Засн. ў 1924, адкрыты ў 1926 у г. Пінск Брэсцкай вобл. як Палескі краязн. музей, з 1940 Пінскі абл.гіст.-краязн. музей, з 1944 Пінскі абл. (занальны) краязн.-музей, з 1954 Пінскі краязн. музей, з 1979 Бел.дзярж. музей сацыяліст. пераўтварэння Палесся, з 1990 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 1376 м²; 56,7 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Сярод экспанатаў археал. калекцыя керамічных плітак 12 ст., бронзавыя ўпрыгожанні, рукапісныя граматы 14—17 ст., друкаваныя выданні 17 ст., калекцыі манет 16—20 ст. розных краін свету, прадметы матэрыяльнай культуры і побыту сялян 19 — пач. 20 ст., матэрыялы пра падзеі рэв. 1905—07, дзейнасць Пінскай арг-цыі РСДРП, падзеі грамадз. вайны, становішча працоўных Зах. Беларусі ў 1921—39, стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў гады Вял.Айч. вайны, аднаўленне і развіццёнар. гаспадаркі ў пасляваенны час. У экспазіцыі творы жывапісу бел. і рус. мастакоў. Мае бібліятэку больш за 6,5 тыс. выданняў, сярод якіх час.«Дзеннік Віленьскі» (асобныя нумары за 1817, 1820, 1823, 1828).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ХІ,
караткавусыя двухкрылыя (Brachycera) атр. двухкрылых насякомых. 2 падатр.: караткавусыя прамашыўныя (Brachycera-Orthorrhapha) і караткавусыя круглашыўныя (Brachycera-Cyclorrhapha). Каля 70 сям., больш за 80 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі трапляецца большасць сям., у т. л.: авадні, дразафілы, жужалі, журчалкі, злакавыя мухі, крывасоскі, ктыры, мініруючыя мушкі, мухі мясныя, муха пакаёвая, мухі сапраўдныя, сляпні, таўкачы, тахіны, вялікагалоўкі, ільвінкі, кветачніцы, М. гнаявыя, М. каласавыя, М. шведскія, саркафагі, стракатакрылкі і інш. Некат. віды — шкоднікі раслін, паразіты жывёл і чалавека, пераносчыкі ўзбуджальнікаў розных хвароб, яец гельмінтаў.
Даўж. 1—55 мм. Цела ўкрыта валаскамі і шчацінкамі. Галава рухомая, ротавыя органы накшталт хабатка. Вочы фасетачныя. Вусікі 3-членікавыя. Адна (пярэдняя) пара перапончатых крылаў, заднія ператвораны ў кароткія булавападобныя прыдаткі (жужальцы). Канечнасці з прысоскамі. Кормяцца: лічынкі — расліннымі і жывёльнымі тканкамі і рэшткамі, ёсць драпежнікі, некат. — паразіты; дарослыя — нектарам кветак, крывёю жывёл, гноем. Размнажаюцца яйцамі, у некат. жыванараджэнне лічынак. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі бязногія і безгаловыя, развіваюцца ў глебе, гнаі, тканках і рэштках раслін і жывёл. Кукалкі без кокана або ў псеўдакокане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВЕ́Р ((Noverre) Жан Жорж) (29.4.1727, Парыж — 19.10.1810),
французскі артыст балета, балетмайстар; рэфарматар і тэарэтык харэаграфічнага мастацтва. Вучыўся ў Ж.Д.Дзюпрэ і Л.Дзюпрэ. З 1743 артыст, з 1751 і балетмайстар у еўрап. т-рах, у т. л. Парыжскай оперы (у 1776—81 гал. балетмайстар). Як харэограф сцвярджаў дзейсны танец, зрабіў балет самаст. відам сцэн. мастацтва. Яго лепшыя пастаноўкі адметныя драматычна-выразнымі пластычнымі вобразамі: «Рэўнасць, або Святкаванні ў сералі» (1757, муз., верагодна, Ф.Гарнье); «Псіхея і Амур», «Смерць Геркулеса» (абедзве 1762), «Медэя і Язон» (1763), «Апелес і Кампаспа» (1776; усе на муз. Ж.Ж.Радольфа), «Дон Кіхот» (1768), «Гарацыі і Курыяцыі» паводле П.Карнеля (1775; абедзве на муз. І.Старцэра); «Іфігенія ў Таўрыдзе» на муз. Ф.Аспельмайра (1773), «Іфігенія ў Аўлідзе» (1793) і «Свавольствы кахання» (1794; абедзве на муз. Мілера). Аўтар кн. «Пісьмы пра танец і балеты» (1760), дзе выклаў свае погляды на балет як самаст. спектакль. Яго творчасць значна паўплывала на развіццё сучаснага балета.
