадобныя (Манголія, Кітай). У дэкоры С. выкарыстоўвалі расфарбоўку, пазалоту.

Назва «С.» характэрна для Індыі і Непала; у Шры-Ланцы называецца «дагаба», у М’янме — «зедзі» і «пато», у Тайландзе — «чэдзі» («пра-чэдзі») «пранг» («пра-пранг»), у Лаосе — «тхат», у Манголіі — субурган, у Кітаі і В’етнаме — «баота», пагада і г.д.

Ступа Бадхнатх у Катманду. Фрагмент паўкруглай чашы.
Ступы храмавага комплексу Барабудур на востраве Ява (Інданезія).

т. 15, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)