БАРСАКЕЛЬМЕ́С,

запаведнік ў Казахстане, у Кзыл-Ардзінскай вобл., на в-ве Барсакельмес у Аральскім м. Засн. ў 1939 з мэтай аховы і вывучэння асаблівасцяў прыроднага комплексу глініста-саланчаковых пустыняў, даследавання развіцця працэсаў у ізаляваных, астраўных біягеацэнозах. Пл. больш за 18 тыс. га.

Усяго зарэгістравана 257 відаў кветкавых раслін. Каля палавіны прыпадае на эфемеры і эфемероіды. Сярод прадстаўнікоў палын шэразёмны, пырнік пустынны, 6відаў кавылёў, чорны і белы саксаулы, тамарыск, карагана, рэвень татарскі, герань, адоніс і інш. Ізаляваная фауна прадстаўлена 13 відамі млекакормячых, 202 — птушак, 8 — паўзуноў, 1 від земнаводных (зялёная рапуха). Сярод звяроў рэдкія віды — кулан і джэйран, сайгак; сярод птушак — драфа-красуня; шмат малых і шэрых жаваранкаў, каменак, аўсянак; з драпежных гняздуецца звычайная пустальга; сярод рэптылій пануе такырная круглагалоўка.

т. 2, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)