ПУ́ЗІКАЎ (Пётр Дзмітрыевіч) (20.12.1919, в. Падоры Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 20.2.1977),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1968), праф. (1968). Засл. дз. нав. Беларусі (1975). Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КПБ (1948), БДУ (1949), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1955).З 1955 у Мінскім ін-це нар. гаспадаркі. З 1957 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. З 1967 у выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (нам. гал. рэдактара). З 1973 дырэктар Ін-та філасофіі і права АН Беларусі. Навук. працы па пытаннях дыялектыкі як тэорыі пазнання, логікі, філас. праблемах прыродазнаўства. Адзін з аўтараў і рэдактараў кн. «Навука: арганізацыя і кіраванне» (1977). Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

Философские основы эволюционного учения Дарвина. Мн., 1959;

Аналитическая способность мышления. Мн., 1965;

Анализ и синтез — от мысли к вещи. Мн., 1969;

Понятия и их определения. Мн., 1970.

П.​Дз.Пузікаў.

т. 13, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЙЛ ((Ryle) Марцін) (27.9.1918, г. Брайтан, Вялікабрытанія — 14.10.1984),

англійскі радыёастраном. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1952), Нац. АН ЗША (1975). Замежны чл. Каралеўскай Дацкай акадэміі навук і л-ры (1968), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1970), АН СССР (1971). Скончыў Оксфардскі ун-т (1939). З 1945 у Кембрыджскім ун-це (з 1957 праф.), у 1957—82 дырэктар Малардскай радыёастр. абсерваторыі. У 1972—82 на пасадзе Каралеўскага астранома. Навук. працы па вывучэнні радыёвыпрамянення Сонца, ідэнтыфікацыі квазараў, статыст. аналізе радыёкрыніц у Сусвеце, касмалогіі. Стварыў першы радыёінтэрферометр (1946, разам з Дж.​Позі). Пры дапамозе пабудаванага ім двухантэннага радыётэлескопа даследаваў вял. ўчастак неба і адкрыў 5 тыс. радыёкрыніц (1957). Прапанаваў метад апертурнага сінтэзу. Нобелеўская прэмія 1974 (разам з Э.Х’юішам).

Тв.:

Рус. пер. — Радиотелескопы с большой разрешающей силой // Успехи физ. наук. 1975. Т. 117, вып. 2.

М.​М.​Касцюковіч.

М.Райл.

т. 13, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБІНШТЭ́ЙН (Мікалай Рыгоравіч) (14.6.1835, Масква — 23.3.1881),

рускі піяніст, дырыжор, педагог, муз. дзеяч. Брат А.​Р.​Рубінштэйна. Скончыў Маскоўскі ун-т (1855). Адзін з буйнейшых піяністаў 2-й пал. 19 ст. З 1846 вёў канцэртную дзейнасць пераважна ў Маскве як піяніст і дырыжор. У 1860 заснаваў Маскоўскае аддз. Рускага музычнага таварыства і Муз. класы, на базе якіх у 1866 створана Маскоўская кансерваторыя (да 1881 яе дырэктар і праф.). Першы інтэрпрэтатар многіх фп. і сімф. твораў П.​Чайкоўскага, шмат з якіх прысвечаны яму (1-я сімф., 2-і канцэрт для фп. з арк., «Рускае скерца» для фп.; фп. трыо «Памяці вялікага артыста», 1882). Спрыяў фарміраванню рус. дырыжорскай школы. Сярод вучняў С.​Танееў і інш.

Літ.:

Асафьев Б.В. Через прошлое к будущему: Их было трое... // Избр. труды. М., 1954. Т. 3;

Баренбойм Л.А. Н.​Г.​Рубинштейн. М., 1982.

М.Р.Рубінштэйн.

т. 13, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ФІЛАСО́ФІІ І ПРА́ВА Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,

навукова-даследчая ўстанова. Засн. ў 1931 у Мінску як Ін-т філасофіі АН БССР. У 1935 аб’яднаны з Ін-там сав. буд-ва і права АН БССР і перайменаваны ў І.ф. і п. У гады Вял. Айч. вайны не працаваў. З 1946 у АН БССР існаваў сектар філасофіі, у 1947 адноўлены як І.ф. і п., у 1958—65 з ін-та быў вылучаны сектар права ў самастойны ін-т. Аспірантура з 1931. Аддзелы: логікі і метадалогіі навук. пазнання (з сектарам філас. праблем прыродазнаўства і тэхнікі), філас. праблем чалавека, філас. праблем міжнац. і міжнар. адносін, гісторыі філасофіі; тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, дзярж. права і кіравання, прац. і гасп. права, с.-г. і экалагічнага права; сектар сац. экалогіі.

