БУХЕНВА́ЛЬД
(Buchenwald),
нямецка-фашысцкі канцлагер у 1937—45 каля г. Веймар (Германія). Меў 66 філіялаў і знешніх працоўных камандаў. Спачатку ў Бухенвальдзе трымалі ням. палітзняволеных, потым і ваеннапалонных розных нацыянальнасцей, прымусова вывезеных у Германію сав. грамадзян. За гады існавання праз лагер прайшло каля 239 тыс. вязняў, загублена больш за 56 тыс. чалавек 18 нацыянальнасцей (у т. л. каля 19 тыс. сав. ваеннапалонных). Вязняў катавалі, марылі голадам, бязлітасна эксплуатавалі на з-дах буйных прамысл. фірмаў, праводзілі над імі мед. эксперыменты. 18.8.1944 у Бухенвальдзе забіты дзеяч ням. і міжнар. рабочага руху Э.Тэльман. Тут дзейнічалі падпольная антыфаш. арг-цыя, інтэрнац. лагерны камітэт на чале з ням. камуністам В.Бартэлем. Да крас. 1945 налічвалася 178 падпольных груп (у т. л. 56 савецкіх). 11.4.1945 баявыя групы інтэрнац. камітэта авалодалі лагерам. 12.4.1945 у лагер увайшлі амер. войскі. У 1958 створаны Міжнар. камітэт былых вязняў Бухенвальда, адкрыты мемарыяльны комплекс.
т. 3, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)