БАЛАТНАКВЕ́ТНІК (Nymphoides),

род кветкавых раслін сям. бабковых. Каля 25 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных паясах абодвух паўшар’яў. Ва ўмераным поясе і на Беларусі трапляецца балатнакветнік шчыталісты (Nymphoides peltata). Вядома адзінае ізаляванае месцазнаходжанне на р. Нёман у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці. Расце ў стаячай вадзе заток, старыц і сажалак, утварае амаль чыстыя зараснікі. Вельмі рэдкі еўразійскі від. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Шматгадовая травяністая расліна з паўзучым членістым карэнішчам, даўж. да 1,5 м. Сцёблы доўгія, дасягаюць паверхні вады. Лісце акругла-эліпсоіднае, на доўгіх чаранках, шчыльнае, скурыстае, знізу густа ўкрытае цёмнымі залозістымі плямкамі, плавае на вадзе. Кветкі ярка-жоўтыя, на доўгіх кветаносах, у пазушных парасонападобных пучках. Плод — яйцападобная каробачка. Дэкар., кармавая і харч. (як агародніна) расліна, прыдатная на аквакультуру.

Балатнакветнік шчыталісты.

т. 2, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬФА-РАСПА́Д,

α-распад, самаадвольны радыеактыўны распад атамных ядраў, пры якім адбываецца выпрамяненне альфа-часціц (гл. Радыеактыўнасць). Найменш пранікальны від выпрамянення, што выпускаецца радыеактыўнымі рэчывамі. Тэорыя альфа-распаду (Г.​Гамаў, ЗША, 1927) заснавана на квантава-мех. апісанні руху α-часціцы ў патэнцыяльнай яме з бар’ерамі: паколькі энергія α-часціц складае 5—10 МэВ, а вышыня кулонаўскага бар’ера ў цяжкіх ядрах 25—30 МэВ, то вылет α-часціцы з ядра можа адбывацца толькі за кошт тунэльнага эфекту. Вядома больш за 300 α-актыўных ядраў, большасць з якіх штучныя. Альфа-распад характэрны ў асноўным для цяжкіх ядраў з масавым лікам A>200 і ат. нумарам Z>82. Час жыцця α-радыеактыўных ядраў ад 3∙10​−7 с (для ​212Po) да 10​17 гадоў (для ​204Pb).

т. 1, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́ТАРСКАЕ КІНО́, кінааматарства,

від самадзейнага мастацтва. Узнікла з часу вынаходніцтва кінематографа (1895). У Зах. Еўропе і ЗША пашырана з пач. 1930-х г., у б. СССР — з 1925, больш актыўна развівалася пасля 1957, калі пры Саюзе кінематаграфістаў краіны была створана Усесаюзная камісія па працы з кінааматарамі. Праводзіліся фестывалі, конкурсы аматарскага кіно.

На Беларусі аматарскае кіно развіваецца з канца 1950-х г., створаны шматлікія самадз. студыі. З 1960 штогод праводзіліся абл. і рэсп. Конкурсы-агляды аматарскага кіно. Бел. аматары ўдзельнічалі ва ўсесаюзных і міжнар. фестывалях, іх фільмы неаднаразова адзначаліся ўзнагародамі. Росту маст. ўзроўню аматарскага кіно спрыяла секцыя па рабоце з кінааматарамі пры Саюзе кінематаграфістаў Беларусі. Асобныя кінааматары сталі прафесійнымі кінарэжысёрамі. Істотныя змены ў кінааматарскі рух унесла развіццё відэазапісу.