Асн. кірункі даследаванняў: аналіз сутнасці дзяржавы, яе структуры і гіст. форм, заканамернасцей сац.-культ. развіцця, гуманізацыі грамадскіх адносін, метадалогіі пазнання; гісторыя філас. думкі Беларусі; тэндэнцыі паліт.-прававога абнаўлення рэспублікі; складанне заканадаўства, канстытуцыйных прынцыпаў арганізацыі і функцыянавання суд. улады і інш. Выдадзены працы: «Дыялектычны матэрыялізм як метадалогія прыродазнаўчанавуковага пазнання» (1965), «Узаемасувязь катэгорый дыялектыкі» Дз.​І.​Шыраканава (1969), «Гісторыя дзяржавы і права Беларускай ССР» (т. 1—2, 1970—76), «Нарысы гісторыі філасофскай і сацыялагічнай думкі Беларусі (да 1917 г.)» (1973), «Беларускія рэвалюцыйныя дэмакраты» А.​С.​Майхровіча (1977), «Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі» С.​А.​Падокшына (1990), «Помнікі філасофскай думкі Беларусі XVII — першай паловы XVIII ст» (1991), «Прававая рэформа: Павышэнне дзейнасці заканадаўства» (1992), «Стэрэатыпы і дынаміка мыслення» (1993), «Земскае самакіраванне па Беларусі (1905—1917 гг.)» В.​П.​Слабажаніна (1994) і інш. У Ін-це працавалі акад. АН Беларусі С.​Я.​Вальфсон (першы дырэктар ін-та), В.​А.​Сербента, К.​П.​Буслаў, акад. АН СССР Г.​Ф.​Аляксандраў, чл.-кар. АН Беларусі І.​М.​Ільюшын, І.​М.​Лушчынскі, С.​П.​Маргунскі; працуюць акад. Нац. АН Беларусі Дз.​І.​Шыраканаў, чл.-кар. А.​С.​Майхровіч (дырэктар з 1994), А.​І.​Савасцюк, В.​І.​Семянкоў, М.​І.​Сторажаў, В.​І.​Шабайлаў.

А.​А.​Лазарэвіч.

т. 7, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТЭ́С (Сяргей Альбертавіч) (н. 18.2.1935, г. Сан-Антоніо, Чылі),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1980). У Мінску з 1955. Скончыў Бел. кансерваторыю (1962, клас А.Багатырова). З 1965 заг. муз. часткі Дзярж. рус. т-ра Беларусі, з 1966 — Бел. т-ра імя Я.​Купалы, з 1972 муз. рэдактар, гал. муз. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». З 1991 дырэктар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі і маст. кіраўнік оперы, з 1996 дырэктармаст. кіраўнік Нац. акад. т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. У яго творчасці тэмы высокага грамадз. гучання, імкненне да філас. асэнсавання рэчаіснасці. Працуе пераважна ў жанрах, заснаваных на сінтэзе музыкі, слова і сцэн. дзеяння. Інстр. музыка вызначаецца праграмнасцю, канкрэтнай вобразнасцю, характарыстычнасцю. Пры выкарыстанні складаных відаў сучаснай кампазітарскай тэхнікі (дадэкафонія, алеаторыка) музыка К. лёгкая для ўспрымання дзякуючы яркасці меладычных вобразаў, апоры на быт. жанры. Сярод твораў: оперы «Джардана Бруна» (паст. 1977), «Матухна Кураж» паводле Б.​Брэхта (паст. 1982, Каўнас; запіс на бел. радыё 1988), «Візіт дамы» паводле Ф.​Дзюрэнмата (паст. 1995), балет «Апошні інка» (паст. 1990, Гавана); харэаграфічныя мініяцюры «Першыя чайкі» і «В’етнам» (паст. адпаведна 1967 і 1969); араторыі «Памяці паэта» на словы Я.​Купалы (1972), «Бай прыдумаў» для хору хлопчыкаў і аркестра на словы Р.​Барадуліна (1975); вак.-сімф. паэма «Попел» на словы Э.​Межэлайціса (1966); музыка для струнных (1970), канцэрт для фп. з аркестрам «Капрычас» (1969); уверцюра на бел. тэмы для аркестра бел. нар. інструментаў (1972); санаты, сюіты «Казка» і «Кантрасты» для фп.; струнны квартэт (1996); вак. цыклы на вершы А.​Вярцінскага, М.​Танка («Закон захавання матэрыі»), У.​Шэкспіра, Ф.​Гарсія Лоркі і інш.; музыка да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1982.

