СЕКСТА́НТ [ад лац. sextans (sextantis) шостая частка; у марской справе часцей секстан],
вугламерны адбівальны інструмент, асн. частка якога — дуга памерам у 1/6 частку акружнасці (60°), падзеленая на градусы і долі градуса (лімб). Вымярае вуглы да 120°. Выкарыстоўваецца ў мараходнай і авіяц. астраноміі для вымярэння вышынь нябесных свяціл і берагавых прадметаў над гарызонтам, а таксама вуглоў паміж бачнымі з карабля прадметамі.
Выявы аб’ектаў, напр., нябеснага свяціла і марскога гарызонту, паміж якімі вымяраецца вуглавая адлегласць, сумяшчаюцца ў трубе С. Гэта дае магчымасць не замацоўваць С. на нерухомай аснове, рабіць вымярэнні, трымаючы яго ў руках. Для астр. вызначэння месца карабля ці самалёта С. вымяраюць вышыні некалькіх нябесных свяціл, а потым будуюць вышынныя лініі становішча з улікам папраўкі на паніжэнне гарызонту з прычыны шарападобнасці Зямлі.
Схема секстанта: 1, 3 — святлафільтры; 2, 4 — люстэркі; 5 — падзорная труба; 6 — шкала; φ — вугал паміж напрамкамі на нябеснае свяціла і гарызонт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАРЫДО́З,
інвазійная хвароба свіней і чалавека, якая выклікаецца аскарыдамі. Пашкоджваецца тонкі кішэчнік (дарослыя паразіты) і парэнхіматозныя органы (лічынкі). Лічынкі ў кішэчніку выходзяць з яец аскарыдаў, якія заглынаюцца з вонкавага асяроддзя, з крывёй заносяцца ў печань, потым у лёгкія, ротавую поласць і зноў у кішэчнік. Праз 1,5—2 мес яны развіваюцца ў дарослых паразітаў.
У жывёл часцей хварэе маладняк да 6—7 месячнага ўзросту. Павышаецца т-ра цела, пагаршаецца апетыт, пачашчаецца дыханне, паяўляюцца кашаль, ірвота, панос, часам — сутаргі, на скуры можа быць высыпка. У чалавека адрозніваюць 2 стадыі: раннюю — міграцыйную і познюю — кішачную. Першая часцей праходзіць бессімптомна. Пры другой (кішачнай) адзначаюцца моташнасць, недамаганне, болі ў страўніку, слінацячэнне, пагаршэнне апетыту, галаўны боль, галавакружэнне, павышаная стамляльнасць. Пры множнай інвазіі дзеці ў сне скрыгочуць зубамі; у іх можа ўзнікаць бранхіт, астматычнае ўдушша, малакроўе, нервовасць, рассеянасць. Магчымы ўскладненні: гнойны халецыстыт, абсцэс печані, перытаніт, сепсіс, панкрэатыт, апендыцыт; закупорка клубком аскарыдаў прасвету кішэчніка можа выклікаць непраходнасць кішэчніка. Лячэнне праводзіць урач.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФО́Н (Athōs),
Аян-Орас (грэч. Святая гара), манастырскі комплекс у Грэцыі, на п-ве Халкідыкі. Склаўся ў 10—11 ст. на месцы стараж.-грэч. калоніі. Засн. ў 962 грэкам Афанасіем (лаўра). У наступныя стагоддзі — буйны цэнтр правасл. царквы. З 1430 да 1913 анклаў у Турцыі, потым у складзе Грэцыі. Уключае 20 манастыроў, размешчаных у скалах. У цэнтры Афона — манастыр Прататон (засн. ў 10 ст.) з базілікай (фрэскі М.Панселіна, 14 ст.). Манастырам характэрныя купальныя трыконхавыя цэрквы з вял. прытворам, часам упрыгожаныя фрэскамі і мазаікамі (неаднаразова перабудоўваліся і абнаўляліся): Лаўра (962—963), Моні-Івірон (980), Філатэос (12 ст.), Аяс-Паўлас (11—14 ст.). У комплекс уваходзяць таксама манастыры сербскі Хіландар, рус.св. Панцеляймона (абодва 12 ст.), балг. Заграфа (11—13 ст.) і інш. У манастырах багатыя калекцыі візант. рукапісаў, абразоў, прадметаў дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Літ.:
Chreston P. Athos: History, monuments, life. Thessaloniki, 1970.