т. 1, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛА́Н-БЕЛАХВО́СТ (Haliaeetus albicilla),

птушка сямейства ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі надзвычай рэдкі гнездавальны від, вядома каля 20 пар, якія гняздуюцца, з іх палова ў Віцебскай вобл. Трапляецца спарадычна. Жыве каля вял. азёраў, у далінах рэк, на вял. балотах. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. цела 0,8—1 м, маса да 6,5 кг, размах крылаў да 2,5 м. Апярэнне цёмна-бурае. Хвост у дарослых белы (адсюль назва), кароткі, клінападобны. Дзюба і лапы жоўтыя. Прылягае ў сак.—красавіку. Гнёзды масіўныя, на верхавінах высокіх (15—25 м) дрэў. Утварае пастаянныя пары. Нясе звычайна 2 (радзей 1, 3) белыя яйцы. Птушаняты вылятаюць у канцы чэрв. — пач. жніўня. Здабыча на Беларусі забаронена з 1978. Ахоўваецца ў шэрагу краін.

Арлан-белахвост.

т. 1, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАПТЭ́РЫКС, археорніс,

першаптушка (Archaeopteryx),

самы стараж. вымерлы род птушак падкл. яшчарахвостых птушак. 1 від — A. lithographica. Назва дадзена па адбітку пяра, знойдзеным у 1860 у верхняюрскіх (цітонскіх) літаграфічных сланцах Золенгофена (Баварыя, Германія). У 1861 там знайшлі і першы няпоўны яго шкілет з адбіткамі пер’я. Вядома 5 шкілетаў; 1 экз. (берлінскі) апісаны пад назвай археорніс, але ён ідэнтычны з археаптэрыксам.

Памерамі з голуба, меў дзюбу з канічнымі зубамі, 3 свабодныя пальцы на крылах, доўгі хвост з 20 пазванкамі. Мяркуюць, што археаптэрыкс пералятаў з дрэва на дрэва, пры гэтым выкарыстоўваў пальцы крылаў, або бегаў па зямлі і зрэдку пералятаў на невял. адлегласці. Марфалогія археаптэрыкса пацвярджае філагенетычныя сувязі паўзуноў і птушак. Мяркуюць, што археаптэрыкс — прамы продак птушак, які паходзіць ад тэраподных дыназаўраў ці ад псеўдазухій.

Археаптэрыкс.

т. 1, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРСАКЕЛЬМЕ́С,

запаведнік у Казахстане, у Кзыл-Ардзінскай вобл., на в-ве Барсакельмес у Аральскім м. Засн. ў 1939 з мэтай аховы і вывучэння асаблівасцяў прыроднага комплексу глініста-саланчаковых пустыняў, даследавання развіцця працэсаў у ізаляваных, астраўных біягеацэнозах. Пл. больш за 18 тыс. га.

Усяго зарэгістравана 257 відаў кветкавых раслін. Каля палавіны прыпадае на эфемеры і эфемероіды. Сярод прадстаўнікоў палын шэразёмны, пырнік пустынны, 6 відаў кавылёў, чорны і белы саксаулы, тамарыск, карагана, рэвень татарскі, герань, адоніс і інш. Ізаляваная фауна прадстаўлена 13 відамі млекакормячых, 202 — птушак, 8 — паўзуноў, 1 від земнаводных (зялёная рапуха). Сярод звяроў рэдкія віды — кулан і джэйран, сайгак; сярод птушак — драфа-красуня; шмат малых і шэрых жаваранкаў, каменак, аўсянак; з драпежных гняздуецца звычайная пустальга; сярод рэптылій пануе такырная круглагалоўка.

т. 2, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАС (італьян. basso літар. нізкі),

1) самы нізкі мужчынскі голас. Вылучаюць высокі, або пявучы, і нізкі, або глыбокі, у оперы таксама характарны, камічны буфонны бас. Высокі бас бывае лірычны, больш мяккі, з дыяпазонам G—f​1, і драматычны, больш моцны, з дыяпазонам F—e​1. Для высокага баса характэрныя сіла і моц на верхніх гуках і больш слабае гучанне нізкіх гукаў. Нізкі (цэнтральны) бас вылучаецца глыбокім, поўным гучаннем у нізкім рэгістры і напружаным — у верхнім, дыяпазон (C, D) E — d​1 (e​1). Самы нізкі від баса — т.зв. бас-актавіст, дыяпазон (A1) B1 — a (c​1).