Літ.:

Ауэрбах Л.Д. Белорусские композиторы: Е.​Глебов, С.​Кортес, Д.​Смольский, И.​Лученок. М., 1978;

Друкт А.А. Драматургічная канцэпцыя оперы С.​Картэса «Джардана Бруна» // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1984. № 1;

Аладава Р.М. Опера С.​Картэса «Візіт дамы» ў яе сувязях з літаратурай // Пытанні культуры і мастацтва Беларусі. Мн., 1994. Вып. 13.

А.​А.​Саламаха.

С.А.Картэс.

т. 8, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЕР ((Mahler) Густаў) (7.7.1860, в. Каліштэ, Чэхія—8.5.1911),

аўстрыйскі кампазітар, дырыжор, оперны рэжысёр; буйнейшы еўрап. кампазітар канца 19 — пач. 20 ст. З 1875 вучыўся ў Венскай кансерваторыі ў Ю.​Эпштэйна (фп.), кампазіцыі — у А.Брукнера. З 1880 оперны рэжысёр у т-рах Прагі, Вены, Лейпцыга і інш. З 1888 дырэктар Каралеўскай оперы ў Будапешце, з 1891 першы дырыжор Гар. т-ра ў Гамбургу. З 1897 дырэктар Венскай прыдворнай оперы. З 1907 у ЗША, дырыжор т-ра «Метраполітэн-опера», з 1909 адначасова кіраўнік Нью-Йоркскага філарманічнага аркестра. Для яго музыкі характэрны тэндэнцыі позняга рамантызму і адначасова рысы экспрэсіянізму, што абумоўлена трагічным асэнсаваннем сац. супярэчнасцей эпохі. Аўтар 9 сімфоній (1888—1909; 10-я не скончана), першыя 4 з якіх спалучаюць эмац. непасрэднасць і трагічную іронію, жанравыя замалёўкі і сімволіку; 5—7-я сімфоніі складаюць трагічна афарбаваную інстр. трылогію, інтанацыйна звязаную з песеннымі цыкламі (пераважна на словы Ф.​Рукерта і нар. тэксты з «Чароўнага рога хлопчыка»). Творы позняга перыяду прасякнуты тэмай развітання з жыццём. Асаблівасці яго сімфанізму выяўляюцца ў адмаўленні ад класічнай 4-часткавай будовы ў большасці сімфоній, пераўтварэнні структуры ўсяго цыкла. Каб зрабіць больш даступнымі свае ідэйна-гуманіст. канцэпцыі і складаную манумент. форму сімфоній, ён дэмакратызаваў меладычную мову, уводзіў у іх вак.-хар. эпізоды. М. павялічыў склад аркестра, развіў мастацтва аркестроўкі, узбагаціў лада-гарманічныя сродкі. Сярод інш. твораў: сімфонія-кантата «Песня аб зямлі» для салістаў і арк. (1909); вак. цыклы — «14 песень і напеваў юнацкіх гадоў» для голасу з фп. (1880—90), «Песні вандроўнага чалядніка» (1883—85), «12 песень з «Чароўнага рога хлопчыка» (1892—98), «Сем песень апошніх гадоў» (1899—1902), «Песні аб памерлых дзецях» (1904; усе для голасу з арк.), «Жаласная песня» для салістаў, хору і арк. (1-я рэд. 1880). Творчасць М. значна паўплывала на музыку кампазітараў 20 ст.

Літ.:

Густав Малер: Письма. Воспоминания: Пер. с нем. 2 изд. М., 1968;

Барсова И.А. Симфонии Густава Малера. М., 1975;

Тараканов М. Малер // Музыка XX в. М., 1977. Ч. 1, кн. 2;

Mitchell D. G. Mahler songs and symphonies of life and death. London, 1985.

Т.​А.​Шчарбакова.

Г.Малер.