Да арт.Афон. Комплекс манастыроў.Да арт.Афон. Абраз з манастыра Заграфа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЗДЗЕЖ,
вёска ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад Драгічына, 130 км ад Брэста, 27 км ад чыг. ст. Драгічын. 1442 ж., 497 двароў (1995). Сярэдняя школа. Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
Вядома з сярэдзіны 16 ст. як мястэчка Пінскага пав. Пад Бездзежам войскі барскіх канфедэратаў на чале з Міхалам Казімірам Агінскім 6.9.1771 разбілі атрад рас. войскаў палкоўніка Альбічава. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Кобрынскім пав. Слонімскай, потым Літоўскай, Гродзенскай губ. У 1915 акупіравана герм. войскамі. З 1921 цэнтр гміны Драгічынскага пав. Палескага ваяв. Польшчы, 1248 ж. (1921). З 1939 у складзе БССР, з 1940 у Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. У чэрв. 1941 — ліп. 1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. Помнікі: драўлянага дойлідства 18 ст. — Бездзежская Троіцкая царква, мураваны касцёл у стылі класіцызму (пабудаваны да 1820), мемар. калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 (канец 18 ст.).
расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад кавалерыі (1912). Скончыў Пажскі корпус (1872), Афіцэрскую кав. школу (1883). Удзельнік рус.-тур. вайны 1877—78. Займаў шэраг афіцэрскіх пасад, у т. л. з 1883 у Афіцэрскай кав. школе (з 1902 яе нач.). З 1906 нач. 2-й гвардз.кав. дывізіі. Камандаваў 14-м армейскім корпусам (з 1909), войскамі Варшаўскай ваен. акругі (з 1912), 12-м армейскім корпусам (з 1913). У 1-ю сусв. вайну камандаваў 8-й арміяй у Галіцыйскай бітве 1914, з сак. 1916 галоўнакаманд. арміямі Паўд.-Зах. фронту, арганізаваў Паўднёва-Заходняга фронту наступленне 1916 (т.зв. Брусілаўскі прарыў). У маі—ліп. 1917 вярх. галоўнакамандуючы, потымваен. саветнік Часовага ўрада. З 1920 у Чырв. Арміі, у 1923—24 інспектар кавалерыі.
Тв.:
Мои воспоминания. [Ч. 1]. М., 1983;
Ч. 2 // Воен.-ист. журн. 1989. № 10, 12;
1990. № 2;
1991. № 2.
Літ.:
Семанов С. Генерал Брусилов: Докум. повествование. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЕ́ВІЧ (Іосіф Іванавіч) (15.5.1883, в. Варгуцева Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. — 25.1.1964),
рэвалюцыянер. Скончыў пач. школу. З 1905 чл. партыі эсэраў, потым эсэр-максімаліст, з 1919 чл. РКП(б). З 1895 рабочы на прамысл. прадпрыемствах Пецярбурга. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. У кастр. 1907 арыштаваны, высланы на радзіму. З 1909 за мяжой (Аргенціна, Францыя, ЗША), удзельнічаў у рабочым руху. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вярнуўся на радзіму. Са жн. 1917 у Оршы, чл. гарсавета, старшыня рэўкома, камісар працы. З пач. 1918 старшыня Аршанскага пав. выканкома, дэлегат V Усерас. з’езда Саветаў. За агітацыю супраць Брэсцкага міру 1918 арыштаваны. У час леваэсэраўскага мяцяжу 6.7.1918 вызвалены паўстанцамі, абраны старшынёй Аршанскага часовага ВРК. Пасля задушэння аршанскага выступлення эсэраў зноў арыштаваны (апраўданы Гомельскім губрэўтрыбуналам). Са жн. 1919 на розных пасадах у Оршы, Сянне і інш. З пач. 1930-х г. у Маскве, нам. дырэктара Музея рэвалюцыі, нач. упраўлення Наркамата саўгасаў СССР і інш. У 1948—49 старшыня калгаса ў в. Варгуцева.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЛГАК Ігнацій Іасафат [20.4.1758, Слонімскі пав. — 25.2(9.3).1838], грэка-каталіцкі царк. дзеяч. Д-р тэалогіі і кананічнага права (1785). Вучыўся ў школе пры Жыровіцкім манастыры (1763—74) і ў Рыме (1782—85). Чл. ордэна базыльян з 1774. Выкладаў у манастырскіх школах у Беразвеччы (цяпер Глыбоцкі р-н) і Жыровічах. У 1790—95 епіскап тураўскі, каад’ютар Пінскай епархіі. У час царавання Паўла I садзейнічаў вяртанню ў унію прыходаў, якія былі пераведзены ў праваслаўе. У 1798—1828 епіскап брэсцкі. Мітрапаліт грэка-каталіцкай царквы (1817—38), з 1818 і старшыня 2-га (уніяцкага) дэпартамента Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі ў Пецярбургу, з 1828 старшыня асобнай Грэка-каталіцкай калегіі, з 1833 архіепіскап полацкі. У канцы жыцця яго акружалі епіскапы — прыхільнікі збліжэння, а потым і аб’яднання з правасл. царквой (І.Сямашка, А.Зубко, В.Лужынскі і інш.), што вяло да змяншэння яго ўплыву. Смерць Булгака зняла апошнюю перашкоду для скасавання Брэсцкай уніі 1596.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХЕНВА́ЛЬД (Buchenwald),