2) Муз. інструменты нізкага (басовага) рэгістра (туба, кантрабас, саксафон-бас, домбра-бас, бас-кларнет).

3) Самая нізкая партыя шматгалосага муз. твора.

т. 2, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СТРАЎ УРА́НГЕЛЯ,

запаведнік у Расіі, у Магаданскай вобл. Размешчаны на а-вах Урангеля і Геральд у Паўн. Ледавітым ак., на мяжы Усх.-Сібірскага і Чукоцкага м. Засн. ў 1976 з мэтай аховы і вывучэння прыродных комплексаў арктычных астравоў, у першую чаргу радзільных бярлог (каля 250) белага мядзведзя, занесенага ў Чырв. кнігу. Пл. 795,6 тыс. га. На в-ве Геральд знаходзяцца самыя буйныя ў свеце лежні маржоў (каля 95 тыс. асобін), трапляюцца таксама лахтак, нерпа, расамаха. На в-аў Урангеля завезены свойскі паўн. алень і аўцабык. Разнастайная арнітафауна: белая гусь (адзінае месца гнездавання, каля 100 тыс. птушак штогод, від занесены ў Чырв. кнігу), чорная казарка, звычайная гага, маранкі, кулікі, паморнікі і інш.; вял. птушыныя базары з фонавымі відамі берынгава баклана, чайкі-мыеўкі і кайры.

т. 4, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАГУ́НЫ (франц. dragon, адз. л.),

від кавалерыі, здольнай дзейнічаць у пешым страі. З’явіліся ў 16 ст. ў Францыі (пасаджаныя на коней пехацінцы, якія спешваліся пры сустрэчы з праціўнікам). З 17 ст. драгунскія палкі існавалі ў Германіі, Польшчы, Беларусі (у складзе войска ВКЛ, да канца 18 ст.), Расіі (1631 — пач. 1918), у 18—20 ст. — у большасці еўрап. армій (належалі да цяжкай або сярэдняй кавалерыі, складалі ​1/3 усёй конніцы). У розны час мелі на ўзбраенні пісталеты, мушкеты, фузеі, карабіны, вінтоўкі, шаблі, палашы, шашкі.

Літ.:

Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994;

Грыгор’еў М. Войска ВКЛ: Ад Сасаў да Касьцюшкі, 1765—1794. Мн., 1994.

Да арт. Драгуны. Маёр коннагвардзейскага (драгунскага) палка ВКЛ у мундзіры ўзору 1792, узброены гвардзейскім палашом.

т. 6, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУГЛА́СІЯ, дугласавая піхта,

дугласія Мензіса (Pseudotsuga menziesii),

від голанасенных дрэвавых раслін роду лжэтсуга, або псеўдатсуга, сям. хваёвых. Названа па імю шатл. батаніка Д.​Дугласа, які апісаў і інтрадукаваў Д. ў Еўропе. Пашырана на ціхаакіянскім узбярэжжы ЗША і Канады. На Беларусі інтрадукавана і культывуецца з пач. 20 ст. (1904; Парэцкі парк Пінскага р-на).

Шматгадовазялёнае дрэва з прамым ствалом, выш. да 25 (на радзіме да 100) м і канічнай кронай. Кара тоўстая, буравата-шэрая. Ігліца пляскатая, зялёная або шыза-зялёная. Жаночыя шышкі падоўжаныя, звіслыя, з крыючай луской. Насенне з крыльцамі. Дэкар. расліна, прыдатная для групавых і алейных пасадак, мае шэраг садовых разнавіднасцей і формаў. Расце павольна. Жыве да 500 гадоў. Выкарыстоўваецца ў дрэваапрацоўцы.

Г.​У.​Вынаеў.

Дугласія Мензіса.

т. 6, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)