т. 10, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЯ КАНСЕРВАТО́РЫЯ імя П.​І.​Чайкоўскага,

вышэйшая музычная навуч. ўстанова Расіі. Адкрыта ў 1866 на базе арганізаваных у 1860 Муз. класаў Рас. муз. т-ва. З 1940 — імя Чайкоўскага. Заснавальнік і першы дырэктар М.Рубінштэйн (у 1866—81 дырэктар, праф., дырыжор). У ёй выкладалі П.​Чайкоўскі, С.​Танееў В.​Сафонаў, М.​Іпалітаў-Іванаў, Ф.​Лаўб, І.​Гржымалі; сярод выхаванцаў С.​Рахманінаў, А.​Скрабін, М.​Метнер, А.​Зілоці, З.​Паліяшвілі, А.​Брандукоў, Л.​Нікалаеў, Р.​Гліэр, А.​Няжданава, Н.​Абухава, А.​Гальдэнвейзер, К.​Ігумнаў, А.​Гедыке, М.​Галаванаў, С.​Васіленка і інш. кампазітары, выканаўцы і педагогі. У 1999/2000 навуч. г. ф-ты: гісторыка-тэарэтыка-кампазітарскі, фартэпіянны, аркестравы, вакальны, ваенна-дырыжорскі, павышэння кваліфікацыі; аспірантура; асістэнтура для кампазітараў і выканаўцаў. Пры М.к. існуюць муз. вучылішча (з 1934) і Цэнтр. дзіцячая муз. школа (з 1936), праблемная н.-д. лабараторыя, Музей імя М.​Рубінштэйна (з 1995), оперная студыя і сектар пед. практыкі з вячэрняй муз. школай-дзесяцігодкай, навук. б-ка імя Танеева, інфармацыйна-выліч. цэнтр, лабараторыя гуказапісу і інш. М.к. мае Вял., Малую і Рахманінаўскую канцэртныя залы. Сярод выпускнікоў М.к. інструменталісты і дырыжоры Л.​Аборын, В.​Барысоўскі, Ю.​Башмет, Р.​Гінзбург, В.​Дулава, Я.​Зак, Л.​Коган, М.​Плятнёў, М.​Пятроў, Г.​Раждзественскі, М.​Растраповіч, С.​Рыхтэр, Я.​Святланаў, У.​Співакоў, Я.​Фліер, Дз.​Цыганоў; кампазітары Дз.​Кабалеўскі, А.​Хачатуран, В.​Шабалін, Р.​Шчадрын і інш.; музыказнаўцы Ю.​Келдыш, В.​Конен, В.​Левашова, Т.​Ліванава, Л.​Мазель, І.​Несцьеў, У.​Пратапопаў, С.​Скрабкоў, Ю.​Халопаў, Ю.​Цюлін, Б.​Ярустоўскі і інш. Значны ўклад у развіццё бел. муз. культуры зрабілі выпускнікі М.к. піяністы І.Алоўнікаў, А.Клумаў, Г.Пятроў, В.Сямашка, І.Цвятаева, скрыпачы А.Амітон, М.Браценнікаў, віяланчэліст Б.Скабло, валтарніст Я.Сцягенны, кампазітар Р.Пукст, музыказнаўцы Л.Мухарынская, М.​Шыфрын, спевакі Т.Ніжнікава, А.Саўчанка, хормайстар М.Маслаў і інш.

Літ.:

Московская консерватория. 1866—1966. М., 1966;

Келдыш Ю.В. 100 лет Московской консерватории [М., 1966];

Воспоминания о Московской консерватории. М., 1966;

Федосюк Ю.А. Улица Герцена, 13. М., 1988.

