ФІЛАНТРАПІ́ЗМ, філантрапінізм (ад грэч. philantrōpia чалавекалюбства),

прагрэсіўная пед. плынь у Германіі, у якой прасочваецца ўплыў ідэй Ж.Ж.Русо. Атрымала развіццё ў канцы 18 — пач. 19 ст. Заснавальнік плыні І.​Б.​Базедаў стварыў першы філантрапін — закрытую выхаваўчую ўстанову. Яго паслядоўнікі адкрывалі філантрапіны, развівалі свае пед. ідэі з улікам тагачаснага грамадска-эканам. развіцця Германіі, крытыкавалі фармалізм, зубрэнне, засілле стараж. моў, жорсткасць у адносінах да дзяцей, рэлігійную нецярпімасць, якія панавалі ў школе. Філантрапіны былі платнымі ўстановамі і прызначаліся пераважна для дзяцей заможных бацькоў. У іх побач са стараж. мовамі выкладаліся і новыя, больш увагі аддавалася прыродазнаўчым ведам, мастацтву, фіз. развіццю, прац. навыкам і інш. Філантрапіністы садзейнічалі ўдасканаленню ў педагогіцы метадаў навучання, якія ўлічвалі ўзроставыя і індывід. асаблівасці дзяцей. Ф. паўплываў на т.зв. новае выхаванне.

Літ.:

Пискунов А.И. Очерки по истории прогрессивной немецкой педагогики кон. XVIII — нач. XIX вв. М., 1960.

т. 16, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)