нямецка-фашысцкі канцлагер у 1937—45 каля г. Веймар (Германія). Меў 66 філіялаў і знешніх працоўных камандаў. Спачатку ў Бухенвальдзе трымалі ням. палітзняволеных, потым і ваеннапалонных розных нацыянальнасцей, прымусова вывезеных у Германію сав. грамадзян. За гады існавання праз лагер прайшло каля 239 тыс. вязняў, загублена больш за 56 тыс. чалавек 18 нацыянальнасцей (у т. л. каля 19 тыс.сав. ваеннапалонных). Вязняў катавалі, марылі голадам, бязлітасна эксплуатавалі на з-дах буйных прамысл. фірмаў, праводзілі над імі мед. эксперыменты. 18.8.1944 у Бухенвальдзе забіты дзеяч ням. і міжнар. рабочага руху Э.Тэльман. Тут дзейнічалі падпольная антыфаш. арг-цыя, інтэрнац. лагерны камітэт на чале з ням. камуністам В.Бартэлем. Да крас. 1945 налічвалася 178 падпольных груп (у т. л. 56 савецкіх). 11.4.1945 баявыя групы інтэрнац. камітэта авалодалі лагерам. 12.4.1945 у лагер увайшлі амер. войскі. У 1958 створаны Міжнар. камітэт былых вязняў Бухенвальда, адкрыты мемарыяльны комплекс.
Да арт.Бухенвальд. Мемарыял на ўшанаванне памяці ахвяр канцлагера. Скульптар Ф.Крэмер. 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́К (Юзаф) (1741, в. Лоўчыцы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — чэрв. 1794),
вайсковы дзеяч ВКЛ, ген.-м. (1790). Паводле паходжання бел. татарын. Быў на вайск. службе ў Саксоніі, удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63. Прыхільнік караля Аўгуста III, потым Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У час Барскай канфедэрацыі камандзір каралеўскага палка татар. У 1769 на баку канфедэратаў удзельнічаў у бітвах пад Слонімам, Моўчаддзю (Баранавіцкі р-н) і на Жамойціі, у вер. 1771 — у пераможнай бітве над рас. войскамі каля Бездзежа (Драгічынскі р-н). 23.9.1771 у бітве каля Сталавічаў (Баранавіцкі р-н), калі войска ВКЛ было разбіта рускімі, адступіў з палком, захаваўшы баявы парадак. У 1788—89 удзельнічаў у задушэнні сял. паўстання на Украіне. У чэрв.—ліп. 1792 на чале пярэдняга корпуса войска ВКЛ ваяваў пад Свержанем (Стаўбцоўскі р-н), Зэльвай і Брэстам. Далучыўся да паўстання 1794, у чэрв. ўзначаліў корпус, з якім прайшоў ад Гродна да Слоніма і Іўя. Праз некалькі дзён раптоўна памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗКА (Анатоль) (сапр.Смаршчок Мацвей; н. 19.2.1915, в. Падлессе Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел.паэт.Засл.д-р медыцыны. Скончыў гімназію і ліцэй у Баранавічах, у 1939 мед.ф-т Віленскага ун-та. У 1929—39 публікаваў свае вершы ў віленскіх перыяд. выданнях (часопісы «Заранка», «Шлях моладзі», «Калоссе», газ. «Крыніца»), Рэдагаваў часопісы «Шлях моладзі», «Калоссе», рукапісны гумарыст. час. «З-за плоту» (выйшла 3 нумары). Пасля вер. 1939 пераехаў у Івацэвічы. Працаваў лекарам на Брэст-Літоўскай чыгунцы, у Вял.Айч. вайну — у Баранавіцкім шпіталі. У 1944 выехаў у Познань, дзе быў арыштаваны і адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер Нардгаўзен. Пасля вайны жыў у Германіі, потым — у ЗША. Першая публікацыя Б. за мяжой — верш «Ліст да маці: (Пераклад з забытага)» (1955). Аўтар зб. «Адзінаццаць вершаў» (1989; на бел. і англ. мовах). У вершах Бярозкі матывы і вобразы адраджэнскай бел. паэзіі, імкненне эстэтызаваць, упрыгожыць, ускладніць фактуру верша тонкай лексічнай арнаментыкай.