т. 10, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАК-МІХАЙЛО́ЎСКІ (Сымон Аляксандравіч) (14.4.1885, в. Максімаўка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 27.11.1938),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч, публіцыст, педагог. Скончыў пед. ін-т у Феадосіі (1912). У рэвалюцыю 1905—07 прапагандаваў ідэі сац. і нац. вызвалення, быў выбраны сялянамі хадаком у Дзярж. думу. У 1906 за распаўсюджанне с.-д. л-ры арыштаваны на 3 месяцы і зняволены ў Вілейцы. З-за праследаванняў улад вымушаны быў пераехаць у Крым. З 1914 на вайск. службе. У 1917 уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, чл. яе ЦК, нам. старшыні Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, сакратар бел. школьнай падкамісіі пры Мінскай гар. думе. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. У 1918 старшыня Бел. вучыцельскага хаўрусу (саюза), чл. Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, адзін з лідэраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У 1919 выкладчык Першых бел. пед. курсаў у Мінску. У час польск. акупацыі старшыня Беларускай школьнай рады Міншчыны, пазней Цэнтральнай беларускай школьнай рады, чл. Часовага бел. нац. к-та і Беларускай вайсковай камісіі. У 1920—22 заснавальнік і дырэктар Барунскай настаўніцкай семінарыі, адзін з арганізатараў Таварыства беларускай школы, выкладчык Гродзенскай і Віленскай бел. гімназій. З 1922 дэпутат сейма Польшчы, заснавальнік Беларускай партыі незалежных сацыялістаў. У 1925 адзін з ініцыятараў стварэння і нам. старшыні Беларускай сялянска-работніцкай грамады, адначасова з 1926 чл. КПЗБ. У шматлікіх артыкулах, якія друкаваліся ў газ. «Наша ніва», «Беларусь», «Звон», час. «Родны край» і інш. зах.-бел. выданнях, выступаў у абарону бел. школ, за сац. справядлівасць, супраць рабавання польск. ўладамі прыродных багаццяў Зах. Беларусі. У 1927 арыштаваны і зняволены польск. ўладамі. з 1930 у БССР, дырэктар Бел. дзярж. сац.-гіст. музея ў Мінску. Чл. ЦВК БССР з 1931. У 1933 арыштаваны органамі АДПУ і асуджаны на 10 гадоў па справе «Беларускі нацыянальны цэнтр». У ліст. 1938 Асобай тройкай НКУС БССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1956.

Літ.:

Бергман А. Сымон Рак-Міхайлоўскі: (Кароткі біягр. нарыс) // Беларускі каляндар. 1980. Беласток, 1980;

Адамушка У. Сацыял-дэмакрат Сымон Рак-Міхайлоўскі // Сыны і пасынкі Беларусі. Мн., 1996.

У.​В.​Ляхоўскі.

С.А.Рак-Міхайлоўскі.

т. 13, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБО́САЎ (Яўген Міхайлавіч) (н. 23.2.1931, г. Разань),

бел. філосаф і сацыёлаг. Акад. АН Беларусі (1994), чл.-кар. АН Беларусі (1977), д-р філас. н. (1972), праф. (1973). Скончыў БДУ (1955). З 1957 на выкладчыцкай рабоце. У 1977—89 дырэктар Ін-та філасофіі і права, з 1989 — Ін-та сацыялогіі АН Беларусі. Даследуе праблемы тэорыі і метадалогіі навук. пазнання, сацыялогіі экстрэмальных сітуацый і катастроф, асаблівасцяў пераходнага перыяду ў развіцці бел. грамадства. Распрацаваў новыя канцэптуальныя падыходы да вывучэння сац. аспектаў навук.-тэхн. прагрэсу, станаўлення і развіцця духоўнага свету чалавека. Прэзідэнт Беларускай сацыялагічнай асацыяцыі. Дзярж. Прэмія Беларусі 1984 за ўдзел у напісанні цыкла прац па гісторыі філас. і грамадскай думкі Беларусі (апубл. ў 1973—80).

Тв.:

Социальные аспекты научно-технической революции. Мн., 1976;

Истина и богословие. Мн., 1988;

Человек на пороге рынка: Социальные ожидания населения. Мн., 1992;

Катастрофы: социол. анализ. Мн., 1995.

Я.М.Бабосаў.

т. 2, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬСКІ (сапр. Вольскі-Зэйдэль) Артур Віталевіч

(н. 23.9.1924, г. Дзяржынск Мінскай вобл.),

бел. паэт. Сын В.Вольскага. Вучыўся ў Віцебскім маст. вучылішчы (1938—41), скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1962). З 1942 служыў на флоце, у 1945 удзельнічаў у баях супраць Японіі. Працаваў у прэсе, з 1963 заг. літ.-пед. часткі, у 1966—78 дырэктар Бел. рэсп. тэатра юнага гледача. Друкуецца з 1937. Асн. матывы яго паэзіі — услаўленне ваен. подзвігу маракоў, будні марской службы, духоўныя імкненні сучасніка (зб-кі «Водбліскі далёкіх маякоў», 1958; «Дабрата», 1966; «Выратавальны круг», 1974; «Строма», 1982). Аўтар кніг для дзяцей «Маленькім сябрам» (1955), «Чарнічка» (1964), «Жывыя літары» (1973), «Еду ў госці да слана» (1978) і інш., п’ес «За лясамі дрымучымі» (з П.​Макалём, паст. 1958), «Сцяпан — вялікі пан» (паст. 1979) і інш.

Тв.:

Чалавек, якому баліць: Выбр. Мн., 1984;

Наваселле дрэў: Вершы і паэма. Мн., 1990.

т. 4, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)