Літ. тв.: Рус.пер. — Письма о танце и балетах. Л.; М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗАЛО́ГІЯ (ад грэч. nosos хвароба + ...логія),
навука, якая вывучае медыка-біял. асновы, этыялогію і патагенез хвароб чалавека і жывёл з мэтай іх універсальнай класіфікацыі. Вылучае назалагічныя адзінкі, або назалагічныя формы (у медыцыне іх больш за 20 тыс.), з пэўнымі прычынай (гал. крытэрый), тыповымі вонкавымі праявамі (сімптамакомплексам), спецыфічнымі структурна-функцыян. парушэннямі ў органах і тканках і механізмам развіцця (могуць выкарыстоўвацца і інш. крытэрыі). Звязана з паталогіяй, мікрабіялогіяй, цыталогіяй, біяхіміяй, генетыкай, малекулярнай біялогіяй і інш. Вызначае падыходы ў дыягностыцы, лячэнні, прафілактыцы.
Зараджэнне Н. як навукі звязана з працамі італьян. вучонага Дж.Марганьі (1-я навук. класіфікацыя хвароб, 1761) і франц. вучонага М.Біша. У 2-й пал. 19 ст., з развіццём паталаг. анатоміі і бактэрыялогіі, клінічны крытэрый групавання хвароб (сімптомы або сіндромы) дапоўнены марфалагічным і этыялагічным. У канцы 19 ст. вылучаны асн. назалагічныя формы. Уклад у развіццё Н. зрабілі К.Бернар, Р.Вірхаў, Л.Пастэр, І.П.Паўлаў, Л.Полінг, А.Дз.Спяранскі, І.В.Давыдоўскі, кан. вучоны Г.Селье і інш.
Літ.:
Царегородцев Г.И., Кротков Е.А., Боголюбов В.М. О понятии нозологической формы заболевания // Терапевтич. архив. 1976. Т. 48, № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМАЛО́ГІЯ (ад лац. pomum плод + ...логія),
навука пра сарты пладовых і ягадных раслін; раздзел пладаводства. Вывучае марфал., біял., агратэхн. асаблівасці ў розных глебава-кліматычных і эканам. умовах, гасп. якасці і паходжанне сартоў з мэтай адбору лепшых для селекцыі і вытв. вырошчвання, займаецца іх класіфікацыяй, пытаннямі раянавання, інтрадукцыі. Цесна звязана з батанікай і селекцыяй.
Засн. ў канцы 18 ст. А.Ц.Болатавым. Уклад у развіццё П. зрабілі І.У.Мічурын, В.В.Пашкевіч, М.В.Рытаў, Л.П.Сімірэнка, А.С.Грабніцкі, С.С.Рагозін, таксама ням. вучоныя І.Г.К.Обердык, А.Дыль, К.Кох, Э.Лукас і інш.
На Беларусі станаўленне П. (з канца 19 ст.) звязана з працамі Рытава, Пашкевіча, А.Р.Валузнёва, А.М.Іпацьева, А.Я.Сюбарава, Э.П.Сюбаравай, якія сабралі унікальныя калекцыі сартоў. Сістэм. даследаванні вядуцца з 1925—30-х г. у Бел.НДІ пладаводства (гал. каардынатар, мае каля 3000 сортаўзораў пладовых і ягадных культур), таксама ў Гродзенскім занальным НДІ сельскай гаспадаркі, на Брэсцкай дзярж.абл.с.-г. доследнай станцыі і дзярж. сортаўчастках у кожнай вобласці.
