АВІЯНО́СЕЦ,

баявы надводны карабель, асн. ўдарная сіла якога — палубныя самалёты і верталёты. Упершыню выкарыстаны ў канцы 1-й сусв. вайны. У 2-ю сусв. вайну складалі аснову флоту ЗША, Вялікабрытаніі, Японіі і Францыі. Найб. развіццё атрымалі ў ЗША. Паводле водазмяшчэння і прызначэння адрозніваюць авіяносцы: лёгкія, цяжкія; мнагамэтавыя, процілодачныя, ударныя, эскортныя; звычайныя і атамныя. Водазмяшчэнне сучасных авіяносцаў 20—100 тыс. т, скорасць 18—35 вузлоў (33,3—64,8 км/гадз). Нясуць 25—100 самалётаў і верталётаў, якія пад’ёмнікамі падаюцца на палётную палубу і апускаюцца ў ангар, дзе абсталяваны месцы для рамонту і падрыхтоўкі іх да вылету. На палубе размешчаны катапульты (забяспечваюць узлёт з інтэрвалам 30 с), пасадачная паласа на вуглавой палётнай палубе з аэрафінішорам і аварыйным бар’ерам (нейлонавыя сеткі). Узлёт і пасадка забяспечваюцца спец. радыётэхн. і аптычнымі сістэмамі і індыкатарамі. Для самаабароны выкарыстоўваюцца зенітныя ракетныя і арт. комплексы.

т. 1, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)