Літ.:
Пашкевич В.В. Общая помалогия, или Учение о сортах плодовых деревьев. Л.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРФІ́РЫЙ (Porphyrios; каля 233—304),
грэчаскі філосаф, прадстаўнік неаплатанізму. Кіраваў філас. школай у Рыме. Вучань і аўтар жыццяпісу Плаціна, выдавец яго твораў, складальнік каментарыяў да многіх твораў Платона і Арыстоцеля. Аўтар прац у галіне рыторыкі, граматыкі, астраноміі, матэматыкі, логікі. Яго твор «Супраць хрысціян» — адзін з ранніх прыкладаў біблейскай крытыкі. Уласныя філас. погляды выклаў у кн. «Подступы да спасціжэння розумам», у трактаце «Устрыманне ад жывёльнай ежы». Іх аснову складаюць разважанні наконт ратавання і ачышчэння душы, вяртання да розуму (нусу) і прыпадабнення да бажаства праз «гносіс» — веды. Лічыў, што пазнанне Бога азначае самапазнанне. Раскрыццё чалавекам уласнай сутнасці, узыходжанне да ведаў аб сваёй асобе пачынаецца ад любові да самога сябе. Стваральнай, творчай функцыяй ён надзяляў душу, а не розум. Лічыў, што душа ў структуры чалавечага быцця займае месца паміж Богам і целам, яна характарызуецца свабодай і выбарам шляху, а таксама пэўнай няўстойлівасцю, таму што душа цягнецца да вышэйшага, але можа апускацца і да ніжэйшага. Філас. погляды П. паўплывалі на развіццё пазнейшага неаплатанізму, а працы сталі адной з крыніц ведаў аб філасофіі антычнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕ́СНЯ ПРА МАЙГО́ СІ́ДА»
(«El cantar de Mío Cid»),
помнік іспанскага гераічнага эпасу. Створаны каля 1140, дайшоў у адзіным няпоўным запісе 1307 (апубл. 1779). Гіст. аснову паэмы склалі падзеі Рэканкісты — барацьба іспанцаў з арабамі, якія захапілі Пірэнеі. Гал. герой — доблесны і мудры Сід (ад араб. сеід пан), гіст. прататыпам якога стаў кастыльскі военачальнік Радрыга Дыяс дэ Бівар, празваны Кампеадорам (воінам). У ідэалізаваным вобразе Сіда ўвасобіліся характэрныя рысы змагара за вызваленне радзімы ад маўраў, вернага каралю васала, абаронцы народа ад уціску феад. знаці. Дэмакратызм і народнасць «Песні...» выявіліся ў разнастайнасці яе тэматыкі (паліт., ваен., быт., сямейнай), адсутнасці гіпербалізацыі ў адлюстраванні людзей і падзей, выразнай і яркай мове, блізкай да народнай. Помнік значна паўплываў на далейшае развіццёісп. л-ры. Вобраз Сіда знайшоў адлюстраванне ў творах П.Карнеля, М.Мачада-і-Руіса, навук. працах І.Гердэра.
Публ.:
Рус.пер. — Песнь о Роланде;
Коронование Людовика;
Нимская телега;
Песнь о Сиде;
Романсеро. М., 1976.
Літ.:
Смирнов А.А. Испанский героический эпос // История зарубежной литературы. 3 изд. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУПЫ́ШКАў раслін,
зародак парастка. Мае кароткую вось (сцябло) з конусам нарастання на верхавінцы і шчыльна размешчанае на восі зародкавае лісце, якое ўкрывае вось і адно аднаго (вегетатыўная П.), або мае, акрамя таго, зародкі кветак і суквеццяў (генератыўная П.). Вонкавыя лісцевыя органы ахоўваюць унутр. мерыстэматычную ч. ад высыхання і пашкоджвання і ўтвараюць у П. цёмную вільготную камеру. Кветкавая П., што мае 1 кветку, наз.бутонам. Адрозніваюць верхавінкавыя (тэрмінальныя) П. — забяспечваюць рост парастка ў даўжыню, і бакавыя (пазушныя) — забяспечваюць галінаванне і развіццё сістэмы парасткаў. У шматгадовых раслін П. перажываюць перыяд спакою, які звычайна звязаны з неспрыяльнымі ўмовамі, і з надыходам цёплага або вільготнага сезона даюць парасткі (П. ўзнаўлення). Спячыя П. захоўваюць жыццяздольнасць на працягу гадоў і пры пашкоджанні ч. ствала і галін, якія знаходзяцца вышэй, з іх развіваюцца т.зв. вадзяныя парасткі, часта у выглядзе пнёвых парасткаў. Гэтая ўласцівасць выкарыстоўваецца пры фарміраванні кроны пладовых і дэкар. дрэў. З прыдаткавых П. на каранях утвараюцца каранёвыя атожылкі. Многія П. служаць для вегетатыўнага размнажэння, а т.зв. вывадкавая П. (напр., у брыяфілуму) — для жыванараджэння ў жывародных раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’Я́ЎКІ (Hirudinea),
клас беспазваночных жывёл тыпу кольчатых чарвей. 2 падкл., 3 атр., 5 сям., каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у прэсных водах, некат. — у морах, на сушы (у вільготнай глебе). П. медыцынская (Hirudo medicinalis) выкарыстоўваецца пры гірудатэрапіі. П. могуць быць прамежкавымі, рэзервуарнымі і канчатковымі гаспадарамі розных паразітаў. На Беларусі больш за 10 відаў.
Даўж. ад 0,2 да 30 см. Цела плоскае, радзей цыліндрычнае, з 33 сегментаў. Афарбоўка чорная, карычневая, зеленаватая і інш. Вачэй 1—5 пар. 2 прысоскі. На пярэднім аддзеле кішэчніка сківіцы або хабаток. Драпежнікі (кормяцца дробнымі беспазваночнымі) і паразіты (кормяцца крывёю рыб, вадаплаўных птушак, млекакормячых). Слінныя залозы паразітычных П. выдзяляюць гірудзін, які перашкаджае згусанню крыві. Дыхаюць скурай. Гермафрадыты, развіццё без ператварэння. Корм для некат. рыб, хахулі.
Літ.:
Фауна СССР. Пиявки. Т. 1. Л., 1976;
Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;
Жизнь животных. Т. 1. 2 изд. М., 1987.
Ю.Р.Гігіняк.
П’яўкі: 1 — рыбіна; 2 — двухвокая; 3 — смаўжовая; 4 — ілжэконская (а — від знізу; б — від зверху); 5 — медыцынская (а — від зверху, б — від знізу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУНЬ»,
ілюстраваны літ.-мастацкі часопіс нац.-дэмакр. кірунку. Выходзіў з 2.5 да 4.7.1920 у Мінску на бел. мове штотыднёва. Рэдактар Янка Луцэвіч (Я.Купала), выдавец В.Іваноўскі. Выступаў за нац. дзяржаўнасць бел. народа, развіццё яго эканомікі, пашырэнне культуры і асветы на роднай мове. Актыўны ўдзел у выданні часопіса прымалі З.Бядуля, Л.Родзевіч, М.Чарот, мастак Я.Драздовіч. Упершыню апублікаваў цыкл вершаў Я.Купалы «Песні на ваяцкі лад», «Брат і сястра», сцэнічны жарт «Прымакі», арт. «Справа беларускага нацыянальнага гімну», апавяд. М.Багдановіча «Апокрыф», апавяданні, артыкулы, нарысы З.Бядулі, арт. Ф.Аляхновіча «Першае таварыства беларускай драмы і камедыі», сцэнічны абразок «Лес шуміць», нарыс «Тэатр на вёсцы», вершы А.Гаруна, Чарота, К.Буйло, А.Петрашкевіча, І.Піліпава, У.Жылкі. Змясціў даследаванні Я.Карскага («Духоўныя вершы і канты, штучна створаныя», «Беларускі пісьменнік-народнік А.Р.Пшчолка», «Арцём Вярыга-Дарэўскі»), У.Ігнатоўскага («Кароткі гістарычны нарыс Гродзеншчыны»), І.Гердэра («Штукарства мовы і красамоўства», пер. з ням.). Надрукаваў рэцэнзіі на творы М.Гарэцкага, даведкі пра бел. пісьменнікаў, фатаграфіі і малюнкі бел. краявідаў, помнікаў гісторыі і культуры.